Вы тут

Дэлегаты і госці УНС — аб асноўных пасылах кіраўніка дзяржавы і ўражаннях пасля Сходу


Сёмы Усебеларускі народны сход, несумненна, ужо ўвайшоў у гісторыю суверэннай Беларусі. У першы дзень яго работы ў новым, канстытуцыйным, статусе Прэзідэнт Беларусі быў выбраны Старшынёй УНС. Таксама дэлегаты выбралі намесніка Старшыні, членаў Прэзідыума. Аляксандр Лукашэнка выступіў з дакладам, у якім падрабязна расказаў аб ролі і месцы Усебеларускага народнага сходу ў абноўленай палітычнай сістэме дзяржавы, сацыяльна-эканамічных дасягненнях Беларусі за гады незалежнасці, праінфармаваў аб абстаноўцы ў свеце і вакол нашай краіны. Падчас другога дня УНС дэлегаты прынялі найважнейшыя стратэгічныя дакументы нашай краіны — Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і Ваенную дактрыну Рэспублікі Беларусь. 


У завяршэнні сёмага Усебеларускага народнага сходу яго Старшыня, Аляксандр Лукашэнка, параіў дэлегатам не спрабаваць ацэньваць сваю работу цяпер. У гэтым кантэксце кіраўнік дзяржавы лічыць трапнай фразу старшыні Белтэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта — «вялікае бачыцца на адлегласці», а таму прапанаваў трошкі пачакаць, каб потым даць справядлівую ацэнку таго вялікага шляху, які і дэлегаты УНС, і ўвесь беларускі народ мае намер прайсці. 

Грамадства яшчэ доўга будзе абмяркоўваць заявы, якія прагучалі на сёмым Усебеларускім народным сходзе, прынятыя на ім рашэнні. Дэлегатам і гасцям гэтай найважнейшай падзеі трэба будзе іх трансліраваць людзям. А пакуль яны дзеляцца сваімі меркаваннямі з карэспандэнтамі «Звязды». 

Дзмітрый Мезенцаў: Адзінства лідараў Беларусі і Расіі, як і згуртаванасць дэлегатаў УНС — гэта прыклад для ўсіх

Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў выказаў упэўненасць, што для асобай сістэмы адносін Беларусі і Расіі было вельмі важна, што падчас УНС неаднаразова падкрэсліваўся саюзніцкі характар адносін дзвюх краін. «У другі дзень Усебеларускага народнага сходу акцэнт быў зроблены на абаронны кампанент, на забяспечанне бяспекі Беларусі і Расіі як дзвюх дзяржаў, аб’яднаных Саюзнай дамовай. А ў першы дзень мы пачулі ад Прэзідэнта маштабную ацэнку саюза Беларусі і Расіі. Дадаць да гэтага толькі змястоўную работу, выкананне прынятых раней рашэнняў, у тым ліку студзеньскага пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета, дзе былі падпісаны 16 грунтоўных дакументаў, — сказаў дзяржсакратар. — Адказ на ідэалагічныя, інфармацыйныя пагрозы звонку — аб’яднанне людзей, грамадстваў Беларусі і Расіі вакол нацыянальных лідараў. Гэта вельмі важна. Згуртаванасць кіраўніцтва, згуртаванасць дэлегатаў УНС, якія паказалі адзінства ў сваіх падыходах — гэта прыклад саюзніцкіх адносін Беларусі і Расіі, прыклад для СНД, ЕАЭС. І прыклад таго, што нас так проста не зламаць. І вельмі важна, каб нас чулі і за нашымі межамі», — адзначыў Дзмітрый Мезенцаў. 

Ігар Луцкі: Мы акрэслілі абрысы новай палітычнай рэчаіснасці

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Ігар Луцкі падкрэсліў, што канстутыцыйны статус надае рашэнням УНС абавязковы характар для выканання ўсімі дзяржаўнымі органамі і грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Пацверджанне таму — прыняцце Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны, найважнейшых дакументаў. «Вялікае бачыцца на адлегласці, але і сёння мы акрэслілі абрысы новай палітычнай рэчаіснасці. Мы разам прынялі найважнейшыя рашэнні па пытаннях бяспекі нашай дзяржавы. Але для забяспечання бяспекі мы павінны быць самі мабілізаваныя, каб унутры краіны ўсё было спакойна. Калі ў краіне будзе спакой, калі кожны на сваім месцы будзе адказна выконваць сваю справу — то і знешнія пагрозы будуць слабець. Але гэта не значыць, што яны знікнуць. Таму ўмацаванне арміі, умацаванне абароназдольнасці, выкананне свайго грамадзянскага абавязку — вось што павінна стаць галоўным вынікам Усебеларускага народнага сходу», — падкрэсліў ён.

Станіслаў Бажычка: Кожны грамадзянін павінен абараняць нашу краіну, яе незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць

Як адзначыў намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце 62-га цэнтральнага вузла сувязі Міністэрства абароны маёр Станіслаў Бажычка, Усебеларускі народны сход у чарговы раз пацвердзіў, што на чале нашай беларускай сям’і стаіць сапраўдны абаронца, лідар, які рухае нацыю наперад, пры гэтым ніколі не здраджваючы людзям. «Здрадніцтва — гэта самае страшнае, што можа быць у любой дзяржаве, а тым больш такой невялікай, як Беларусь», — лічыць ваеннаслужачы.

Па словах дэлегата, Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, Ваенная дактрына, зацверджаныя на УНС, датычацца не толькі людзей у пагонах, а ўвесь народ. «Як напісана ў Канстытуцыі, кожны грамадзянін павінен абараняць нашу краіну, яе незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, — падкрэсліў Станіслаў Бажычка. — Усе павінны разумець, што трэба будзе будаваць сваю дзейнасць так, каб увасобіць у жыццё ўсе напрамкі развіцця, закладзеныя Канцэпцыяй. Што датычыцца Ваеннай дактрыны, яна застаецца, як і была, абарончай: мы нікому не пагражаем і ні на каго не збіраемся нападаць, але трэба разумець — калі нехта да нас прыйдзе з мячом, ад мяча і загіне. У адзіным парыве мы станем на абарону нашай Рэспублікі Беларусь». 

Ірына Даўгала: Мы пракладаем свой шлях, сваю дарогу

Як заўважыла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Ірына Даўгала, Усебеларускі народны сход, які прайшоў у новым фармаце, паказаў, што новыя шляхі не шукаюць — іх пракладваюць. «І Беларусь пракладае свой шлях для свайго народа, — падкрэсліла дэпутат. — Першае паседжанне УНС у новым статусе паказала, што найважнейшыя прынцыпы яго дзейнасці — вяршэнства права, свабоднага абмеркавання і прыняцця рашэнняў — працуюць. Кожнае слова кіраўніка дзяржавы ўспрымалася, як пасыл да дзеяння. Выбар народа — выбар краіны. А выбар у тым, каб мірна жыць, каб гадаваць дзяцей, развіваць сваю краіну і заўсёды быць гатовымі яе абараніць». 

Па словах Ірыны Даўгалы, выбар Старшыні УНС быў не выпадковы, а ўсвядомлены. «Наш Прэзідэнт — чалавек, якому вераць, і давяраюць, — падкрэсліла яна. — У нашай Радзімы, акрамя нас, нікога няма, зазначыў кіраўнік дзяржавы. А значыць мы пракладаем свой шлях, сваю дарогу — дарогу міру, бяспекі, развіцця і стваральнай працы дзеля якасці жыцця нашых людзей!»

Сяргей Шлычкоў: Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі мае мэтай атрыманне максімальнага эфекту ад таго, што мы маем

Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў адзначыў, што гэта пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу з’яўляецца беспрэцэндэнтным у гісторыі Беларусі. Аналагаў такога органа ў сістэме дзяржаўнага кіравання, па яго словах, больш нідзе няма. «Хоць гэтыя „дэмакратычныя“ краіны вучаць нас, як трэба жыць, вучаць нас дэмакратыі, але ў іх і блізка такога органа няма», — сказаў ён. 

Асобную ўвагу Сяргей Шлычкоў звярнуў на арганізацыю выбараў дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу. Па яго словах, у Палацы Рэспублікі сабраліся сапраўды найлепшыя прадстаўнікі беларускага народа, гэта сведчыць аб тым, што да выбараў дэлегатаў паставілся самым сур’ёзным чынам. 

Старшыня ДКНТ падкрэсліў, што ўлічваючы канстутыцыйныя паўнамоцтвы УНС, пытанні, якія на ім разглядаюцца, патрабуюць пільнай увагі. «Я ўдзельнічаў у распрацоўцы Канцэпцыі нацыяльнай бяспекі. І з пункту гледжання сістэмнага падыходу мы давялі гэту справу да абсалюту, — сказаў ён. — Галоўная задача нашага камітэта — стварэнне нацыянальнай інавацыйнай сістэмы такім чынам, каб максімальна эфектыўна выкарыстоўваць усе рэсурсы, якія ёсць у краіне. І тое, што зараз уключана ў Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, максімальна адпавядае гэтай мэце — выбудоўванню нацыянальнай інавацыйнай сістэмы, атрыманню максімальнага эфекту ад таго, што мы маем». 

Таццяна Філімонава: Канстытуцыйны статус УНС дапаможа нашай дзяржаве яшчэ больш інтэнсіўна развівацца

Намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Таццяна Філімонава падзялілася сваімі ўражаннямі ад удзелу ва УНС. «Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні настолькі прапускаў праз сэрца ўсё, што казаў. Здавалася б, відавочныя рэчы, але яны былі прадстаўлены Прэзідэнтам так, што кожны задумаўся, як шмат краіна зрабіла за 30 гадоў. Як сказаў Аляксандр Рыгоравіч, наша краіна сапраўды знаходзіцца на пераломным этапе сваёй гісторыі. І канстутыцыйны статус Усебеларускага народнага сходу дапаможа нашай дзяржаве яшчэ больш інтэнсіўна развівацца. Мы, народ, мы дэлегаты Усебеларускага народнага сходу, будзем дапамагаць нашаму Прэзідэнту, весці краіну наперад, і толькі наперад», — сказала яна.

Юрый Караеў: Прымаць стратэгічныя рашэнні разам важна найперш псіхалагічна

Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў падкрэсліў, што то вельмі важна, найперш псіхалагічна, што найважнейшыя стратэгічныя пытанні вырашаюцца калектыўна Усебеларускім народным сходам. «Чым адрозніваецца імгненнае рашэнне камандзіра ад таго, якое доўга рыхтуецца, якое можна растлумачыць усім? Рашэнне, прынятае калектывам, ці ў нашым выпадку ўсенародным веча, набывае для людзей большую маральную вагу. Таму што гэта вырашалі ўсе разам», — сказаў ён. 

На думку Юрыя Караева, самае важнае ў прынятых Ваеннай дактрыне і Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі — гэта тлумачэнне, навошта беларусам трэба ядзерная зброя і народнае апалчэнне. 

Пётр Вайноўскі: Адзінства і кансалідацыя — наша сіла

Па словах вядучага інжынера ПМК № 19 г. Жабінка, заслужанага меліяратара Рэспублікі Беларусь Пятра Вайноўскага, усе дэлегаты сёмага Усебеларускага народнага сходу разумеюць, што ад грамадзянскай пазіцыі, асабістага ўкладу кожнага з іх залежыць усё, што сёння адбываецца ў нашай краіне і тое, што будзе заўтра. «І калі сёння кожны на сваім працоўным месцы будзе працаваць сумленна і па законе, то ўсё атрымаецца, — лічыць ён. — Нам лёгка вырашаць задачы любой ступені складанасці, калі і далей будзем жыць у мірнай краіне, робячы яе яшчэ больш прыгожай для нашых дзяцей і ўнукаў. Адзінства і кансалідацыя — наша сіла, бо ў кансалідаваным грамадстве і пад кіраўніцтвам аднадумцаў перамога непазбежная. Тактыка, прынятая яшчэ маладым Прэзідэнтам-палітыкам у сярэдзіне 1990-х гадоў, што толькі народ можа вырашыць свой лёс, актуальная і цяпер». 

Ігар Генец: Дакладны курс на тое, каб у краіне было ціха і спакойна

Старшыня Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта Ігар Генец лічыць, што для нашых людзей самае галоўнае, каб у краіне было мірна і спакойна. «І сёмы Усебеларускі народны сход — пацверджанне таму, што ў нас, у Беларусі, дакладны курс на тое, каб у краіне было ціха, спакойна, каб людзі маглі працаваць і выхоўваць дзяцей, — адзначыў ён. — Сёння кожны чалавек разумее, што ён з’яўляецца часцінкай сваёй дзяржавы. І таму, калі чалавек сумленна робіць сваю справу, ён дакладна ведае, што робіць гэта не толькі на карысць сваёй сям’і, а ў цэлым краіны».

Па словах старшыні райвыканкама, і Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, і Ваенная дактрына, якія прынялі дэлегаты, з’яўляюцца двума найважнейшымі дакументамі, згодна з якімі наш народ будзе жыць мінімум бліжэйшыя дзесяць гадоў. «Змяненні ў параўнанні з папярэднімі праектамі дакументаў даволі істотныя, улічваючы тую палітычную сітуацыю, якая складваецца вакол нас, — канстатаваў Ігар Генец. — Але ў Ваеннай дактрыне дакладна прапісана, што беларусы — народ мірны і ні на каго нападаць не збіраецца». 

Анастасія Мірончык-Іванова: Я б параіла заходнім калегам узяць прыклад з такога дэмакратычнага органа як УНС

Вядомая спартсменка Настасся Мірончык-Іванова не першы раз удзельнічае ва Усебеларускім народным сходзе, але першы ў новым статусе — дэпутата Палаты прадстаўнікоў. «Што на спаборніцтвах, што на палітычных пляцоўках хапае хвалявання. Але гэта і добра, бо гэта зараджае нас эмоцыямі, надае сіл, каб ісці наперад, дастойна прадстаўляць сваю Радзіму, абараняць яе. Бо мы яе нікому не аддадзім. Лозунг „Час выбраў нас“ накіраваны, найперш на моладзь. Гэта як заклік для маладых беларусаў — захаваць стабільнасць у краіне, незалежнасць і бяспеку», — сказала яна. 

Анастасія Мірончык-Іванова назвала Усебеларускі народны сход — сапраўды сямейнай падзеяй. «Канструктыўны дыялог кіраўніка дзяржавы з беларускім народам гэта пацвярджае. Нашым заходім калегам я б параіла браць з нас прыклад такога дэмакратычнага органа як УНС і павучыцца так весці дыялог са сваім народам, як гэта робіць наш Прэзідэнт», — заявіла яна. 

Надзея Бурунова: УНС паслужыць умацаванню міру, стабільнасці на беларускай зямлі

Па словах члена Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў (Гарадоцкі раён) Надзеі Буруновай, тое, што ў тым ліку звычайныя людзі прынялі ўдзел ў зацвярджэнні такіх дакументаў, як Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына, сведчыць аб тым, што УНС — сапраўды найвышэйшы орган народаўладдзя. «Правядзенне гэтага найважнейшага мерапрыемства паслужыць умацаванню міру, стабільнасці на беларускай зямлі, паўплывае на паляпшэнне ўзроўню жыцця нашага насельніцтва, — пераканана дэлегат. — Сёння самае галоўнае — кансалідацыя грамадства, мір, спакой, стабільнасць, каб развівалася эканоміка, сельская гаспадарка, сацыяльная сфера. Усё павінна быць на карысць нашых людзей». 

Арсеній Долбік: Людзі ўцягнуты ў пытанні, якія датычацца забеспячэння суверэнітэту

Старшы афіцэр упраўлення ідэалагічнай работы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Арсеній Долбік падкрэсліў, што з зацвярджэннем дэлегатамі УНС Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны прыняты рашэнні па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці. «Да таго, як зацвердзіць гэтыя важныя дакумент, была правезена вельмі вялікая работа: вывучаліся меркаванні, глыбока аналізаваліся абстаноўка, якая складваецца вакол граніц Рэспублікі Беларусь, магчымасці нашай абараназдольнасці, — канкрэтызаваў ён. — Прыняцце дэлегатамі УНС і Канцэпцыі, і Дактрыны сведчыць аб уцягнутасці ўсіх людзей у пытанні, якія датычацца забеспячэння суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны. І тут вельмі дарэчы словы кіраўніка дзяржавы, які сказаў аб тым, што нам усім неабходна быць разам, гатовымі да ўсяго і нічога не баяцца. У прыватнасці, для нас, пагранічнікаў, гэта самыя важныя словы». 

Ганна Фінагенава: У нашых сілах захаваць мір, нашу Рэспубліку Беларусь

Па словах загадчыцы вучэбна-метадычным кабінетам Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, заслужанага работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь Ганны Фінагенавай, кожнаму сёння вельмі важна працаваць з поўнай аддачай, творча і вельмі якасна. «У нашых сілах захаваць мір, нашу Рэспубліку Беларусь, быць разам з нашым Прэзідэнтам, — падкрэсліла яна. — Мяне вельмі ўразіла, як кіраўнік дзяржавы назваў усіх нас сваімі дзецьмі. І не важна, што некаторыя практычна яго ўзросту: мы раслі, сталелі, будавалі родную Беларусь побач з нашым лідарам. І будзем працягваць гэта рабіць».

Прыняцце Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусі дэлегатамі сёмага Усебеларускага народнага сходу Ганна Фінагенава лічыць вельмі мудрым рашэннем. «Мы бачым, што робіцца ў некаторых іншых дзяржавах, якія там кіраўнікі: не думаюць аб міры, сваіх людзях, — прыводзіць прыклад яна. — У той жа час наш Аляксандр Рыгоравіч на працягу многіх гадоў захоўвае мір на нашай зямлі і жыве дзеля людзей, дзеля нас з вамі». 

Вераніка КАНЮТА, Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД, Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.