Вы тут

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?


Штогод 26 красавіка ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень інтэлектуальнай уласнасці. Яго тэма ў 2024 годзе — «Інавацыі і творчасць на карысць агульнай будучыні». Як працуе сістэма аховы інтэлектуальнай уласнасці ў нашай краіне? Беларусь — удзельнік 19 з 26 міжнародных пагадненняў у галіне абароны інтэлектуальнай уласнасці, якія працуюць пад эгідай Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.


— Ва ўсім свеце інтэлектуальная ўласнасць актыўна ўкараняецца ў эканамічны абарот, — падкрэсліў ён. — Адзін з моцных бакоў Беларусі — актыўнасць у галіне падачы заявак на вынаходніцтвы і карысныя мадэлі. Наша краіна з’яўляецца ўдзельнікам працэсаў патэнтавання ў рамках Еўразійскай эканамічнай супольнасці. Гэта дазваляе не адставаць ад сусветных працэсаў.

Эканоміка ведаў

Эканоміка, дзе асноўнымі фактарамі развіцця становяцца веды і чалавечы капітал (эканоміка ведаў), набірае абароты ў сусветнай супольнасці. І ад таго, наколькі наша краіна будзе паспяваць за гэтымі сусветнымі працэсамі, залежыць яе канкурэнтаздольнасць, падкрэсліў прадстаўнік ДКНТ.

— Сёння ў сістэме дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях створана нацыянальная інавацыйная сістэма, у склад якой уваходзяць 16 тэхнапаркаў, шэсць цэнтраў трансферу тэхналогій, Беларускі інавацыйны фонд, Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці, — паведаміў Дзяніс Каржыцкі.

Важна не толькі абараніць створаную інтэлектуальную ўласнасць, атрымаць ахоўныя дакументы, але таксама ўцягнуць яе ў эканамічны абарот, забяспечыць яе камерцыялізацыю, падкрэсліў вучоны.

— Гэта пытанне не аднаго чалавека — вынаходніка і не аднаго ведамства. Для гэтага і створана нацыянальная інавацыйная сістэма, у рамках якой можна атрымаць як фінансавую падтрымку для развіцця сваёй распрацоўкі, так і адказы на пытанні, звязаныя з яе аховай, — адзначыў спікер. — Да 2023 года ўдалося зрушыць працэс уцягвання ў гаспадарчы абарот аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці. Напрыклад, назіраўся рост на 5 % заявак на вынаходніцтвы, на 23 % павялічылася колькасць заявак на таварныя знакі. Актыўна працуе біржа інтэлектуальнай уласнасці, развіваюцца працэсы ліцэнзавання: колькасць зарэгістраваных ліцэнзійных дагавораў на 80 працэнтаў перавысіла паказчыкі пяцігадовай даўнасці. Усё гэта сведчыць: мы навучыліся працаваць з інтэлектуальнай уласнасцю, ведаем, як яе ўкараніць у гаспадарчы абарот.

Цяпер работа накіравана ўжо на ўдасканаленне гэтых працэсаў і забеспячэнне ўкладу ў эканоміку.

— Хоць ужо сёння патэнтныя пошліны ад рэгістрацыі заявак склалі каля 25 млн рублёў, яны паступаюць у бюджэт краіны, — адзначыў першы намеснік старшыні ДКНТ. — Сёлета такіх плацяжоў паступіла на 36 % больш, чым у мінулым.

У Беларусі распрацавана стратэгія развіцця інтэлектуальнай уласнасці да 2030 года, расказаў Дзяніс Каржыцкі.

— Сёння найбольш распаўсюджаныя спосабы абароны інтэлектуальнай уласнасці — гэта патэнтаванне і ахова ў рэжыме ноу-хау. І да рэжыму ноу-хау ўзнікаюць пытанні — паступаюць прапановы ад дзяржорганаў і прадпрыемстваў. Працягваецца работа па ўдасканаленні заканадаўства, каб рэгламентаваць гэты працэс, забяспечваючы як абарону распрацовак, так і іх камерцыялізацыю.

Ад ідэі да ўвасаблення

— Інтэлектуальная ўласнасць — інструмент, які дазваляе назіраць вынікі інтэлектуальнай дзейнасці ад ідэі да ўвасаблення ў жыццё і рэалізацыі ў вытворчасці, — адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Уладзімір Рабаволаў. — Асноўныя кірункі нашай дзейнасці рэалізоўваюцца з улікам палажэнняў Стратэгіі Рэспублікі Беларусь у сферы інтэлектуальнай уласнасці да 2030 года, — дадаў ён.

Сярод актуальных кірункаў работы асаблівая ўвага — лічбавізацыі дзейнасці НЦІУ. Гэта садзейнічае зручнаму і хуткаму атрыманню аховы аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, падкрэсліў Уладзімір Рабавалаў:

— Сёлета запланавана 14 праектаў па лічбавізацыі, асноўныя з якіх — перавод адміністрацыйных працэдур у электронную форму, комплексная мадэрнізацыя інфармацыйнага рэсурсу «Біржа інтэлектуальнай уласнасці ў Беларусі», распрацоўка інфармацыйнай сістэмы, якая забяспечвае аўтаматызацыю атрымання інфармацыі з дзяржаўных рэестраў аб наяўнасці аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, і г. д. Прадугледжана лічбавізацыя заключэння дагавораў з аўтарамі і іншымі праваўладальнікамі.

Найважнейшы кірунак развіцця — і меры стымулявання вынаходніцтва ў нашай краіне. З 2016 года ў Беларусі рэалізоўваецца міжнародны праект Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці па стварэнні і развіцці цэнтраў падтрымкі тэхналогій і інавацый (ЦПТІ). Галоўная мэта праекта — забеспячэнне доступу да патэнтнай інфармацыі (на якую будуць арыентавацца пры стварэнні распрацовак), а таксама прававая ахова тэхналогій пры экспартных пастаўках. За кошт гэтага будзе рэалізоўвацца сувязь навукі і рэальнага сектара эканомікі, — падкрэсліў кіраўнік НЦІУ.

Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці таксама аказвае метадычную і кансультацыйную падтрымку па пытаннях аховы і кіравання інтэлектуальнай уласнасцю экспарцёрам, калі яны выходзяць на замежныя рынкі, а таксама арганізацыям, якія ажыццяўляюць імпартазамяшчэнне. Прычым, калі раней цэнтр працаваў з буйнымі прадпрыемствамі, прадстаўленымі на міжнародных рынках, сёння супрацоўнічае з арганізацыямі ўжо на этапе, калі яны толькі задумваюцца аб выхадзе на міжнародны ўзровень , — яшчэ можна папярэдзіць памылкі, звязаныя з абаронай інтэлектуальнай уласнасці: ад таварных знакаў да патэнтаў на распрацоўкі.

Немалаважны кірунак — і навуковыя даследаванні, на падставе якіх фармулююцца прапановы па ўдасканаленні заканадаўства і распрацоўваюцца метадычныя рэкамендацыі, адзначыў спікер. На гэты год цэнтрам запланавана вывучэнне пытанняў стану заяўнай актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама пытанняў арганізацыі прававой аховы інтэлектуальнай уласнасці, сказаў Уладзімір Рабаволаў. Па выніках даследаванняў будуць выпрацаваны навукова-абгрунтаваныя прапановы для стварэння найбольш эфектыўнай сістэмы аховы ІС, а таксама павышэння зацікаўленасці заяўнікаў у атрыманні прававой аховы на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці. І, нарэшце, у полі зроку спецыялістаў — аптымізацыя падатковай нагрузкі для тых, хто ўносіць уклад у будучыню.

Яшчэ адзін немалаважны аспект, на які накіравана ўвага супрацоўнікаў НЦІУ, — павышэнне дасведчанасці грамадскасці ў сферы інтэлектуальнай уласнасці. На гэта разлічаны, у прыватнасці, спецыялізаваныя курсы цэнтра, якія штогод праходзяць больш за 500 чалавек. З мэтай папулярызацыі ведаў аб інтэлектуальнай уласнасці і неабходнасці яе аховы цэнтр праводзіць мерапрыемствы для ўсіх слаёў насельніцтва: ад конкурсаў для школьнікаў і студэнтаў да канферэнцый для прадстаўнікоў навукі і вытворчасці. І гэтая работа будзе працягвацца: так, сёлета ўпершыню адбудзецца конкурс «Найлепшы патэнт Беларусі» сярод праваўладальнікаў ужо дзеючых патэнтаў на вынаходніцтвы і карысныя мадэлі. 

Ці ёсць што ахоўваць?

Безумоўна, сцвярджаюць навукоўцы. Прычым у многіх сферах. У якасці прыкладу можна ўзяць сельскую гаспадарку.

— У параўнанні з вялікімі кластарамі інтэлектуальнай уласнасці сарты сельскагаспадарчых раслін — кластар невялікі, але менавіта эфектыўная сістэма аховы сартоў раслін і ёсць падмурак устойлівага развіцця аграрнага сектара і адна з умоў харчовай бяспекі, — падкрэсліла намеснік дырэктара Дзяржаўнай інспекцыі па выпрабаванні і ахове сартоў раслін Таццяна Сямашка.

На сучасным этапе развіцця сельскай гаспадаркі, пры шырокім укараненні інавацыйных тэхналогій атрымання сельгаспрадукцыі, ролю правільна выбраных сартоў пераацаніць складана, распавяла спецыяліст. Тым больш ва ўмовах змены клімату. Сорт павінен быць выбраны вельмі дакладна, бо 25 % прыросту ўраджаю адносіцца менавіта да гэтага фактару, дадала яна.

— Стварэнне новых сартоў раслін патрабуе ад селекцыянера працоўных і часавых выдаткаў (да 10—15 гадоў), а таксама значных ведаў. Адпаведна, селекцыянеру неабходны і механізм вяртання ўкладзеных інвестыцый. У нашай краіне з 1995 года функцыянуе сістэма аховы правоў селекцыянераў, — расказала Таццяна Сямашка. — Мінулы год стаў пачаткам вялікай работы. На сортавыпрабавальных станцыях былі арганізаваны патэнтныя ўчасткі, набыта тэхніка, вызначаны пералік сельскагаспадарчых раслін, найважнейшых для нашай краіны. Каб пастулаты Закона «Аб патэнтах на сарты раслін» не засталіся толькі на нацыянальным узроўні, у 2003 годзе Беларусь далучылася да Міжнароднай канвенцыі па ахове новых сартоў раслін, і нашы селекцыянеры здабылі права атрымліваць ахову свайго селекцыйнага вынаходніцтва на міжнародным узроўні.

Калі казаць аб дасягненнях у гэтай сферы, то ў мінулым годзе, паводле статыстыцы Міжнароднага саюза па ахове раслін, Беларусь увайшла ў топ-11 краін па колькасці дзейных патэнтаў разам з такімі гігантамі, як Расія, Кітай, ЗША.

«Спадзяёмся, што сёлета ўвойдзем у тым-10», — адзначыла Таццяна Сямашка. 

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Для агульнай будучыні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.