Вы тут

Незвычайныя лялькі на старонках літаратурных твораў


У васямнаццатым стагоддзі філосаф Жульен дэ Метры, паслядоўнік Дэкарта, напісаў трактат пра ятрамеханізм — філасофію, згодна з якой чалавек усяго толькі «прамаходны механізм», які можна паспрабаваць... зрабіць.


І спрабавалі! Гэткія правобразы сучасных робатаў... Вакансон з Грэнобля, напрыклад, зрабіў механічнага флейтыста, які граў менуэты і рыгадоны — дзьмуў у інструмент, пальцы націскалі клапаны... Потым зладзіў жалезную качку, якая магла не толькі кракаць, хадзіць, лопаць крыламі, але і есці, пераварваць ежу і спраўляць натуральную патрэбу. У Нясвіжскім палацы Пане Каханку меўся металічны паўлін, які мог раскрываць хвост, і штучны леў, які рыкаў... Падобная лялька, якая ўмела маляваць, зрабілася гераіняй і рухавіком сюжэта майго рамана «Авантуры студыёзуса Вырвіча». У вершы Уладзіслава Сыракомлі «Лялька» менавіта цацка выслухоўвае расповеды пра тое, як паны здзекуюцца над мужыкамі, і сведчыць прысягу сваёй юнай гаспадыні, што тая не стане так учыняць. Лялькі — гэта не проста бяскрыўдныя дзіцячыя цацкі, пра што добра ведалі нашы продкі, ужываючы іх у якасці абярэгаў, выкарыстоўваючы ў розных рытуалах... Нядаўна мы адзначалі Міжнародны дзень лялечніка і ў чарговы раз упэўніліся, што лялькі могуць быць і Вялікім мастацтвам. Ёсць незвычайныя лялькі і на старонках твораў беларускіх пісьменнікаў. Давайце разам пагартаем тыя старонкі.

Лялька з Майданека

Нядаўна выйшаў з друку зборнік дзённікаў пісьменнікаў-франтавікоў «Мы жылі ў буднях барацьбы». Там ёсць і франтавы дзённік пісьменніка Вісарыёна Гарбука. Лёс быў да яго нялітасцівы... У 1930-х Гарбук сасланы на Калыму, вярнуўся, 
працаваў настаўнікам... 

А ў 1941-м апынуўся на фронце. Быў сапёрам. З I Беларускім фронтам дайшоў да Берліна... На фронце моцна застудзіўся, доўгія гады быў прыкаваны хваробай да ложка. Апавяданне «Лялька» напісанае ім у 1956 годзе па асабістых успамінах. Інжынер-капітан Голубеў неўзабаве пасля Перамогі працуе ў Берліне, у штабе сваёй часці. Думае толькі аб адным: калі ўбачыцца з жонкай і са старэнькай матуляй у Мінску, калі ўпершыню возьме на калені (ёй ужо споўнілася чатыры гады!) дачушку Маечку. Старшы тэхнік-лейтэнант, малады вясёлы Дубаў прыносіць Голубеву падарунак для яго дачкі: прыгожую ляльку з доўгімі, хвалістымі, светла-залацістымі валасамі.
Голубеў пачаў разглядаць ляльку, і раптам...

«Ён скалануўся, змяніўся з твару. Лялька хіснулася і, перакуліўшыся, ніцма ўпала на паркет.

— Чые?. .— перапытаў Дубаў.

— Майданек...»

Аказалася, Голубеў зразумеў, што валасы лялькі зробленыя з валасоў вязняў канцлагера Майданек. Магчыма, у гэтай лялькі былі валасы закатаванага дзіцёнка. Вядома, герой болей не можа нават бачыць гэтую ляльку, і каробку з ёй выносяць з пакоя, як труну дзіцяці.
Чучалы на конях

У аповесці Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» атмасфера гатычная і лялькі гатычныя.... Памятаеце, як ляціць над верасовай пусткай, над балотамі дзікае паляванне? «Цьмяныя цені коннікаў беглі ад дарогі наўскос да дрыгвяністай лагчыны. Веялі па ветры плашчы-велеісы, коннікі прама, як лялькі, сядзелі ў сядле, і ніводны гук не далятаў адтуль».

Аўтар недарэмна параўноўвае жудасных коннікаў з лялькамі. Калі прывіднае паляванне, што трымала ў жаху ўсё наваколле, удалося разграміць, «дзве разгадкі прыйшлі нечакана. Па-першае, ля сядла кожнага паляўнічага віселі чатыры глыбокія аўчынныя торбы, якія, відаць, у выпадку патрэбы, можна было надзець на ногі коням і завязаць ля бабак. Крок рабіўся зусім бязгучны. Па-другое: сярод трупаў і параненых я пабачыў на зямлі тры чучалы, апранутыя так, як і паляўнічыя, у старыя капелюхі з пер’ямі, кабці, чугі, але прывязаныя вяроўкамі да сядла».

Злыдняў было не так шмат, як яны намагаліся ўнушыць людзям, таму й спатрэбіліся ім напханыя саломай лялькі: маўляў, галоўнае спалохаць. Менавіта гэты вобраз — чучала, прывязанае да каня, страх, які выявіўся лялькай, — выкарыстаў у экранізацыі аповесці рэжысёр Валерый Рубінчык.

Надзіманы баксёр Якуб

А вось у той будучыні, якую апісвае Леанід Дайнека ў рамане «Чалавек з брыльянтавым сэрцам», лялькі асаблівыя. Дапамагаюць зняць стрэс, і вось якім чынам:

«Вось-вось павінен быў грымнуць эмацыянальны выбух. Радаслаў, каб не абвастраць сітуацыю, дастаў з унутранай кішэні курткі дарожны партманет, раскрыў яго. У адным з аддзяленняў партманета ляжаў малюсенькі чырвоны чалавечак-лялька. Радаслаў націснуў кнопку, пачуўся свіст, і чалавечак адразу пачаў надзімацца.

— Хутчэй, хутчэй, Якуб, — падганяў яго Радаслаў.

Чалавечак, быццам пачуўшы загад, скокнуў з партманета на падлогу і хвіліны праз тры-чатыры быў ростам упоравень з Буслейкам. Вось ён прыняў баявую баксёрскую стойку, і пачаўся паядынак. З усіх спартыўных адзінаборстваў Радаслаў аддаваў перавагу класічнаму ангельскаму боксу. Якуб быў нядрэнным спарынг-партнёрам, вельмі хутка рухаючыся, валодаючы адчувальным ударам. Яго чырвоныя гумавыя кулакі ярасна малацілі паветра, і неўзабаве Радаслававай сківіцы давялося ўздрыгнуць.

— Малайчына Якуб! — крыкнуў Буслейка. — Так мне і трэба!»

Калі герой усё-ткі перамагае гумавага Якуба, той «здзьмуўся, змізарнеў і зноў ператварыўся ў малюсенькую лялечку, каб заняць звычнае месца ў партманеце».

Бульбяны чалавечак

У рамане Івана Шамякіна «Гандлярка і паэт» дзеянне адбываецца ў час вайны, у акупаваным Мінску. Камароўская гандлярка, увішная Вольга Ляновіч, па намове сяброўкі выкупляе з палону чырвонаармейца — інтэлігентнага хлопца, у якога з цягам часу закахалася так, што ўсе гандлярскія каштоўнасці пасыпаліся. Кватарант сыходзіць у партызаны, Вольга тужыць, плача, паўтарагадовая яе дачка Светка суцяшае маці... І ў гэты момант у хату прыходзіць партызанскі камандзір, з весткай пра яе каханага. Госць трымаецца вясёла, але ён два дні не еўшы. Вольга хуценька гатуе пачастунак, а госць, якога завуць Яўсей, бавіцца з малой Светкай:

«Сеў на нізкі табурэцік і пачаў з бульбіны выразаць малой ляльку — смешнага чалавечка».

Аўтар надалей нічога не піша пра таго выразанага з бульбіны галодным партызанам чалавечка, але дэталь яскравая, запамінальная і вельмі беларуская.

Твіст для надзіманай лялькі

У п’есе Андрэя Макаёнка «Зацюканы апостал» выкрываецца буржуазны лад з загнілымі маральнымі каштоўнасцямі. Падлетак-бунтар па 
мянушцы Малы супраць стаіць сваёй сям’і, дзе пануюць абыякавасць, ілжывасць, ханжаства, пошласць. Сімвалам усяго гэтага робіцца знойдзеная героем у сваіх бацькоў... лялька. Праўда, не простая, а надзіманая: «А перад намі — адна з "жамчужын" цывілізацыі: надзімная гумавая жанчына без ніякай маскіроўкі — галыш».

Словы героя да яе поўныя горкага сарказму: «Як жа вас завуць, мілэдзі? Эсфір? Сястрычка! Між іншым, усіх жанчын надуваюць. І хто іх толькі не надувае. Дома — дзеці і муж. На службе — падначаленыя. Настаўніц — вучні. Прадаўшчыц — пакупнікі. А ты хто? Што ўсміхаешся? Табе весела? Дурната!»

Заканчваецца тым, што герой «пачынае танцаваць з лялькай, парадзіруючы твісты, рок-н-ролы, падкрэсліваючы, утрыруючы іх пошласць», потым выпускае з яе паветра — чым падкрэсліваецца пустэча буржуазных каштоўнасцяў. У кожнай пастаноўцы «Зацюканага апостала» абавязкова ярка іграюць гэтую сімвалічную сцэну.

Лялечны Апакаліпсіс

Нельга ўсё-ткі не згадаць і пра іншых лялек з твораў Караткевіча, а менавіта тых, з якімі гуляецца гарадскі войт Цыкмун Жаба ў рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». У яго былі ночвы, дзе ён мог учыняць імітацыю Сусветнага патопу. Расстаўляў па дне фігуркі, потым пускаў у ночвы ваду. Лялькі былі драўляныя, рукі іхнія, змацаваныя на суставах ніткамі, боўталіся. Былі і цацачныя хаткі, цацачныя каровы, авечкі, коні — цэлы свет. Жабе прыносіць незвычайнае задавальненне бачыць, як ён гіне.

«Ноздры ягоныя дрыжэлі, пашыраліся. Вада ўжо разлілася па дне начовак, дасягнула лялькам да каленяў. Жаба пераставіў тых з іх, што былі блізка, на стрэхі хацінак. Астатнія паступова заліваліся вадою і не ўсплывалі, бо ў ножкі быў заліты свінец.

Вось ужо заліло авечак... кароў... коней... Некаторыя чарапяныя і касцяныя фігуркі ўсплылі, бо былі пустыя ўнутры. Вада паступова набіралася ў іх, і яны павольна апускаліся ў яе. Астатнія засталіся, варушылі пад напорам плыні рукамі, уздымалі іх па меры таго, як падымалася вада. Нібы цягнулі гэтыя рукі да тых, што былі на стрэхах.

Потым вада заліла іх з галавой, і яны стаялі, узняўшы рукі ўгору. Плынь пачала ўкрываць дворныя пабудовы... дахі...

Войт узяў адну ляльку са страхі і паставіў яе на званіцу. Вада ўжо заліла хаты і дрэвы. Толькі плавалі, паступова запаўняючыся вадой, некалькі лялек. Маленькія бурбалкі вырываліся ў іх з ратоў: відаць, у паветраны звон іхняга полага цела вялі тонкія, як волас, праходы».

Страшнаватая сцэна, згадзіцеся. Але адзін са станоўчых герояў, які перамагае войта Жабу, ратуе і яго лялек з вады, што сімвалізуе заўсёдную перамогу жыцця і міру.

Спадзяюся, такое падарожжа па старонках беларускіх твораў змусіць вас не толькі задумацца над філасофскім сэнсам лялькі, але і перачытаць нашу класічную літаратуру.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Медыя

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Запушчаны мультымедыйны партал VІDEOBEL.BY

Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.

Гандаль

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Чым сёлета здзівяць сельгаскірмашы?

Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.