Вы тут

Здымаем кіно, каб ўвекавечыць мужныя ўчынкі суайчыннікаў


Беларускі глядач ужо звыкся з тым, што ў нашай краіне здымаюцца фільмы пра партызан, снайпераў, сапёраў — герояў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта сапраўды важна — памятаць іх подзвіг… Аднак не менш важна ўшанаваць і ўвекавечыць мужныя ўчынкі сучаснікаў. 


Фота pexels.com

Беларускія лётчыкі Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка загінулі вясной 2021-га. Хоць ужо мінула некалькі гадоў, але іх родныя, блізкія, таварышы, сябры і, безумоўна, жыхары Баранавічаў памятаюць той мужны ўчынак. Гэта адбылося ў час вучэбна-трэніровачнага палёту: экіпаж раптоўна паведаміў аб тэхнічнай няспраўнасці. Машына рэзка пайшла ўніз, яе пачало круціць. Нягледзячы на цяжкасці з кіраваннем, пілоты спрабавалі адвесці самалёт як мага далей ад жылых дамоў. Дыспетчар некалькі разоў казаў катапультавацца, але ў першую чаргу Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка думалі не пра сябе, а пра людзей, якія могуць загінуць. Ахвяр сярод жыхароў сапраўды ўдалося пазбегнуць. На жаль, з-за нізкай вышыні і таго, што ўсё адбывалася настолькі хутка, самі пілоты выратавацца ўжо не здолелі. Пасмяротна ім было прысвоена званне Герояў Беларусі. 

Неўзабаве Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка стануць героямі беларускага кіно, сцэнарый да якога ўжо стварае такі зладжаны на сумесных работах тандэм, як вядомы беларускі рэжысёр Іван Паўлаў і вядучы рэдактар нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Таццяна Команава. 

— Нам вельмі хочацца зрабіць не нейкую «агітку», а жывое, цікавае кіно пра сучасных герояў. Не пра бандытаў, прагных да грошай, бізнесменаў, крутых зорак ці гламурных мадэлей, а пра людзей з правільнымі жыццёвымі ўстаноўкамі. Часам даводзіцца чуць, наколькі моладзь цынічная, меркантыльная, эгаістычная, але мужны ўчынак Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі паказвае, што сярод нас ёсць сапраўды годныя маладыя людзі, — пераканана Таццяна Команава. — Сюжэт гэтага фільма падказала само жыццё. Такім чынам мы ўвекавечым подзвіг лётчыкаў, якім насамрэч было дзеля каго жыць. Мы з Іванам Міхайлавічам вывучалі дакументы, размаўлялі з ваеннымі і ведаем: калі ў Як-130 хтосьці з пілотаў прымае рашэнне пацягнуць за ручку катапультавання, аўтаматычна крэслы выкідваюць з кабіны абодвух. Але, нягледзячы на тое, што дыспетчар не адзін раз паўтарыў ім: «Выскаквайце!», абодва лётчыкі зрабілі свой выбар. Чаму яны не змаглі дзейнічаць інакш? Шчыра кажучы, нам, звычайным людзям, прасцей зразумець мужнасць у ваенныя гады, але што значыць праявіць гераізм у мірны час? Такое няпростае пытанне і натхніла нас на стварэнне сцэнарыя для фільма. 

Сцэнарыст прызналася, як важна ёй было атрымаць падтрымку ў першую чаргу ад родных і блізкіх герояў, каб гэта было сапраўды пра іх, каб расказаць праўду. Разам з рэжысёрам Іванам Паўлавым яны сустракаліся з сем’ямі, распытвалі пра тое, якімі Андрэй і Мікіта былі ў жыцці. Канешне, рабіць гэта маральна няпроста, бо ўспаміны — такая рэч... 

— Вельмі ўдзячная ўсім, хто дапамагае працаваць над стварэннем гэтага фільма. Родныя прасілі не рабіць з Андрэя і Мікіты ідэальных персанажаў, а паказаць іх рэальнымі — такімі, якімі іх памятаюць і любяць да гэтай пары. Ёсць і вялікая падтрымка з боку Міністэрства абароны. Гэта вельмі важна, каб акцёры ўжывалі правільную лексіку пілотаў, сцэнарый быў тэхнічна вывераны, — распавядае Таццяна Команава. — Разлічваем, што беларускія ваенныя дапамогуць не толькі сваімі кансультацыямі, але і са здымкамі палётаў, бо акцёры, зразумела, выконваць фігуры высокага пілатажу не змогуць. Праект стартуе ўжо гэтым летам. Плануем, што фільм выйдзе на экраны якраз на пяцігоддзе з моманту подзвігу, і марым, каб першымі нашымі гледачамі сталі жыхары Полацка, Ліды і Баранавічаў, — спадзяецца Таццяна Команава.

Ірына ПРЫМАК

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.