Вы тут

Рэха суседскай разборкі


Не так даўно ў Брэсцкім раёне адбылося здарэнне, якое трапіла ў міліцэйскія зводкі. Пра выпадак тады паведамлялі, здаецца, усе мясцовыя СМІ, інфармацыя падавалася найбольш як суседскія разборкі. І сапраўды, падставай для здарэння, а дакладней, пажару стала непаразуменне паміж суседзямі. А вось прычынай...


Фота pexels.com

Добра, калі суседзі добрыя, асабліва ў вёсцы. Тады можна і словам перамовіцца, і дапамагчы адно аднаму ў якой справе, і ў свята разам пасядзець. А вось калі адносіны не складваюцца, тады горш, тады ўзводзяцца вялікія агароджы, пішуцца скаргі, канфлікты нярэдка разглядаюць органы ўлады альбо чыноўнікі розных узроўняў. Не раз даводзілася бываць на прыёмах і слухаць скаргі аднаго суседа на другога.

Гэтыя вяскоўцы ўладныя парогі не абівалі, адзін на другога не скардзіліся, што, можа, і лепей было б у дадзенай сітуацыі. Яны, як выглядае, мірна суіснавалі да пэўнага часу. Пра аднаго з фігурантаў, яго занятак, лад жыцця і звычкі, як той казаў, гісторыя змоўчвае. Ёсць толькі скупая інфармацыя ў крымінальнай справе, што ў момант здзяйснення хуліганства быў нападпітку. Пра яго крыху пазней. А вось другога — гаспадара — нехта ў вёсцы жартам назваў памешчыкам, але часцей — фермерам.

Справа, як быццам, пачэсная: развесці вялікую гаспадарку, гадаваць свіней, як у нашым выпадку, і карміць сям’ю сумленна заробленым рублём. Але ж тыя старадаўнія памешчыкі, якіх згадвалі аднавяскоўцы ўдзельнікаў здарэння, хлявы ўзводзілі асобна ад маёнткаў ды разводзілі там усялякую жыўнасць. Наш герой сваю ферму трымаў на падворку. У матэрыялах крымінальнай справы потым будзе фігураваць 50 галоў свіней, якія загінулі, а колькі іх было ўсяго: шэсцьдзесят, семдзесят ці болей — невядома. Уяўляеце, які пах стаіць у наваколлі, дзе кожны дзень спраўляе фізіялагічныя патрэбы такая колькасць жывёлы? А яшчэ ў гэтага незарэгістраванага «фермера» было пад сотню курэй ды іншае птаства. Уявілі? Расказваю далей.

Цалкам зразумела, што найбліжэйшаму суседу не падабалася атмасфера, дакладней, той факт, што гэтую атмасферу штодня атручвалі смуродам прымітыўнай свінафермы. Як вядома, на прамысловых свінакомплексах працэс ачысткі наладжаны, там стойлы чысціць і мые аўтаматыка штораніцы. Ну а наш герой, відаць, таксама збіраў і вывозіў гной, у такі час, трэба думаць, пах яшчэ больш узмацняўся.

...Дык вось аднойчы неабцяжараны гаспадаркай сусед, крыху выпіўшы, тым самым прытупіўшы крытычнае мысленне, узяў петарду, падпаліў яе і кінуў праз суседаў плот. Як ён потым будзе тлумачыць, хацеў папужаць. Надвор’е стаяла сухое, і тая петарда, як на зло, трапіла ў нейкую кучку саломы, апошняя ўспыхнула, агонь раптам перакінуўся на гаспадарчыя пабудовы. Пажарных выклікала другая суседка, якая заўважыла дым. Прыехалі хутка. Жыллё і людзі не пацярпелі. Аднак агонь паспеў пашкодзіць тры гаспадарчыя пабудовы: сховішча для агародніны, будынак для кармавых сумесяў, яшчэ адзін хляўчук. І, самае галоўнае, загінула пяцьдзясят свіней і амаль столькі ж курэй.

Вінаватага затрымалі, можна сказаць, па гарачых слядах. Яму прад’явілі знішчэнне і пашкоджанне чужой маёмасці па неасцярожнасці, якое пацягнула за сабой прычыненне ўрону ў асабліва буйных памерах. Суд разгледзеў справу і прызначыў грамадзяніну пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады з накіраваннем ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, якую ў народзе называюць «хімія». Акрамя таго, вінаваты павінен кампенсаваць урон у суме 67 000 рублёў, а таксама выплаціць 30 000 рублёў маральнага ўрону.

Як напісаў адзін дасціпны калега, глупства не трэба рабіць нават ад суму, асабліва глынуўшы спіртнога. Усё так. Вінаваты панёс заслужанае пакаранне. Пра пацярпелага больш інфармацыі няма. Хутчэй за ўсё ён адрамантуе свае хлявы, адновіць пагалоўе і зноў будзе вырошчваць свіней пасярод вёскі. А іншыя, хай і не самыя блізкія суседзі, вымушаны будуць удыхаць смурод і зачыняць вокны нават у летнюю спёку. Бо пры высокіх тэмпературах асабліва хутка паднімаюцца пары свінафермы і адчуваецца едкі пах.

На жаль, падобныя сітуацыі з аматарамі падсобнай гаспадаркі далёка не адзінкавыя ў нашых вёсках. Уласная гаспадарка — гэта вельмі добра... для яе гаспадара. Тады чаму ад яе мусяць цярпець навакольныя? А вось гэта ўжо, па-мойму, павінна рэгулявацца законам. Калі хочаш гадаваць свіней, бяры кавалак зямлі, будуй памяшканне за межамі населенага пункта, каб нікому не перашкаджаць. А на прысядзібным участку варта дазволіць трымаць адну-дзве, няхай, тры свінкі, як бывала раней у вёсках. Так жа і з буйной рагатай жывёлай. Павінна быць абмежаванне ў колькасці галоў, ды і птаства не выпадае сотнямі гадаваць на падворку пасярод вуліцы. Ніхто ж не хоча дзень пры дні душыцца чужым смуродам. А што рабіць, калі цябе прымушаюць? Шукаць абароны ў законах, а калі іх няма ці яны недасканалыя, трэба іх карэкціраваць. Рабіць апошняе ёсць каму: зусім нядаўна мы абралі новых дэпутатаў усіх узроўняў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.