Вы тут

Школьныя абеды могуць быць здаровымі і смачнымі


«Наша задача — накарміць дзяцей як дома»

У «Звяздзе» ад 20 красавіка было апублікавана інтэрв’ю з намеснікам камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Глебам Лаўрыновічам аб выніках рэалізацыі пілотнага праекта па арганізацыі школьнага харчавання ва ўстановах адукацыі Мінска. Літаральна на другі дзень мы накіраваліся ў сталічную гімназію № 13, якая адной з першых уключылася ў гэты праект. Што нядзіўна: гімназія-наватар імкнецца заставацца на перадавых пазіцыях. Кіраўніцтва і педагагічны калектыў гімназіі — за любую разумную навінку. «Але не за навінку дзеля навінкі, а за тое, што можа палепшыць адукацыйны працэс», — удакладняе дырэктар установы адукацыі сенатар Марына Ілына.

Свежая, духмяная, карысная —  такую выпечку гатуюць для дзяцей кожны дзень.Свежая, духмяная, карысная —  такую выпечку гатуюць для дзяцей кожны дзень.

На момант нашага прыезду ў гімназіі было ціха — ішлі ўрокі. Да вялікага перапынку, калі дзеці абедаюць, заставалася хвілін пятнаццаць. Мы вырашылі скарыстацца гэтай паўзай і наведаць самае «смачнае» месца — харчаблок, ці, як прывыклі яго называць дзеці, — школьную сталоўку. Суправаджала нас у гэтай экскурсіі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Анастасія Баранава.

У сталовай панавалі звыклыя гукі і пахі. Група вучняў у поўнай «баявой» амуніцыі —шапачках, фартухах і пальчатках — аб чымсьці ціха гутарылі, чакаючы адмашкі накрываць на сталы.

— Гэта дзяжурныя, мае памочнікі, — распавядае Анастасія Яўгенаўна. — Штодня мы адкрываем дзяжурства ў восем раніцы, з лінейкі. Дзяжурныя змяняюцца кожны дзень. За 10–15 хвілін да канца ўрока яны ідуць у сталовую, на свае працоўныя месцы, каб накрыць сталы. І прыбіраюць іх, калі гімназісты ўжо паядуць. Дзяжурства дзецям падабаецца. Я ж з задавальненнем назіраю, як яны працуюць, — сур’ёзна і адказна.

І вось справа зроблена, сталы накрыты. Сёння на абед у гімназіі грэчка, сасіскі, салата са свежых памідораў і кампот з цытрусавых. Празвінеў званок, і сталовая хутка напоўнілася дзецьмі. Мяркуючы па інтэнсіўным бразганні сталовых прыбораў аб талеркі, апетыт яны ўжо нагулялі.

— Мы так і разлічылі графік харчавання, каб дзеці да часу прыёму ежы паспелі прагаладацца, з’елі ўсё і з апетытам, — усміхаецца мая суразмоўніца.

— Смачна? — пытаемся ў школьнікаў. У адказ яны дружна ківаюць і паказваюць вялікі палец.

Пакуль гімназісты з задавальненнем паглынаюць абед, мы разважаем аб культуры харчавання.

— Харчовыя звычкі, якія атрымліваюць у дзяцінстве, захоўваюцца да канца жыцця, —кажа Анастасія Яўгенаўна. — Нам важна ў школе стварыць такое асяроддзе, якое б дапамагло прывіць вучням разуменне таго, што ёсць правільнае харчаванне. Харчаблок гімназіі працуе па адзіным двухтыднёвым меню. Падабраныя ў ім стравы, на мой погляд, нават больш карысныя і збалансаваныя, чым хатнія. Калі гаспадыня, імкнучыся надаць ежы большы смак і водар, выкарыстоўвае розныя прыправы і спецыі, то ў стравы для школьнікаў мы не дадаём нічога, акрамя солі.

Я заўважаю, што на сталах няма першага.

Марына Ільіна са сваім намеснікам Анастасіяй Баранавай.

— Вельмі вялікі працэнт дзяцей супы не ядуць, — тлумачыць намеснік дырэктара. — Але гэта не значыць, што яго няма ў меню. Мы варым першыя стравы, але пад заказ — на тую колькасць рабят, якія з’ядуць іх гарантавана.

У пацвярджэнне гэтых слоў да раздатачнай падыходзіць юнак і просіць наліць яму малочны суп, які сёння ў меню.

— Нарэшце мы адаптавалі пералік страў да смакавых прыхільнасцяў дзяцей, — працягвае Анастасія Яўгенаўна. — Ажыццявіць гэта нам дапамагло новае кухоннае абсталяванне. Дзякуючы параканвектаматам ежа набывае зусім іншую якасць. Мы перасталі пячы — кухары гатуюць на пары, вараць, тушаць, запякаюць. І ўсё гэта атрымліваецца не толькі карысным, але і надзіва смачным. У нас нават не вельмі ўпадабаная дзецьмі паравая гародніна расхопліваецца як гарачыя піражкі.

Дарэчы, аб піражках. Каля буфета сабралася невялікая чарга.

— Няўжо не наеліся? — здзіўляюся я.

— Сёння аўторак, а гэта значыць, кухары прыгатавалі найсмачнейшую піцу. Ёсць і разнастайная салодкая выпечка, але яна прадаецца кожны дзень. Піцу пякуць раз на тыдзень. І яна настолькі прыйшлася дзецям даспадобы, што яны аўторкі чакаюць з нецярпеннем.

Уся выпечка тут гатуецца таксама ў параканвектаматах. Так што можна не турбавацца аб здароўі дзяцей.

Сталовая паступова пусцее, і дзяжурныя прымаюцца за прыборку. Адходаў практычна няма, а гэта значыць, што кухары спрацавалі на «дзясятку». Чарговы раз.

— У гімназіі навучаецца 1200 чалавек, — падводзіць вынік намеснік дырэктара. — Ахоп дзяцей гарачым харчаваннем — стапрацэнтны. Якасцю і падборам страў задаволены дзеці і іх бацькі. Гэта той вынік, якога мы дабіваліся.

Звініць званок на чарговы ўрок, і ў школе на 45 хвілін зноў усталёўваецца цішыня. Прыдатны час, каб даведацца пра ацэнку пілотнага праекта ў прыватнасці і рацыёну школьнікаў у цэлым у кіраўніка ўстановы адукацыі.

— Сёння для мяне як для дырэктара гімназіі пытанне харчавання дзяцей адно з прыярытэтных. Бо гаворка ідзе аб падрастаючым пакаленні. Таму, калі эксперымент па школьным харчаванні толькі пачалі запускаць і ў нас спыталі, ці не зможам у ім паўдзельнічаць, мы адказалі, што не проста зможам, а вельмі жадаем. Наша імкненне віталі і Міністэрства адукацыі, і Мінгарвыканкам — там добра ведаюць гімназію і тое, што наша ацэнка будзе максімальна сумленнай і справядлівай, — расказала Марына Іьіна.

Пераацаніць значнасць праекта, на думку кіраўніка ўстановы, цяжка. Бо харчаванне дзяцей — гэта сацыяльна значны напрамак. І іх здароўе шмат у чым вызначае правільны, збалансаваны набор прадуктаў у меню, а таксама тое, як гэтыя прадукты прыгатаваны. Калі дзіця сытае і здаровае — лепш успрымае не толькі школьную праграму, але і з задавальненнем удзельнічае ў іншых мерапрыемствах.

— Нагрузка на вучняў гімназіі каласальная, — працягнула дырэктар. — І гэта не таму, што мы іх так нагружаем. Яны самі працуюць на вынік: апроч асноўных заняткаў нашы навучэнцы наведваюць факультатывы, аб’яднанні па інтарэсах. Актыўна займаюцца спортам, удзельнічаюць у алімпіядах рознага ўзроўню і перамагаюць. Таму здаровае і паўнавартаснае харчаванне — не даніна модзе, а жыццёвая неабходнасць.

У рэалізацыі праекта па арганізацыі школьнага харчавання ўдзельнічалі некалькі ведамстваў краіны: Міністэрства адукацыі, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Міністэрства аховы здароўя. Было ўцягнута шмат спецыялістаў, на набыццё сучаснага абсталявання затрачаны немалыя бюджэтныя сродкі. «Мы таксама не засталіся ўбаку — супрацоўнічалі з работнікамі камбіната школьнага харчавання. Уносілі свае прапановы і ацэньвалі меню. Вялікую тлумачальную работу праводзілі з дзецьмі. Расказвалі ім аб здаровай ежы, аб тым, што яна можа быць не толькі карыснай, але і смачнай, а стравы з яе — прывабнымі, — дадала Марына Ільіна. — Гэта таксама вельмі важна. Мы падымалі гэту тэму на класных гадзінах, уроках здароўя, наладжвалі выставы і кірмашы карысных страў. Усё гэта спрацавала на вынік, лічу, максімальна добры. Эксперымент паказаў, што школьнікаў можна карміць якаснай, здаровай і смачнай ежай. І, што немалаважна, пры гэтым улічваць іх перавагі. Наша задача — накарміць дзяцей як дома. І з гэтым выдатна спраўляюцца кухары харчаблока».

З асаблівай цеплынёй Марына Аляксандраўна адгукаецца аб загадчыцы вытворчасці Святлане Мацкевіч:

— Мама траіх дзяцей пра тое, як і што яны павінны есці, ведае не па чутках. Святлана Васільеўна сама падабрала кухараў і стварыла такія ўмовы, што яны не адзін год працуюць зладжанай і гарманічнай камандай. Гатуюць ад душы. І дзеці гэта цэняць. А яшчэ — утульную, амаль хатнюю атмасферу школьнай сталовай, дзе іх сустракаюць усмешкай, добрым словам і смачнай ежай. Таму працаўнікі харчаблока для іх — не безаблічныя кухары і буфетчыцы, а цёця Света, цёця Іра...

— Фактычна яны — работнікі камбіната школьнага харчавання, — кажа Марына Аляксандраўна. — Але для мяне яны і нашы работнікі таксама. Мае функцыі як кіраўніка, вядома, назіраць. Але чалавечыя ўзаемаадносіны не менш важныя. Яны для калектыву гімназіі не чужыя, таму абавязкова віншуем працаўнікоў харчаблока з асабістымі святамі. А напярэдадні 8 Сакавіка з самай раніцы я на кухні з букетамі кветак і абавязкова цёплымі, шчырымі словамі падзякі і віншаванняў. Калі ў іх узнікаюць пытанні ці здараюцца праблемы, дапамагаю іх вырашаць. Як любому члену нашага калектыву.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД


Паўнавартасны абед на перапынку

Згодна з рэкамендацыямі, прыём ежы адбываецца праз 2,5 гадзіны пасля пачатку заняткаў. Галоўны акцэнт зроблены на рацыёне. З’явіліся новыя стравы, якія прайшлі апрабацыю ў ходзе рэспубліканскага пілотнага праекта і ўключаны ў тэхналагічныя зборнікі.

Сярэдняя школа ў аграгарадку Путрышкі прасторная і сучасная, хоць і пабудавана амаль паўстагоддзя таму. Такі праект у Гродзенскім раёне не тыпавы — падобных усяго некалькі. Штогод вядзецца рамонт. Летась, напачатку новага навучальнага года, асаблівая ўвага аддавалася абсталяванню харчовага блока і сталовай.

У школе займаюцца 217 вучняў, і ўсе ахоплены харчаваннем. Абеды бясплатныя, але гэта не адзіны фактар наведваць школьную сталоўку. Па словах Зінаіды Мельнічак, якая адказвае за школьнае харчаванне, дзецям падабаецца новы рацыён з незвычайнымі назвамі. Напрыклад, марскія нагетсы, мітболы з сырам (з курынага філе), тварожныя шарыкі, запяканка «дзень-ноч». Нечаканым вынікам эксперымента стала ўвядзенне ў рацыён супоў.

— Да верасня мінулага года ў нас не варылі супы. Але практыка паказала, што дзеці не адмаўляюцца ад іх. Вядома, ёсць выпадкі, калі той ці іншы вучань не хоча есці, напрыклад, гарохавы суп, хоць іншыя ядуць з задавальненнем. Між тым заўсёды ёсць магчымасць перагледзець меню. Калі мы бачым, што тая ці іншая страва не вельмі падабаецца і большасць ідзе ў адыходы, звяртаемся да тэхнолагаў і кажам, што такая ежа не ў прыярытэце. Тады страва замяняецца, — расказала Зінаіда Мельнічак.

Ежа гатуецца згодна з тэхналагічнымі картамі, якія складае спецыяльная група, яна працуе пры аддзеле адукацыі райвыканкама. Тут распрацоўваюцца прыкладныя рацыёны на два тыдні для ўсіх школ раёна. Меню складаецца ў адпаведнасці з рэкамендацыямі рэспубліканскага зборніка, які выпушчаны па выніках пілотнага праекта. Разам з тым, школам даецца свабода ў выбары найбольш аптымальных графікаў арганізацыі харчавання.

На думку Зінаіды Мельнічак, патрабаванні да школьных абедаў узраслі. Дадзенае пытанне праходзіць пастаянны маніторынг у КДК. Неаднаразова праблема разглядалася і на ўзроўні ўрада. Гэта апраўдана, бо правільны прыём ежы з’яўляецца важным складнікам здароўя дзяцей.

— Сутнасць эксперымента яшчэ і ў тым, што школьнікам 5–11 класаў прапануецца паўнавартасны абед. У яго ўваходзіць салата, суп, гарнір з рыбнай альбо мясной стравай, напой. Гэта вельмі якасная трапеза, — лічыць суразмоўца.

Некалькі гадоў таму школа набыла параканвектамат, які дазваляе гатаваць ежу з захаваннем карысных рэчываў. Дарэчы, усе школы Гродзенскага раёна сёлета будуць забяспечаны параканвектаматамі.

А вось пельмені з кетчупам і хот-догі ў Путрышскай школе не прапаноўваюць. Лічаць, што школьнікаў трэба прывучаць да здаровага харчавання на пастаяннай аснове. Гэту пазіцыю падтрымліваюць і бацькі вучняў. Значную работу праводзіць школьны савет па харчаванні, які прымае меры па фарміраванні культуры харчавання, праводзіць анкетаванне дзяцей і бацькоў. Як правіла, істотных заўваг няма, абсалютная большасць задаволена станам, які склаўся ў выніку эксперымента.

Новы падыход у харчаванні прадугледжвае большы аб’ём ужывання ў рацыёне садавіны і агародніны. Значную дапамогу школе ў гэтым аказвае мясцовая гаспадарка — вучэбна-вопытны сельскагаспадарчы кааператыў «Путрышкі». Усе віды агародніны і садавіны, якія тут вырошчваюць, паступаюць на стол школьнікаў у выглядзе салатаў альбо гарніраў. У гаспадарцы адгукаюцца на просьбы школы. Напачатку эксперымента з дапамогай СВК «Путрышкі» закуплены новы посуд. Дарэчы, прадпрыемства па выніках мінулага года вызначана найлепшым па эканамічных паказчыках і занесена на Рэспубліканскую дошку Гонару.

Субяседніца звяртае ўвагу і на прафесіяналізм кухараў. Бывае, што меню тое ж самае, але ў розных школах гатуецца па-рознаму. У Путрышках, кажа жанчына, усе стравы вельмі смачныя. У цэлым, адзначае Зінаіда Мельнічак, эксперымент можна лічыць удалым, бо вучні пачалі лепш есці. Колькасць адходаў зменшылася, аб чым сведчаць штодзённыя запісы ў спецыяльнай кнізе. Ды і самі дзеці пачынаюць лепш разумець важнасць здаровай ежы.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.