Вы тут

Лукашэнка: Нам трэба разумець, што сітуацыя патрабуе вельмі жорсткага кантролю ва ўсіх сферах, пачынаючы з інфармацыйнай, заканчваючы ваеннай


Другі дзень пасяджэння Усебеларускага народнага сходу прысвечаны разгляду найважнейшых дакументаў — Ваеннай дактыры і Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. У сваім выступленні Прэзідэнт Беларусі, старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка прадставіў матэрыялы, якія прынята заслухоўваць і абмяркоўваць выключна на ўзроўні Савета Бяспекі, на нарадах Прэзідэнта з сілавым блокам. Без лішняй лірыкі і эмоцый — факты на стол! 


Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ваенна-палітычная сітуацыя ў рэгіёне, ды і ў свеце ў цэлым ацэньваецца экспертамі як крызісная з перадумовамі пераходу ў фазу глабальнага канфлікту. Гэта не сакрэт. Таму Прэзідэнт спыніўся на тым, якімі сіламі і сродкамі нагнятаюцца пагрозы нашай нацыянальнай бяспецы. Сабралі акцэнты з прамовы кіраўніка дзяржавы. 

Сітуацыя ва Украіне

«Асноўную рэальную рызыку стварае гарачая кропка ў рэгіёне — Украіна. Вашынгтон робіць усё, каб уцягнуць у канфлікт Беларусь. Запусціць механізм уцягвання астатніх дзяржаў, гэта значыць аслабіць і Заходне-, і Усходнееўрапейскі рэгіёны», — сказаў беларускі лідар.

І нягледзячы на тое, што Мінск настойвае на тым, што сёння як ніколі патрэбен мір, па словах кіраўніка дзяржавы вобраз ворага ў асобе Масквы і Мінска амерыканцам удалося сфарміраваць. «Вашынгтон паступова прадушвае агрэсіўныя наратывы ў адрас беларускай і расійскай дзяржаў, павышаючы градус варожасці блока НАТА на ўсходнім напрамку», — сказаў ён. 

Пашырэннем Паўночнаатлантычнага саюза, які прыняў у склад Фінляндыю і Швецыю, Вашынгтон і Брусель працягваюць фарміраваць вакол Расійскай Федэрацыі пояс недружалюбных дзяржаў. На чарзе ўступлення ў альянс іншыя краіны Еўропы. «Мэта вядома. Па задуме на гэтай лініі ўсё павінна палаць. — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — А нам трэба разумець, што сітуацыя патрабуе вельмі жорсткага кантролю ва ўсіх сферах, пачынаючы з інфармацыйнай, заканчваючы ваеннай. Любое неасцярожнае слова, рух — можа пачацца адкрытае ўзброенае супрацьстаянне, аж да прымянення ядзернай зброі». 

Па яго словах, для гэтага ўсё гатова. НАТА, вядома, з падачы Злучаных Штатаў настойліва дэкларуе неабходнасць інтэнсіўнай мілітарызацыі Еўропы. І гаворка не ідзе пра абарону, пра адбіццё нейкай агрэсіі. «Каб вы разумелі: робіцца акцэнт на нарошчванні менавіта ўдарна-наступальнага патэнцыялу альянсу і пашырэнні ваеннай прысутнасці на ўсходнім флангу блока», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. 

Пагроза з Захаду

Прэзідэнт расказаў, што звыш 64 тысяч вайскоўцаў ВС ЗША, а таксама больш за 33 тысячы натаўскіх салдат на пастаяннай аснове дыслакуюцца ў Еўропе, да 20 тысяч з іх сканцэнтраваны ў Польшчы і краінах Балтыі, гэта значыць побач з намі. Гэтыя групоўкі войскаў аснашчаны сучасным ударным узбраеннем і здольны наносіць высокадакладныя ўдары па аб’ектах на тэрыторыі Беларусі і заходніх рэгіёнаў Расіі. Больш за тое, Вашынгтон істотна актывізаваў мерапрыемствы па праверцы гатоўнасці да прымянення кампанентаў ядзернай трыяды Злучаных Штатаў. Размешчаная на тэрыторыі дзяржаў-членаў НАТА тактычная ядзерная зброя мадэрнізуецца паскоранымі тэмпамі.

«Мы фіксуем факты бесперапыннага вядзення паветранай і касмічнай разведкі на ўсходнім напрамку з боку заходніх дзяржаў. Задзейнічаны практычна ўвесь існуючы арсенал краін НАТА — ад самалётаў стратэгічнай разведвальнай авіяцыі да беспілотных лятальных апаратаў, а таксама адпаведныя магчымасці краін-партнёраў», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што серыя вучэнняў АВС НАТА і ВС ЗША «Абаронца-2024», якая праводзіцца ў Еўрапейскім рэгіёне, стала беспрэцэдэнтнай па сваім геаграфічным размаху і колькасці сіл і сродкаў, што прыцягваюцца (каля 90 тысяч чалавек, да 15 тысяч адзінак тэхнікі, каля 300 самалётаў, больш за 70 караблёў).

«Мэты мерапрыемстваў і характар адпрацоўваемых задач, якія запланаваны да канца мая, сведчаць аб тым, што Захад разглядае Усходнееўрапейскі рэгіён у якасці патэнцыйнага тэатра ваенных дзеянняў. Праціўнік вызначаны: Расія і Беларусь. Мы бачым, як па той бок нашай заходняй мяжы ўдарнымі тэмпамі ўдасканальваюцца аэрадромы, ваенна-марскія базы, палігоны, ствараюцца перадавыя базы для своечасовага размяшчэння і захоўвання тэхнікі, узбраення і матэрыяльных сродкаў», — сказаў Прэзідэнт.

Пагроза з поўдня

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: відавочна, што тэрыторыя Польшчы і краін Балтыі мэтанакіравана ператвараецца ў вайсковы плацдарм для яго магчымага задзейнічання блокам НАТА. «Гэта значыць, зроблена практычна ўсё, каб падрыхтаваць кіраўніцтва альянсу да рашэння прымяніць ваенную сілу, у тым ліку крайнюю ваенную сілу, — сказаў ён. — Зыходзячы з узроўню ваеннай небяспекі ў рэгіёне, асаблівай увагі заслугоўвае ўзброены канфлікт на тэрыторыі Украіны. Кааліцыя заходніх дзяржаў мэтанакіравана яго зацягвае. Ператварылі Украіну ў наркамана, якога трымаюць на кароткім павадку абяцанняў новай дозы дадатковых узбраенняў, у тым ліку дальнабойных сродкаў паражэння, фінансавых уліванняў».

Па словах кіраўніка дзяржавы, фарміруецца напружаная сітуацыя на нашых паўднёвых рубяжах: у непасрэднай блізкасці ад беларускай мяжы сканцэнтравана значная групоўка ўкраінскай арміі — больш за 16 тысяч чалавек, у прыгранічных абласцях выкананы комплекс мерапрыемстваў па фарміраванні сістэмы абарончых рубяжоў, раёнаў і пазіцый, якія пастаянна ўдасканальваюцца.

«Верагоднасць узнікнення з боку ўкраінскіх падраздзяленняў узброеных правакацый, здольных перарасці ў прыгранічныя інцыдэнты, дастаткова вялікая. І гэтага вельмі чакаюць нашы хістальнікі „рэжыму“. Ціхушкі і лахушкі на фоне размоў аб магчымым зняцці забароны на прымяненне пакарання смерцю ў Расіі заклікалі знішчыць Беларусь (цытата: „Беларусь застаецца апошняй краінай Еўропы, дзе прымяняецца смяротнае пакаранне. Яе неабходна знішчыць...“). Дзеля змены ўлады ў Рэспубліцы Беларусь яны сапраўды гатовыя на ўсё. Цяпер карэкціруюць асноўныя напрамкі сілавога сцэнарыя адпаведных дзеянняў. Удасканальваюць так званы план „Перамога 2.0“. Акцэнт у ім робіцца на арганізацыі „нацыянальна-вызваленчага руху“ на тэрыторыі Беларусі. Мы гэтых „падпольшчыкаў“ выяўляем. І на тэрыторыі Беларусі, яны, схаваўшыся пад плінтус і пад венік, сядзяць. Паказваем вам часам. І адсочваем, як па тым баку мяжы амерыканцы рыхтуюць „беларускае вызваленчае войска“, аснову якой павінны скласці так званы „полк“ імя Каліноўскага і іншыя „добраахвотніцкія фарміраванні“, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Працягваецца вярбоўка радыкальна настроеных беларускіх грамадзян у адпаведныя падраздзяленні, а таксама іх навучанне ў Польшчы, краінах Балтыі, іншых еўрапейскіх дзяржавах. Кропкі і дыслакацыю ведаем да міліметра, у тым ліку і колькасць. Атрыманыя навыкі яны адпрацоўваюць у тым ліку шляхам удзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны». Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта, вядома, не ідэйныя барацьбіты. Найміты і здраднікі. Бандыты. Размова тут з імі не будзе доўгай.

Як супрацьстаяць выклікам і пагрозам

«Але я аб іншым хачу сказаць вам. Мы ўсе, у першую чаргу бацькі, на чыіх дзяцей заходнія спецслужбы сёння глядзяць як на матэрыял для вяроўкі, павінны быць больш уважлівымі да моладзі. І не толькі бацькі. Улічваючы цяперашнія рэаліі, трэба разумець, што сістэма гарантавання нацыянальнай бяспекі Беларусі аб’ектыўна не можа заставацца нязменнай. У ёй з’явіцца новая тэма — ядзернае стрымліванне. Тыя, хто падштурхнуў нас да яе, павінны пра гэта ведаць і цвяроза глядзець на адназначныя наступствы сваіх неасцярожных рашэнняў», — звярнуўся да ўсіх прысутных Прэзідэнт. Па яго словах, беларускі народ добра засвоіў урокі не толькі Украіны, але і Вялікай Айчыннай вайны. 

Таму на зацвярджэнне Усебеларускага народнага сходу выносяцца абноўленыя Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь. У іх адлюстраваны ключавыя змены глабальнай ваенна-палітычнай абстаноўкі, нацыянальныя погляды на падтрыманне міжнароднага міру і стабільнасці, забеспячэнне ваеннай бяспекі нашай краіны і яе ўзброеную абарону. Замацаваны палажэнні аб грамадскай згодзе, непахіснасці асноў народаўладдзя і прававой дзяржавы.

«Як мне дакладваюць, над Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі працавалі не толькі вядучыя эксперты і прафесіяналы ў сферы бяспекі, але і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, неабыякавыя грамадзяне», — заўважыў Прэзідэнт. 

Усе, каму неабыякавая будучыня краіны, маглі азнаёміцца з тэкстам дакумента і паўдзельнічаць у дыскусіях, унесці канкрэтныя прапановы па яго дапаўненні. «Зразумела, не ўсе механізмы абароны нацыянальных інтарэсаў, нацыянальнай бяспекі былі вынесены на абмеркаванне. Каб усведамляць сур’ёзнасць і важнасць Канцэпцыі, вы павінны ведаць: у развіццё дакумента прымаецца прававы акт закрытага характару, які ўстанаўлівае сістэму індыкатараў для ўсіх сфер жыццядзейнасці (палітычная, эканамічная, ваенная і іншыя). На аснове гэтых паказчыкаў з рознай перыядычнасцю праводзіцца ацэнка стану нацыянальнай бяспекі. Мы вывучаем, як ідуць справы ў той ці іншай сферы і даводзім да беларускага народа. Вы ж разумееце, проста замацаваць у Канцэпцыі асобныя палажэнні недастаткова. Трэба прасачыць, як змяняецца абстаноўка, як выконваюцца пазначаныя намі прыярытэты і якія неабходна прымаць меры рэагавання. У выніку атрымліваецца комплексны зрэз развіцця дзяржавы на пэўным этапе. Па сутнасці, гэтыя два дакументы — Канцэпцыя і яе непублічная частка — складаюць адно цэлае», — распавёў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што і Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, і Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь — найважнейшыя дакументы стратэгічнага планавання. А сёння гэтыя пытанні знаходзяцца ў кампетэнцыі Усебеларускага народнага сходу. 

«Дакумент захаваў у сабе міралюбівыя памкненні беларускага народа садзейнічаць умацаванню міжнароднага міру і бяспецы»

Перад тым, як вынесці на зацвярджэнне УНС яшчэ адзін найважнейшы стратэгічны дакумент краіны — Ваенную дактрыну Рэспублікі Беларусь, перад дэлегатамі з дакладам выступіў міністр абароны Віктар ХРЭНІН. Ëн паведаміў, што з моманту прыняцця дзейнай рэдакцыі Ваеннай дактрыны кардынальна змяніліся палітыка-сілавая канфігурацыя і ваенна-палітычная абстаноўка ў Еўрапейскім рэгіёне. «Глабальнае супрацьстаянне паміж Захадам і Усходам перайшло ў "гарачую фазу", — канстатаваў кіраўнік абароннага ведамства. — Непасрэдна каля нашых граніц развязаны ваенны канфлікт, які можа стаць вырашальным для далейшага светаўладкавання».

Па словах міністра, міжнародныя арганізацыі па бяспецы і іншыя міжнародныя інстытуты фактычна перасталі з’яўляцца стрымліваючым фактарам ад развязвання ваенных канфліктаў. «Пад уплывам краін Захаду яны ствараюць умовы для надання легітымнасці прымяненню ваеннай сілы супраць дзяржаў, непажаданых гэтым краінам, — звярнуў увагу Віктар Хрэнін. — Пры гэтым ваенная сіла ваенна-палітычным кіраўніцтвам заходніх дзяржаў разглядаецца як адзін з асноўных сродкаў рэалізацыі сваіх нацыянальных і калектыўных інтарэсаў. Пашыраецца і спектр падстаў для яе прымянення». 

Генерал-лейтэнант паведаміў, што істотна павысілася агрэсіўнасць палітыкі кіраўніцтва Польшчы і краін Балтыі, ідзе іх актыўная мілітарызацыя і фарміраванне вобразу ворага з Беларусі. Гэта, як падкрэсліў міністр абароны, парушае баланс сіл у рэгіёне, які склаўся, і стратэгічную стабільнасць у цэлым. На думку ведамства, у перспектыве гэтыя тэндэнцыі толькі ўзмацняцца.

Кажучы аб Ваеннай дактрыне, Віктар Хрэнін адзначыў, што перапрацоўка дакумента абумоўлена і развіццём нацыянальнай тэорыі ваеннага мастацтва. «Мы закрылі "белыя плямы" ў пытаннях прымянення ваеннай сілы ў мірны час, удакладнілі сістэму аперацый Узброеных Сіл, — канкрэтызаваў ён. — Прынялі шэраг знакавых рашэнняў у пытаннях ваеннага будаўніцтва, аснашчэння структурных кампанентаў ваеннай арганізацыі дзяржавы і развіцця абароннага сектара эканомікі, асабліва з улікам жорсткага санкцыйнага ціску з боку нашых апанентаў».

Міністр абароны падкрэсліў, што распрацаваны дакумент — гэта не толькі погляд вайскоўцаў. Ëн нагадаў, што ў рабоце над Ваеннай дактрынай удзельнічалі практычна ўсе дзяржаўныя органы. Больш за тое, новыя падыходы да рэалізацыі ваеннай палітыкі нашай краіны шырока абмяркоўваліся і сярод грамадскасці. З улікам усіх унесеных змяненняў і дапаўненняў распрацаваны праект Ваеннай дактрыны — гэта, фактычна, новы дакумент.

«Дакумент пачаў мець адрасны характар, — канкрэтызаваў міністр, кажучы аб новаўвядзеннях. — У ім дакладна названы крыніцы пагроз для Рэспублікі Беларусь. Дадзена ацэнка верагоднасці развязвання ваенных канфліктаў рознага віду. Уключаючы развязванне ўнутранага канфлікту рукамі псеўдабеларускіх экстрэмісцкіх арганізацый, кшталту "палка Каліноўскага" і да іх падобных. Мы таксама ўпершыню адкрыта звяртаем увагу міжнароднай супольнасці на рэгіянальныя амбіцыі кіраўніцтва Польшчы, якая можа паспрабаваць дасягнуць іх ваеннай сілай».

Важнае новаўвядзенне дакумента — уключэнне ў пералік ваенных небяспек магчымасці прымянення апанентамі ваеннай сілы супраць Рэспублікі Беларусь яшчэ ў мірны час. «Гэта тое, з чым мы сутыкаемся сёння на нашых паўднёвых і заходніх рубяжах, — патлумачыў кіраўнік абароннага ведамства. — Пры гэтым самі па сабе правакацыі, узброеныя акцыі і інцыдэнты з боку нашых суседзяў не з’яўляюцца ваенным канфліктам. Аднак яны могуць стаць каталізатарам яго развязвання. Таму і рэагаваць на іх неабходна. У першую чаргу, сілавымі мерамі стратэгічнага стрымлівання, што мы цяпер і робім, паказваючы высокую баявую гатоўнасць усіх кампанентаў ваеннай арганізацыі дзяржавы».

Каардынальна мяняюцца падыходы да рэалізацыі ваеннай палітыкі і фарміравання пераліку мер рэагавання дзяржавы, зыходзячы з узроўняў ваенных небяспек. Істотна пераасэнсаваны і характар ваенных канфліктаў для ўмоў нашай краіны. Зыходзячы з гэтага ўдакладнена іх класіфікацыя, перапрацаваны мэты, якія пераследуюцца ў іх Беларуссю і парадак іх дасягнення. У новай рэдакцыі Ваеннай дактрыны дэталізаваны пытанні выканання саюзніцкіх абавязацельстваў нашай краінай і ўдзелу ў дзейнасці па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі.

«Акрамя таго, мы заяўляем аб гатоўнасці выканаць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы па садзейнічанні намаганням сусветнай супольнасці і органаў калектыўнай бяспекі ў падтрыманні або аднаўленні міжнароднага міру і бяспекі пад эгідай міжнародных арганізацый», — дадаў міністр абароны.

Рэзюмуючы сказанае, Віктар Хрэнін звярнуў увагу на пераемнасць распрацаванага дакумента. «Нягледзячы на глыбокую перапрацоўку змястоўнай часткі, дакумент захаваў у сабе міралюбівыя памкненні беларускага народа, наша імкненне садзейнічаць умацаванню міжнароднага міру і бяспецы, — падкрэсліў ён. — Мы асуджаем любы ваенны канфлікт як сродак рэалізацыі палітыкі і прытрымліваемся прынцыпаў мірнага ўрэгулявання спрэчак, роўнасці дзяржаў, неўмяшання ва ўнутраныя справы, а таксама іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права. Важны пасыл новай Ваеннай дактрыны заключаецца ў тым, што Рэспубліка Беларусь ні да аднаго народа не адносіцца як да свайго ворага, незалежна ад дзеянняў урадаў іх дзяржаў. У той жа час мы лічым правамерным прымяненне ўсіх наяўных у нас сіл і сродкаў для рэалізацыі прэвентыўных мер, накіраваных на прадухіленне агрэсіі або яе адбіццё».

«Гэта не шантаж і не запалохванне, а магчымасць абараніць нашу дзяржаву, забяспечыць мір нашым людзям»

У ходзе абмеркавання Ваеннай дактрыны выступіў член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Руслан ШКОДЗІН паведаміў, што поўнасцю падтрымлівае прыняцце новай Ваеннай дактрыны, — па яго словах, дакумента стратэгічна важнага і, самае галоўнае, своечасовага для краіны. «Не ўзнікае ніякіх сумненняў аб неабходнасці размяшчэння на тэрыторыі нашай дзяржавы тактычнай ядзернай зброі, — адзначыў дэпутат. — Разам з тым у ходзе абмеркавання розных пытанняў на дзяржаўных пляцоўках найбольш папулярным пытаннем з’яўляецца менавіта гэта». Парламентарый удакладніў у міністра абароны, як гэтая акалічнасць адлюстравана ў новай Ваеннай дактрыне.

Перш чым адказаць на пытанне, Віктар Хрэнін расказаў, якой логікай кіраўніцтва краіны кіраваліся, прымаючы такое важнае рашэнне, як размяшчэнне ў сябе на тэрыторыі тактычнай ядзернай зброі. «Наша краіна была адной з першых, якая добраахвотна адмовілася ад размяшчэння ядзернай зброі на нашай тэрыторыі, за гэта нам было паабяцаны павага да нашай незалежнасці, суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці, непрымяненне ваеннай сілы, эканамічнага ціску, — нагадаў ён. — Што мы бачым цяпер? Усё разбурана. Агрэсіўная палітыка несяброўскіх краін, эканамічны, палітычны, санкцыйны ціск. Вядома, пры такіх умовах мы павінны былі рэагаваць. Гэта наш дзейсны адказ на агрэсіўную палітыку несяброўскіх нам дзяржаў. Таксама, дзякуючы размяшчэнню нестратэгічнай ядзернай зброі на нашай тэрыторыі, мы атрымалі поўны арсенал усіх сіл і сродкаў для таго, каб нанесці непрымальную шкоду патэнцыйнаму агрэсару. Гэта не шантаж і не запалохванне, а магчымасць абараніць нашу дзяржаву, забяспечыць мір нашым людзям». 

У рамках абмеркавання Ваеннай дактрыны настаўнік хіміі і біялогіі, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Ляшчанскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна, член БРСМ Арцём ДАЛГОЎСКІ адзначыў, што ў многіх рэгіёнах свету назіраецца палітычная, эканамічная і сацыяльная нестабільнасць, а войны і ўзброеныя канфлікты працягваюць заставацца суровай рэчаіснасцю. «Агрэсіўная ваенная палітыка заходніх дзяржаў, іх актыўная і неправамерна высокая мілітарызацыя, перш за ўсё суседняй з намі Польшчы, на мой погляд вымушае нашу краіну і нашых саюзнікаў прымаць адказныя меры па ўзмацненні сваёй ваеннай бяспекі, — дадаў ён. — Пры гэтым ёсць пэўныя асцярогі, што наша краіна можа быць уцягнута ў гонку ўзбраенняў і мілітарызацыі. Ці праўданы гэтыя асцярогі?» 

Па словах міністра абароны, уцягванне ў гонку ўзбраенняў з’яўляецца адной з форм разбурэння дзяржавы. «Будзе разбурана эканоміка, гэта вымусіць дзяржаву адмовіцца ад сваіх сацыяльных гарантый насельніцтву, — патлумачыў ён. — Акрамя таго, мы лічым, што любая гонка ўзбраенняў прыводзіць толькі да абвастрэння крызісу міжнародных адносін і, як вынік, стварае ўмовы для развязвання ваенных канфліктаў. Менавіта і зыходзячы з гэтых разуменняў, мы і будуем сваю палітыку і развіваем ваенную арганізацыю дзяржавы. Таму каб не быць уцягнутым у гэтую гонку ўзбраенняў, мы выбіраем іншыя формы і спосабы забеспячэння ваеннай бяспекі нашай дзяржавы. Некаторыя з гэтых форм і спосабаў адлюстраваны ў тым ліку ў праекце новай Ваеннай дактрыны». 

«Атрымалі незалежнасць — дык яе трэба зберагчы»

На некаторых пытаннях нацыянальнай бяспекі засяродзіў увагу і Старшыня Усебеларускага народнага сходу. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, як у першыя гады нашай незалежнасці ад беларускага кіраўніцтва патрабавалі вывесці з тэрыторыі нашай краіны стратэгічную ядзерную зброю. «Мне давялося падпісваць гэты дакумент, — паведаміў Прэзідэнт. — Але калі б мне давялося прымаць тады рашэнне, мы б ніколі не вывелі стратэгічную ядзерную зброю з тэрыторыі Беларусі. Гэта быў наймагутнейшы арсенал. Нам не трэба было б ніякай іншай сучаснай зброі. Але гэта было вырашана да мяне, па патрабаванні амерыканцаў».

Акрамя вываду ядзернай зброі, ад кіраўніцтва Беларусі на першым этапе яе суверэннага існавання патрабавалі знішчыць і звычайныя ўзбраенні. «Рэзалі ўсё: самалёты, танкі, артылерыйскія ўстаноўкі, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Я памятаю, прыехаў у Барысаў — жудасная карціна: перавернутыя танкі, БМП. Для мяне, чалавека, які нядаўна на афіцэрскай пасадзе адслужыў у арміі, гэта было не проста незразумела, гэта было жудасна. І тады, можа быць, не маючы паўнамоцтваў такіх, я спыніў гэтую разню: забараніў знішчаць браніраваную тэхніку. Рэзалі цэлыя кавалкі, грузілі ў чыгуначныя саставы і вывозілі ў Германію на пераплаўку».

З нядаўняга часу на тэрыторыі нашай краіны, па просьбе беларускага лідара, размяшчаецца расійская тактычная ядзерная зброя. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мы ёй нікому не пагражаем, але гэта фактар стрымлівання. «Стратэгічную зброю, можа, і не трэба сюды вяртаць, мы ж не будзем ваяваць з Амерыкай, — заўважыў Прэзідэнт. — Стратэгічная зброя — гэта міжкантынентальныя балістычныя ракеты, якія ў нас былі размешчаны. Ну а аб тактычнай зброі і размовы быць не можа — яна павінна быць на тэрыторыі Беларусі. А паколькі нас яшчэ і ў суагрэсары запісалі (мы з Пуціным — "галоўныя ворагі ў свеце і агрэсары"), кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, супастаўляючы ўсе факты, прыняло рашэнне (яшчэ раз падкрэсліваю, па маім настаянні, а не таму, што яны хацелі тут стварыць базу ядзернай зброі), вярнула нам Н-ую колькасць. Не буду называць лічбы, я ўжо казаў, некалькі дзясяткаў самых сучасных ядзерных боепрыпасаў». 

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ім прынята рашэнне аб размяшчэнні, абслугоўванні і дзеяннях ракетных комплексаў «Іскандэр» на тэрыторыі Беларусі. «Гэта вельмі небяспечная і вельмі магутная зброя, — падкрэсліў Галоўнакамандуючы. — Яна сябе паказала ўжо ва Украіне са звычайнымі ракетамі. Усё рэгламентавана. Супрацоўнікі Мінабароны і Генеральнага штаба добра ведаюць, што рабіць і ў якой сітуацыі». 

Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі ў дастатковай колькасці хапае і звычайнага ўзбраення, нягледзячы на тое, што некаторыя пазіцыі мы і не вырабляем: напрыклад, ваенныя самалёты або сістэмы супрацьпаветранай абароны. «Усё, што выкарыстоўваецца на полі бою, мы купляем, — дадаў ён. — І расіяне, як нашы самыя блізкія саюзнікі і зацікаўленыя ў стабільнасці ў нашай краіне людзі, нам пастаўляюць па нашых саюзных дамоўленасцях. Сёння мы маем і комплексы супрацьпаветранай абароны, і самалёты, і верталёты. Артылерыі, танкаў у нас дастаткова. Добра, што тады не парэзалі і не адвезлі ў Германію на пераплаўку. Таму гэта ўсё ў нас ёсць: аўтаматы, кулямёты, гранатамёты, пісталеты. Нават гэтай зброі дастаткова, каб спыніць браніраваную тэхніку праціўніка». 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і яе народ павінны рабіць усё, каб зберагчы сваю незалежнасць, і пажадана без вайны. Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што ў Беларусі не хочуць вайны, і падкрэсліў, што ваенны цяжар прадугледжвае вялікія цяжкасці і пазбаўленні. Таму, вельмі важна, па яго словах, цаніць цяперашняе добрае і камфортнае жыццё. 

«Мы сёння поўныя рашучасці стопрацэнтна супрацьстаяць любому агрэсару і нанесці яму непрымальную шкоду, — падкрэсліў Старшыня Усебеларускага народнага сходу. — Таму перш чым ствараць кааліцыі, прасоўваць да нашай мяжы ўзброеныя сілы, правакаваць нас, каб мы выводзілі нашы батальённыя тактычныя групы і стаялі лоб у лоб... Ну, у нас столькі людзей пакуль няма і сіл няма. Мабілізацыю праводзіць я не збіраюся. Яны павінны разумець, што іх сталіцы зусім побач з нашай граніцай. Таму законнай цэллю як прынята казаць, будуць тыя, хто прымае гэтае рашэнне». 

Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы не хочуць ні з кім ваяваць. «І я ўпэўнены, не будзем ваяваць, — дадаў ён. — Яны (праціўнікі. — "Зв".) разумеюць, што мы можам сур’ёзна адказаць. А гэта адначасовая гібель мільёнаў людзей. Гэта новая вайна. Я ўжо не раз казаў, калі што, мы ўсе станем Брэсцкай крэпасцю, але абаронім сваю зямлю. Атрымалі незалежнасць — дык яе трэба зберагчы. Усяляк. Пажадана без вайны». 

Валерыя СЦЯЦКО, Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.