Вы тут

Літаратурна-мастацкая біяграфія Камянца


Літаратурна-мастацкая біяграфія Камянца, яго ваколіц звязана з яркімі імёнамі паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, асветнікаў, з творчымі асобамі... Давайце згадаем імёны хоць бы некаторых з іх, чые жыццё і творчасць звязаны з рознымі мінулымі дзесяцігоддзямі і нават стагоддзямі.


Паляўнічы палац у Белавежскай пушчы

І пачаць, відавочна, трэба з найбліжэйшых па часе памятак. Па адрасе вуліца Савецкая, 11 ў самім сённяшнім раённым цэнтры (а згадкі пра заснаванне Камянца адносяцца да 1276 года, калі паселішча было створана па загадзе князя Уладзіміра Васількавіча) знаходзіцца рэдакцыя раённай газеты «Навіны Камянеччыны». Той шчаслівы выпадак, калі менавіта з рэдакцыяй «раёнкі» ў значнай ступені звязана літаратурная біяграфія краю. На крайні выпадак — у другой палове XX — пачатку XXІ стагоддзя. Хоць, пэўна ж, так па ўсёй Берасцейшчыне. Так і ў Жабінцы, Ганцавічах, Пінску, Драгічыне, Іванаве... І ўсё ж пра Камянец... У 1950-я гады некаторы час у камянецкай раённай газеце працаваў паэт ураджэнец Лепельшчыны (Віцебская вобласць) Анатоль Вярцінскі. Доўгія гады жыцця аддала раённай газеце паэтэса, празаік Ніна Гарагляд, якая нарадзілася ў Пінскім раёне. «У пушчы Белавежскай / Шумяць яліны, сосны / І стройныя алені / Бягуць па травах росных, / Каб да крыніц схіліцца, / Вады папіць гаючай... / Іх не спалохай рухам / І позіркам калючым. / Усё жывое прагне / І ласкі, і цяпла... / Лес цягнецца да сонца, / Як людзі да святла!» (Ніна Гарагляд) Пісьменніца працавала ў газеце доўгі час і намеснікам галоўнага рэдактара, і рэдактарам. Кіравала літаратурным аб’яднаннем «Пушчанка», назва якога даволі шматзначная. Запамінальнай кнігай паэзіі з’яўляецца зборнік вершаў Ніны Гарагляд «Матчына песня». А мне асабіста творы таленавітай пісьменніцы помняцца яшчэ са старонак вялікага калектыўнага зборніка «Нашчадкі», у якім аб’ядналіся вершы Кастуся Жука, Алеся Пісарыка, Віктара Стрыжака, Алеся Каско, Міколы Пракаповіча (дарэчы, яго зборнік у «Нашчадках», выдадзеных у 1979-м, так і называўся — «Белая вежа»).

Камянец — самы блізкі гарадок да параднай часткі Белавежскай пушчы. Сваю атмасферу знаёмству з гэтым краем надае і легендарная Камянецкая вежа, Камянецкі стоўп... Пабудаваны гэты помнік у 1271–1288 гадах. 

У даўнейшыя стагоддзі вежа выконвала абарончую ролю, вытрымлівала штурмы крыжаносцаў, войскаў польскіх і літоўскіх князёў... Калі вежа страціла абарончую ролю, яе спрабавалі разабраць на цэглу. Не змаглі! Цэгла і звязка так зацвярдзелі, што ўвесь стоўп як быццам пераўтварыўся ў адзіны вялізны камень. У 1968–1973 і 1996–2003 гады былі праведзены рэстаўрацыйныя работы. У Камянецкай вежы цяпер знаходзіцца філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Будынак чыгуначнай станцыі ў Белавежскай пушчы

У Камянцы доўгі час жыла пісьменніца Святлана Курылёва (1928–2011). Упершыню яе твор быў надрукаваны ў маскоўскім часопісе «Юность» у 1960 годзе — апавяданне «Дорога». У 1950–1982 гады Святлана Леанідаўна працавала выкладчыцай рускай мовы і літаратуры. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1980 года. Аўтар кніг «Жаворонки на улице» (1965), «И нелегко, и непросто» (1975), «Формула успеха» (1979), «Доброта» (1983), «Самый короткий день» (1987). Усе яны выдадзены ў Мінску. Вядома ж, Камянец, Камянеччына так ці іначай прысутнічаюць у гэтых творах. Святлана Курылёва — і актыўны ўдзельнік працы па стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Камянецкі раён».

Вяртаючыся да «літаратурнай біяграфіі» «Камянецкіх навін», варта заўважыць, што новую «паэтычную памяць» Камянца і ваколіц стварае журналістка гэтага выдання, таленавітая паэтэса Настасся Нарэйка. Нарадзілася яна ў 1986 годзе ў Маладзечна. Закончыла факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Аўтар вельмі цікавага паэтычнага зборніка «Магдэбургскае права маёй душы».

Літаратурная Камянеччына — гэта і лёс празаіка, літаратуразнаўца Уладзіміра Васільевіча Гніламёдава. Ён нарадзіўся 26 снежня 1937 года ў вёсцы Кругель Ратайчыцкага сельсавета. 

Высокае, Камянецкі р-н. Падрыхтоўка тэхнікі да уборкі ураджаю, 1930-я гады

У 1944–1954 гадах вучыўся ў Кругельскай сярэдняй школе. Сёння Уладзімір Гніламёдаў — вядомы літаратуразнаўца, акадэмік, многія гады ўзначальваў калектыў Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Акрамя многіх навуковых манаграфій, зборнікаў літаратурна-крытычных артыкулаў, напісаў некалькі раманаў пра жыццё заходнебеларускіх сялян на працягу XX стагоддзя. Старонкі яго празаічных твораў — «Валошкі на мяжы», «Уліс з Прускі», «Расія», «Вяртанне», «Вайна», «Пасля вайны» — у многім навеяны камянецкай памяццю пісьменніка. У адным з інтэрв’ю Уладзімір Гніламёдаў заўважыў: «...Мой дзядуля Лявонцій Міхайлавіч Сцепанюк у маладосці, на пачатку XX стагоддзя, кінуўся ў ЗША, прабыў там сем гадоў, з 1906-га да 1913-га. Працаваў цяжка, але здолеў расплаціцца з даўгамі, якія накапіліся, калі будаваў хату, — васемсот рублёў царскімі. Высылаў праз банк. У дзяцінстве і пазней я часта чуў яго ўспаміны. Дзе толькі ні працаваў! Паказаў сябе чалавекам трывалым і жыццястойкім. У Штатах сустрэў нямала цікавых людзей, у тым ліку земляка свайго Андрэя Кляновіка. Лявон Кужаль і Андрэй Кляновік — людзі новага часу — зразумелі: каб жыць, трэба дзейнічаць. Але жылі і дзейнічалі кожны па-свойму. З гэтага я і пачаў. Кожны займаецца сваім, робіць сваё. Свет — сукупнасць магчымасцяў». У Кругельскай сярэдняй школе працаваў настаўнікам паэт і перакладчык Алесь Разанаў (1947–2021), які нарадзіўся ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна. Аўтар многіх адметных паэтычных кніг. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь за зборнік «Вастрыё стралы». У Кругельскай школе паэт стварыў літаратурны гурток. «Дзяўчына, каго чакаеш? / Яна не чакае нікога, / у цэлым свеце нікога. / Чырвонымі певунамі / яна рушнік вышывае / і не глядзіць на дарогу. / Ды падае на падлогу / клубок яе вышывання... / Прыкмета хлусіць не ўмее, / прыкмета хлусіць не стане — / каго прывядзе дарога, / каго прывядзе дарога, / у гэты куток маўчання?! / ...А ўжо прывяла дарога — / крокі і шума з парога». (З «Балады прыкметы» Алеся Разанава). Ужо пасля таго, як пісьменніка не стала, пабачыла свет яго кніга выбранай паэзіі «З маланкаю ў сэрцы». Тыя, разанаўскія, маланкі — з роднай Алесю Сцяпанавічу Бярозаўшчыны, з блізкай яму Камянеччыны…

На тэрыторыі Камянецкага раёна знаходзіцца вёска Камянюкі, адміністрацыйны цэнтр Белавежскай пушчы. Тэма запаведнай пушчы — у многіх творах класікаў і сучаснікаў, у паэме народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова «Грозная пушча». Уладзімір Караткевіч напісаў пра пушчу нарыс «Зялёны шум». Частым госцем у пушчы была польская пісьменніца Эліза Ажэшка, якая жыла ў Гродне. Белавежжу яна прысвяціла сваю аповесць «Ad astra». Наведаў Камянюкі і славуты рускі пісьменнік Мікалай Ляскоў. У 1882 годзе ў пушчы гасцяваў, разам з этнографам Зыгмунтам Глогерам польскі пісьменнік Генрык Сянкевіч, які пасля напісаў навелу «З Белавежскай пушчы».

Высока-Літоўск (Высокае), Камянецкі р-н. Гандлёвая плошча

Літаратурныя мясціны Камянеччыны — вёска Забалацце, дзе нарадзіўся ў 1940 годзе паэт і празаік Васіль Жуковіч. Свае родныя мясціны апісаў у аповесці «Як адна вясна». У Высокім пабываў рускі паэт Вільгельм Кюхельбекер (1797–1846)... Наведванне Берасцейскага краю пісьменнікам і дзекабрыстам звязана з яго рэвалюцыйнай дзейнасцю…

Кастусь ЛЕШНІЦА

Паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.