Вы тут

У Арктыцы захоўваюць папуляцыю дзікага аленя


У рамках сумеснага праекта федэральных эколагаў і прамыслоўцаў Расіі быў праведзены самы маштабны маніторынг міграцыі дзікіх паўночных аленяў на поўначы Краснаярскага краю.


Дзікі паўночны алень з’яўляецца не толькі ключавым відам — біяіндыкатарам арктычнай зоны, але і асновай для захавання традыцыйнага ўкладу і побыту карэнных малалікіх народаў Поўначы. Прадстаўнікі мясцовага насельніцтва ўваходзяць у даследчыя групы па ўліку аленяў і ў далейшым змогуць выкарыстоўваць атрыманыя даныя пры вядзенні спрадвечных промыслаў.

Упершыню ў гісторыі назіранняў за гэтымі жывёламі ва Усходняй Сібіры спадарожнікавымі нашыйнікамі пазначылі адразу 112 асобін таймыра-эвенкійскай папуляцыі. У рэжыме рэальнага часу навукоўцы адсочвалі напрамак перамяшчэння жывёл. Па выніках назіранняў ва ўсходняй і цэнтральнай частках паўвострава Таймыр колькасць аленяў складала да 330 тысяч асобін.

Захаваць папуляцыю

Па даных навукоўцаў, скарачэнне таймыра-эвенкійскай папуляцыі аленяў за апошнія 25 гадоў з 500 тысяч да 325 тысяч абумоўлена глабальным пацяпленнем. У арктычных шыротах выяўляюцца нетыповыя для аленяў умовы надвор’я — азеляненне тундры, што прыводзіць да змены звыклага арэала пражывання і міграцыі летам у больш халодныя месцы.

Сёлета навукоўцы пры падтрымцы нафтавікоў працягнуць даследаванні на Заходнім Таймыры. Агульная плошча абследавальнай тэрыторыі складзе не менш за 360 тысяч квадратных кіламетраў. Правядзенне такога маніторынгу неабходна для прыняцця своечасовых рашэнняў па захаванні ўнікальнай папуляцыі аленя.

Ужо на працягу 10 апошніх гадоў прамыслоўцы сумесна з навукоўцамі рэгіёна вывучаюць стан папуляцыі, колькасць і міграцыі дзікага паўночнага аленя на поўначы Краснаярскага краю. У рамках нацыянальных праектаў рэалізоўваецца праграма па вывучэнні, захаванні і маніторынгу ключавых відаў — біяіндыкатараў устойлівасці арктычных экасістэм: белага мядзведзя, атлантычнага маржа, дзікага паўночнага аленя і белай чайкі.

Стала вядома, што на працягу найбліжэйшых трох гадоў будуць праведзены маштабныя даследаванні на поўначы краю па авіяцыйным уліку белых мядзведзяў Карскага мора, маніторынгу дзікага паўночнага аленя, вывучэнню рыб вусця ракі Енісей. Акрамя гэтага, навукоўцы пабудуюць карты экалагічнай адчувальнасці берагоў Енісейскага заліва і прылеглай акваторыі Карскага мора, праверыўшы гнездаванне каштоўных відаў птушак.

Аленегадоўля як мастацтва

Па даных навукоўцаў, паўночны алень жыве побач з чалавекам як мінімум дзве тысячы гадоў. Столькі ж існуюць і традыцыі аленегадоўлі. Прычым у кожнага з амаль 20 народаў Расіі, якія займаюцца гэтым промыслам, свае сакрэты па кіраванні статкам. Агульнае для ўсіх — адно: жыццё ў Арктыцы без аленя немагчыма.

У тундры, на захадзе Арктыкі, аленяў разводзяць перш за ўсё на забой, а на поўначы Усходняй Сібіры яны, галоўным чынам, выконваюць ролю транспартнага сродку. На Ямале аленевыя статкі велізарныя — у сярэднім у адной сям’і — каля дзвюх тысяч аленяў. Усяго ж ямальскім аленяводам належыць больш за 700 тысяч хатніх паўночных аленяў, прытым што ў свеце іх налічваецца ўсяго каля трох мільёнаў. На паўночным усходзе Расіі таксама прынята мець вельмі вялікія статкі.

Паўночныя алені — сапраўдныя «ўніверсальныя салдаты» Арктыкі: яны прыстасаваны да ўсіх цяжкасцяў суровага клімату — нізкіх тэмператур, беднай ежы, доўгіх палярных дня і ночы. Пры руху па глыбокім снезе і балоце капыты паўночных аленяў шырока рассоўваюцца, павялічваючы плошчу апоры, але могуць, калі трэба, сціскацца, вызваляючыся ад вязкай багны. Улетку аленевыя капыты губчатыя, зімой мяккія падушачкі зацягваюцца, агаляючы востры край капытоў, — дзякуючы гэтаму алень не слізгае на лёдзе і можа раскопваць снег у пошуках ежы.

Алені выдатна плаваюць у ледзяной вадзе — дзякуй іх шэрсці, якую называюць «паветраным футрам»: шарсцінкі ў шкуры полыя, маюць форму кліна, звужаючыся не да канца, як у іншых жывёл, а да асновы. Дзякуючы змешчанаму ўнутры іх і паміж імі паветру поўсць служыць «выратавальнай камізэлькай».

Ці адрозніваюцца свойскія алені ад дзікіх і ці ёсць у іх пароды? Навукоўцы спрачаюцца. Па ідэі, у большасці жывёл, даўно прыручаных чалавекам, паступова, ад пакалення да пакалення, мяняюцца знешні выгляд і паводзіны, робячы іх непадобнымі на дзікіх суродзічаў. Да паўночных аленяў, лічаць некаторыя даследчыкі, гэта не адносіцца: знешніх адрозненняў ад дзікіх у іх няма, а асаблівасці паводзін залежаць, хутчэй, ад дзеянняў іх гаспадара, чым ад чаго-небудзь яшчэ.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.