Вы тут

Круглы стол, прысвечаны нацыянальнай культуры, прайшоў у БДАМ


Круглы стол «Мастацкая культура і грамадства. Каштоўнасны зрэз „Сталасць і сэнсы“» нядаўна сабраў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў як выкладчыкаў гэтай навучальнай установы, так і спецыялістаў з іншых сфер. Тэмы для абмеркавання былі розныя, але найбольш прысутных непакоіла, як у сучасных умовах стварыць спрыяльны асяродак для фарміравання творчай асобы, як сарыентаваць новыя пакаленні да любові і шанавання сваёй нацыянальнай культуры і ці можа яна даваць нагоду заяўляць пра сябе на сусветным узроўні.


Фота: bdam.by

— Без выразнасці мастацтва як форма, накіраваная на спажыўца і гледача, не можа існаваць. Я хачу падзяліцца некаторымі падзеямі, што дапамагаюць зразумець тыя стратэгіі, якіх мы прытрымліваемся. У сакавіку ў цэнтры Цэрэтэлі ў Маскве адкрылася выстаўка вядучых мастакоў Расіі і Беларусі «Саюзная дзяржава — адзінства праз культуру». Цяпер работы з гэтай выстаўкі можна ўбачыць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. І праект вельмі цікавы. Таму што калі гаварыць пра каштоўнасці, то многіх цікавіць пытанне, як сучаснае мастацтва Расіі і Беларусі рэагуе, рэфлексуе на ўсё, што навокал адбываецца, — адзначыў рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна. — Нядаўнія Ліхачоўскія чытанні былі прысвечаны праблемам БРІКС, прысутныя там гаварылі пра тыя магчымасці, пошукі і каштоўнасці, якія дазволілі б зразумець, чым гэтая супольнасць стане прывабнай для культуры. Чаму гэтае пытанне актуальнае? Таму што пры агульным росце тавараабароту краін БРІКС існуе немалая колькасць адмоў ад падпісання тых альбо іншых дамоў, нават калі яны ўзаемавыгадныя. Аналітыкі лічаць, што прычына такога становішча ў тым, што мы жывём у прасторы, дзе няма ўзаемаразумення. І асаблівая роля ў гэтым адводзіцца мастацтву як сферы культуры, якой часам не патрэбны пераклад і якая хутчэй дасягае мэты, чым любыя змястоўныя трактаты…

Прысутныя ў ходзе абмеркавання сышліся ў меркаванні, што ў сучасных рэаліях вельмі важна звяртаць увагу на тое, у якіх умовах адбываецца фарміраванне творчай асобы. Навучальныя ўстановы творчага профілю ў гэтым кантэксце маюць вялікае значэнне.

— Сёння мне хочацца падзяліцца бачаннем таго, куды мы ідзём, што будзем рабіць далей у творчасці, асэнсаванні нашай культуры. Момант, які мы ўсе цяпер перажываем, пераломны. Можна параўнаць яго з рэвалюцыяй, можна з перабудовай. Толькі тады руйнавалася наша сістэма разам з сэнсамі, ідэалогіяй сацыялізму, са сваімі вобразамі, каштоўнасцямі, — зазначае філосаф, палітолаг, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі Аляксей Дзермант. — А цяпер руйнуецца заходняя ідэалогія, хоць для многіх тое, магчыма, яшчэ не відавочна, паколькі ЗША па-ранейшаму моцныя, а еўрапейскія прыклады і лад жыцця для многіх яшчэ з’яўляюцца ўзорамі. І разам з тым адбываецца нешта эпахальнае. Бачыць гэта мы можам на прыкладзе Беларусі. Мы адзіная краіна, якая спыніла пераможнае шэсце «каляровых рэвалюцый». Але нас ізноў будуць спрабаваць зламаць, але ўжо іншымі метадамі. Трэба разумець, што мы ўступілі ў эпоху жорсткага гібрыднага супрацьстаяння. І адпаведна, калі мы бачым сябе грамадзянамі Беларусі, то павінны рабіць усё, каб у нашых апанентаў не атрымалася нас зламаць. Таму наша задача адкрыта раскрываць людзям сэнс усяго, што адбываецца.

Пералом, па меркаванні спецыяліста, знойдзе адбітак у розных сферах: як у палітыцы, эканоміцы, так і ў культуры. І тут галоўнае — мець смеласць адстаяць сваё: краіну, каштоўнасці. І прытрымлівацца тых кірункаў, якія дазваляюць супрацьстаяць глабалізму. Бо асновай новага свету, што будзе не заходнецэнтрычным, стануць узаемаразуменне розных культур, дзе ёсць салідарнасць, агульныя інтарэсы, сяброўства народаў, развіццё і стваральная праца. Для беларусаў гэта зразумелыя рэчы, хоць у нейкі перыяд мы вырашылі ад гэтага адмовіцца. Цяпер важная задача для нас — зразумець сваё месца і не згубіць сябе, заявіць свету, чаго мы з нашымі культурнымі кодамі вартыя на сусветным узроўні. Патэнцыял, каб выстаяць ва ўмовах перамен, у нас ёсць. Галоўнае — не паддавацца ўплыву антыжыццёвых, антысямейных каштоўнасцяў, якія культывіруюцца апошнім часам на Захадзе. Менавіта таму гэтыя пасылы павінны знаходзіць сваё ўвасабленне ў творчасці мастакоў, рэжысёраў, літаратараў і ўсіх тых, хто стварае сэнсы для грамадства.

Аднак традыцыйнай культуры і мастацтву патрэбныя новыя імпульсы. Напрыклад, калі папярэднікі акцэнтавалі ўвагу на натуралізме ў асвятленні тэмы вайны, то сёння, магчыма, больш запатрабаваным будзе філасофскае асэнсаванне: чаму нам, беларусам, так важна ісці ў свет з пасылам, што мы мірная нацыя? А значыць, цяпер запатрабаваныя людзі, у якіх маштабнае мысленне, якія здольны правільна бачыць і прэзентаваць нашу культуру як унутры краіны, так і на сусветным узроўні.

— Мы кажам пра нашы і заходнія каштоўнасці, але што лепш зроблена, да таго і цягнецца моладзь. Якія задачы мы, мастакі, ставім сабе, вырошчваючы творчых асоб? Яны выходзяць і самі павінны прабіць сабе дарогу. Сваёй творчасцю, — адзначыў мастацкі кіраўнік НАДТ імя Максіма Горкага, дацэнт кафедры майстэрства акцёра і рэжысуры БДАМ Сяргей Кавальчык. — Я на ўсіх узроўнях і заўсёды кажу, што рабіць трэба так усё, каб выбіралі сваё. Калі мы закрыем усё, то ў той жа заходняй культуры закрыем ад сябе Моцарта, Шэкспіра, Брука. Мы адсячэм ад сябе цэлы пласт культуры і будзем варыцца ва ўласным соку. Але варта разумець і выхоўваць з дзяцінства, што трэба не закрываць усё, а правільна расстаўляць прыярытэты ў тым, што лепш. Каб дзеці выхоўваліся на нашых каштоўнасцях. А мы часам сваё забіваем, прычым, робім тое мэтанакіравана і самі здзіўляемся наступствам. Таму такія рэчы трэба абараняць і студэнтаў выхоўваць з разуменнем нашых заслуг і дасягненняў.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.