Вы тут

У сталіцы адкрыўся міжнародны форум «Ахова здароўя Беларусі»


У сталіцы адкрыўся ХХІХ Міжнародны медыцынскі форум «Ахова здароўя Беларусі — 2024», які ўключае спецыялізаваную выстаўку і шырокую дзелавую праграму. Сёлета ён прыўрочаны да 105-годдзя сістэмы аховы здароўя Беларусі. У рамках мерапрыемства адбудзецца каля 30 навукова-практычных канферэнцый і тэматычных семінараў з удзелам спецыялістаў вядучых РНПЦ краіны, у тым ліку пяць мерапрыемстваў па анкалагічнай тэматыцы. Сёлета ў выстаўцы бяруць удзел больш за 160 экспанентаў з васьмі краін. Сярод іх — вядучыя айчынныя і замежныя вытворцы медыцынскай тэхнікі, вырабаў медыцынскага прызначэння, расходных матэрыялаў, стаматалагічнага абсталявання і фармацэўтычнай прадукцыі.


Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця форуму прыняў удзел намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. Ён нагадаў, што 2024-ы ў Беларусі аб’яўлены Годам якасці. Медыцына не выключэнне.

— Менавіта ад якаснай медыцынскай дапамогі залежыць стан здароўя кожнага чалавека. Мы забяспечваем аказанне неабходнай меддапамогі, пачынаючы ад самай маленькай вёсачкі і да хутара і заканчваючы абласнымі цэнтрамі і сталіцай нашай краіны. Выбудаваная сістэма меддапамогі дае магчымасць аказаць людзям увесь спектр медпаслуг, — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі вельмі вялікая ўвага ўдзяляецца падтрыманню здаровага ладу жыцця.

— Там, дзе патрэбна кваліфікаваная і якасная медыцынская дапамога, мы развіваем гэтыя кампетэнцыі, тэхналогіі. Сёння вы зможаце наглядна пераканацца, як развіваецца сістэма аховы здароўя нашай краіны, як укараняюцца перадавыя міжнародныя тэхналогіі і практыкі, неабходныя для аказання якаснай і кваліфікаванай медыцынскай дапамогі.

Пры гэтым падтрыманне здароўя ў многім залежыць ад кожнага чалавека, а медыкі пракансультуюць пацыента, які мае патрэбу ў адпаведнай меддапамозе. Адметна, што ўзровень беларускіх медыкаў даўно ацанілі нашы суседзі і грамадзяне з больш далёкіх краін.

— Мы ганарымся тым, што толькі па выніках мінулага года экспарт медыцынскіх паслуг у 140 краін свету склаў больш як 40 мільёнаў. Актыўна працуе наша сістэма адукацыі. Студэнты з больш як 50 краін атрымліваюць якасную медыцынскую адукацыю. Толькі за мінулы год лічба экспарту адукацыйных паслуг склала больш як 30 мільёнаў, — прывёў лічбы Ігар Петрышэнка.

Ён адзначыў, што на выставачнай пляцоўцы прадстаўлены ўсе найлепшыя распрацоўкі РНПЦ, перадавых клінік — увесь спектр, які датычыцца падтрымання здароўя чалавека. У час дзелавой праграмы будуць актыўна абмяркоўвацца і выпрацоўвацца новыя падыходы, новыя методыкі для аказання медыцынскай дапамогі. Сярод іх — укараненне штучнага інтэлекту.

— Аднак, як бы не развівалі штучны інтэлект, перадавыя тэхналогіі, усё залежыць ад кваліфікацыі ўрача і яго ведаў, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Аб новых тэхналогіях, у прыватнасці перспектывах лічбавай трансфармацыі сферы аховы здароўя, гаварыў і міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў. Лічбавізацыя дасць магчымасць адысці ад залішняга дакументаабароту, медработнікі змогуць больш аператыўна атрымліваць неабходную інфармацыю аб пацыенце.

— Мы працуем над тым, каб аб’яднаць усе існуючыя распрацоўкі ў адзіную платформу. Гэта павінна адбывацца на працягу 2024–2025 гадоў, — адзначыў міністр.

І ўжо ў пачатку 2025 года аб’яднанне існуючых праграмных рашэнняў дасць свой вынік, а першы этап гэтай работы павінен завяршыцца да канца 2024 года.

Гаворачы аб напаўненні будучай адзінай сістэмы электроннай аховы здароўя, Аляксандр Хаджаеў назваў сэрвісы, якія датычацца электроннага рэцэпта, электроннай аптэкі, электроннага дакументаабароту і інш.

Што датычыцца спецыялізаванай выстаўкі, якая праходзіць у рамках міжнароднага медыцынскага форуму, то яна дэманструе працэс імпартазамяшчэння ў гэтай сферы.

— Усе нашы ноу-хау датычацца ў першую чаргу практыкі кожнага дня. Мяне вельмі ўзрадавала тое, што адбылося імпартазамяшчэнне. Нашы рэанімацыйныя ложкі валодаюць усім функцыяналам, які неабходны для штодзённага маніторынгу і аблягчэння працы, у тым ліку і функцыяй узважвання. Тыя задачы, якія ставяцца нашымі ўрачамі-практыкамі, павінны Міністэрствам аховы здароўя аналізавацца, аб’ядноўвацца і ператварацца ў вынік, — адзначыў Аляксандр Хаджаеў.

Ложак з электрапрывадам і функцыяй узважвання, пра які казаў міністр, прадстаўлены на стэндзе дзяржаўнага прадпрыемства «Медтэхнацэнтр», вядучага беларускага вытворцы ў галіне медыцынскага абсталявання і вырабаў медпрызначэння. Выстаўлены тут і іншыя апошнія распрацоўкі прадпрыемства, накіраваныя на паляпшэнне якасці аказання меддапамогі. Гэта каляска-каталка з прыёмнай прыладай і эвакуацыйнае крэсла для аўтамабіля хуткай медыцынскай дапамогі; крэсла-скутар для інваліда; сістэма маніторынгу і дыспетчарызацыі медыцынскіх газаў з выкарыстаннем «воблачных» сэрвісаў і магчымасцю інтэграцыі дадатковых функцый маніторынгу (мікраклімат у палатах, месцазнаходжанне пацыента ў структуры лячэбнай установы і інш), якая на базе нейрасеткі ідэнтыфікуе і прагназуе паказчыкі, у некаторых выпадках папярэджваючы наступствы яшчэ да ўзнікнення інцыдэнту.

На калектыўных стэндах холдынга «Белфармпрам» і прадпрыемства «Белмедтэхніка» прадстаўлены айчынныя распрацоўкі экспартаарыентаванай медтэхнікі і лексродкаў. Міністр адзначыў, што распрацоўкі РУП «Медтэхнацэнтр», холдынга «Белфармпрам» аблягчаюць працу медработнікаў і павышаюць якасць аказання медыцынскай дапамогі.

— Наша выстаўка дэманструе тое, што новыя тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ва ўсім свеце, ёсць і ў нашай краіне. Адпаведна, якасць медыцынскай дапамогі адпавядае сусветным стандартам, — падкрэсліў Аляксандр Хаджаеў.

Арганізавана на выстаўцы і традыцыйная «Адукацыйная алея» з універсітэтаў медыцынскага профілю Беларусі — спецыяльная пляцоўка для прэзентацыі адукацыйных паслуг і дэманстрацыі інавацыйных распрацовак устаноў адукацыі. А РУП «Белфармацыя» прадставіла дзіцячы адукацыйны праект «Юны фармацэўт» — сімуляцыйную міні-аптэку, створаную для знаёмства дзяцей з прафесіяй фармацэўта.

У выстаўцы бяруць удзел больш за 160 экспанентаў з васьмі краін: Беларусі, Венгрыі, Індыі, Ірана, Кітая, Расіі, Егіпта, Паўднёвай Карэі. Шырокі асартымент вырабаў медыцынскага прызначэння можна ўбачыць на калектыўнай экспазіцыі індыйскіх вытворцаў. Упершыню ў выстаўцы ўдзельнічае кампанія Sofіcopharm, якая з’яўляецца важным гульцом на фармацэўтычным рынку Егіпта. Акрамя таго, упершыню ў Беларусі свае магчымасці прадставіць Няўрадавы фонд даследаванняў і тэхналогій медыцынскага абсталявання Ірана.

Удзельнікі выстаўкі, прадстаўнікі, дыстрыбьютары і сэрвісныя арганізацыі падрыхтавалі шырокі спектр прадукцыі і паслуг для ўстаноў аховы здароўя і медыцынскіх цэнтраў.

Алена КРАВЕЦ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Загаловак у газеце: Новыя сусветныя тэхналогіі і практыкаарыентаванасць

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Што абмяркоўвалі на нарадзе органаў мясцовага самакіравання Брэстчыны ў Пінскім раёне?

Добраўпарадкаванне населеных пунктаў і навядзенне парадку на зямлі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.