Вы тут

«Мы не саб’ёмся з дакладнага курсу»


Пасля знакавай падзеі ў жыцці краіны — VІІ Усебеларускага народнага сходу — яго дэлегаты вярнуліся на месцы. Цяпер у іх задача — данесці да людзей рашэнні і ідэі найвышэйшага органа прадстаўнічай улады. Мы пацікавіліся ў дэлегатаў ад мясцовага самакіравання, на чым яны будуць рабіць акцэнт падчас сустрэч са сваімі землякамі.


На першым плане бяспека. У тым ліку і дэмаграфічная

Людміла Мароз, дырэктар Столінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, была вылучана дэлегатам УНС ад Столінскага раённага Савета, дэпутатам якога выбрана падчас адзінага дня галасавання.

Людміла Васільеўна займаецца падтрымкай сям’і, дбае пра дэмаграфічную бяспеку краіны не толькі па родзе асноўнай работы, але і грамадскай дзейнасці — яна старшыня раённай арганізацыі БСЖ. Што асабліва каштоўна, яна не толькі заклікае, прапагандуе, але і падае прыклад: Людміла Мароз — маці пяці сыноў. Дэлегат УНС вярнулася са сходу поўная рашучасці даводзіць да ўсіх слаёў насельніцтва вынікі работы найвышэйшага органа народаўладдзя: «На сходзе прынятыя Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, Ваенная дактрына на найбліжэйшыя гады, а можа, і на дзесяцігоддзі. Зразумела, што гэта дакументы не толькі для людзей у пагонах, яны датычацца ўсяго народа. 

У нашай Канстытуцыі сказана, што абавязак кожнага грамадзяніна абараняць краіну, яе незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць. Але ж каб мы маглі пры неабходнасці абараніць Айчыну, трэба каб было каму гэта рабіць. Вось чаму мы ўсё часцей гаворым пра дэмаграфічную бяспеку.

— У нашым раёне каля 2337 шматдзетных сем’яў, ордэнам Маці ўзнагароджаны 835 жанчын. Папулярызацыяй ідэі шматдзетнай сям’і супрацоўнікі нашага цэнтра займаюцца шэраг апошніх гадоў. І варта сказаць, паспяхова. Колькасць такіх сем’яў з гадамі расце. Гэта вельмі важна. Не можа быць паспяховага развіцця прамысловасці, сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, калі не хапае работнікаў. Хто ж будзе ажыццяўляць новыя праекты, асвойваць новыя тэхналогіі, браць новыя вышыні ў навуковай і творчай дзейнасці? Калі дбаеш аб Радзіме, трэба думаць і аб тым, што будзе праз 10, 20, 50 гадоў. І ў дадзеным кантэксце на першы план выходзіць дэмаграфічная бяспека, — перакананая суразмоўніца. — Буду гаварыць аб гэтым ва ўсіх аўдыторыях: з моладдзю — як дэлегат Усебеларускага народнага сходу, з выбаршчыкамі — як дэпутат раённага Савета, як старшыня на сустрэчах і мерапрыемствах, арганізаваных пярвічкамі Беларускага саюза жанчын, ну і, вядома, як дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, які заўсёды і ва ўсім падтрымлівае ідэю шматдзетнасці.

Яшчэ Людміла Мароз падкрэсліла, што кожны на сваім месцы адданай працай павінен умацоўваць краіну, і цяпер час усім нам згуртавацца вакол палітыкі, якую праводзіць наш Прэзідэнт.

«Засталося яскравае адчуванне адзінства...»

Старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана Язерская пад уражаннем ад атмасферы адзінства, якая прысутнічала на Усебеларускім народным сходзе.

— На фізічным узроўні адчувалася, што на гэтым маштабным мерапрыемстве сабраліся выключна аднадумцы. У кулуарах, на канцэрце, у зале, дзе гучала прамова Прэзідэнта, вельмі моцна адчувалася, што кожны з прысутных думае так, як і ты, — перажывае за краіну і жадае агульнымі намаганнямі захаваць мір, нашу маленькую Беларусь і развіваць яе далей.

Вельмі натхнёна выбіралі Старшыню УНС, яго намесніка, прэзідыум. Было тайнае галасаванне, але аднадушша і там прысутнічала. Вельмі моцны ўплыў на мяне зрабіў даклад Прэзідэнта. Ён шмат чаго расказаў і пра геапалітычную абстаноўку, і пра развіццё краіны, і пра нашы планы.

Мы вельмі любім сваю Беларусь і гатовыя зрабіць усё дзеля таго, каб у ёй жылося спакойна. Хочацца проста будаваць, жыць, развівацца. У зале прысутнічала хваляванне, здавалася, што чуеш нават дыханне суседа. З аднаго боку ад мяне сядзеў малады чалавек, які ўсяго тры гады працуе на «Белджы», з другога — вопытны кіраўнік, які шмат працаваў на адказных пасадах, але ўражанні ў іх былі аднолькавыя. Мы настолькі прасякнуліся той энергіяй, якая панавала на сходзе, што хочацца несці яе іншым людзям, у працоўныя калектывы. Беларусь — краіна, якая адбылася, і як бы на нас ні ціснулі звонку, мы яе не аддадзім. УНС даў упэўненасці, што мы захаваем краіну, што будзем ісці наперад. Запомніўся канцэрт, нумары якога адлюстроўвалі той дэвіз, пад якім праходзіў сход, — «Час выбраў нас». Калі гучала «Песня аб трывожнай маладосці», народ падпяваў: «Забота у нас простая // Забота наша такая: // Жила бы страна родная, // И нету других забот!». Нельга больш дакладна перадаць пачуцці дэлегатаў.

Наогул, было вельмі камфортна і спакойна. Усе заклапочаныя будучыняй краіны, тым, што адбываецца навокал нас. 

З даклада старшыні Камітэта дзяржбяспекі было зразумела, якое вялікае сёння існуе напружанне. Адкуль узялася такая нянавісць да нас? Мы нікому не пагражаем і вельмі крыўдна, што нам перашкаджаюць жыць у міры. Трэба думаць пра тое, як абараніць нашу краіну. Калі галасавалі за Ваенную дактрыну, а я была ў падліковай камісіі, убачыла ў зале лес рук. Гэта было яшчэ адным сведчаннем упэўненасці ў кіраўніку краіны, у яго палітыцы, у тым, што ён вядзе нас правільным шляхам.

«Мы сталі разумнейшыя і мацнейшыя»

Марына Мацвеева, старшыня Бабініцкага сельскага Савета дэпутатаў Аршанскага раёна:

— Пачэснага права быць дэлегатам Усебеларускага народнага сходу я ўдастоена ўпершыню. Вядома, гэта вельмі ганарова і значна, але, акрамя гэтага, я разумею ўсю адказнасць, якая ўскладзена на мяне і маіх калег. Як старшыня сельскага Савета дэпутатаў, я вырашаю надзённыя праблемы мясцовых жыхароў, што пражываюць на тэрыторыі сельсавета, але быць дэлегатам УНС — гэта браць удзел у вырашэнні пытанняў стратэгічнага характару, звязаных з развіццём дзяржавы і грамадства. Самыя галоўныя пытанні, якія стаяць перад намі, — гэта мір і бяспека нашай краіны, і мы гатовыя зрабіць усё для таго, каб абараніць суверэнітэт Беларусі і яе грамадзян.

На мой погляд, наданне УНС канстытуцыйнага статусу на шляху развіцця нашай краіны дазволіць беларусам прадэманстраваць сілу і адзінства нацыі. Асабліва ў процівагу абвінавачванням і нападкам з боку краін калектыўнага Захаду. Наш народ зрабіў правільныя высновы пасля шэрагу вядомых падзей. Мы сталі разумнейшыя і мацнейшыя. І ўсведамляем цяпер, што Усебеларускі народны сход — наша трывалая апора, якая дазволіць і далей паступальна развівацца дзяржаве, ствараць і захоўваць мір і бяспеку, і, вядома, дазволіць кожнаму грамадзяніну быць упэўненым у заўтрашнім дні.

Кіраўнік дзяржавы назваў сімвалічным, што сваю работу сход пачаў з абмеркавання і прыняцця важнейшых дакументаў, якія забяспечваюць нацыянальную бяспеку. Прынятыя стратэгічныя дакументы з’яўляюцца не толькі асновай бяспекі і надзейнасці краіны, але і залогам стварэння ўстойлівага мыслення моладзі ў адносінах нашай дзяржавы. Гэта найважнейшыя дакументы, якія вызначаюць стратэгію супрацьдзеяння рызыкам на найбліжэйшыя дзесяцігоддзі. Моладзь, усведамляючы прынцыпы і мэты Ваеннай дактрыны і Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, зможа лепш разумець складанасці сучасных выклікаў і пагроз, якія стаяць перад краінай. Наша галоўная задача — захаваць мір на роднай зямлі, бяспеку грамадзян, суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.

Акрамя гэтага, як старшыня сельскага Савета дэпутатаў я хацела б звярнуць увагу на якасць жыцця вяскоўцаў, тым больш што гэты год аб’яўлены Годам якасці. Мне хацелася б, каб на вёсцы стваралася яшчэ больш умоў для камфортнага жыцця людзей, і яны хацелі там жыць і працаваць, гадаваць дзяцей.

У нашай Радзімы, акрамя нас, нікога няма, адзначыў Прэзідэнт. А значыць, мы пракладваем свой шлях, сваю дарогу — дарогу міру, бяспекі, развіцця і стваральнай працы дзеля якасці жыцця нашых суайчыннікаў.

«Мы не саб’ёмся з дакладнага курсу»

Дэпутату Буда-Кашалёўскага раённага Савета дэпутатаў, старшыні Камунараўскага сельвыканкама Міхаілу Барысевічу другі раз у жыцці выпаў гонар прадстаўляць свой раён на Усебеларускім народным сходзе. Міхаіл Мікалаевіч расказаў «Звяздзе», з якім настроем вярнуўся пасля ўдзелу ў народным вечы.

— У гэты няпросты час важна было пачуць аб стратэгіі развіцця нашай дзяржавы, гарантыях бяспекі, — падзяліўся дэлегат. — Вельмі рады, што старшынёй Усебеларускага народнага сходу выбралі кіраўніка дзяржавы. Гэта значыць, што мы не саб’ёмся з дакладнага курсу, вектар развіцця краіны застанецца нязменным. У чарговы раз уразіла тое, як Прэзідэнт дэталёва патлумачыў палітычную сітуацыю ўнутры краіны і вакол яе, зрабіў аналіз развіцця краіны на працягу апошніх 30 гадоў, даў ацэнку бягучай грамадска-палітычнай, эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Упэўнены, што кожны дэлегат Усебеларускага народнага сходу атрымаў высокі эмацыянальны зарад. Цяпер гэты станоўчы імпульс трэба накіраваць на стваральную працу, — перакананы Міхаіл Барысевіч.

Дэлегат УНС ад Буда-Кашалёўшчыны адзначыў, што ў яго сэрцы асабліва адгукнуўся пасыл Прэзідэнта: «Калі мы не жадаем сядзець у акопах, то мы павінны працаваць адказна, кожны на сваім месцы».

— Так, усё пачынаецца з таго, наколькі адказна, добрасумленна кожны ставіцца да сваіх працоўных абавязкаў, працуе на сваім месцы. У гэтым плане прагучаў і актуальны зварот да моладзі, якая будзе ў тым ліку несці адказнасць за захаванне ўсяго таго, чаго ўдалося дабіцца ранейшым пакаленням. Але і цяпер задача для ўсіх нас — берагчы і захоўваць дзяржаву, — нагадаў дэлегат.

Зона адказнасці Міхаіла Мікалаевіча як старшыні Камунараўскага сельвыканкама — дзесяць сельскіх населеных пунктаў з цэнтрам сельсавета, аграгарадком Камунар. Пражывае тут у цэлым больш як 2800 чалавек. Дзякуючы таму, што Камунар размешчаны даволі блізка ад Гомеля, аграгарадок падобны да мікрараёна горада, тут вельмі развітая інфраструктура. За апошнія гады ў Камунары быў абноўлены Палац культуры, а сёлета завершана будаўніцтва новага крыла сярэдняй школы. Ёсць участковая бальніца, дзіцячы садок... Размешчана тут і вялікая сельгасвытворчасць рэспубліканскага падпарадкавання — РУП «Беларуснафта-Асобіна», дзе працуе больш чым дзве тысячы чалавек.

Міхаіл Барысевіч адзначыў, што яго, як старшыню сельвыканкама, хвалюе пытанне перспектыў развіцця малых населеных пунктаў.

— Безумоўна, вельмі шмат зроблена і робіцца для паляпшэння жыцця на вёсцы, для таго, каб узровень жыцця сельскага чалавека быў максімальна набліжаны да ўзроўню жыцця гараджаніна. Прэзідэнт неаднаразова звяртаў увагу на падтрымку райцэнтраў, аграгарадкоў. Для нас, беларусаў, гэта таксама пасыл — верыць у нашу вёску. Як жыхар аграгарадка, на сваім жыццёвым вопыце ўпэўніўся, што горад не для ўсіх. Я нарадзіўся і вырас у горадзе, але па размеркаванні трапіў у Буда-Кашалёўскі раён, застаўся працаваць на вёсцы, — згадаў Міхаіл Мікалаевіч. — Тым людзям, якія стаміліся ад гарадской мітусні, ці тым маладым, якія ў пошуках месца для жыцця, дзе можна будавацца, гадаваць дзяцей, лепш, чым сельская тэрыторыя, не знайсці.

Між тым, як расказаў дэлегат, калі б яму прадставілася магчымасць на УНС агучыць сваю прапанову, ён звярнуў бы ўвагу і на павышэнне адказнасці людзей за свой населены пункт.

— На жаль, яшчэ мы назіраем і пэўнае спажывецкае, утрыманскае стаўленне. А адказнасць чалавеку варта несці не толькі за парадак каля свайго двара, на сваім участку, вуліцы, але і захаванне правапарадку, культуры пражывання ў населеным пункце. За ўсё гэта адказны кожны з жыхароў, і гэта і ёсць унёсак кожнага ў развіццё свайго населенага пункта, адказная работа на месцы чалавека і грамадзяніна, — перакананы Міхаіл Барысевіч.

Матэрыялы паласы падрыхтавалі Наталля КАПРЫЛЕНКА, Нэлі ЗІГУЛЯ, Аляксандра ГВОЗДЗЕВА, Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.