Вы тут

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?


Калі настроіцца на вясновую хвалю пакуль не атрымліваецца, паспрабуйце пакатацца на атракцыёнах. Сезон атракцыёнаў — 2024 у Беларусі афіцыйна можна лічыць адкрытым. У Мінску яны пачалі работу ў мінулую пятніцу, 26 красавіка. Спецыялісты, якія адказваюць за бяспеку адпачынку, расказалі, якія прыемныя сюрпрызы чакаюць нас гэтым летам і як пазбегнуць сюрпрызаў непрыемных.


Калі вы, паднімаючыся над горадам на коле агляду ў парку Горкага ці за секунду да таго, як ухнуць уніз з самай высокай горкі «Супер-8» у парку Чалюскінцаў, лавілі сябе на думцы: «Цікава, а ці правяраецца ўся гэтая махіна на знос і „стомленасць“ матэрыялу?», то адказ — так, і праверкі праводзяцца рэгулярна. Як мінімум напярэдадні кожнага новага «паркавага сезона». Адказвае за «тэсціраванне» каруселяў Дэпартамент па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці — орган, упаўнаважаны на ажыццяўленне дзяржаўнага нагляду за забеспячэннем бяспекі атракцыёнаў.

Праверка на трываласць

— Бяспека атракцыёнаў дасягаецца пры выкананні трох умоў, — распавёў начальнік упраўлення нагляду за бяспекай пад’ёмных збудаванняў і атракцыёнаў Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці Пётр Клімко.Важнейшая ўмова — спраўны атракцыён, і гэта ў першую чаргу зона адказнасці ўладальніка.

Сёння ў нашай краіне 52 арганізацыі розных формаў уласнасці ажыццяўляюць эксплуатацыю 186 атракцыёнаў, расказаў спецыяліст.

Другі складальнік — арганізацыя бяспечнай эксплуатацыі, якая прадугледжвае наяўнасць асоб, адказных за спраўны стан атракцыёна, а таксама абслуговага персаналу, што мае адпаведную рабочую прафесію, згодна з якой можа быць дапушчаны да эксплуатацыі атракцыёнаў. І зноў гэта зона адказнасці ўладальніка атракцыёна, — падкрэсліў Пётр Клімко. — І трэцяя ўмова бяспекі на атракцыёнах — выкананне наведвальнікамі патрабаванняў і правілаў карыстання, размешчаных на інфармацыйных стэндах побач з атракцыёнам або пры ўваходзе на яго.

Спецыялісты Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці ўдзельнічаюць у выкананні двух першых «складальнікаў бяспекі», адзначыў спікер:

— Мы праводзім тэхнічны агляд атракцыёнаў, гэта агляданне і выпрабаванні з нагрузкай і без нагрузкі, — удакладніў спецыяліст. — Таксама эксперт правярае арганізацыю бяспечнай эксплуатацыі збудавання. І толькі калі і першае, і другое выконваецца бездакорна, атракцыён вытрымлівае выпрабаванне, і эксперт дае станоўчую адзнаку па тэхнічным аглядзе.

А непасрэдны допуск атракцыёна да работы ў адпаведнасці з «Правіламі па забеспячэнні прамысловай бяспекі атракцыёнаў» ажыццяўляе прадстаўнік уладальніка атракцыёна, дадаў Пётр Клімко. Гэта работнік, на якога ўскладзены функцыі па ажыццяўленні кантролю ў сферы прамысловай бяспекі. Ён яшчэ раз павінен упэўніцца, што канкрэтны персанал на канкрэтным атракцыёне мае адпаведную прафесію і кваліфікацыйны разрад, што ёсць інструкцыі для персаналу і станоўчы вынік тэхагляду. У гэтым выпадку ён афармляе допуск з запісам яго ў пашпарт аб’екта.

З пачатку гэтага года па заяўках уладальнікаў праведзены 43 тэхнічныя агляды атракцыёнаў, — звярнуў увагу начальнік упраўлення. — Усе — са станоўчым вынікам. Нашы эксперты па ўсёй краіне праводзяць гэту работу.

Зрэшты, дэпартамент у адказе не за ўсе атракцыёны ў парках краіны. Як растлумачыў спікер, зона адказнасці гэтай арганізацыі — толькі механізаваныя атракцыёны (іх у Беларусі 143) і водныя горкі (такіх 44). Непаднаглядныя дэпартаменту, у прыватнасці, тыя атракцыёны, дзе няма вялікіх хуткасцяў і вышынь, то-бок каруселі для маленькіх. Не кантралююцца ім таксама надзіманыя горкі і лабірынты.

— Але ёсць правілы па тэхнічнай бяспецы надзіманых атракцыёнаў, у адпаведнасці з якімі яны павінны падвяргацца выпрабоўванням на бяспеку не радзей аднаго разу ў год, — распавёў Пётр Клімко. — Гэтыя выпрабоўванні праводзяць арганізацыі, акрэдытаваныя Дзяржстандартам.

Спецыяліст асабліва падкрэсліў: бацькам, перад тым як запусціць дзятву на надзіманыя атракцыёны, важна пераканацца, што побач ёсць інфармацыйны стэнд, азнаёміцца з інфармацыяй аб правядзенні выпрабоўвання на бяспеку, а таксама праінструктаваць дзяцей аб правілах паводзін на атракцыёне.

— Ад гэтага залежаць бяспека вашых дзяцей і ваш спакой, — рэзюмаваў Пётр Клімко.

Для вялікіх і маленькіх

Добрая навіна: гэтым летам цэны на атракцыёны застануцца нязменнымі і не перавысяць узровень мінулага года. Сярэдні кошт — 2,5 рубля на адзін атракцыён. Пра гэта расказаў намеснік генеральнага дырэктара, галоўны інжынер УП «Мінскзелянбуд» Руслан Касевіч.

Усяго катаць мінчан у гэтым цёплым сезоне будуць 50 атракцыёнаў (25 — у парку Горкага, 17 — у парку Чалюскінцаў і 8 — у парку 900-годдзя Мінска). Усе каруселі аснашчаны інфармацыйнымі стэндамі, вогнетушыцелямі, сродкамі аказання першай медыцынскай дапамогі, а супрацоўнікі атракцыёнаў і ігравога абсталявання забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы. Акрамя непасрэдна атракцыёнаў, работа перад адкрыццём сезона праводзілася на ўсёй тэрыторыі паркаў, удакладніў прадстаўнік «Мінскзелянбуду».

Стартаваў 26 красавіка і сезон работы фантанаў:

— Іх у нас на балансе 39, — дадаў спецыяліст.

Выхаднымі днямі ў парках імя Горкага і Чалюскінцаў будуць панядзелак і аўторак, а ў парку імя 900-годдзя Мінска — панядзелак, аўторак і серада. У будныя дні атракцыёны ўсю вясну і лета будуць працаваць з 11.00 да 21.00 (дзіцячыя пляцоўкі пачынаць работу будуць раней — з 10.00). У пятніцу, суботу, перадсвяточныя і святочныя дні працаваць каруселі будуць з 11.00 да 22.00.

Летась сталічныя паркі наведала каля 19 тысяч чалавек, паведаміў Руслан Касевіч. Сёлета супрацоўнікі спадзяюцца на такую ж высокую цікавасць мінчан, бо сталічным паркам ёсць што прапанаваць наведвальнікам.

— У мінулым годзе ў парку Чалюскінцаў і 900-годдзя Мінска ўстаноўлены два новыя батутныя комплексы. У парку Горкага з’явіўся басейн з электравудачкамі «Акватыка», — расказаў спецыяліст. — Закуплены два 5D-атракцыёны, яны размешчаны ў парках Горкага і Чалюскінцаў. Новая інтэрактыўная пляцоўка «Лукамор’е» мінулым летам адкрылася ў парку Горкага. У гэтым сезоне ў парку Чалюскінцаў з’явіцца яшчэ адзін атракцыён — чакаем пастаўку ў сярэдзіне сезона.

Ну а самыя любімыя ў сталіцы атракцыёны — гэта супрацоўнікі паркаў вызначаюць па колькасці наведванняў за сезон — традыцыйна «Кола агляду» (яго вышыня — 54 метра), «Аўтадром» і «Вальс».

Зрэшты, сталічныя паркі ўлічваюць інтарэсы не толькі дзяцей, падлеткаў і моладзі, але і наведвальнікаў сталага ўзросту.

— У парку Чалюскінцаў, нягледзячы на капрызы надвор’я, з 6 красавіка працуе праграма «Для тых, хто малады душой», — расказала начальнік сектара культурна-масавай і спартыўнай работы УП «Мінскзелянбуд» Лідзія Вежнавец. — На танцы збіраюцца людзі старэйшыя за 45 гадоў: па суботах і нядзелях, з 16.00. Калі вы не займаецеся спортам або фітнесам, тады танцуйце — гэта бадзёрыць і паднімае настрой! А калі вы самотныя, то на такіх сустрэчах абавязкова знойдзеце сяброў. Больш за тое, тут ствараюцца пары, і мы рады, калі людзі сталага ўзросту знаходзяць адзін аднаго і пачынаюць жыць разам.

Калі ж прывычныя лакацыі вам надакучылі, то хутка з’явіцца новая: плануецца, што парк Уга Чавеса (на скрыжаванні вуліц Лідскай і Казіміраўскай, у мікрараёне Каменная Горка) прыме наведвальнікаў ужо ў ліпені гэтага года.

— Там зманціраваныя чатыры атракцыёны — «Вальс», «Аўтадром», «Лабірынт» і дзіцячы прагулачны цягнік, — паведаміў Руслан Касевіч. — Закуплены два надзіманыя батутныя комплексы. Заключаны дагаворы на пастаўку яшчэ чатырох атракцыёнаў, сярод якіх 5D-кінатэатр і інтэрактыўны цір.

Каб радасць не стала бядой

Лета — гэта, вядома ж, не толькі паркі. Гэта і гульні дзятвы ў дварах, і масавы адпачынак на вадаёмах. Каб радасць не стала бядой, важна памятаць аб правілах бяспекі, папярэджваюць прадстаўнікі праваахоўных органаў.

— У Мінску вызначана 12 месцаў масавага адпачынку, і практычна ўсе яны знаходзяцца каля вады. А стыхійных месцаў адпачынку мінчан — больш як сотня. Купанне дазволена на трох вадаёмах сталіцы — Цнянскае вадасховішча, Дразды і Камсамольскае возера, — сказаў намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Прыгодзіч. — Месцам адпачынку, размешчаным каля вады, супрацоўнікі міліцыі будуць аддаваць асаблівую ўвагу, — папярэдзіў ён.

Справа ў тым, што летась трое мінчан патанулі пры купанні на гэтых вадаёмах, растлумачыў спецыяліст, і ўсе трое — з прычыны ўласнай бестурботнасці: адзін плаваў у месцы, забароненым для купання; двое знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Ён дадаў, што за распіваннем спіртных напояў паблізу ад вадаёмаў міліцыя будзе пільна сачыць: парушальнікам пагражае прафілактычная гутарка, а злосным парушальнікам — адміністрацыйная адказнасць.

— У месцах масавага адпачынку міліцыя будзе несці службу ў пешым парадку, а таксама з выкарыстаннем сродкаў персанальнай мабільнасці, — падкрэсліў Сяргей Прыгодзіч. — Таксама будуць выкарыстоўвацца беспілотныя лятальныя апараты. Гэта неабходна, каб аператыўна адсочваць абстаноўку і прадухіляць няшчасныя выпадкі.

У мінулым годзе, расказаў прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама, у месцах масавага адпачынку сталіцы было ўчынена 13 злачынстваў: гэта крадзяжы. Прычынай таму — зноў жа бестурботнасць грамадзян, якія надоўга пакідалі асабістыя рэчы без нагляду.

— Асабліва хачу звярнуцца да бацькоў, якія будуць адпачываць з дзецьмі: кантроль за дзецьмі каля вады павінен быць пастаянным! — падкрэсліў Сяргей Прыгодзіч.

Папярэджанне няшчасных выпадкаў з непаўналетнімі — важная задача напярэдадні летніх канікулаў і для прадстаўнікоў сферы адукацыі. Менавіта цяпер асаблівую ўвагу настаўнікі аддаюць навучанню школьнікаў бяспецы на дарогах, адзначыла намеснік начальніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Святлана КІСЕЛЬ. Праводзяцца адзіныя дні бяспекі дарожнага руху і розныя навучальныя мерапрыемствы. На сайтах устаноў адукацыі створаны спецыяльныя раздзелы па правілах дарожнага руху і паводзінах на вадзе. Асаблівая ўвага аддаецца бяспечнаму перамяшчэнню на сродках персанальнай мабільнасці (веласіпедах, самакатах, гіраскутарах і г. д.).

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Крылатыя арэлі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».