Вы тут

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?


Ежа для дзяцей павінна быць смачнай ці карыснай? Сёння, калі вывелі агульную формулу школьнага грамадскага харчавання, так адназначна пытанне ўжо не ставіцца — харчаванне школьнікаў павінна быць і смачным, і карысным, і збалансаваным.

Летась у Беларусі стартаваў пілотны праект па арганізацыі школьнага харчавання. Нядаўна на нарадзе пад старшынствам прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Рамана Галоўчанкі падводзілі папярэднія вынікі рэалізацыі гэтага праекта.


Падчас абеду ў сталовай гімназіі № 13 г. Мінска

— На працягу ўсяго мінулага года мы шчыльна працавалі над пытаннямі ўдасканалення арганізацыі харчавання ў школах. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы выпрацавалі шляхі, падыходы, рашэнні. Арганізавалі спачатку іх апрабацыю ў 23 школах, адсочвалі зваротную рэакцыю з боку вучняў, бацькоў, наглядных органаў, абмяркоўвалі з практыкамі. Па выніках пілотнага праекта распрацаваны і даведзены да выканаўцаў неабходная нарматыўная база, метадалагічныя рэкамендацыі па арганізацыі харчавання, інфармацыйны зборнік новых тэхналагічных карт страў і вырабаў, далі свабоду школам у выбары найбольш аптымальных графікаў арганізацыі харчавання, арганізавалі дадатковы закуп неабходнага тэхналагічнага абсталявання, што істотна палепшыла матэрыяльна-тэхнічную базу школьных харчаблокаў, — сказаў кіраўнік урада краіны.

У цэлым праведзеную работу прэм’ер-міністр ацаніў станоўча. Але падкрэсліў пры гэтым, што пытанні, якія яшчэ засталіся, трэба вырашаць не адкладаючы. Бо ўжо да 1 верасня 2024 года ўсе школы павінны перайсці на новую арганізацыю рэжыму харчавання. Пра тое, на якой стадыі гатоўнасці да гэтага кроку ўстановы адукацыі Мінска, як развіваўся праект і якія змены прыўнёс у школьнае харчаванне, мы папрасілі расказаць намесніка старшыні Камітэта па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Глеба Лаўрыновіча.

Нашу гутарку мы пачалі з таго, што ў Беларусі харчаванню школьнікаў і дзяцей дашкольнага ўзросту традыцыйна аддавалася вялікая ўвага.

— Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур. Спіс страў там быў прыстойны. Але ўспомніце: ён быў дастаткова аднастайным. Каша, катлета, варанае яйка, чай, батон з маслам і кампот. Такім і быў рацыён — простым і бяспечным. Але час ідзе, смакавыя перавагі ў дзяцей, як і ў дарослых, мяняюцца, з’яўляюцца новыя прадукты. Так і ўзнікла неабходнасць нешта ў гэтым найважнейшым пытанні мяняць — бо гаворка ідзе аб захаванні здароўя дзяцей і стварэнні для іх бяспечных умоў. Узнікла неабходнасць — стартаваў і пілотны праект, арганізаваны Міністэрствам адукацыі Беларусі, — сказаў наш суразмоўца.

— Глеб Мікалаевіч, як развіваўся праект і да чаго мы прыйшлі сёння?

— У Мінску 156 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі перайшло на новыя ўмовы арганізацыі харчавання. Эксперымент быў распачаты ў 2022 годзе, яго актыўная фаза праходзіла ў перыяд трэцяй і чацвёртай чвэрцяў 2022/2023 навучальнага года. Цяпер ідзе ўкараненне яго вынікаў. Работа праведзена сур’ёзная. Абноўленыя рацыёны харчавання школьнікаў, і сёння дзейнічае новы зборнік тэхналагічных страў, які змяшчае больш чым 300 найменняў. Падкрэслю, усе яны былі падабраны зыходзячы з пераваг нашых навучэнцаў. Усе новыя стравы, распрацаваныя ў рамках эксперыменту, ужо ўкаранёны ва ўстановах адукацыі. У Мінску дзейнічае адзінае меню для ўсіх школ. Сур’ёзна абнавілася і матэрыяльна-тэхнічная база харчаблокаў. У 2023 годзе было закуплена больш за 4,6 тысячы адзінак тэхналагічнага абсталявання.

Але я хачу адзначыць, што сутнасць эксперыменту была не ў тым, каб кардынальна змяніць падыходы да школьнага харчавання — яно ў нас дастаткова збалансавана. Сутнасць у тым, каб павысіць прывабнасць школьнага харчавання для дзяцей і іх бацькоў. Менавіта ў гэтым кірунку мы і працавалі.

— Якія стравы ў школьнікаў самыя папулярныя, любімыя?

— Усіх не пералічу, але адно з іх, простае, без вынаходстваў і добра ўсім знаёмае — пельмені. Для школьнага меню зроблены яны, вядома, па асаблівай рэцэптуры, дапушчаны да дзіцячага харчавання, не супярэчаць санітарным нормам. І дзеці іх прынялі вельмі добра. Дарэчы, пасля Мінска гэтую страву пачалі ўключаць у меню і ў рэгіёнах.

Калі працягваць аб навінках, то ў рацыён школьнікаў мы ўвялі такі карысны прадукт, як печань. Сам па сабе сярод дзяцей ён не вельмі папулярны, затое мае карысць для росту арганізма. І тэхнолагі камбіната школьнага харчавання прыдумалі такое выйсце: замест таго каб рабіць банальныя пячоначныя катлеты, якія не кожнае дзіця стане есці, прапрацавалі рэцэпт, дзе карысная печань міксуецца са смачным мясам, напрыклад свінінай. Атрымалася. Дзеці такую страву ядуць з задавальненнем. Або ўзяць кампот з ягад, садавіны, сухафруктаў. Таксама карысны і смачны напой. Але дзеці яго не п’юць. Чаму? Аказалася, у большасці выпадкаў з-за наяўнасці так званай цвёрдай часткі — тых самых кампанентаў, з якіх ён варыўся. Яны, як правіла, займалі паўшклянкі. Даручылі камбінату школьнага харчавання разабрацца з гэтай праблемай. І ўжо сёння ў лінейцы напояў для школьнікаў з’явіўся кампот у чыстым у літаральным сэнсе слова сваім выглядзе. Больш за тое, у рэцэптуру напояў пачалі ўводзіць карысныя, практычна лячэбныя кампаненты, такія, напрыклад, як абляпіха.

— Пагадзіцеся, усякі добры пачатак мае патрэбу ў прасоўванні.

— Падчас эксперыменту мы праводзілі шырокамаштабную тлумачальную работу, працягваем яе і цяпер. Навацыі, змены, тлумачэнні па школьным харчаванні — уся гэтая інфармацыя размяшчаецца на інтэрнэт-рэсурсах школ, у тэматычных групах, якія ёсць у месенджарах, бацькоўскіх чатах і гэтак далей. Зборнік тэхналагічных карт страў ёсць на сайтах профільнага міністэрства і ўстаноў адукацыі ў свабодным доступе, гэта значыць, кожны з бацькоў можа паглядзець рэцэптуры, па якіх гатуецца ежа для дзяцей.

Больш за тое, у адной са школ Заводскага раёна сталіцы мы ўвялі наступную практыку: бацькі, у якіх ёсць магчымасць і вольны час, наведваюць установу адукацыі перад перапынкам, на якім дзеці ядуць. Бацькі кантралююць працэс з таго моманту, калі пачынаюць накрываць сталы. Яны могуць уносіць заўвагі ці прапановы. Такім чынам кантроль пераходзіць у супрацоўніцтва, і гэта, паверце, вельмі карысны для справы досвед. Ведаю, у Мінску шэраг устаноў адукацыі яго перанялі. Калі казаць аб тлумачальнай рабоце, то мы выкарыстоўваем самыя розныя формы. Напрыклад, у 52-й сталічнай школе папулярызуюць здаровае харчаванне, запрашаючы адпаведных спецыялістаў на школьныя мерапрыемствы. А работнікі камбіната школьнага харчавання на такіх мерапрыемствах ладзяць дэгустацыі школьных страў.

— Здаровае харчаванне як паняцце агульнае вядома ўсім. Але, напэўна, ёсць істотныя адрозненні паміж правільным харчаваннем дзяцей, падлеткаў і дарослых людзей?

— Вядома, ёсць. У падлеткаў выдатак энергіі нашмат вышэй, чым у дарослага чалавека, і запатрабаванне ў энергіі і харчовых рэчывах, адпаведна, вышэй. Папаўняць гэта запатрабаванне неабходна, але без шкоды для здароўя. На гэта і накіраваны рацыён школьніка. Усё меню, якое ёсць у школах, — гэта здаровае харчаванне. Ёсць такое паняцце, як дзіцячая дыетэтыка. Дык вось сёння выключана сітуацыя, калі ў меню вучняў школ або выхаванцаў дашкольных устаноў трапляе нейкі прадукт, які не адпавядае дзіцячай дыетэтыцы. Меню ўстаноў адукацыі абавязкова ўзгадняецца з санітарнай службай, а там за гэтым сочаць строга. Пры гэтым перапрацоўчыя прадпрыемствы Беларусі сёння выпускаюць шмат прадукцыі з маркіроўкай «Для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту». Гэтая маркіроўка — факт праходжання праверкі прадуктаў Рэспубліканскім цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Такая прадукцыя і выкарыстоўваецца ў школьным харчаванні. У падрыхтоўцы дзіцячых страў не выкарыстоўваюць чорны і чырвоны перац, воцат. Таксама там адсутнічаюць хрэн, кетчуп і гарчыца.

— Ці адпавядаюць нормам здаровага харчавання дзяцей прадукты, якія яны купляюць у школьных буфетах?

— Ажыццяўляючы пілотны праект, мы не пакінулі без увагі і буфетную прадукцыю. Яна таксама павінна быць здаровай і карыснай. Дзеці прыходзяць у буфет у асноўным па ласункі, выпечку, напоі. Мы пачалі ўводзіць у іх асартымент прадукты з нізкім утрыманнем цукру, рэалізоўваць шакалад без цукру «Прэзідэнт», пазбаўляцца ад газаваных напояў, замяняючы іх сокамі. Што датычыцца выпечкі, то ў большасці школ яна ўласнай вытворчасці. Выпякаецца ў параканвектаматах, якімі мы абсталявалі харчаблокі таксама ў рамках пілотнага праекта, і атрымліваецца яна не проста смачнай, а яшчэ і максімальна натуральнай і карыснай. Зрэшты, як і ўся астатняя ежа, прыгатаваная на гэтым абсталяванні.

— Якім бы ні было сучасным абстаіляванне, галоўным на кухні застаецца кухар. Якія патрабаванні сёння выстаўляюць для работнікаў школьнай кухні?

— З абавязковых — чацвёрты поварскі разрад. Гэта значыць, спецыяліст ведае тэхналогію прыгатавання, патрабаванні да якасці і тэрмінаў захоўвання прадуктаў і гатовых страў, валодае метадамі вызначэння якасці прадуктаў. Сёння нашы ўстановы адукацыі на 95% укамплектаваны кухарамі. У мінулым годзе прайшлі кваліфікацыю і павысілі разрад да неабходнага больш як 100 чалавек, з пачатку гэтага — каля 50 кухараў. Аб якасці іх працы гаворыць той факт, што адходы значна знізіліся, у той час як ахоп школьнікаў гарачым харчаваннем, наадварот, вырас. А пакінутыя дзецьмі пасля абеду пустыя талеркі служаць найлепшай пахвалой і стымулам для далейшага ўдасканалення.

— Пытанне педантычнае. Не ўсе дзеці, на жаль, здаровыя. І сярод медыцынскіх прызначэнняў ёсць спецыяльныя патрабаванні па харчаванні.

— У арганізацыі школьнага харчавання ўлічаны і такі варыянт. Для таго каб забяспечыць дзіця дыетычным харчаваннем, дастаткова медыцынскага дакумента з дыягназам і адпаведнымі прадпісаннямі. І калі нават такое дзіця будзе адзіным у школе, для яго будуць асобна гатаваць ежу, якая адпавядае дыеце.

— Якія задачы ставяцца на перспектыву, калі пілотны праект перастане быць пілотным, а навацыі, прыўнесеныя ў ходзе яго рэалізацыі, стануць нормай школьнага грамадскага харчавання?

— Нейкіх кардынальных змен ужо не будзе. Сумесная работа Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя па тэхналагічных картах прадоўжыцца, таму што сам па сабе гэты працэс бесперапынны і патрабуе пастаяннага абнаўлення. Спецыялісты камбіната школьнага харчавання будуць удасканальваць стравы, якія ўжо ёсць, разнастаіць іх. Тлумачальная работа будзе таксама працягнутая: падумаем над яе новымі, магчыма, больш відовішчнымі і цікавымі фарматамі.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Загаловак у газеце: Якое яно, школьнае меню?

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.