Вы тут

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»


Істотны ўклад у вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў унеслі партызаны. На тэрыторыі нашай краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі створаны 213 партызанскіх брыгад і 258 асобных атрадаў, з акупантамі гераічна змагалася звыш 374 тысяч народных мсціўцаў. З самага першага дня акупацыі партызаны не давалі спакойнага жыцця гітлераўцам і іх памагатым: здзяйснялі дыверсіі на чыгунцы і іншай інфраструктуры ворага, знішчалі фашыстаў і іх тэхніку, узбраенне, здабывалі найкаштоўнейшую інфармацыю. І колькі б фальсіфікатары ваенных падзей ні лілі бруду на партызан, народны характар партызанскай барацьбы прадэманстраваў выключны гераізм савецкага народа, які рабіў усё магчымае і немагчымае дзеля Перамогі.


Герой Савецкага Саюза Віктар Лівенцаў разам з удзельніцай Мінскага падполля, партызанкай, Героем Савецкага Саюза Марыяй Осіпавай і іншымі баявымі таварышамі на святкаванні 30-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (Мінск, 1974 г.)

Баявое ўзаемадзеянне партызан з часцямі Чырвонай Арміі — асаблівасць Беларускай наступальнай аперацыі «Баграціён», у ходзе якой наша краіна была поўнасцю вызвалена. Аперацыя з’яўляецца класічным прыкладам творчага прымянення партызанскіх сіл у адной з вызначальных бітваў Вялікай Айчыннай вайны.

Добрая арганізацыя і надзейная сувязь

Баявыя дзеянні партызан Беларусі атрымалі высокую ацэнку савецкага камандавання. Усе задачы, пастаўленыя перад народнымі мсціўцамі Стаўкай Вярхоўнага Галоўнакамандавання, былі паспяхова выкананы. Як і задумвалася, партызаны дэзарганізоўвалі саперніка, зрывалі падвоз яго рэзерваў да лініі фронту, перашкаджалі аператыўнаму перакідванню войскаў паміж франтамі. Для гэтага напярэдадні наступлення савецкіх войскаў партызанам была аказана вялікая дапамога камандаваннем чатырох франтоў: яны далі народным мсціўцам неабходную колькасць выбуховых рэчываў і боепрыпасаў.

Поспехі ўзаемадзеяння партызан і рэгулярных войскаў залежалі ад стану сувязі, таму і ёй удзялялася асаблівая ўвага. Да пачатку аперацыі ў тыле ворага дзейнічала 130 радыёстанцый, якія забяспечвалі рэгулярную і надзейную сувязь. Акрамя таго, штабы франтоў і войскаў накіроўвалі ў партызанскія фарміраванні сваіх радыстаў для каардынацыі сумесных баявых дзеянняў у тыле ворага. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі і афіцэры сувязі, закінутыя ў тыл саперніка.

Да лета 1944 года на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі 272 тысячы партызан, аб’яднаных у 150 партызанскіх брыгад і 49 асобных атрадаў. Акрамя таго, у гэты час на акупаванай тэрыторыі рэспублікі вялі барацьбу больш за 60 тысяч падпольшчыкаў. Гэтыя вялізныя сілы народных мсціўцаў размяшчаліся ад лініі фронту да дзяржаўнай граніцы і займалі зручнае становішча для нападу на ўсе камунікацыі нямецка-фашысцкай арміі. Яны валодалі выдатным узбраеннем, уключаючы процітанкавыя стрэльбы, мінамёты і гарматы, значным досведам барацьбы, добрай арганізацыяй і надзейнымі сродкамі сувязі.

17 тысяч партызан супраць 60-тысячнай варожай групоўкі

Асабліва непакоілі ворага партызанскія зоны. На акупаванай тэрыторыі Беларусі было 20 партызанскіх зон, у якіх налічвалася больш за 400 тысяч партызанскага рэзерву. Толькі ў адной Полацка-Лепельскай зоне пад аховай народных мсціўцаў знаходзілася 1220 населеных пунктаў з насельніцтвам звыш 73 тысяч чалавек. Полацка-Лепельскае злучэнне партызан налічвала 17 тысяч байцоў. На іх узбраенні было 9 тысяч вінтовак, 700 кулямётаў, 1577 аўтаматаў, 78 ПТР, 108 мінамётаў і 19 гармат рознага калібру. Камандаваў гэтым злучэннем Герой Савецкага Саюза, упаўнаважаны ЦК КП(б)Б і БШПР Уладзімір Лабанок.

Полацка-Лепельская зона знаходзілася ў непасрэдным аператыўным тыле 3-й танкавай арміі вермахта. Каб ліквідаваць пагрозу з тылу, нямецка-фашысцкія захопнікі вырашылі вясной 1944 года знішчыць партызан. Амаль 60 тысяч нямецкіх войскаў былі кінуты супраць патрыётаў. Кіраваў аперацыяй камандуючы 3-й танкавай арміяй генерал Рэйнгард. Лютыя баі партызан супраць сіл карнікаў, якія пераўзыходзілі ў некалькі разоў, доўжыліся больш за тры тыдні. За гэты час авіяцыя саперніка (па нямецкіх даных) скінула на партызан больш за 500 тон бомбаў, іх бесперапынна атакавалі нямецкія танкі і пяхота, але знішчыць народных мсціўцаў фашысцкаму камандаванню не ўдалося. Гераічна змагаючыся, партызаны аказалі ворагу жорсткае супраціўленне. На жаль, панеслі значныя страты і патрыёты.

Шматлікія буйныя аперацыі акупантаў супраць беларускіх партызан, праведзеныя ўвесну 1944 года, не былі паспяховымі для ворага. Яны прыносілі саперніку буйныя страты і вымотвалі яго войскі, што ў канчатковым выніку мела вялікае значэнне для будучага наступлення Чырвонай Арміі.

Дырэктывай ЦК КП(б)Б і БШПР ад 8 чэрвеня 1944 года партызанскім брыгадам і атрадам ставілася задача нанесці ўсімі сіламі і паўсюдна магутныя ўдары па чыгуначных камунікацыях саперніка і паралізаваць яго перавозкі на лініях Мінск — Брэст, Полацк — Маладзечна, Орша, Маладзечна — Вільнюс і інш. У ноч на 20 чэрвеня 1944 года беларускія партызаны атакавалі чыгуначныя камунікацыі групы армій «Цэнтр» на ўсёй працягласці ад лініі фронту да дзяржаўнай граніцы.

Адважныя разведчыкі

Кіраўнікі КП(б)Б і партызанскага руху Беларусі. У першым радзе злева направа (сядзяць): В. І. Казлоў, П. К. Панамарэнка, Ф. І. Паўлоўскі, В. З. Корж; у другім радзе злева направа (стаяць): Р. Н. Мачульскі, П. З. Калінін, Ф. Ф. Капуста, І. Л. Сацункевіч, А. Г. Бондар (Беларусь, май 1943 г.)

У ходзе падрыхтоўкі наступальнай аперацыі «Баграціён» перад партызанамі стаялі задачы па зборы звестак аб саперніку, характары яго абароны, перагрупоўцы рэзерваў. Так, ваенны савет 4-й ударнай арміі абавязаў камандзіраў партызанскіх атрадаў Віцебскай вобласці здабываць планы абарончых сістэм у раёне гарадоў і на граніцы перад фронтам арміі, даведвацца аб намерах і задумах саперніка, захопліваць палонных. Аб узгодненай рабоце ваенных і партызанскіх разведчыкаў сведчаць шматлікія факты.

У прыватнасці, у Магілёўскае партызанскае злучэнне была закінута група ваеннай разведкі на чале з капітанам П. А. Крылатых. Яна працавала сумесна з партызанскімі разведчыкамі, перадавала ў разведаддзел 2-га Беларускага фронту звесткі аб канцэнтрацыі сіл праціўніка ў Оршы, Горках, Магілёве, аб размяшчэнні складоў з гаручым і боепрыпасамі, аб знаходжанні перапраў праз Днепр.

У справаздачы разведвальнага аддзела 2-га Беларускага фронту за чэрвень 1944 года паведамлялася, што камандаваннем фронту шырока ўжывалася засылка груп разведчыкаў на самалётах з пасадкай на аэрадромах партызан пад кіраўніцтвам памочніка начальніка 4-га аддзела штаба фронту маёра У. А. Емяльянава. У раён на паўднёвы захад ад Магілёва ім былі закінуты дзве групы: адна — пад камандаваннем камандзіра пешай разведкі 362-й стралковай дывізіі Героя Савецкага Саюза малодшага лейтэнанта С. Л. Ушакова, другая — пад камандаваннем камандзіра роты 238-й стралковай дывізіі лейтэнанта А. С. Скуратоўскага. Імі было ўстаноўлена, што ў Панізоўі засяроджана 120 танкаў, каля 170 бронемашын, якія належалі 70-й механізаванай нямецкай дывізіі. Пры садзейнічанні партызан былі захоплены палонныя і дакументы, выкрыта групоўка 4-й і часткова 9-й армій саперніка на ўчастку п. Горкі, што на паўднёвым захадзе ад Быхава.

Вось што пісаў камандзір адной разведвальнай групы ў справаздачы аб рабоце ў тыле саперніка: «З чэрвеня 1944 г. прыбылі ў раён дзеяння партызанскай брыгады тав. І. К. Захарава. У камандавання брыгады падрабязна даведаліся пра абстаноўку на шляху нашага руху. Пасля аднадзённага адпачынку з дапамогай партызан-праваднікоў прайшлі міма ўсіх варожых гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў. Шлях за 120 кіламетраў пераадолелі за 5 дзён. 8 чэрвеня 1944 г. паспяхова прыбылі ў прызначанае месца і прыступілі да выканання пастаўленай задачы». У адрас Беларускага штаба партызанскага руху рэгулярна перадаваліся па рацыях важныя звесткі аб праціўніку з усіх акупаваных абласцей рэспублікі.

Толькі за пяць месяцаў 1944 года партызанскімі разведчыкамі Беларусі было захоплена 5865 аператыўных дакументаў, выяўлена наяўнасць у тылавых раёнах групы армій «Цэнтр» 900 гарнізонаў, 985 абарончых збудаванняў і рубяжоў, 70 буйных складоў. Напярэдадні наступлення савецкіх войскаў летам 1944 г. партызанамі Беларусі былі ўдакладнены месцы дыслакацыі штаба групы армій «Цэнтр», штабоў 3-й танкавай, 2, 4 і 9-й палявых армій і 60 штабоў карпусоў, дывізій і часцей, выяўлены шэраг абарончых рубяжоў на Віцебскім, Магілёўскім і Гомельскім напрамках. Многія з гэтых звестак рэгулярныя войскі атрымалі ўпершыню. Беларускія партызаны і падпольшчыкі зафіксавалі ў першым паўгоддзі 1944 года 21 397 эшалонаў ворага, якія прайшлі па чыгунках рэспублікі, на шашэйных і грунтавых дарогах імі была вызначана перакідка 1360 танкаў, 351 бронемашыны і вялікай колькасці грузавых і легкавых аўтамашын. Апрацоўка і супастаўленне атрыманых даных ад воінаў і партызан дазвалялі савецкаму камандаванню больш поўна выкрываць задумы і планы саперніка, устанаўліваць яго моцныя і слабыя бакі, прымаць правільныя рашэнні ў аперацыях.

Увесь свет даведаўся аб адважных беларускіх партызанах, якія дапамагалі Чырвонай Арміі набліжаць Перамогу. Фашысцкія генералы прызнавалі: партызанская вайна моцна ўплывала на маральны дух нямецкіх салдат.

Вераніка КАНЮТА, Барыс ДАЎГАТОВІЧ, кандыдат гістарычных навук

Загаловак у газеце: Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».