Вы тут

Татаў сад па-ранейшаму цвіце і радуе людзей сваімі пладамі


Гэта гісторыя пачалася ў далёкім 1946-м, калі сустрэліся і пажаніліся мае бацькі. Абодва яны — Рыгор і Клаўдзія — родам з вёсачкі Рудня, аднак знаёмыя не былі: тата, як многія, пасля за сямігодкі паехаў на вучобу ды заробкі ў далёкі Краматорск, мама ў той час была яшчэ дзіцем.


...Фашысты спалілі нашу вёску ў 1943-м на Узвіжанне, за дзень да вызвалення, ды яшчэ і прасачылі, каб згарэла датла. Наперадзе была зіма. Вяскоўцы туліліся ў зямлянках. Многія, у тым ліку дзве малодшыя сястры майго таты, захварэлі і памерлі.

Будавацца пачыналі толькі вясною — хто як і хто з чаго, бо што маглі старыя, дзеці ды жанчыны? Мужчыны — хоць да некага — прыйшлі на дапамогу пазней, пасля Перамогі.

Мой будучы тата, старшы сяржант Рыгор Зольнікаў, вяртаўся дамоў у красавіку 1946-га. Мама, блакітнавокая прыгажуня, ішла да крыніцы па ваду — яму насустрач. Павіталіся, пазнаёміліся. Потым казалі, што сэрцы ёкнулі адразу, але размовы ды спатканні пачаліся пазней. Спачатку трэ было будавацца, шукаць работу ў райцэнтры: бог абодвух шчодра надзяліў і розумам, і талентам. Калі б не вайна, далёка пайшлі б...

Тата стаў працаваць у райвыканкаме, мама — у райсабесе. Разам пехатою хадзілі дамоў. Так нарадзілася каханне, а з ім — і сям’я.

Праз год з’явілася першая дачушка Людачка.

Месца ў свякроўчынай хаце як быццам хапала, але ж характар у гаспадыні быў вельмі наравісты. Мама, як потым казала, цярпела і зносіла ўсё — нікому не скардзілася. Але яе тата, мой дзядуля Сямён, паціху-памалу стаў нешта будаваць. Вяскоўцы думалі, лазеньку (памерам тры на тры), з двума аконцамі. А калі справа дайшла да фінішу, стала ясна, што гэта... хацінка, асобнае жыллё — ну зусім нечаканы падарунак для маладой сям’і!

Потым да яго прыбудавалі маленькія сенцы, хлеў для жывёлы, выкапалі склеп. Тата адразу ж пасадзіў сад. Ён і сёння цвіце ды радуе людзей сваімі пладамі.

А ў той маленькай хаціне нарадзіліся яшчэ трое дзетак. Як цяпер бачу: самаробныя ложкі стаяць паабапал сцен, і я ў свае тры з паловай скачу з аднаго на другі праз усю нашу хатку.

Ці было там цесна? Далібог, не помню. Помню, што было... радасна. Мама выразала з газет прыгожыя «фіранкі», часта бяліла сцены і столь, а на печы малявала кветкі.

Дарэчы, там жа, у сваёй хацінцы, мы паставілі першую ў вёсцы ёлку, якую ўпрыгожвалі самаробнымі цацкамі (крамнай была хіба адна залацістая шышка, якую тата прывёз з Эстоніі).

Вясной мы хадзілі з мамай на грэблю слухаць канцэрты жаб. А ў грыбы і на рыбалку — гэта ўжо з татам. Начавалі ў шалашы каля возера, спявалі ваенныя песні.

У 1959-м сталі будаваць больш прасторны дом, як па мне — дык сапраўдны палац, так званую пяцісценку! Саша, малодшы з дзяцей, нарадзіўся ўжо там.

Бацькам, ну вядома ж, цяжка было працаваць, будавацца, гадаваць пяцёра дзяцей, але ў хаце ніколі не было сварак. Мы старанна вучыліся, змаглі атрымаць добрую адукацыю і работу па абраных прафесіях, часта пісалі бацькам, пры першай магчымасці, як на крылах, ляцелі дамоў.

...Калі я была ў пятым класе, у мамы пачаліся праблемы з сэрцам. Хуткую дапамогу з райцэнтра чакаць было доўга і страшна, але ж пакінуць родную хату бацькі не рашаліся. Толькі летам 1979-га яны перабраліся ў Клімавічы. Я тады была студэнткай геафака, вярнулася з вытворчай практыкі і ўбачыла на дзвярах замок. Суседзі пацвердзілі мае здагадкі, назвалі новы адрас бацькоў, а галоўнае — далі ключ ад хаты.

З хваляваннем пераступіла родны парог, пакратала рукамі знаёмыя рэчы, перабрала ў думках пражытыя гады, потым пайшла ў сад-агарод.

Грады зелянелі, яблыні, грушы, слівы згіналіся пад цяжарам пладоў. Усё пасмакавала і ўсяго назбірала з сабой, гадзіны праз дзве знайшла патрэбны адрас. Радасць ад сустрэчы не мела межаў! Ды і хата мне спадабалася: амаль цэнтр горада, зялёная вуліца...

Там дажывалі свой век бацькі. А ў Рудню мы наязджалі, каб назбіраць грыбоў і ягад, налавіць ды насушыць рыбы, садзілі гарод. Толькі 20 гадоў таму татаў зруб сястра перавезла пад Мінск на дачны ўчастак. У вёсцы засталася толькі печ, а потым і яе разабралі на цэглу.

...Я даўно не была на малой радзіме, бо далёка і не маю здароўя. Але ж туды наязджаюць родзічы, якія жывуць бліжэй. Яны і расказваюць, што татаў сад жыве, цвіце, таполя і бярозы, якія саджалі старэйшыя сёстры, па-ранейшаму растуць. А нядаўна ў вёску, на радзіму дзядоў, прыязджаў пляменнік з сынам: усё абышлі, напіліся вады з калодзежа, пастаялі на падмурку... Даслалі шмат фота і відэа. Эмоцый — не перадаць! Хіба што ў вершах:

Мясцінкі мілыя — век не забуду я.

Перад нябёсамі за вас малюсь:

За вёску родную, што звалі Рудняю,

За хату бацькаву, за Беларусь!

Наталля СІВАК (ЗОЛЬНІКАВА)

Чэрвеньскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.