Вы тут

Спрошчаная перарэгістрацыя і новыя віды фінансавай падтрымкі


Як ужо паведамляла «Звязда» падпісаны днямі кіраўніком дзяржавы дакумент устанаўлівае абноўленую архітэктуру прадпрымальніцтва і прадугледжвае дзве катэгорыі, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю: юрыдычныя і фізічныя асобы. Да юрыдычных асоб аднесены малыя арганізацыі з колькасцю работнікаў да 100 чалавек, сярэднія — да 250 супрацоўнікаў і буйныя — звыш 250 чалавек. У катэгорыю фізічных асоб уключаны рамеснікі, уладальнікі аграэкасядзіб, самазанятыя, індывідуальныя прадпрымальнікі. 


З індывідуальнага прадпрымальніка ў юрыдычную асобу — за адзін дзень 

Як звярнуў увагу міністр эканомікі Юрый ЧАБАТАР, са сцвярджэннем закона будзе ўкаранёны і ўступіць у сілу шэраг чаканых з боку прадпрымальніцтва, у тым ліку і рэгулятараў, новаўвядзенняў, якія створаць дадатковыя ўмовы для маштабавання бізнэсу. «У гэтым кірунку мы адпрацоўвалі, каб бізнес мог павялічваць сваю вытворчасць, гандаль і паслугі дзякуючы прынятаму закону, — дадаў ён. — У першую чаргу мы глядзелі на тое, каб стварыць умовы для стымулявання пераходу ў юрыдычную асобу».

Па словах міністра, законам прадугледжана магчымасць перарэгістрацыі ў юрыдычную асобу за адзін дзень. «Гэта не проста тэхнічная перарэгістрацыя, — удакладніў ён. — За будучай юрыдычнай асобай застануцца ўсе дзейныя на той момант дазвольныя дакументы: сертыфікаты, ліцэнзіі і іншае. У тым ліку ёсць магчымасць у паскораным рэжыме перарэгістраваць свой разліковы рахунак у банку. Другая стымулюючая мера — захаванне для юрыдычных асоб магчымасці спрошчанага адміністравання па розных напрамках. Напрыклад, справаводства можна будзе весці, як і раней». 

Кажучы аб дадатковых мерах падтрымкі, прадугледжаных законам, Юрый Чабатар заўважыў, што будзе арганізавана выдача грантаў з боку мясцовых органаў кіравання або паручальніцтва па пазыках. Ён лічыць, што такія новаўвядзенні істотна падштурхнуць бізнес да таго, каб пераходзіць у форму юрыдычнай асобы.

«Захоўваюцца льготы — захоўваюцца і абавязкі»

На стадыі распрацоўкі законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці» прайшоў шырокае грамадскае абмеркаванне з прыцягненнем практычна ўсіх катэгорый бізнес-супольнасці: ад індывідуальных прадпрымальнікаў да прадстаўнікоў малога, сярэдняга і буйнога бізнесу. Як паказалі вынікі гэтага абмеркавання, рэформа бізнес-супольнасцю ўспрымаецца канструктыўна. 

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Віктар НІКАЛАЙКІН лічыць Закон «Па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці» своечасовым і вельмі важным дакументам. «З моманту прыняцця дзеючых цяпер законаў, якія рэгулююць прадпрымальніцкую дзейнасць, прайшоў пэўны час, — заўважыў ён. — За гэты перыяд, з аднаго боку, выявілася шэраг пытанняў, якія з пункту гледжання правапрымяняльнай практыкі патрабавалі змяненняў. З іншага боку, прадпрымальнікі, у тым ліку індывідуальныя, імкнуцца да таго, каб іх бізнес быў паспяховы і развіваўся, аднак на пэўнай стадыі дзеючыя сёння законы пачынаюць тармазіць далейшае развіццё, маштабаванне гэтага прадпрымальніка». 

Па словах дэпутата, новым законам прадугледжана зняцце шэрагу абмежаванняў, якія да нядаўняга часу не дазвалялі прадпрымальнікам развівацца далей. У прыватнасці, індывідуальны прадпрымальнік, гадавая выручка якога складае звыш 500 тысяч рублёў, не мае права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Акрамя таго, абмежаванні датычацца і колькасці работнікаў, якіх прадпрымальнік можа выкарыстоўваць у наём. «Згодна з дзейным заканадаўствам, яму трэба пераходзіць у іншую арганізацыйна-прававую форму — гэта значыць ствараць юрыдычную асобу, — патлумачыў Віктар Нікалайкін. — Для таго, каб гэта зрабіць, спачатку трэба закрыць індывідуальнае прадпрымальніцтва. Гэта прадугледжвае вялікую колькасць працэдур, таму самі бізнесмены кажуць, што не трэба ісці гэтым шляхам, бо некалькі месяцаў, а то і год-два будзеш хадзіць па інстанцыях, каб закрыць сваё ІП. А потым яшчэ будзе трэба ствараць юрыдычную асобу». 

Новы Закон «Па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці», па словах парламентарыя, не толькі стварае ўмовы для развіцця бізнесу, а і забяспечвае магчымасць справядлівай канкурэнцыі для ўсіх прававых форм бізнесу. «Закон прадугледжвае надзяленне паўнамоцтвамі ўрад зацвярджаць пералік відаў паслуг і работ, якія будзе мець права выконваць індывідуальны прадпрымальнік, — канкрэтызуе Віктар Нікалайкін. — Калі ты знаходзішся ў гэтым спісе, можаш і далей спакойна працаваць у якасці ІП. Калі даход перавышае ўстаноўленыя 500 тысяч рублёў у год, то ты можаш напісаць заяву і на працягу сутак па спрошчанай, зразумелай працэдуры перайсці з індывідуальнага прадпрымальніка ў юрыдычную асобу. Пры гэтым за табой захоўваюцца ўсе льготы, банкаўскія рахункі, сертыфікаты, дазволы, якія ты меў як ІП. Аднак у той жа час за табой захоўваюцца адказнасць і абавязацельствы перад дзяржавай, якія ты ўжо ўзяў на сябе як ІП, або перад пэўнымі суб’ектамі гаспадарання. Гэта справядліва: захоўваюцца льготы — захоўваюцца і абавязкі». 

Як падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі, той, хто хоча далей развівацца, безбалюча ажыццявіць пераход за суткі і будзе далей працаваць, але ўжо на правах юрыдычнай асобы. «Да канца 2025 года трэба будзе вызначыцца — або пераходзіць у юрыдычную асобу па спрошчаным механізме, або заставацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, але выконваць іншыя віды работ, якія будуць у пераліку ўрада, — канкрэтызаваў ён. — Такім чынам, новаўвядзенні прадыктаваны правапрымяняльнай практыкай, ствараюць роўныя ўмовы для ўсіх форм бізнесу і даюць магчымасць бізнесу ўмацоўвацца, развівацца і рухацца наперад».

Па словах члена Савета Рэспублікі Валянціна БАЙКО, заканадаўства аб прадпрымальніцкай дзейнасці з’яўляецца самай мабільнай часткай грамадзянскага заканадаўства любой дзяржавы. «Гэта і зразумела: прадпрымальніцтва — гэта ініцыятыва, пастаянныя змены, навацыі і пошук новых магчымасцяў, — патлумачыў ён. — Заканадаўства аб прадпрымальніцкай дзейнасці ў Беларусі прайшло некалькі паслядоўных этапаў станаўлення і працягвае ўдасканальвацца. Лагічным завяршэннем чарговага цыкла трансфармацыі як самога інстытута «прадпрымальніцтва», так і нарматыўнага рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці, стала прыняцце Закона «Па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці».

Сенатар нагадаў, што адной з найважнейшых умоў паспяховага развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы з’яўляецца забеспячэнне роўных умоў і татальнае выкананне ўстаноўленых правілаў. «У сувязі з гэтым уяўляецца, што карэкціроўка правілаў ажыццяўлення індывідуальнага прадпрымальніцтва будзе садзейнічаць вырашэнню менавіта гэтых задач, — адзначыў Валянцін Байко. — Законам, з аднаго боку, уводзіцца пэўны ліміт на віды дзейнасці, якімі можна будзе займацца без утварэння юрыдычнай асобы (і па гэтай прычыне мець некаторыя перавагі перад юрыдычнымі асобамі); з іншага боку, пашыраюцца магчымасці для малых форм прадпрымальніцтва па атрыманні дзяржаўнай падтрымкі на вядзенне бізнесу. Калі ўсё атрымаецца, як задумана распрацоўшчыкамі ўжо прынятага закона (а няма бачных прычын да таго, каб нешта не было рэалізавана), то ў выніку грамадства атрымае больш транспарэнтнае бізнес-асяроддзе, рост даходаў бюджэту і максімальна цывілізаваныя формы адносін па лініі «бізнес — грамадства — дзяржава».

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».