Вы тут

Пра час і пра нас. Што расказаць пятнаццацігадоваму чалавеку


Нядаўна адна пятнаццацігадовая дзяўчына, якая падумвае пра тое, каб стаць журналістам, спытала ў мяне, якая была мая першая сур’ёзная публікацыя. Пакапаўшыся ў памяці, я пачала ёй расказваць гісторыю пра чалавека, які ў сорак два гады моцна захварэў — адмовілі ныркі. І яму ў нашай 4-й бальніцы ў Мінску зрабілі перасадку. Зрабілі ўдала, але тут з’явілася новая праблема: каб чужы орган прыжыўся, трэба, асабліва на пачатку, прымаць спецыяльныя лекі. Якія дзяржава закупляла недзе за мяжой. Але чыноўнікі з Міністэрства аховы здароўя грошы, выдаткаваныя на гэтыя мэты, патрацілі на... мільён апраў для акуляраў. І развялі рукамі: больш сродкаў няма. Урачы, якія рабілі аперацыю па перасадцы, абабілі ўсе парогі, каб выратаваць свайго пацыента (дакладней, пацыентаў). Але ўсюды атрымалі адказ: грошай няма. Людзі з перасаджанымі ныркамі ішлі да дактароў з надзеяй, а тыя хавалі вочы: яны нічым не маглі дапамагчы, яны ведалі, якая пакутлівая смерць чакае тых, каго яны ратавалі. Мужчына паміраць вельмі не хацеў, ён хацеў убачыць, як вырастуць яго дочкі. І звярнуўся да сваёй стрыечнай пляменніцы, якая вучылася толькі на другім курсе журфака, але амбіцыйна ўсім заяўляла: «Я журналіст»…


pexels.com

«Звязда» тады апублікавала маю першую спробу пяра. Мільён апраў замест жыццёва важных лекаў нават вынеслі ў загаловак. Зрэшты, сенсацыі ў гэтым не было: аправы тыя прадаваліся ў камерцыйных аптэках па амаль завоблачных цэнах, а чыноўнікі міністэрства з гонарам расказвалі ў інтэрв’ю, якое дабро яны зрабілі людзям. Матэрыял, змешчаны ў рэспубліканскай газеце, меў рэзананс, і хутка грошы на лекі аднекуль знайшліся. Мой дзядзька пражыў яшчэ дваццаць з лішнім гадоў, павыдаваў дачок замуж, пацешыўся з унукаў...

Дзяўчынка, выслухаўшы гэту гісторыю, задала мне пытанні, якіх я зусім не чакала. Напрыклад, чаму аперацыю па перасадцы рабілі ў звычайнай бальніцы, а не ў Цэнтры транспланталогіі? Ці як маглі чыноўнікі з міністэрства вось так усіх падмануць і чаму ім за гэта нічога не было? Я спрабавала адказаць проста: маўляў, гэта ж быў 92-гі год. Але ўбачыла ў вачах абсалютнае неразуменне. Яны, пятнаццацігадовыя (дый старэйшыя за іх на пяць, дзесяць, нават дваццаць гадоў), гэтага проста не ведаюць. А мы ім не расказваем, нібы саромеемся. Хаця, напэўна, варта было б.

Напрыклад, пра тое, як збіваліся з ног пасля заняткаў, каб купіць хоць што з прадуктаў. Пра вялізныя чэргі ў каўбасныя і малочныя аддзелы. Пра хлеб, намазаны маргарынам, — масла было не дастаць. Пра тое, як, атрымаўшы стыпендыю, беглі тут жа ў кіёск абмену валют (адзін з іх стаяў акурат каля мастацкага музея), куплялі на ўсе «зайчыкі» долары (атрымлівалася, калі стыпендыя павышаная, ажно дзесяць!), каб назаўтра здаць долар ці два па значна вышэйшым курсе і купіць лішні батон ці пачак маянэзу. Пра тое, як нашы мамы перадавалі адна адной рэцэпт «ну вельмі смачных катлет»: у аўсяныя шматкі дадаць разведзены ў вадзе кубік заморскага цуд-булёну «галіна бланка». І мы елі гэтыя «катлеты», у якіх не было ні грама фаршу, і яны сапраўды здаваліся смачнымі. Пра тое, як бабуля ў гастраноме прасіла прадаць ёй адно яйка — на больш у яе не было грошай. Пра набітыя цесныя аўтобусы з дачнікамі — людзі карміліся з зямлі, а машыны лічыліся раскошай.

Пра даўгабуд у цэнтры Мінска на Кастрычніцкай плошчы, агароджаны бетоннай сцяной, за якой не было і намёку на тое, што нейкія работы калісьці будуць весціся. Пра «браткоў» у зялёных і фіялетавых спартыўных касцюмах, з залатымі ланцугамі на шыях, якія паўсюль хадзілі гаспадарамі. Пра спірт «Раял» у літровых бутэльках, які прадаваўся на кожным кроку, літаральна ў «камках» на вуліцы. Пра стойкі пах ацэтону на калідоры ўніверсітэцкага інтэрната — наркотыкі варылі проста на кухні, асабліва не хаваючыся, і нікому да гэтага не было справы. Пра сектантаў, якія чапляліся на вуліцы, нахабна тыцкалі ў рукі нейкія кніжкі, заваблівалі на вячэру (і некаторыя ішлі, бо там сапраўды кармілі). Пра «шапачнікаў» — тых, хто з галавы ў людзей зрываў футравыя шапкі, і «сапожнікаў» — яны дзейнічалі ў плацкартных вагонах цягнікоў, крадучы абутак, які людзі, кладучыся спаць, пакідалі на падлозе. Іх вельмі рэдка шукалі, а яшчэ радзей — знаходзілі...

Пра гэта адчуванне безнадзейнасці, якога, калі табе дваццаць, увогуле быць не павінна. А яно часам апаноўвала, асабліва калі задумваўся аб тым, дзе ты будзеш жыць, калі скончыш універсітэт. Аб тым, каб займець сваё жыллё, нават думкі не было. Каб проста застацца ў Мінску, трэба было мець прапіску, і каштавала яна пяцьсот долараў (пры добрай зарплаце пяцьдзясят). Пра тое, як мы, дваццацігадовыя, з нейкім бадзёрым адчаем цытавалі ў сваёй «інтэлігенцкай» тусоўцы вырванае з Лермантава: «Печально я гляжу на наше поколенье! Его грядущее иль пусто, иль темно...» і прызнавалі гэта дэвізам свайго існавання...

Канешне, былі ў тых «ліхіх 90-х» і радасць, і каханне, і прыемныя падзеі. Бо гэта было — жыццё, якое ніколі не саткана толькі са святла ці з суцэльнай цемры. Але вось жа, калі і хочацца вярнуцца ў той час, дык толькі па адной-адзінай прычыне: тады была трава зелянейшая і вада макрэйшая, бо ты сам быў на трыццаць гадоў маладзейшы. Толькі вось па гэтай адзінай прычыне...

Як расказаць гэта пятнаццацігадовым (дый старэйшым)? Каб разумелі, каб ведалі, каб цанілі? Давайце спачатку хаця б пачнём. А там, можа, і атрымаецца.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.