Вы тут

Актывісткі БСЖ аказваюць падтрымку Цэнтру дапамогі бяздомным жывёлам «Даліна трох кітоў»


Актывісткі пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Белтэлерадыёкампаніі не засталіся абыякавымі да бяды братоў нашых меншых і на працягу некалькіх месяцаў аказваюць па меры сіл падтрымку Цэнтру дапамогі бяздомным жывёлам «Даліна трох кітоў».


Гэты цэнтр размяшчаецца ў Дзяржынску і існуе крыху больш за год. Там невялікая каманда валанцёраў і неабыякавыя людзі сваімі сіламі добраўпарадкоўваюць тэрыторыю, знаходзяць матэрыялы, будуюць будкі і вальеры для жывёл. Так, «Даліна трох кітоў» ужо стала домам для коней і больш як 60 сабак, многіх з якіх проста ўратавалі са стыхійніка ў Мар'інай Горцы. А цяпер палова кудлатых хвосцікаў знайшла сабе прытулак на тэрыторыі цэнтра, а іншыя знаходзяцца на ператрымцы.

Як і большасць акцый Беларускага саюза жанчын, гэтая ініцыятыва пачала рэалізоўвацца пасля слоў «давайце дапаможам». «У нас ёсць актывіст Таццяна Раговіч, якая неяк пабывала ў «Даліне трох кітоў» і пасля запрапанавала нашым дзяўчатам зрабіць добрую справу, — дзеліцца старшыня пярвічнай арганізацыі БСЖ Белтэлерадыёкампаніі Алеся Высоцкая. — Мы паглядзелі, чым можам дапамагчы жывёлам, і вырашылі, што будзем рэгулярна адпраўляць харчовыя траншы. Так, збіраем корм для сабак і коней, якія ўтрымліваюцца ў цэнтры дапамогі, і адпраўляем усё жывёлам».

Трэба адзначыць, што жанчыны знайшлі і іншыя варыянты дапамогі братам меншым. Яны звярнуліся ў мясцовыя сельскія гаспадаркі, і там таксама падтрымалі іх ідэю дапамагаць. У хуткім часе ў «Даліну трох кітоў» прывезлі некалькі цюкоў саломы. Яшчэ жанчыны ездзяць у цэнтр, каб правесці час з жывёламі і напоўніцца там станоўчымі эмоцыямі. Вядома, дапамагаюць чатырохногім сябрам і з пошукамі новых сем'яў, расказваючы пра іх месцазнаходжанне вялікай аўдыторыі. Гадаванцы рэгулярна становяцца героямі рубрыкі «Дарога дадому» ранішняга шоу «Добрай раніцы, Беларусь!» на тэлеканале «Беларусь 1».

А да пошуку новай сям'і ў цэнтры ставяцца вельмі сур'ёзна, бо надта важна, каб гадаванцы траплялі ў добрыя рукі і больш ніколі не апыналіся на вуліцы. Таму валанцёры заўсёды сочаць за лёсамі сваіх падапечных і падтрымліваюць людзей, якія адважваюцца ўзяць сабе жывёлу. Як дзеліцца дырэктар «Даліны трох кітоў», за апошні год каля 30 сабак знайшлі сабе новы дом. І тое ўсяляе веру, што і астатнім аднойчы пашчасціць сустрэць свайго гаспадара.

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.