Вы тут

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць


Наша гераіня ўпэўнена: дзякуючы музыцы людзі напаўняюцца святлом. І хоць сцэнічны вобраз Аліны Чыжык не саступае сусветна вядомым поп-дзівам, галівудскай зоркай дзяўчына сябе не адчувае. Наша госця — цудоўная спявачка з самабытным голасам, фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ, лаўрэат конкурсу маладых выканаўцаў у Маладзечне, артыстка года Гродзеншчыны — 2022. Стала знакамітай на ўсю Беларусь дзякуючы песні «Бацькава булка». Сустрэліся з Алінай, каб больш даведацца пра яе творчасць і жыццё.


«Ганаруся, што з вёскі»

З біяграфіі спявачкі можна зрабіць выснову, што творчы лёс ёй быў прадвызначаны. Музычная сям’я. Цётка, бацькава родная сястра, вядомы беларускі кампазітар Аліна Безенсон. Тата граў на сінтэзатары, маці спявала ў фальклорным хоры. Радзіма дзяўчыны — Гродзеншчына. А менавіта вёска Мількаўшчына, там жыла пісьменніца Эліза Ажэшка. Але дзяўчына расказвае, што раней хавала, адкуль родам.

— Калі падлеткам паехала ў санаторый, баялася прызнацца, адкуль я. Заўсёды казала, што з Гродна. А цяпер ганаруся, што з вёскі. Лічу, людзі, якія нарадзіліся ў вёсцы, умеюць добра працаваць і дасягаць сваіх мэт, — упэўнена суразмоўніца. 

Яна ганарыцца, што ўраджэнка гэтага рэгіёна. А зямля ёй адказвае ўдзячнасцю. Аліна стала артысткай года Гродзеншчыны ў 2022-м, яшчэ яе занеслі ў энцыклапедыю жанчын Гродзенскага раёна.

— Сваім выхаванцам кажу, што ў іх ёсць усё для таго, каб ісці да сваёй мэты. Мяне бацькі вазілі ў музычную школу ў суседні Скідзель. А гэта за 17 кіламетраў. Чакалі чатыры гадзіны, — дзеліцца спявачка. Яна гаворыць, што чаплялася за любую магчымасць, каб развівацца.

Алініна цётка параіла неадкладна аддаць дзяўчынку ў музычную школу. Яна была пераросткам, таму давялося за год асвоіць тры класы праграмы. Пасля будучая артыстка паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў на эстраднае аддзяленне.

— Я мела мэтавае накіраванне, — расказвае спявачка. — Аднак вельмі перажывала, бо прыехаў яшчэ адзін мэтавік з Мастоўскага раёна. Выбралі мяне. Чатыры гады вучобы падарылі мне розныя праекты, тэлевізійныя здымкі…

«Цяпер мяне ўсе пазнаюць»

Аліна — аўтар-выканаўца. На верш Вольгі Багдановіч яна напісала музыку да вядомай песні, візіткі айчынных хлебаробаў «Бацькава булка».

— Нарадзілася песня хутка — за тры дні. Ставак на яе не рабіла, — дзеліцца творца. — Пісала для аднайменнага фестывалю ў Свіслачы. Але якім цудам твор пайшоў у народ — застаецца загадкай. І мяне ўсе пазнаюць па гэтай кампазіцыі. Паўсюль кажу, што з’яўляюся голасам гэтага фестывалю. Ён і песня ўжо сталі брэндам.

Аліна Чыжык ездзіла з песняй на тэлешоу «Прывітанне, Андрэй!» да Малахава. Прадстаўляла нашу краіну.

— Тэма праграмы была «Сяброўства народаў». Госці — з розных краін. Кожны са сваімі песнямі і падарункамі. Прыём быў на найвышэйшым узроўні. Расіяне вельмі любяць нашага Прэзідэнта. Беларусь у іх асацыіруецца з добрымі, хлебасольнымі людзьмі. У студыі было цёпла і душэўна. Як пасля казалі рэдактары, гэта была найлепшая праграма за сезон, — з усмешкай успамінае спявачка.

Пасля выхаду перадачы ў эфір Аліну запрасілі выступіць на канцэрце да Дня народнага адзінства ў Расіі. На наступны дзень у TіkTok артыстка ўбачыла вялізную колькасць праглядаў. Фаловеры пакінулі толькі пазітыўныя каментарыі. Суразмоўніца лічыць, што нельга расслабляцца.

— Мае падапечныя ў вакальнай школе-студыі кажуць, што хочуць быць падобнымі да мяне, таму не маю права іх падвесці. Трэ-
ба трымаць марку, — гаворыць яна.

Песні Аліны Чыжык многія маглі чуць па радыё, але не здагадваюцца, хто іх выканаўца. Гэта і «Mі Amor», «Чай сунічны», «Лавілі лета», «З-за яго», «Беларускі Новы год», «Туды, дзе мама чакае», «Лістапад развітальны», «Прастуда». Ёсць восем рэлізаў. Кліпы глядзіце на YouTube. Часта з’яўляецца на каналах Ru.tv, АНТ, БТ, Europa Plus TV Belarus, TNT-Іnternatіonal (Беларусь). Хутка спявачка прадставіць песню, якую прысвяціла Гродне, плануе зняць на яе кліп. Артыстка лічыць: музыка — тое, што павінна выхоўваць. На музыцы людзі растуць, напаўняюцца святлом.

— Стараюся, каб была прыгожая мелодыя, — тлумачыць Аліна. — У трэндзе быць — добра, аднак у той жа час для мяне важна, каб тое, што спяваю, падабалася слухачам.

Дзяўчына заўважыла, што ў маленькіх вёсачках і гарадках артыстаў сустракаюць вельмі шчыра. Ёй запомнілася выступленне ў Мураванскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для старых і інвалідаў, што на Гродзеншчыне.

— Памятаю, як крычалі «на біс», — згадвае творца. — Гледачы доўга не адпускалі. Мае прыхільнікі нарвалі з клумбы аксамітак. Проста, каб аддзячыць. Такія моманты вельмі шчымлівыя. Для ўразлівых людзей гэта асаблівае свята.

«На маім шляху сустракаюцца добрыя людзі»

Каб усё паспяваць, Аліна трымае дысцыпліну, а галоўнае — верыць у Божую дапамогу. Гэта дае ёй энергію. Як кожны з нас, дзяўчына дазваляе сабе паленавацца, аднак па характары яна чалавек-генератар.

— А батарэйку ж трэба зараджаць (смяецца)! На маім шляху сустракаюцца добрыя людзі, і ўсё само сабой атрымліваецца, — дзеліцца артыстка. — Трэба жыць у гармоніі з сабой, з добрымі думкамі, тады Бог будзе весці цябе ў правільным кірунку.

Спявачка жыве творчасцю. Яна паспявае выкладаць у школе-студыі «Логас» і ад дзяцей напаўняцца чысцінёй і святлом. Галоўны сакрэт нашай гераіні — унутры адчуваць сябе шчаслівай, бо так, па яе меркаванні, можна даўжэй заставацца маладым.

Надзея ЗУЕВА

Фота з уласнага архіва спявачкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.