Вы тут

Настаўніца хіміі з Вуцеўскай сярэдняй школы: Стаць дэлегатам — вялікі гонар


Сярод 80 дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» ёсць прадстаўніца Добрушскага раёна Гомельшчыны, настаўніца хіміі Вуцеўскай сярэдняй школы Вольга Савянок.


— Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Гэта пра мяне, — прадстаўляецца дзяўчына.

Два гады таму, скончыўшы біялагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, Вольга вярнулася ў родную вуцеўскую школу маладым спецыялістам. Яшчэ вучаніцай старшых класаў яна актыўна займалася навуковай дзейнасцю, брала ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах даследчых работ. У 2014, 2015 і 2016 гадах тады яшчэ школьніца Вольга Савянок была адзначана Прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Сёння маладая настаўніца хіміі ў роднай школе сама імкнецца заахвочваць ужо сваіх вучняў да даследчай дзейнасці, удзельнічаць у адукацыйных праектах. Дапамагае сваёй былой выпускніцы, а цяпер і маладой калезе настаўніца біялогіі і геаграфіі Вуцеўскай сярэдняй школы кіраўнік адукацыйнага праекта «Зялёныя школы» Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Ірына Ярцава.

— Менавіта Ірына Міхайлаўна яшчэ з восьмага класа захапіла мяне даследчай дзейнасцю. Пачалося ўсё з удзелу ў розных конкурсах экалагічнай накіраванасці, рыхтавалі даследчыя праекты. Адзін з іх, напрыклад, быў па стварэнні ў школьнай хімічнай лабараторыі магнітнай вадкасці для ачысткі ад нафтаўтрымлівальных прадуктаў вады ў нашай мясцовай рэчцы Вуці. Пасля рабілі цікавы праект па стварэнні супрацьгалалёднага рэагенту на аснове бурачнага соку, — згадвае Вольга.

Маладая настаўніца падкрэслівае, што сапраўды ганарыцца сваім родным населеным пунктам, школай, калегамі па працы і вучнямі.
— У нашай школе сёння — 120 дзяцей: як з аграгарадка Вуць, так і з суседніх вёсак. Вылучаецца ўстанова адукацыі тым, што ў агульнаадукацыйным працэсе ў нас робіцца акцэнт на экалагічнае выхаванне, — тлумачыць настаўніца.

З 2010 года Вуцеўская сярэдняя школа — апорная пляцоўка па экалагічным выхаванні ў Добрушскім раёне, а з 2012-га — узорная навучальная пляцоўка для ўсёй Гомельшчыны. Тут адкрыты вучэбна-доследны ўчастак, дзе школьнікі займаюцца пад кіраўніцтвам педагогаў.

— У нас педагогі і вучні сваімі сіламі даглядаюць вялікі прышкольны ўчастак. Займаюцца пладаводствам і агародніцтвам. Так дзеці прывучаюцца да агульнай працы на зямлі, а многія пасля абіраюць сельскую гаспадарку сферай прафесійнай дзейнасці, — дзеліцца малады педагог. — Мне асабіста ў свой час было вельмі карысна атрымаць вопыт работы як у прышкольным лагеры працы і адпачынку, так і ў якасці валанцёра. Напрыклад, мы наведвалі, дапамагалі ў побытавых справах нашым мясцовым састарэлым, людзям з інваліднасцю, ветэранам. І нашы школьнікі заўсёды актыўна дапамагаюць наводзіць парадак на тэрыторыі мемарыяла воінам Вялікай Айчыннай вайны, які размешчаны ў аграгарадку.

Калектыў школы ўвогуле заўжды адгукаецца на ўсе акцыі па добраўпарадкаванні тэрыторыі аграгарадка, правядзенні суботнікаў.

— Шчаслівая, што вярнулася працаваць у родную школу, — шчыра прызнаецца дэлегат Усебеларускага народнага сходу Вольга Савянок. — Мая, хоць яшчэ і не такая доўгая, жыццёвая гісторыя — прыклад таго, як можна вучыцца і развівацца, шчасліва жыць і працаваць у сельскай мясцовасці.

Дзяўчына падзялілася, што хвалявалася, калі яе кандыдатуру вылучылі на галасаванне за кандыдатаў у дэлегаты Усебеларускага народнага сходу спачатку на ўзроўні раёна, пасля вобласці і нарэшце сярод моладзі з усёй краіны.

— На 45 з’ездзе БРСМ Гомельскую вобласць прадстаўлялі 70 маладых людзей. Кожнага кандыдата ў дэлегаты Усебеларускага народнага сходу ад грамадскага аб’яднання прадставілі асабіста. Калі прагучала маё прозвішча, безумоўна, вельмі хвалявалася, — кажа Вольга. Дома за яе хварэлі родныя, калегі, вучні.

— Стаць дэлегатам — вялікі гонар. На Усебеларускі народны сход вылучылі самых дасведчаных і актыўных людзей з усіх куткоў нашай краіны. Апынуцца ў іх ліку, прадстаўляць моладзь Гомельшчыны — надзвычай адказна. Не маю права падвесці сваю сям’ю, якая падтрымлівае мяне, свой калектыў, сваі раён і вобласць. Разумею, што ад прынятых рашэнняў залежыць далейшае развіццё нашай краіны. Як маладога спецыяліста, які жыве і працуе ў сельскай мясцовасці, мяне хвалюе будаўніцтва жылля на вёсцы, развіццё транспартных зносін, медыцынскае абслугоўванне. Хочацца звярнуць увагу на праблемы замацавання маладых спецыялістаў не толькі ў сельскай мясцовасці, але і ў раёнах у цэлым. Лічу, што маладому чалавеку трэба ўзважана і адказна падыходзіць да выбару прафесіі, будучай справы жыцця, што ў многім уплывае на замацаванне маладога спецыяліста на яго першым месцы працы. На сваім вопыце пераканалася: калі выбіраеш спецыяльнасць па душы, то не мае значэння — ёсць у цябе абавязковая адпрацоўка пасля вучобы ці не, колькі яна гадоў, — проста хочацца заставацца працаваць, развівацца ў прафесіі, — дзеліцца дэлегат Усебеларускага народнага сходу Вольга Савянок.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».