Вы тут

Рой, але ж ці той?


Вадалазы,
альбо Не руш чужых груш


Некалі ў вёсцы ўсё ведалі пра ўсіх — і пра дарослых, і пра малых. Мішка Дзятлік (гэта яго першая мянушка) быў з сярэдніх, са школы яшчэ закаханых у Ванду. Зорак з неба ён не хапаў — вучыўся на трактарыста, але быў на дзіва ўпартым.

Ванда — адзіная дачка дзядзькі Якуба — асірацела гадоў з 12, набыла прафесію бухгалтара, але па размеркаванні працаваць не паехала: засталася пры бацьку, уладкавалася на пошту. Талковая, разумная дзеўка, а ўжо ж прыгожая... Кавалераў было — хоць адбаўляй!.. І ці не кожнаму Мішка з Сёмкам, сваім сябруком, давалі зразумець (не словамі дык кулакамі), што Ванда — не для яго, што яна як быццам... занятая.

Раздражнялі дзяўчыну і гэтыя бойкі, і размовы, і Мішка са сваімі намёкамі...

Сустрэла яго на вуліцы, цвёрда сказала, каб шукаў сабе іншую — на яе не разлічваў, нават не спадзяваўся!
Тое ж самае сябру казаў і Сёмка, нейкім Сізіфам яшчэ абзываў, але ўпарты хлопец нікога не слухаў, горш за тое — ён прыдумаў, як можна дабіцца свайго.

План у Мішы быў вось такі: Ванда прыйдзе да азярыны мыць бялізну. Сябрукі — удвух — падпільнуюць яе, Мішка — адзін — наблізіцца і паваліць (калі сам не здужае, то Сенька падбяжыць, дапаможа і тут жа ўцячэ)...

Што далей?

Ды нічога такога, бо Мішка ж не дурань! Значыць, дзейнічаць не будзе. Яму б — трохі пратрымацца, пачакаць, каб нехта (пажадана з вясковых пляткарак) убачыў іх на траве, пусціў пагалоску... Тады Вандзе нічога не застанецца, як сядзець у дзеўках альбо... выходзіць за Мішку.

Сёмку гэты план зусім не падабаўся, але ж ён урэшце згадзіўся прычыніцца — хутчэй з цікаўнасці.

І вось...

Ванда скончыла мыццё-паласканне — з корабам на плячы сышла з масткоў, паднялася на высокі бераг — прытамілася.

— Давай дапамагу! — падскочыў да яе Міша.

— Без саплівых абыдуся! — фыркнула Ванда і адвярнулася.

Хлопец, як выглядала, толькі гэтага і чакаў: рукамі, як абцугамі, абвіў дзяўчыну за талію, спрабуючы паваліць.

Ды не на тую напаў: Ванда схапіла яго за валасы, лёгка адарвала ад сябе, надавала кухталёў і спіхнула ўніз, у ваду, у возера.

Сёмка, які гэта пабачыў, забыўся на ўсе дамовы: ён аж зайшоўся ад рогату!

Ванда — не пацярпела: падышла (а хлопец і не ўцякаў, бо віны за сабой не ведаў), схапіла за каўнер, падцягнула бедака да берага і штурхнула... Сёмка плюхнуўся побач з сябрам.

— Паглядзіце на іх! Кавалеры знайшліся! — крычала тым часам Ванда. — Шчанюкі шалудзівыя! Патаплю! Абодвух!

Дзяўчына і сапраўды падабрала на беразе жэрдку і разоў колькі адпіхнула «плыўцоў» ад берага.

— За што ты іх? — спытала ў Ванды суседка, што падышла якраз з корабам бялізны.

— Яны ведаюць, — адказала дзяўчына, забрала свае рэчы і рушыла дамоў.

— Вылазьце! — скамандавала хлопцам цётка. — А то пахварэеце... Ваду ад страху не сапсавалі? Бо мне ж тут адзежу мыць... І вы сваю павыкручвайце, вадалазы няшчасныя.

...Вось так Мішка Дзятлік стаў Мішкам Вадалазам.

Паходжанне новай мянушкі не магло не зацікавіць участковага. Ён адразу наведаўся да Ванды, прапанаваў напісаць заяву на свайго крыўдзіцеля.

Дзяўчына адмовілася: сказала, што яна сама, без міліцыі, каго хочаш пакрыўдзіць.

Аднак участковы (на той час малады-нежанаты) гэтага, відаць, не спужаўся, бо яго матацыкл усё часцей і часцей стаў спыняцца каля хаты дзядзькі Якуба.

Ніна Кандрашонак,

г. Петрыкаў.


Рой, але ж ці той?

Жыццё — нібы ў казцы: чым далей — тым страшней. Цяпер, кажуць, вос шмат развялося, могуць так чалавека пакусаць, што ніякі доктар не дапаможа! І па вуллях шастаюць, пчол ядуць, а што недаелі, носяць сваім асянятам.

Гэта адзін пчаляр расказваў — па тэлевізары. Але ж не ўсе яго глядзяць, не ўсе розных ворагаў баяцца. Тая ж Нінка, напрыклад (за вочы яе Ніньдзяй завуць, бо розумам амаль не карыстаецца, не думае, што казаць, што не казаць, што рабіць, што не...).

Дык вось пайшла яна неяк у свой агарод — чуе гул у малінніку. Глянула — рой... Невялікі: памерам і формай, — можа, з талерку. «Мусіць, не ўвесь яшчэ прыляцеў? — сцяміла Ніна. — Зараз іншыя пчолы «падцягнуцца», а я тут як тут: здыму гэтую «талерачку» і адсаджу». (Куды канкрэтна — яна пакуль не думала, проста мядку карцела, прычым задарма, бо рой жа сам прыляцеў.)

Хацела глянуць на яго бліжэй — залётныя абурыліся. Асобныя — дык і што: «адарваліся» ад іншых і ў наступленне...

Ніна таксама пайшла, нават пабегла — нешта апранаць.

На ногі нацягнула гумовікі, на галаву і вушы — вязаную шапку, на плечы — плашч-дажджавік з капюшонам на завязках... Граблі з сабой узяла — рушыла ў бок малінніку.

«Пчолы» быццам чакалі яе: дружна так загулі, узляцелі, палезлі ў вочы.

Ніна зноў уцякла: вырашыла паклікаць Веру, сваю суседку.

Тая, бедная, толькі з могілак прыйшла — уся ў расстроеных думках... На акно сваё азірнулася, — хтосьці ў чорным... З касой... Тут хоць-нехаць пра смерць падумаеш!

Але ж самлець жанчына не паспела — пачула, што пад дзвярыма Ніна крычыць: не бойся, маўляў, выходзь! У маліннік рой прыляцеў... Калі разам адсадзім, дык разам і мядку паядзім... Толькі ты апраніся... І вілы вазьмі.

Грэх суседцы адмовіць, — Вера паслухала.

Удзвюх, як дзве здані (адна худая з граблямі, другая тоўстая з віламі, у доўгіх балахонах з капюшонамі), жанчыны пайшлі на «рой».

— Слухай, на пчаліны ён не падобны, — здалёк усумнілася Вера. — Можа, гэта восы?

— Баязліваму і корч — мядзведзь! Лезем! — загадвае смелая Ніна.

Мусіць, думала, што «пчолы» іх спужаюцца... Ажно не: суседкі ледзьве ўцяклі!

Вырашылі спецыяліста да справы падключыць. Ніна па мабільным мясцоваму пчаляру пазваніла, папрасіла, каб прыйшоў, каб рыштунак узяў...

Той жанчынам не адмовіў, а на месцы пасля «разведкі» апрануўся як след, зарадзіў свой дымар, зняў тую «талерку» — пасадзіў «пчол» у скрынку. Сказаў яшчэ, што з гэтага рая... нічога, маўляў, не атрымаецца, што вос трэба знішчаць.

— А воечкі! — завохкала Ніна, — Я ж так мядку свайго хацела, я ж так на яго спадзявалася!..

Завесці пчол тым разам не атрымалася. А вось веды жанчына набыла — практычныя, без рознай там доўгай падрыхтоўкі: яшчэ адзін рой прыляціць і ўжо тады...

Вы там, калі ласка, асцярожней каля сваіх маліннікаў!

Соф'я Кусянкова,

Рагачоўскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.