Вы тут

Дзмітрый Дзямідаў: «Мы працуем дзеля людзей»


Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў правёў першы на гэтай пасадзе асабісты прыём грамадзян. Да кіраўніка дэпутацкага корпуса паўночнага рэгіёна звярнуліся больш за 10 чалавек.


Месцам сустрэчы народа з уладай стала жыллёва-эксплуатацыйнае ўпраўленне № 22 горада Віцебска, куды паступае каля 15 працэнтаў зваротаў ад усёй колькасці 11 падобных устаноў горада. Як расказаў Дзмітрый Дзямідаў, людзям прасцей прыйсці да ўлады на месцах, чым дабрацца да кабінетаў. Тым больш, як паказвае практыка, большасць зваротаў грамадзян датычацца работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, таму, каб вырашыць праблемы грамадзян аператыўна і з карысцю, першы прыём быў праведзены ў ЖЭУ. «Такая практыка дазваляе ўбачыць зрэз актуальных пытанняў. Думаю, што мае калегі таксама заўважаць эфектыўнасць гэтай формы работы з насельніцтвам і возьмуць яе ў свой арсенал», — падкрэсліў кіраўнік дэпутацкага корпуса.

Жыхар шматпавярхоўкі на вуліцы Петруся Броўкі, 11 расказаў, што жыхары дома сутыкнуліся з праблемай каналізацыі ў падвале. Мужчына распавёў, што за два тыдні яна цякла чатыры разы. Праблема заключаецца не толькі ў трубах, часткі якіх ужо прыйшлі ў непрыдатнасць, але і ў забруджванні сродкамі гігіены і смеццем. Прадстаўнікі ЖЭУ адзначылі, што каналізацыю ўжо прачышчалі, вывешвалі аб’явы для жыхароў аб недапушчальнасці выкідвання ў каналізацыю буйнога смецця. Заяўніку паабяцалі замяніць праблемны ўчастак труб з чыгунных на пластыкавыя. Сантэхнікі былі накіраваны на адрас у гэты ж дзень. «У гэтым пытанні значную ролю адыгрывае калектыўная адказнасць жыхароў дома за здарэнні. Пакуль што ў нас гэта развіта слаба. Аднак вада камень точыць, трэба праводзіць з людзьмі растлумачальную работу», — адзначыў Дзмітрый Дзямідаў.

Заяўніца з пяціпавярхоўкі ў мікрараёне Білева паскардзілася на адсутнасць напору вады. Праблема цягнецца ўжо некалькі месяцаў. Прычым у яе суседзяў з ніжніх паверхаў такое пытанне не стаіць, а вось да пятага паверха напор не даходзіць. Жанчына адзначыла, што на працягу многіх гадоў пакідае жадаць лепшага і тэмпература вады, якая трымаецца на ўзроўні 43-45 градусаў. І быццам бы выйшла са строю абсталяванне, аднак старшыня таварыства ўласнікаў не аказвае ніякай дапамогі. Кіраўнік дэпутацкага корпуса Віцебшчыны даручыў у найбліжэйшы час накіраваць спецыялістаў для абследавання з указаннем канкрэтных тэрмінаў выканання рамонтных работ, а таксама зрабіць пераразлік за той перыяд, калі паслугі аказваліся неналежным чынам.

Мужчына, які жыве на праспекце Будаўнікоў, прыйшоў на прыём не са скаргамі, а з прапановамі. Так, заяўнік адзначыў, што ў іх мікрараёне не хапае пляцоўкі для міні-футбола. Ён разам з двума сынамі і астатнія дзеці былі б вельмі рады, калі б мясцовыя ўлады паспрыялі ў вырашэнні такога пытання па добраўпарадкаванні. Напярэдадні з жыхарамі было праведзена пасяджэнне, дзе абмяркоўвалася гэта магчымасць. Як адзначылі адказныя службы, поле для міні-футбола са спецыяльным пакрыццём, агароджай і асвятленнем па стандартных памерах з-за адсутнасці свабоднай тэрыторыі не можа быць пабудавана. «Давайце вырашаць праблему паступова. Спачатку прывядзём у парадак зялёную зону, паставім вароты. А потым, гледзячы на зваротную сувязь ад дзяцей і моладзі, будзем будаваць пляцоўку», — прапанаваў Дзмітрый Уладзіміравіч. Заяўнік таксама дадаў, што ў мікрараёне ёсць праблема з выгулам сабак на зялёнай зоне з улікам таго, што спецыяльна адведзеныя пляцоўкі пад гэта ёсць. «Трэба аднавіць шыльды, якія тлумачаць аб адказнасці за выгул хатніх гадаванцаў. А суседзі, якія будуць заўважаць парушальнікаў, могуць паведамляць у ЖКГ ці АУС. Думаю, што, атрымаўшы штраф адзін раз, гаспадары будуць больш адказна ставіцца да чысціні вакол», — адзначыў Дзямідаў.

Будаўніцтва мікрараёна «Арэхава» — яшчэ адна праблема, агучаная падчас прыёму. У далёкім 2015 годзе сем’і, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, атрымалі там участкі. Прайшло дзевяць гадоў, многія пабудавалі дамы, аднак паўнавартасна жыць у іх не могуць праз адсутнасць не толькі дарог, але і асноўных камунікацый. І калі газ і электрычнасць летась усё-такі правялі, вада і каналізацыя дагэтуль застаюцца пад пытаннем. Неналежным чынам вядзе работы падрадчык будоўлі, не хапае рабочых рук і фінансавання. Старшыня аблсавета даручыў адказным службам да канца красавіка пракласці неабходныя камунікацыі і да сярэдзіны мая здаць у эксплуатацыю сістэму водазабеспячэння.

Жыхарка дома, у якім і праходзіў прыём, папрасіла аднавіць пешаходную дарожку, што некалькі дзесяцігоддзяў таму была заасфальтаванай і зручнай. Выявілася, што ў плане дома такога аб’екта не было, а маладзёжная брыгада, якая шчыравала на будаўніцтве, вырашыла зрабіць з рэшткаў матэрыялаў своеасаблівы праход, да якога звыкліся мясцовыя жыхары. «Нягледзячы на тое, што ў плане яе няма, трэба аднавіць дарожку. Вам нескладана, а людзі будуць удзячны», — звярнуўся да кіраўніцтва ЖЭУ дэпутат.

Падчас прыёму былі агучаны пытанні неналежнага функцыянавання сістэмы ацяплення, а таксама будоўлі па праспекце Будаўнікоў, з якой мясцовыя жыхары катэгарычна не згодныя. Усе пытанні старшыня Віцебскага аблсавета ўзяў на асабісты кантроль і падкрэсліў, што па тым, як вырашаюцца праблемы ЖКГ, людзі мяркуюць аб рабоце ўлады. «Таму ні адзін зварот не павінен быць пакінутым без увагі адказных службаў. Мы працуем дзеля людзей», — заключыў Дзмітрый Дзямідаў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?