Вы тут

«Рашэнні сходу будуць на карысць людзям і дзяржаве»


У першую чаргу суразмоўца адзначыў харызматычную асобу Прэзідэнта. Як аказалася, прадстаўнік дэпутацкага корпуса Воранаўскага раёна ўпершыню прысутнічаў пры выступленні кіраўніка дзяржавы, і гэта стала сапраўднай падзеяй у яго жыцці. Уразіла і сама арганізацыя народнага форуму — паездка, суправаджэнне, беспрэцэдэнтныя меры бяспекі. Па словах Віталя Кісялеўскага, не толькі ён, але і члены раённай дэлегацыі, наогул усе, з кім даводзілася размаўляць, былі адзіныя ў тым, як Прэзідэнт умее арганізаваць людзей, знайсці патрэбныя і вельмі важныя словы для тлумачэння палітычнага курсу краіны. Слухаць было не толькі цікава, але і пазнавальна, прызнаецца доктар з Воранаўскага раёна. Асабліва тую частку, што датычыла Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і Ваеннай дактрыны Беларусі. Гэтыя два асноўныя дакументы, якія рэгламентуюць падыходы дзяржавы да забеспячэння ўласнай бяспекі, былі поўнасцю ўхвалены ўдзельнікамі сходу.


Фото voran.by.

Аб тым, што такое бяспека і чаму яе трэба абараняць, Віталь Кісялеўскі ведае з дзяцінства. Разам з бацькамі-медыкамі ён праехаў мноства ваенных гарнізонаў ад Манголіі да Кубы. Але па-сапраўднаму адчуў сябе абароненым толькі на Гродзеншчыне — радзіме бацькі. У Гродне скончыў медыцынскі ўніверсітэт і замацаваўся на Воранаўшчыне. Тут Віталь Часлававіч працуе ўрачом 15 гадоў, і ён ніколі не пашкадаваў, што застаўся ў сельскай мясцовасці.

— Я поўнасцю згодны са словамі Прэзідэнта, які сказаў, што цяпер мы жывём добра. Нам ёсць з чым параўнаць. Мы мірна існуём, маем магчымасць працаваць, атрымліваць дастойную зарплату. Сёння трэба не спыняцца на дасягнутым, а накіроўвацца на самааддачу. І ўсе, на мой погляд, прытрымліваюцца такой думкі, — зазначыў суразмоўца.

Ён згадаў таксама вострае для беларусаў пытанне аб размяшчэнні ў краіне ядзернай зброі. 

У свой час такая зброя была вывезена з тэрыторыі Беларусі. Цяпер, па словах Прэзідэнта, прыспела неабходнасць ізноў вярнуцца да гэтай тэмы. Дэлегаты ад такой ідэі не адмаўляюцца. Чаму?

— Тут варта зразумець сітуацыю, якая адбываецца ў свеце, у нашых суседзяў, у заходніх краінах, узмацненні альянсу НАТА каля граніц Беларусі. Нам таксама трэба прымаць адэкватныя меры. І хоць мы, беларусы, — мірныя людзі, як напісана ў нашым гімне, разам з тым мы не павінны быць пацыфістамі. Маецца на ўвазе, што пры стварэнні пагрозы нашаму народу, дзяржаве мы зможам і павінны даць неабходны адпор. Для гэтага трэба мець і адпаведнае сучаснасці ўзбраенне, — падкрэслівае дэлегат УНС. — Аб гэтым, дарэчы, нас праінфармавалі прадстаўнікі сілавых структур. 

І калі ў кагосьці ўзнікалі якія-небудзь пытанні, яны вырашаліся ў ходзе выступленняў.

На думку дэлегата, лозунг сходу «Час выбраў нас» кожны ўдзельнік прыняў да свядомасці. Хоць узнікае нямала складаных, нялёгкіх пытанняў, але варта ісці ў нагу з часам і ў першую чаргу быць гатовымі даць адказ на тую сітуацыю, якую ствараюць вакол Беларусі заходнія краіны. Трэба быць гатовымі для любога развіцця падзей, лічыць суразмоўца. Ён упэўнены, што ваенны патэнцыял краіны ніякім чынам не будзе закранаць якасці жыцця, наадварот, стане гарантам бяспекі і абароненасці грамадства.

— Мы будзем ведаць, што знаходзімся пад надзейнай абаронай і можам спакойна працаваць і не думаць аб тым, што можа здарыцца. Мы пад надзейнай аховай, бо стварылі ўсё, што нам неабходна, — падкрэсліў Віталь Кісялеўскі.

Ён таксама адзначыў, што яго, як і многіх беларусаў, хвалюе настрой грамадства. На сходзе было нямала сказана пра неабходнасць згуртавання і кансалідацыі беларусаў. Наша краіна перажыла многія складаныя перыяды накшталт гэтага. Былі даволі цяжкія моманты, калі грамадства імкнуліся павесці па іншым шляху. Цяпер мы бачым, што намаганні дэструктыўных сіл праваліліся, пералому не адбылося. Затое цяпер, нават тыя, хто калісьці сумняваўся ў правільным курсе дзяржавы, разумеюць сённяшнюю палітыку. Яна правільная і накіравана на тое, каб аб’яднаць людзей. Каб ніхто не змог раскалоць наша грамадства. Бо няма іншага шляху, чым той, дзе беларусы павінны трымацца разам. А калі пачаць сумнявацца, глядзець па баках, будзе жах, і мы бачым такія прыклады, нагадвае суразмоўца. Таму ўсе выказалі адзінства з палітычнай лініяй кіраўніка дзяржавы.

— Менавіта сход даў добры імпульс для далейшага развіцця, — лічыць дэлегат. — Здаецца, што ўсё грамадства знаходзіцца пад уплывам выступлення Прэзідэнта і яго моцнай энергетыкі. Мяне пастаянна распытваюць аб сходзе. У калектыве, у вёсках просяць расказаць аб уражаннях. Я нават не чакаў такой рэакцыі і ажыятажу. Многія выказвалі гонар за нашага кіраўніка, у людзей ёсць зацікаўленасць у тым, як будзе развівацца краіна. А пасыл такі — трэба сумленна працаваць, выконваць свой абавязак. Для сябе я бачу сэнс у прафесійным выкананні абавязкаў і ў рабоце дэпутата сельскага Савета. Хачу сказаць, што ад дэпутацкай дзейнасці залежыць паспяховае развіццё сельскіх рэгіёнаў. Прыемна бачыць, што мацнее роля мясцовага самакіравання, дэпутаты і простыя жыхары не баяцца браць адказнасць за справы на месцах, здольныя даводзіць іх да лагічнага завяршэння. Упэўнены, што пасля сходу ў грамадстве пачнецца новы, больш насычаны этап жыцця, які будзе напоўнены актуальнымі рашэннямі на карысць дзяржавы і ўсіх беларусаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.