Вы тут

Адзін з найбольш яркіх канцэртаў фестывалю «Мінская вясна» адбыўся 20 красавіка ў Белдзяржфілармоніі


Адзін з найбольш яркіх канцэртаў фестывалю «Мінская вясна» адбыўся 20 красавіка ў Малой зале імя Р. Шырмы Белдзяржфілармоніі. Надзвычай цікавую праграму «Музыка Адраджэння і Барока» прадставіў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны камерны хор, мастацкім кіраўніком і дырыжорам якога з’яўляецца заслужаная артыстка Наталля Міхайлава.


Падчас канцэрта «Музыка Адраджэння і Барока»

Наталля Міхайлава кіруе калектывам з 2000 года. Сёння ў рэпертуар Дзяржаўнага камернага хору ўваходзяць шэдэўры сусветнай класічнай музыкі, беларуская музыка XVI–XVIII стагоддзяў, руская духоўная музыка, сучасная айчынная і замежная музыка, апрацоўкі беларускіх народных песень, джазавай і папулярнай музыкі... Афішы заўсёды вылучаюцца разнастайнасцю. Асобны кірунак дзейнасці музыкантаў — музыка Рэнесансу і Барока. У свой час дзякуючы супрацоўніцтву з ансамблем «Камерныя салісты Мінска» калектыў выканаў «Страсці па Іаане» Іагана Себасцьяна Баха, а яшчэ ўпершыню прадставіў публіцы кантату Карла Генрыха Граўна «Смерць Ісуса» на сцэне Санкт-Пецярбургскай філармоніі. 

У новую праграму «Музыка Адраджэння і Барока» ўвайшлі творы аўтараў, якія вельмі рэдка выконваюцца. Гэта італьянская і нямецкая харавая, а таксама англійская, французская і польская інструментальная музыка. Так, адкрыў канцэрт твор Laudate Dominum рымскага кампазітара эпохі Барока Джузэпэ Пітоні. Як расказала падчас канцэрта музыказнаўца Варвара Царук, захавалася не так шмат яго публікацый, бо творца не дазваляў саборам і цэрквам капіраваць і выконваць яго музыку. Між тым сёння яго творчасць вядомая ў царкоўным жыцці Рыма, Італіі і ўсёй музычнай Еўропы. Спадчына Квірына Гаспарыні, наадварот, большасці слухачоў сёння не знаёмая. Творца напісаў некалькі опер, аднак найбольшую папулярнасць у свой час атрымаў як аўтар духоўнай музыкі. Падчас канцэрта слухачы пачулі яго кампазіцыю Adoramus te Christe. 

У Малой зале гэтым вечарам гучала музыка Іагана Крыстафа Баха, Адрыяна Банк’еры, Луі Куперэна, Джулія Качыні, Дзіямеда Като, Яна Дзісмаса Зеленкі ды іншых аўтараў. Між іншым, выконваліся Дзяржаўным камерным хорам і творы праслаўленых кампазітараў — Іагана Себасцьяна Баха, Антоніа Вівальдзі, Алесандра Скарлаці. 

Падчас мерапрыемства саліравалі Іван Фінскі (раяль), Вольга Сідарук (скрыпка), Варвара Царук (клавесін). Асобнай увагі вартае выступленне Дар’яна Шахаба. Мелодыю Greensleeves невядомага аўтара XVI стагоддзя ён прадставіў з дапамогай лютні. Інструмент, зроблены сучаснікамі па ўсіх правілах старых майстроў, можна пачуць толькі ў Малой зале імя Р. Шырмы, падкрэсліла Наталля Міхайлава. Дар’ян Шахаб пачынае свой шлях у лютневай музыцы. Выканаўца заўсёды ўдзельнічае ў барочных канцэртах калектыву, але ў якасці гітарыста. 

Дарэчы, у выкананні Дар’яна Шахаба прагучала прэлюдыя Іагана Себасцьяна Баха з сюіты № 1 соль мажор для віяланчэлі ў пералажэнні для гітары Джона Дзюарта. 

— Ці мог Бах пісаць для гітары? Адназначна не — класічная гітара з’явілася толькі ў канцы XIX стагоддзя, — расказала Наталля Міхайлава. — Баху прыпісваюць некалькі лютневых сюіт, але і гэта сёння аспрэчваецца, бо ў яго час быў лютневы клавесін. Хутчэй за ўсё, кампазітар пісаў для гэтага інструмента. Многімі ўздымаецца пытанне, ці варта музыкантам, якія валодаюць паслябарочнымі інструментамі, выконваць музыку Баха. Вядома, так! Натуральна, гучанне будзе іншае... Але, упэўнена, калі б кампазітар жыў сёння, ён бы скарыстаў усе магчымыя інструменты. 

Канцэрт «Музыка Адраджэння і Барока» не быў падзелены на аддзяленні і доўжыўся крыху болей за адну гадзіну. Мастацкі кіраўнік і дырыжор Дзяржаўнага камернага хору Наталля Міхайлава лічыць, што праграмы не павінны перанасычаць і стамляць. І добра, калі цікавасць да музыкі задаволена не цалкам. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.