Вы тут

Артэфакты не даюць забыць трагедыю


38 год таму прафесійны і чалавечы абавязак выканалі пажарныя на ЧАЭС, калі змагаліся з агнём ва ўмовах жорсткага радыяцыйнага выпраменьвання.


Мой дзесяцігадовы пляменнік Раман з гонарам паведаміў, што на інфармацыйнай гадзіне ў школе зрабіў паведамленне пра Чарнобыльскую аварыю, якая адбылася 26 красавіка 1986 года. Між тым, для яго гэта трагедыя трыццацівасьмігадовай даўніны — страшная, але адлакаваная праз прызму фільмаў і камп’ютарных гульняў выява, якую стварыў штучны інтэлект на аснове шматлікіх аналагічных. Уласна, матэрыялы ён чэрпаў выключна «з інтэрнэту».

Яго бацька і мой брат у 1986 годзе быў нязначна старэйшым за Рамана. Памятаю, што ўсіх дзяцей з класа брата тэрмінова адправілі на ўсё лета ў Краснадарскі край — на аздараўленне. Я вучылася ва ўніверсітэце і таксама наўрад ці магла асэнсаваць у той час трагедыю, якая ўзрушыла свет. Было проста страшна ад нечага невядомага, што лягло на ўсіх цяжарам нявызначаннасці. Сёння ж здаецца, што ўсё, што адбылося ў 1986 годзе, было прадвесцем ці папярэджаннем пра змены сусветнага маштабу, у якіх мы жывём цяпер. Не па нашых лякалах імкліва трансфармуецца свет, будаўнікамі якога мы некалі сябе меркавалі.

Усе гэтыя ўспаміны і разважанні нахлынулі, калі разглядала незвычайны малюнак алоўкам. На ім — цягнік з выявамі мужчын і надпісам «ЧАЭС», які некуды нясецца... Малюнак нехта зрабіў на шпалерах. У выселенай вёсцы Цешаў, дзе ў 1986 годзе размяшчаўся полк хімічнай абароны, яго знайшоў мясцовы краязнаўца Васіль Чайка. Цяпер гэты фрагмент паперы пад шклом. Ён частка экспазіцыі музея Нараўлянскай школы № 2.

Экспазіцыя ў музеі школы № 2 Нароўлі

Установа адукацыі зараз носіць імя Івана Шаўрэя — аднаго з герояў, які першым уступіў у барацьбу з пажарам. Івана Міхайлавіча не стала ў 2020 годзе. Да сваёй смерці ад каранавіруса ён часцяком бываў у гэтай школе і размаўляў з яе вучнямі. Пазней сям’я падарыла некаторыя прадметы, якія і сталі артэфактамі школьнага музея.

Іван Шаўрэй быў адным з тых самых 28 пажарных, хто ў першыя хвіліны пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС змагаўся з распаўсюджваннем агню і радыяцыі. Васіль Васільевіч Чайка, дзякуючы якому гісторыя Нараўляншчыны захоўваецца для нашчадкаў, распавядае, што Івану Шаўрэю было трыццаць, калі ён з роднымі братамі Леанідам і Пятром не разважаючы выканалі свой прафесійны і чалавечы абавязак.

— Іван Шаўрэй быў камандзірам другога аддзялення пажарнай варты ваенізаванай пажарнай часці Чарнобыльскай АЭС. Тады, ноччу 26 красавіка, ён плячом да пляча з таварышамі ступіў на дах, зусім блізка да пекла рэактара. Туды, дзе палалі пад нагамі кавалкі графіту, якія выратавальнікі спрабавалі заліваць вадой. Адважныя пажарныя змагалася з полымем, не давалі яму перакінуцца на суседнія энергаблокі. Людзі працавалі на вышыні 70 метраў пад пастаяннай пагрозай новых выбухаў, ва ўмовах жорсткага радыяцыйнага выпраменьвання. Дабірацца туды даводзілася па вонкавых пажарных лесвіцах, задыхаючыся ад дыму.

28 пажарных пратрымаліся каля гадзіны, а потым ва ўсіх стала кружыцца галава і яны страчвалі прытомнасць. Тое, што Іван Міхайлавіч, як і яго браты, выжыў, можна ўпэўнена назваць цудам. Атрыманыя дозы радыяцыі прывялі да прамянёвай хваробы. Методыкі лячэння адпрацоўвалі на выратавальніках з ЧАЭС. Далёка не ва ўсіх выпадках вынікі былі станоўчымі. Шасцёра з тых, хто спрабаваў спыніць агонь і распаўсюджванне радыяцыі, тады сышлі ў вечнасць. Яны страшна паміралі, а вось братам Шаўрэй пашанцавала выжыць. Івану тройчы рабілі пункцыю касцянога мозгу, тройчы ўлівалі чужую кроў. Дзесяць дзён ён быў без свядомасці. Калі крызіс мінуў — урачы далі надзею. Іван Міхайлавіч заплакаў. Ад радасці за сябе і ўсведамлення страты сваіх блізкіх сяброў. Распавядаюць, што пасля ён ніколі не казыраў сваёй гераічнасцю. Ордэн Чырвонай Зоркі — адзіная яго ўзнагарода. Першых пажарнікаў-ліквідатараў, якія прынялі на сябе самы жорсткі ўдар, пазней назавуць «шэрагам № 1».

Старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюзу супрацоўнікаў адукацыі і навукі Нараўлянскага раёна Алена Шваб у школьным музе

Браты Івана Шаўрэя пасля лячэння засталіся жыць у Кіеве, а ён вярнуўся на радзіму, у Нароўлю. Калі акрыяў ад трагедыі, яшчэ многія гады працаваў у пажарнай частцы Нароўлі.

Магчыма, сёння ў маладых чытачоў паўстала пытанне: чаму на ўкраінскай Чарнобыльскай станцыі было шмат беларусаў? Справа ў тым, што межы рэспублік СССР былі фармальнымі. Вельмі многім людзям было зручна дабірацца да ўкраінскай Чарнобыльскай станцыі на працу з найбліжэйшых беларускіх вёсак. Шаўрэі, напрыклад, тады жылі ў вёсцы Белая Сарока Нараўлянскага раёна. Населены пункт размяшчаўся прама на беразе Прыпяці ў прамой бачнасці ад ЧАЭС. Браты Леанід, Іван і Пётр і іх швагер Сяргей Лягун ездзілі на змену за 17 кіламетраў па трасе. Была зацікаўленасць атрымаць кватэру ў перспектыўным горадзе Прыпяць, які актыўна будаваўся для абслугоўвання атамнай станцыі. Не здарылася…

Мяне асабіста ўразіў адзін занатаваны ўспамін Івана Шаўрэя. Ён распавядаў пра сон, які здарыўся напярэдадні, дзесьці за месяц да Чарнобыльскай аварыі: «Памяццю сяброў сваіх загінулых клянуся, што праўду кажу. Дзесьці за месяц да аварыі я прыехаў у Белыя Сарокі. І ўначы мне прыснілася Багародзіца. Штосьці неймаверна велізарнае, асляпляльна-зіхатлівае. Ні контураў постаці, ні твару не бачыў, але я, трыццацігадовы і далёкі ад рэлігіі хлопец, чамусьці адразу зразумеў, што гэта Багародзіца». Ці было гэта прароцтва, папярэджанне ці абарона? Бог ведае. Але ж Іван Міхайлавіч з часу свайго дзівоснага выздараўлення стаў праваслаўным вернікам.

Вучні СШ № 2 Нароўлі каля мемарыяльнай дошкі Івану Шаўрэю

Школьнікі кранаюць рукамі музейныя экспанаты — ім гэта дазволена. Дзеці распытваюць настаўнікаў пра прызначэнне дзіўных штучак. У вітрынах экспазіцыі выстаўлены старога ўзору дазіметры, радыёметры, процівагазы... Вядома, гэта аналагі тых, якія пабывалі непасрэдна ў месцы аварыі. Але ёсць і сапраўдныя — пасведчанні асобы, значкі, вымпелы, граматы, запіскі вымушаных перасяленцаў...

Старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюзу супрацоўнікаў адукацыі і навукі Нараўлянскага раёна Алена Шваб, якая да нядаўняга часу ўзначальвала Нараўлянскую школу № 2, кажа, што дзецям вельмі важна даносіць інфармацыю менавіта на канкрэтных прыкладах гераічных людзей, чые нашчадкі працягваюць жыць побач.

Экспанаты школьнага музея

Сапраўды, ніхто не можа быць упэўненым сёння, якое выпрабаванне лёсу нас чакае заўтра. Магчыма, менавіта сённяшнім вясёлым і шчаслівым палескім дзецям прыйдзецца абараняць сваіх маці, сясцёр і ўсіх нас ад іншых глабальных пагроз, рызыкуючы жыццём і ўласным здароўем.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.