Вы тут

Сакавіцкая «Маладосць»: пра моц, трываласць, падтрымку і жаданне жыць


Запамінаць, захоўваць, узнаўляць і забывацца — галоўныя працэсы, якія адбываюцца ў нашай памяці, як кажуць спецыялісты. На першыя тры функцыі з прапанаванага арсеналу працуе сакавіцкая «Маладосць». У асобных творах нумара ёсць пра з’явы нашага жыцця, якія балюча памятаць, аднак і забывацца нельга. А памяць пра светлых людзей вядзе нас далей. Таму, відаць, варта спыняцца і азірацца.


Грунтоўная рубрыка «Асоба» цалкам прысвечана памяці пісьменніка Міколы Мятліцкага. Святочны для жанчын месяц адзначыў цікавым народным апавяданнем даследчык і рэдактар Ігар Запрудскі — таксама звярнуўшыся да мінулага. Мікола Трус у «Музейнай гасцёўні» прапануе артыкул аб сям’і  Ядвігіна Ш. У «Люстэрку лёсу» — фрагменты з кнігі «Украпіны...» Аляксандра Радзькова. Не абышлося без цікавых літаратурна-крытычных аглядаў. 

У нумары друкуецца проза Антона Мальшэўскага, Вікторыі Сон, Людмілы Рублеўскай, Максіма Хацкевіча, Паліны Корневай. Творы падштурхнулі паразважаць над аўтабіяграфізмам у сучаснасці. Паэтычныя старонкі аддадзены Алене Шатурынай, Паліне Дваранскай, Андрэю Дарожкіну, Наталлі Кандрашук і Міхасю Башлакову.

Проза

Маленькае назіранне апошняга часу ў «Маладосці» (ды і, відаць, у нашых іншых «тоўстых» літаратурных выданнях): проза ўсё больш цягнецца да жыцця пісьменніка. На старонках твораў фігура аўтара паказваецца нярэдка праз падзеі мінулага, праз рэфлексію актуальных падзей, часам нясе пэўнае прагназаванне. У «Маладосці» чытаем творы, дзе прысутнічае вялікая доля аўтабіяграфічнага на старонках, якія належаць менавіта мастацкай прозе. Што з ёй не так? Мемуарыстыкай, эсэістыкай, а тым больш сухой дакументалістыкай прапанаваныя тэксты назваць нельга. Занадта моцны мастацкі складнік. Так, калі крыху разабрацца (ці, прынамсі, разгледзець бачную вяршыню гэтага айсберга), то можна знайсці тэрмін аўтафікшн — метад, які яднае мастацкі вымысел і аўтарскі жыццёвы досвед, цягнецца да аўтабіяграфізму. Росшукі прывялі да постаці пісьменніка Дэвіда Шылдса, які прапанаваў у 2010 годзе у "Reality Hunger: A Manifesto«1 «сцерці межы паміж мастацкай і дакументальнай прозай». Як вызначыцца з «градусам шчырасці» і праўдзівасці ў творах, якія ідэнтыфікуюцца як аўтафікшн? Толькі давяраць аўтару. З ідэнтыфікацыяй жа метаду дапамогуць і пэўныя фармальныя і зместавыя чыннікі — жанравая маркіроўка твора (аўтарская або рэдактарская), вядомыя звесткі з біяграфіі пісьменніка, выказванні ад першай асобы і іншае (кола іх будзе пашырацца пры больш глыбокім вывучэнні твора і кантэксту яго стварэння). У сакавіцкай «Маладосці» знойдзем творы, у якіх будзе такі «мастацкі аўтабіяграфізм» або, так бы мовіць, прыватны нон-фікшн (заўважу, не прэтэндую на глыбіню тэарэтыка, а проста прапаноўваю свае асацыяцыі).

«Дахаты прыйшоў з падрапаным, нібы кацінымі кіпцюрамі, тварам». Успаміны са школы і студэнцтва ёсць у кожнага з нас: пэўныя месцы, забабоны, дарэчныя (ці не дужа) рытуалы. Апавяданне Антона Мальшэўскага «З днём нараджэння, Лёха!» акурат пра адну студэнцкую традыцыю, эмоцыі і наступствы, якія яна выклікала. І вось у дарослым жыцці, калі змяняюцца сацыяльныя статусы, утвараецца дыстанцыя і працуюць двайныя стандарты, замест добрых уражанняў можна атрымаць зварот аб абароне грамадзянскіх правоў і матэрыяльныя страты. 

«Але я працягвала пісаць вершы, ва ўласны зборнічак, зроблены з альбомных жаўтаватых, нібы вымачаных у каве, аркушаў і клею». Аўтапартрэтныя апавяданні «У маленькім люстэрку» Вікторыі Сон поўныя роздуму ў сталенні, марах, выбары, высілках, якія вартыя мэты, але з’яўляюцца ўсяго толькі досведам і часткай шляху. Цікавае фіксаванне ў сабе рысаў характару праз пэўныя мікрасюжэты, цікавы пошук прызначэння, паклікання. Колькі змяняецца спраў, за якія бярэшся, а іх шэрагі ўсё доўжацца, дапаўняюцца новым. І ў нашым часе гэта бясконцы шлях.

«Але не ўсё, не ўсё згарае... Я азіраюся назад і бачу за сабой тых, хто мяне любіць». Беларуская пісьменніца, журналістка і прыклад для не адной генерацыі тых, хто хацеў навучыцца пісаць, Людміла Рублеўская прапанавала аўтабіяграфічныя рэфлексіі «Дыханне попелу». Тут вельмі кранальныя ўспаміны аўтара, дзе час будзе зразумелы, нават калі ў адным з кароткіх тэкстаў вы не знойдзеце ні адной даты. У кожнай мініяцюры, здаецца, знаходзіцца нешта такое, што можна пакласці ў капсулу часу і пахаваць на дзясяткі ці сотні гадоў (крыльца матылька, альбом з маркамі, жахлівыя аплаўленыя шкельцы, прамакаткі, туфлікі-лодачкі...). Унікальныя, міфатворныя сямейныя гісторыі выклікаюць усмешку, як аповед пра дзеда Мікіту-фальшываманетчыка: «У сям’і ёсць легенда, што яго ўзялі ў адмысловыя сакрэтныя майстэрні і ён далей жыў пад чужым прозвішчам» («Падробленыя грошы»).

На жаль, ёсць і прыватныя, але падобныя да тысяч і тысяч на Беларусі гісторый — жахлівых гісторый вайны, вязняў, гісторый пакутных, стратных, поўных роспачы.
Тым не менш гэта тэксты пра моц, пра трываласць, пра падтрымку, пра жаданне жыць. І, галоўнае, пра памяць. Пра тое, што без мінулага, без тых, хто быў перад намі, не бывае нас. 

«Кожнаму ягоны крыж здаецца самым цяжкім. І кожны мае рацыю». Максім Хацкевіч піша пра асобныя дні і станы чалавека, які стаў Паэтам. Ёсць штосьці камічнае ў паводзінах героя, але чаму так балюча за ім назіраць? Аўтар корміць свайго Паэта пельменямі з мікрахвалеўкі. Быццам гэты «мастак слова» не павінен весці звычайнага жыцця, мець будзённых спраў, а змушаны сваім пакліканнем забыцца на клопат пра сябе, толькі нараджаць радкі, чакаць, калі яны прыйдуць. 

«Нельга перадаць словамі, што з табой адбываецца, калі ты бачыш прамую лінію на маніторы». Чытаю чарговы твор Паліны Корневай «Снег і попел» у падзагалоўку — «Споведзь пацыента». І тут таксама прысутнічае аўтабіяграфічны складнік, праглядаецца і жаданне «спавядацца» самой пісьменніцы ў перапынках паміж уключанымі маналогамі безнадзейна хворага мужчыны. У апавяданні лірычная гераіня ўвесь час праводзіць думку аб тым, што перад хваробаю ўсе роўныя, нават калі раней былі ў кагосьці больш моцныя стартавыя пазіцыі. Заўважае, што яе суразмоўца — малады яшчэ і моцны мужчына, аднак і боль фізічны, і душэўны, асабліва пачуццё віны, адкрываюць яго з іншага боку — слабым і безабаронным, адкрытым і эмацыянальным. 

Паэзія

У нізцы Алены Шатурынай, напэўна, праглядаецца яе прафесійны бэкграўнд — у вершах пра вечнае і часовае, у тым, што завецца філасофскай лірыкай і мае на мэце ўздымаць адвечныя пытанні. Бачыцца адметнай псіхалагічнай інтымная лірыка, якая раскрывае складанасці чалавечага ўзаемадзеяння, складанасці існавання ва ўзаемазалежнасці. 

Калі прачытала нізку вершаў Паліны Дваранскай, адчула, наколькі каштоўны ўласны досвед для маладой паэтэсы. Цікава спалучаецца ў светапоглядзе лірычнай гераіні рацыянальнае з міфалагічным. У паэзіі аўтаркі адчуваецца пэўны фаталізм. Вельмі кранальны верш «***Бабуля заўсёды казала...» таксама са зваротам да мінулага:

А цяпер, калі няма сіл, 

Іду спаць і прашу прабачэння 

У Анёлаў, якія, імаверна, 

спатыкнуцца і ўпадуць...

Лірыка любоўная прыблізна роўная лірыцы расстання ў Андрэя Дарожкіна. Можа, і напраўду не бывае шчаслівага канца. І ці бывае шчасце? А жыццё проста павінна быць выносным, зразумелым, такім, якое можна кантраляваць? Гэтага малады паэт не дэкларуе, наадварот, падкрэслівае, што выпадковага шмат, у гэтым і будзе выбар: 

Жыццё прапануе нямала спатканняў, 

ты іх не пазбегнеш датуль, як жывеш. 

Адказы шукай паміж іншых пытанняў: 

што звокал прымаеш і што аддаеш?

(«На працягу ўсяго жыцця»)

Паэтэса з Кобрына Наталля Кандрашук звяртаецца да тэм уласнага паклікання і шляху, гартавання душы, да сваёй малой радзімы, сям’і, прысвячае верш маці. Аўтар смела гаворыць аб каханні, расстанні, што, верагодна, прынесла шмат болю: 

Сон бачу я: ты ў ім заўжды смяешся, 

Кранаюць вусны кропелькі дажджу... 

Ды толькі я больш не твая нявеста, 

Услед табе з надзеяй не гляджу.

(«Бачу сон»)

Падборка вершаў Міхася Башлакова «Плыві, мой човен...» спрэс прасякнута светлым сумам па мінулых гадах. Родныя вобразы, Палессе, вячэрнія песні дзяўчат, карціны з маленства і юнацтва, матуля, сям’я... Амаль у кожным вершы будзе пытальны сказ пра тое, як вярнуць даўно страчнае. Аўтар ва ўспамінах быццам намагаецца вынайсці тую машыну часу, якая б змагла ўсё вярнуць. Але таго пакуль нельга зрабіць, таму, відаць, гучаць напрыканцы нізкі радкі:

Што ўспамінаць пра тое, што было?.. 

Яно за мора птушкаю зляцела. 

І ўсе сляды даўно ўжо замяло, 

Нібы шляхі за вёскай, снегам белым... 

[...]

Патрэбна жыць сягонняшнім святлом,

Без горычы і даўкае самоты.

Плыві, мой човен, хвалі рэж вяслом...

Дні поўняцца, як сонечныя соты...

(«***Што ўспамінаць пра тое, што было?..»)

Рубрыкі 

«Тады я яшчэ не ведаў, што іду на апошнюю сустрэчу з сябрам», — кажа Алесь Бараноўскі ў прадмове да апошняга інтэрв’ю з Міколам Мятліцкім. Асобе пісьменніка і рэдактара прысвечаны і матэрыялы Уладзіміра Мазго і Віктара Шніпа. Ірэна Мятліцкая падрыхтавала для рубрыкі асаблівую нізку вершаў мужа 2021 года, упрыгожыўшы яе фотаздымкам з сямейнага архіва. Вось кранальныя радкі, з якіх пачынаецца памятная публікацыя: 

Жыву пад сценамі храма 

І чую шторанак званы, 

Бы гукаў таемная гама 

З глыбокай плыве даўніны. 

І храм малады Усясвяцкі, 

Прытулак айчынных бед, 

Мне кажа, які ён вар’яцкі, 

Трагедый паўнюткі, свет. 

22.08.2021 

(«***Жыву пад сценамі храма») 

У рубрыцы «Да свята» Ігар Запрудскі падрыхтаваў народнае апавяданне «Дзяўчына, або Што на свеце ўсяго мілей?», запісанае фалькларыстам Аляксандрам Сержпутоўскім ад старога дзеда Савіцкага з вёскі Бохава на Случчыне. 

«Ідзіце сюды, цётка Ванда, падчытаем аўтарскі адбітак „Сымона-музыкі“». Старонкі «Музейнай гасцёўні» чарговы раз напаўняе навуковец, кандыдат філалагічных навук Мікола Трус. Артыкул грунтуецца на матэрыялах, прысвечаных Ядвігіну Ш. (Антону Лявіцкаму) і яго найбліжэйшаму атачэнню, у прыватнасці дачцэ пісьменніка Вандзе Лёсік (1895–1968).

«Ён шукае аргументы, каб можна было смела выкласці свае ўласныя думкі, разлічваючы не толькі на ўвагу, але і на паразуменне». У «Люстэрку лёсу» Алесь Карлюкевіч прапануе ў перакладзе на беларускую мову фрагменты з кнігі Аляксандра Радзькова «Украпіны...». 

«Старонка родная» бачыцца месцам для эсэістыкі і мемуарыстыкі, звязанай з Бацькаўшчынай і сям’ёй. Чытаем развагі Марыі Шымук «Трыа на лецішчы» і ўспаміны пра бацьку «Мікола Каралёвых» Зміцера Давідоўскага. 

Звыклая рубрыка напрыканцы часопіса выступае пад тытулам «Вачыма маладых». Гэта дарагая сэрцу літаратурная крытыка. Тут Лунейка распавядае аб кнізе з эпатажнай назвай «Інструкцыя па спакушэнні замужніх жанчын», своеасаблівай анталогіі мужчынскага апавядання найвядомейшых пісьменнікаў сучаснасці — Навума Гальпяровіча, Віктара Шніпа, Алеся Бадака, Алеся Бычкоўскага, Віктара Варанца, Алеся Кажадуба і іншых. Ангеліна Данцова напісала водгук на апавяданне Уладзіміра Аляхновіча «Першае каханне». 

Рубрыкі, што змяшчаюцца па-за анансаваным зместам, такія, як «Любімыя кнігі майго юнацтва», «Друкаваныя выданні VS электронны носьбіт», «Мая першая публікацыя», дазваляюць пашырыць свае веды пра досвед аўтараў «Маладосці».

Кацярына ЦІМАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.