Вы тут

Людміла Лазута. «Незвычайнае паляванне»


Людміла Лазута ў 1977 годзе скончыла Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Працавала педыятрам на Гродзеншчыне, загадвала аддзяленнем Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. У далейшым веды і назапашаны вопыт саслужылі ёй добрую службу на пасту галоўнага ўрача гарадской дзіцячай паліклінікі № 11 Мінска, дзе Людміла Паўлаўна адпрацавала 20 гадоў.

Цяпер Людміла Лазута выкладае ў БДМУ. І адначасова, па яе словах, піша «новыя старонкі ў новай главе пра жыццё» — на літаратурнай ніве. Выдала дзве кнігі аповесцяў і апавяданняў — «Імгненні» і «Вузкімі сцежкамі». Веданне рэалій жыцця, светлы гумар і трапнае беларускае слова — гэтыя рысы прозы Людмілы Лазуты праявіліся ў апавяданні «Незвычайнае паляванне», якім мы адкрываем новы сезон літаратурнага конкурсу «Звязды».

Алена БРАВА


«Маня, дзе ты падзелася, чаму ў хлеў не ідзеш?» — з гэтымі словамі Рыгор пераступіў парог кухні, дзе ўжо сцямна спрытна завіхалася жонка, рухавая Маня. Зазірнуўшы чарговы раз у печ, яна павярнула галаву на голас мужа.

Непаслухмяныя кучаравыя валасы жанчыны, заплеценыя ў касу і замацаваныя «кошычкам», былі прыціснуты лёгкай бязевай хусткай, але ўсё ж такі выбіваліся з-пад яе, хваляй абводзілі высокі лоб, што надавала маладжавасці твару, ружоваму ад цяпла з печы. Гэтая прычоска ды яшчэ бліскучыя зеленаватыя вочы зрабілі сваю справу — Рыгор не мог адвесці вачэй ад Мані, нібыта ўбачыў жонку ўпершыню і ўразіўся. Было чаму: нягледзячы на пятнаццаць гадоў шлюбу, яна ўсё яшчэ заставалася першай прыгажуняй на вёсцы.

— Ты ж не чуў, як я амаль кожную гадзіну цалютку ноч у хлеў бегала, хроп сабе, як жыта прадаўшы. А зараз, калі ты ўжо на двор пайшоў, чаго мне туды бегчы? Блінцы во пяку.

У печы ярка гарэлі дровы. Па баках яе размясціліся два чыгуны, у якіх ужо кіпела намытая бульба — ежа для свіней. Паміж чыгунамі рабром стаяла цагліна. Яна служыла апорай адразу для дзвюх вялікіх круглых патэльняў, прыладжаных супрацьлеглымі бакамі на краі чыгуноў. На патэльнях выпякаўся сняданак. Калі блінец ружавеў, Маня спрытна віламі паднімала і выцягвала патэльню на прыпек, адным рухам пальцаў дакраналася да яе, і блінец, як акрабат на спаборніцтве, пераварочваўся іншым бокам, каб зноў трапіць у пячны жар. Гатовыя бліны ўзвышаліся ў талерцы на прыпечку — ладны іх стажок сведчыў аб тым, што гаспадыня не заляжалася ў ложку, хоць сёння і нядзеля.

— А што там? Ужо ж не маўчы, па вачах бачу — навіну прынёс.

Па румянцы на шчоках мужа было відаць, што гаспадар хвалюецца. Нават русыя яго валасы прыпацелі над ілбом пад шапкай.

Рыгор расшпіліў кажух і прысеў на табурэтку, нервова пакручваючы ў руках шапку. Стараючыся размаўляць цішэй, каб не пабудзіць дзяцей, сказаў:

— Яно так, маем прыплод, апарасілася таўстуха без нашай дапамогі, я налічыў адзінаццаць парасятак. Адно нейкае зусім слабенькае, не відаць, ці дыхае. Усе ў кучцы, ля маткі грэюцца, а гэтае неяк асобна. Я, канешне, падсунуў яго бліжэй, але мне здаецца, што свіння не вельмі ласкавая да яго.

— Дык ці жывое тое парасё? — спыніла мужа Маня.

Глянуўшы на разгублены твар гаспадара, яна зразумела, што трэба бегчы ў хлеў самой. Ён быў дбайным мужчынам, але ў такіх далікатных справах на яго была слабая надзея.

— Падварушы трохі дровы, каб блінцы не прыпалі, пабягу сама гляну, — хутка сказала кабета. Накінуўшы на плечы кажушок і прыхапіўшы з рук мужа ліхтарык, знікла за дзвярыма.

«Ну, нібыта маланка паляцела. Сама хай і палічыць гэтых парасят ды са слабым разбярэцца», — падумаў Рыгор, знімаючы з чыгуна патэльню з падпечаным блінцом.

Маня, безумоўна, управіла справы. Налічыла дзесяць ладных парасятак, а адзінаццатае было зусім кволае. Каб яго не затапталі іншыя ці незнарок матка не прыціснула, вырашыла забраць гаротніка ў хату.

І такі ўратавалася гэтае парасё. Для спання яму прыладзілі фанерную скрыню ад пасылкі, саломы на дно паклалі, мяккай мешкавінай прыкрылі. Кармілі каровіным малаком праз дзіцячую соску. Дзеці, як прачнуцца ці пасля школы, перш-наперш да скрыні бягуць, гладзяць малое, ласкавыя словы прыгаворваюць. Нават купалі яго колькі разоў. Праз якія два тыдні парасё падужэла, пачало варочацца, потым выкульвацца са свайго жытла ды хатнюю прастору асвойваць.

Шпацыры тыя вельмі не падабаліся кошцы. Мурка адчула ў парасяці саперніцу, якая паціху авалодвала ўвагай і пяшчотай усяе сям’і. Кошка паспрабавала выгнуць спіну і пашыпець на парасё, але тое, відаць, не разумела, што гэта азначае, паглядвала на Мурку маленькімі няхітрымі вочкамі і дыбала паціху далей, пацокваючы капыткамі. Кошка затойвалася на табурэтцы, чакала свайго часу, назіраючы за парасём. Па напружаным уздрыгванні поўсці на спіне можна было здагадацца аб яе адчуваннях. Калі б Мурка ўмела гаварыць, сказала б нешта накшталт: «Ходзіць, нібы гаспадыня на абцасах, якая да свята рыхтуецца».

Кошкі — натуры настойлівыя, такі дачакалася.

А трэба сказаць, што па прапанове малодшай дачкі дзеці назвалі парасё Свінкай. «Пісаць з вялікай літары, як мянушку», — сказала першакласніца на сямейным савеце. Ніхто не пярэчыў. Толькі старэйшы сын-падлетак здзівіўся: «Мы што, пашпарт ёй рабіць будзем, каб мянушку з вялікай літары пісаць?» Усім ад гэтага выказвання зрабілася смешна і весела.

Дык вось, калі нікога не было ў хаце, адбылася там, відаць, вайна мясцовага значэння, бо калі Маня аднаго дня прыйшла пакарміць Свінку, то застала тую ў скрыні: парасё паціху рохкала, а на пысе і на спіне былі заўважныя чырвоныя сляды ад вострых Мурчыных кіпцюроў.

— Ах ты, бедалага мая, — занепакоілася Маня. Хутка прынесла зялёнку і памазала раны, што дужа не спадабалася парасяці: зялёнка пякучая.

— Дзе ты, злосная твая натура, — паклікала гаспадыня кошку. Але тая, прадчуваючы разборкі, схавалася, відаць, у цёмны падпечак. — Пачакай, будзе табе вечарам ад гаспадара.

І, як толькі Рыгор бразнуў клямкай, хітрая кошка ўжо стаяла ля дзвярэй напагатове. Кінулася ў сенцы, ледзь не збіўшы яго з ног, адтуль па драбіне на гарышча. Аднак раніцай ужо чакала гаспадыню перад дзвярамі: голад жа не цётка. Церлася аб ногі Мані, пакуль тая не наліла ёй малака. Рыгор назіраў за гэтымі падзеямі здалёк, усміхаўся ў вусы, каторы раз дзівячыся магутнасці каціных інстынктаў.

З таго часу Мурка наладзіла з парасём мірныя ўзаемаадносіны. Разборак за тэрыторыю больш не было. За выключэннем хіба хвілін дэманстравання неспакою, калі Маня прысядала ля Свінкі з бутэлькай малака — кошка тады саскоквала з печы і пачынала церціся ля ног гаспадыні.

Так парасё і падрастала, набірала паціху вагу, каб мець магчымасць вярнуцца ў хлеў і жыць сярод мацнейшых суродзічаў. Праз колькі тыдняў Свінка патрабавала ўжо больш ежы, а калі-нікалі ўночы вылазіла са скрыні, цокала ў пакой, дзе спалі гаспадары, пачынала патрабавальна смактаць ражок прасцірадла, які звісаў з ложка. Для Мані гэта азначала, што трэба ўставаць і карміць парасё. «Хутчэй бы яно зусім ачуняла, каб у хлеў занесці, а то ж лішнюю хвілінку падрамаць не дасць», — думала гаспадыня, адрываючы галаву ад падушкі.

А час рухаўся ў сапраўдную зіму. Перад Калядамі, па шматгадовай завядзёнцы, да Рыгора з райцэнтра прыехалі даўнія сябры — аматары палявання і рыбалкі: урач Мікалай Пятровіч і палкоўнік з ваенкамата Сяргей Мікалаевіч. З імі Рыгор сябраваў з тых часоў, калі рэгістраваўся на вайсковы ўлік як ветэран, а палкоўнік яшчэ быў маёрам. Далучыліся да кампаніі і двое мясцовых хлопцаў з цэнтральнай сядзібы калгаса — Пеця і Міша. Ніхто з мужчын не быў такім ужо завадовым знаўцам паляўніча-рыбацкай справы, але два ці тры разы на год яны сустракаліся ў Рыгора, каб пабыць у мужчынскай кампаніі дружбакоў, напячы бульбы на вогнішчы, юшкай паласавацца ды з нагоды парадаваць сямейных свяжуткай рыбай ці дзічынай. Падабаліся гэтыя сустрэчы і мужчынам, і хлопцам, і сям’і Рыгора. Усе любілі паслухаць паляўнічыя байкі пасля вячэры. Самым здатным да іх быў, канешне, Мікалаевіч — на тое ён і палкоўнік, бывалы чалавек.

Сустрэча і на гэты раз была радаснай. Пасядзелі за сталом, смачнымі салёнкамі са смажаным сальцам ды квашанай капусткай пачаставаліся, пагаманілі. Заседжвацца не сталі, праверылі яшчэ раз ружжы ды снасці для лоўлі рыбы з палонак. Вырашылі ўстаць напрыканцы ночы, каб прайсціся спачатку праз малады лясок, потым па хмызняках — мо якога зайца ці кабана і ўпалююць. Калі не, то далей рушаць да ракі: там рыбацкага шчасця пашукаюць.

Каб ранкам не парушаць спакой Мані і дзяцей, на ноч размясціліся ўсе ў адным пакоі: двое на ложку, адзін на канапе, а Мікалаевіч папрасіўся паслаць яму на падлозе. «Я так і лягу ў спартыўным касцюме, цёпла будзе. Ды і ранкам самы першы за снеданне вазьмуся, пакуль іншыя апранацца будуць».

Маня згадзілася. Прынесла з каморы вялікі, напоўнены пахкай саломай, мяшок, палкоўнік на яго з задавальненнем улёгся. Рыгор прымасціўся на шырокім услоне ля печкі. Пагаманілі перад сном, парагаталі, успамінаючы ранейшыя прыгоды, ды і заснулі, храпучы на розных нотах.

Маня спала на кухні: на печы вырашыла спіну пагрэць. Думала раней падхапіцца ды паспець раненька яешню на керагазе насмажыць, каб не ішлі сябрукі галоднымі на паляванне.

Так яно добра і атрымалася: яешні на сале насмажыла, салёных гурочкаў з каморы прынесла, смачнага свойскага хлеба нарэзала. Чакае. А госці і не варушацца. Пайшла Маня мужа будзіць. Хутка ўсе паўскоквалі, апрануліся.

Ужо нават і за сталом не сталі заседжвацца, без размоў хутка падсілкоўваліся. 

А Мікалаевіч — той і зусім нічога не стаў есці, папрасіў толькі кубак гарачага чаю. 

«Мо галава чалавеку разбалелася, не хоча есці, усяляк бывае», — падумалася Мані.

На стук відэльцаў саскочыла з цёплай печы кошка: смажанае сала смачна пахне на ўсю хату. Пачаставалі і яе. А тут і Свінка асмялела, вывіхнулася са сваёй скрынкі і таксама да Рыгора накіравалася.

— Што гэта ў вас за звярына такая, няўжо парасё? Чаму ж па хаце ходзіць, а не ў хляве? Калі яно тут з’явілася? — зацікаўлена распытваў палкоўнік.

Рыгор распавёў гісторыю жыцця Свінкі, дадаўшы, што ўчора вечарам яна спакойна спала ў падпеччы, наеўшыся падкалотак з малаком, таму ніхто яе прысутнасці і не заўважыў.

Тут наш палкоўнік падскочыў з месца, Свінку паспрабаваў пагладзіць, а яна — дзёру ў бок Мані. Госць суправаджаў парасё настойліва-ўважлівым позіркам, пакуль тое не схавалася ў падпеччы. Зноў сеў ля стала. Пацягваючы з кубка чай, задуменна ўсміхаўся, загадкава, як у нас кажуць — «сабе ў вус», як быццам ведае штосьці ды раздумвае, ці вартыя гэтыя веды ўвагі прысутных.

Праз якую хвіліну, узяўшы відэлец, палкоўнік далучыўся да дружбакоў, паведаміўшы, што чай вельмі дапамог, нагнаў апетыту. Яешня на сале яму таксама прыйшлася даспадобы, асабліва са свойскім хлебам, які ў Мані заўсёды атрымліваўся адмысловым.

Дружна падняўшыся ад стала, мужчыны дзякавалі за снеданне. І тут адбылося непрадбачанае. Кінуўшы вокам у бок падпечка, з якога высунуўся зацікаўлены лычык Свінкі, бывалы чалавек Мікалаевіч, палкоўнік па званні, ні з таго ні з сяго ляпнуў сябе далоняй па лбе і... пачаў рагатаць. Сябры і гаспадары разгубіліся. А госць рагоча і рагоча, не маючы сілы спыніцца. Нарэшце супакоіўся. Аддыхаўшыся, пачаў расповед, якога, паглядваючы адзін на аднаго, чакалі ўсе прысутныя.

— Заснуў я з вечара хутка. Сяброўская гутарка пад смачную вячэру заўсёды спрыяе жаданню адпачыць. Не ведаю, колькі праспаў. Прачнуўся ад таго, што на мяне хтосьці пазірае і сапе зусім побач, ля твару. Уціснуўся разам з саломай у падлогу. За імгненне якія толькі думкі не пракруціліся ў галаве: «Няўжо пацукі такія вялізныя водзяцца ў падполлі хаты? Яны ж, я чуў, і ўкусіць могуць за твар, калі чалавек спіць». А пацукі, прызнаюся, для мяне з маладосці самыя агідныя і непрыемныя з усяго жывога. Асмеліўся пальцам дацягнуцца да звярыны, спадзеючыся, што гэта ўсяго толькі кошка, але палец мацнуў нейкую незвычайную шкуру з дзіўнымі валаскамі. Накрыўся з галавой, ледзь не залямантаваў, — працягваў Мікалаевіч свой расповед, паглядваючы на ўсіх хітраватым вокам і пасмейваючыся ў вусы. — Ляжу, прыслухоўваюся. Потым датумкаў, што адышоў звер: пачуў лёгкі тупат яго ног. Канешне, было ўжо не да сну, ледзьве ранку дачакаўся. Не адважыўся адразу пра начное здарэнне распавесці, усе падзеі нанава прыпамінаў... А тут — парасё!

Рогат у кухні пабудзіў дзяцей, а мо і суседзяў. Усе адразу зразумелі, што ноччу галодная Свінка па звычцы гаспадыню шукала і натрапіла на госця, які хроп якраз пасярэдзіне яе звычайнага начнога шляху да падсілкавання.

...А паляванне добрае ўдалося. Вялікага кабана падстрэлілі — нібыта ў кампенсацыю за начныя страхі.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».