Вы тут

Выбрана кіраўніцтва і члены Прэзідыума УНС


Кандыдатуру кіраўніка дзяржавы на пасаду Старшыні УНС унеслі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, а таксама першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама, дэлегат ад Беларускага саюза жанчын Надзея Лазарэвіч.


«Заўсёды са сваім народам»

Па словах Дзмітрыя Шаўцова, прэзідэнт ёсць ці не ў кожнай краіне свету, але далёка не кожны з іх з’яўляецца лідарам. Дэпутат заўважыў, што беларусы, у адрозненні ад нашых паўднёвых суседзяў, жывуць у міры. «Многія не задумваюцца, што за ўсім гэтым — складаная, напружаная работа, вопыт, прафесіяналізм, прыроджаная інтуіцыя, бясонныя ночы нашага лідара, Аляксандра Рыгоравіча, — падкрэсліў ён. — У найцяжэйшыя дні для нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч быў заўсёды ў цэнтры падзей са сваім народам, і народ заўсёды стаяў і будзе стаяць плячом да пляча са сваім лідарам. Аляксандр Рыгоравіч ніколі не здрадзіць і не дазволіць гэта зрабіць нікому іншаму. Гэта чалавек, які паказвае сваім жыццём і сваёй працай, як нам трэба працаваць, як нам трэба жыць і, калі неабходна, аддаць усяго сябе на служэнне і абарону нашай Радзімы». 

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў

Прадстаўляючы кандыдатуру Аляксандра Лукашэнкі на пасаду Старшыні УНС, Надзея Лазарэвіч звярнула ўвагу на тое, што з моманту нараджэння прэзідэнцкай рэспублікі ў 1994 годзе прайшло 30 гадоў. «Па гістарычных мерках, мы яшчэ ў самым пачатку нашага суверэннага шляху, але ўжо за гэты кароткі перыяд на чале з нашым Прэзідэнтам мы стварылі развітую эканоміку, падняліся да ядзерных і касмічных вышынь у навуцы і тэхніцы, узялі адказнасць за прыватную і грамадскую справу, мы навучыліся людзьмі звацца і іншых навучылі сябе людзьмі называць, — падкрэсліла першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама. — Большая частка маёй працоўнай дзейнасці звязана з прамысловым комплексам, і я аўтарытэтна магу заявіць, што за гэтыя гады беларуская прамысловасць стала інавацыйным сектарам эканомікі. Развіваецца транспартная і энергетычная інфраструктура. Мы зрабілі інтарэсы беларусаў прыярытэтам эканамічнай палітыкі. Сацыяльная дзяржава — гэта наш нязменны нацыянальны брэнд. Што было б, каб у 2020-м годзе ў нашай Беларусі не было б Лукашэнкі, каб нашай краінай кіраваў слабы, бязвольны кіраўнік, врэмяншчык, а яшчэ горш, здраднік? Адказ — відавочны: мы б страцілі ўсё».

Па словах Надзеі Лазарэвіч, наперадзе ў Беларусі — новыя вяршыні, амбіцыйныя мэты. «Хачу, каб да дасягнення новых вяршынь нас павёў наш лідар — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка», — адзначыла яна. 

Першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама, дэлегат ад Беларускага саюза жанчын Надзея Лазарэвіч

У падтрымку кандыдатуры Аляксандра Лукашэнкі на пост Старшыні найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя выступілі грамадскі дзеяч Аляксандр Радзькоў, генеральны дырэктар ААТ «Малочны Мир» Марына Анікеева, член Пастаяннай камісіі па экалогіі і прыродакарыстанні Палаты прадстаўнікоў, член БРСМ Уладзімір Бабічаў.

Прапануючы кандыдатуру памочніка Прэзідэнта Аляксандра Косінца на пасаду намесніка старшыні Усебеларускага народнага сходу, старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Віктар Нікалайкін, выказаў упэўненасць у тым, што ад таго, каго выберуць намеснікам старшыні, будзе ў многім залежаць вынік работы Усебеларускага народнага сходу. «Перакананы, што гэта павінен быць вельмі працаздольны чалавек, які падставіць плячо Аляксандру Рыгоравічу і будзе несці гэтую нялёгкую ношу і накіроўваць усіх нас у патрэбным рэчышчы, — падкрэсліў ён. — Вядома ж, гэта павінен быць патрыёт нашай краіны і чалавек, які валодае вялікім арганізатарскім вопытам, высокі прафесіянал».

Старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Віктар Нікалайкін

У падтрымку вылучэння кандыдытуры Аляксандра Косінца намеснікам старшыні УНС выступіў і член Савета Рэспублікі Алег Румо. Ëн адзначыў, што за час, які ён ведае Аляксандра Косінца, пераканаўся не толькі ў тым, што гэты чалавек з’яўляецца сапраўдным прафесіяналам, высокаадукаваным, надзвычай прынцыповым чалавекам. «Чалавекам, які прысвяціў усё жыццё служэнню сваёй Радзіме, любімай справе», — падкрэсліў сенатар. 

Кандыдатуру Аляксандра Косінца падтрымаў і кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт ахарактарызаваў свайго памочніка як працаголіка і патрыёта. «На ўсе пасады, на якіх ён працаваў, мне давялося яго прызначыць, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Яго асаблівасць у тым, што гэта працаголік і патрыёт. Так, ён бывае часам радыкальны, рэзкі, таму, можа, камусьці, асабліва з членаў урада, гэтая кандыдатура не зусім спадабаецца. Але такі Косінец. Мне наогул падабаюцца такія людзі: адважныя, якія могуць выказаць сваю пазіцыю заўсёды і ўсюды. Па любым пытанні ён вопытны чалавек. Як дасведчаны і адукаваны чалавек, ён можа быць прыкладам для любога з нас».

Прэзідыум Усебеларускага народнага сходу выбраны ў складзе 13 чалавек, чые кандыдатуры былі ўключаны ў бюлетэнь для таемнага галасавання. У яго склад увайшлі рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Богуш, генеральны дырэктар прадпрыемства «Віцебскаблгаз» Аляксандр Бранцэвіч, кіраўнік Апарату Савета Міністраў Канстанцін Бурак, дэлегат ад грамадзянскай супольнасці Надзея Ермакова, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве Марына Лянчэўская, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Сяргей Палякоў, старшыня Пастаяннай камісіі Савета па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Сівец, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар, суддзя Вярхоўнага Суда, старшыня Рэспубліканскага савета суддзяў Ірына Тылец, дырэктар ААТ «Гомельскі хімічны завод» Дзмітрый Чарнякоў, старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка.

Член Савета Рэспублікі Алег Румо

«Вельмі важна не разбурыць наша адзінства»

Пасля выбрання на пасаду Старшыні Усебеларускага народнага сходу, Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да дэлегатаў і гасцей: «Я думаў, што сказаць у гэтай сітуацыі. Банальна, традыцыйна, але вельмі правільна, я хачу вам падзякаваць. Нават не за тое, што вы выбралі мяне старшынёй. Я спадзяваўся і разумеў, што вы, напэўна, мяне выбераце, калі прапануюць людзі. Я ўдзячны вам за тую падтрымку, якую вы аказалі мне. У гэтай зале знаходзіцца эліта нашага грамадства: патрыятычныя людзі, верныя нашай дзяржаве. Для мяне гэта вельмі важна».

Прэзідэнт падкрэсліў, што ён не чапляецца ні за адну, ні за другую пасаду. Але, па яго словах, гэта воля і рашэнне дэлегатаў, таму ім і несці адказнасць. «30 гадоў — гэта нямала, і мы за гэты час нямала зрабілі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Тыя, хто прыйдзе на змену нам, зробяць больш. Я проста хачу, каб было добра. Вельмі правільна сказаў Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў, найважнейшая цяпер задача — у тым, каб у гэты час перафарматавання дзяржаўнай улады УНС упісаўся ў палітычны побыт нашага грамадства. Гэта вельмі-вельмі важна. І мы бачым, на нашых вачах краіна, імперыя, развалілася, калі сутыкнуліся фактычна два чалавекі (за імі іншыя стаяць). Калі толькі наверсе сутыкнуцца два чалавекі, гэта імгненна пяройдзе ў грамадства. Але вы разумееце, што сутнасць людзей заўсёды заключаецца ў тым, што, засумаваўшы па дэмакратыі ў дыктатуры, закасаўшы рукавы, пачнуць краіну... Выхоўваць нехта кагосьці, нехта — дзяліць, нехта — хапаць. Я гэта праходзіў. Праходзіў будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета. Мы гэта бачылі ўсё на плошчы».

Прэзідэнт канстатаваў, што ў цяперашні момант ажыццяўляюцца карэнныя змены органаў улады. «Вельмі важна цяпер, у гэты вельмі лёсавызначальны час, калі вырашаецца многае вакол нас, не разбурыць наша адзінства, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — А адзінства хутка разбураецца, калі зверху намячаецца расколіна. Таму пакуль мы не ўманціруем УНС у наша жыццё (а якім УНС павінен быць, я вам шчыра сказаў), мы не павінны быць маўклівымі. Калі вы будзеце такімі, значыць, я памыліўся. Значыць вы, асабліва без мяне, не зможаце абараніць нашу краіну. Калі нават кіраўнік дзяржавы памыліўся, вы павінны сказаць прама: слухай, не туды ідзеш, не тое робіш. Вы павінны быць, як ваўкадавы. Вы не павінны нікому нічога дазваляць, што можа парушыць наша адзінства і тыя стратэгічныя кірункі развіцця, якія вы прынялі, за якія вы прагаласуеце. Я хачу бачыць такі Усебеларускі народны сход». 

Прэзідэнт нагадаў, чаго ў свой час каштавала адвесці беларускі народ ад бездані. «Мы выпакутавалі, мы пабудавалі тое, што пабудавалі, і гэта нядрэнна, мы правільна паступілі, нам зайздросцяць многія ў свеце, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — І калі ў нас у 2020-м годзе адбылося тое, што адбылося, многія глядзелі на гэта і думалі: выстаяцьці не выстаяць, рухнуць ці не рухнуць. Сяброў у нас не было. Ніхто не перажываў за тое, каб у нас было добра. Як і паміж людзьмі, рэўнасці ў нас наверсе і паміж дзяржавамі хапае, але простыя, звычайныя людзі, якія бачылі нашу палітыку, хацелі, каб мы выстаялі. І мы з вамі выстаялі».

Беларускі лідар не хавае: ён хоча, як і многае, каб захавалася тое, што ўдалося пабудаваць за гады суверэннай Беларусі, каб гэта ніхто не зламаў. 

«Я вам не здраджваў і ніколі не здраджу»

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што змена пакаленняў — гэта вельмі балючы працэс, калі прыходзяць маладыя, якія быццам бы ўсё ведаюць. «Уявіце сваіх дзяцей, яны вам слова не даюць сказаць дома, калі нешта абмяркоўваеце, дыскутуеце — яны ўсё ведаюць. Гэта небяспечна. Ёсць верагоднасць, што яны могуць адмовіцца ад тых плячэй, на якіх могуць стаяць. Як мы. Мы ж на плячах кагосьці стаялі, але мы ж не адпрэчылі, не адмовіліся», — прывёў прыклад ён.

Прэзідэнт заўважыў, што беларусы не адмовіліся ад гістарычнай памяці, не адпрэчылі нашых пераможцаў, як маглі ім дапамагалі. «Мы вайскоўцам вярнулі пагоны, медалі і ордэны. Яны як здабытак нашага народа сёння ходзяць па вуліцах. Яны гэтага заслугоўваюць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мала хто з людзей разумее і ведае, якой цаной дастаецца мір і спакой у краіне. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў складаных сітуацыях міліцыя аператыўна вырашае ўсе праблемы. Камітэт дзяржаўнай бяспекі вырашае праблемы так, што людзі нават не заўважаюць іх з’яўлення. «Сур’ёзная сітуацыя. Паспрабуй сёння змагацца супраць высокадакладнай зброі і беспілотнікаў. Небяспек вялікая колькасць. І не ўсім ім чалавецтва сёння прыдумала метады супрацьстаяння. Усё няпроста зараз, ідзем па тонкім лёдзе, па лязе нажа. І нам сёння не патрэбен ніякі раздрай», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў заявы з разраду «Лукашэнка хацеў, на табе — кіруй». «Вы зрабілі правільнае рашэнне. Цяпер нічога не трэба рабіць. Цяпер трэба выбудаваць правільную сістэму. Потым збяромся, падзякуем адно аднаму. Кожны будзе займацца сваёй справай. Я, магчыма, збоку буду глядзець, як вы працуеце, мае дзеці. Але вельмі хацеў бы, каб вы былі зубастыя», — сказаў ён.

Прэзідэнт падзякаваў усім за падтрымку і давер. «Клянуся вам, нічога асабістага тут няма. Нам трэба спакойна прайсці гэты перыяд. Я хачу, каб фініш майго палітычнага жыцця быў дастойным і каб мы не загубілі ўсё, што стварылі сваімі рукамі. Я пайду на спакой, толькі калі вы мне ў нейкай форме скажаце „ўсё“. І калі побач будзе стаяць чалавек, які не здрадзіць, які будзе ісці на барыкады і не баючыся, які не будзе лічыцца ні з чым, нават з уласным жыццём», — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер асобныя збеглыя выдзелілі вялікія грошы на тое, каб разгарнуць у СМІ наймацнейшую атаку, сканцэнтраваную ў першую чаргу на Прэзідэнта. «Запомніце: усялякія размовы пра тое, што я ці мае дзеці карыстаюцца чымсьці (дабротамі ад дзяржавы, за дзяржаўны бюджэт) ці я кагосьці „крышую“ і камусьці дапамагаю, а яны мне недзе нешта даюць ці гатовыя даць, ці мае грошы ці то ў арабскіх краінах, ці то яшчэ дзесьці, — глупства поўнае. Сёння немагчыма гэта схаваць. Забірайце. Хочаце — дам распіску. Нікому не верце. Я ніколі не быў злодзеем, не дазволю сабе і сваім дзецям. Нікому не верце. Гэта звычайнае нагнятанне сітуацыі для таго, каб наладзіць вас супраць мяне. Я вам не здраджваў і ніколі не здраджу, якія б праблемы ў мяне ні былі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Па завяршэнні кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што сёння перад кожным стаяць няпростыя задачы, якія ва ўмовах сучаснага свету набываюць лёсавызначальнае значэнне, у тым ліку для Беларусі. «Але час выбраў нас!» — канстатаваў ён.

Вераніка КАНЮТА, Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА, Лізаветы ГОЛАД і Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.