Вы тут

«Міхасёвы прыгоды» у Коласавым доме


6 чэрвеня ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Мінску пройдзе фестываль дзіцячай кнігі.


Пра тое, якім будзе новае свята прыгожага пісьменства, і ішла гаворка напярэдадні ў Коласаўскім музеі. Варта нагадаць, што фестываль "Міхасёвы прыгоды«праводзіцца не ўпершыню, а стаў добрай традыцыяй вядучага літаратурнага музея краіны. Сярод арганізатараў адмысловага творчага праекта — Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», кнігарня «Акадэмкніга». 

— Па традыцыі падчас фестываля, на які мы запрашаем школьнікаў, юных чытачоў і іх бацькоў, несумненна, будзе гучаць Коласаўская тэма, — падзялілася меркаваннямі дырэктар музея Ірына Мацяс. — Адным з першых мерапрыемстваў стане сустрэча гасцей, удзельнікаў з унучкай пісьменніка Марыяй Міхайлаўнай Міцкевіч, якая шмат гадоў выступае ў друку па тэме коласазнаўства, і якая раскажа пра сам Дом Коласа, пра сям’ю паэта, яго блізкае атачэнне, пра тое, якія жыццёвыя, грамадскія калізіі сталі асновай многіх твораў народнага песняра. 

Дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч звярнуў увагу на тое, што ў апошнія тры-чатыры гады, у прыватнасці, у «Звяздзе» пабачыў шэраг кніг Якуба Коласа. Гэта — і чатыры выданні «Беларускіх народных казак у апрацоўцы Якуба Коласа», і дзве кнігі з раздзеламі з неўміручай паэмы «Новая зямля» — «Летнім часам» і «Каляды» з ілюстрацыямі таленавітага сучаснага кніжнага графіка Лізаветы Жванія, а таксама «Міхасёвы прыгоды», у афармленні якіх выкарыстаны ілюстрацыі мастака Анатоля Волкава да першага выдання паэмы. «Усе гэтыя выданні, якія, між іншым, даволі хутка разыходзяцца на беларускім кніжным рынку,— заўважыў Алесь Мікалаевіч, — мы абавязкова прадставім да ўвагі ўдзельнікаў фестываля...» 

Дырэктар кнігарні «Акадэмкніга» Вольга Глухоўская звярнула ўвагу на тое, што вопыт рэалізацыі кніг ў іх краме паказвае: творы Якуба Коласа трэба часцей выдаваць масавымі тыражамі, у добрым мастацкім афармленні. Гэта варта рабіць з разлікам не толькі на юнага, але і на дарослага чытача. 

На фестывалі «Міхасёвы прыгоды» аматараў чытання чакаюць сустрэчы з дзіцячымі пісьменнікамі Аленай Стэльмах, Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, Ірынай Карнаухавай, Міхасём Пазняковым, Валянцінай Драбышэўскай і іншымі паэтамі і празаікамі, якія большасць сваіх твораў адрасуюць хлопчыкам і дзяўчынкам. У праграме кніжнага свята па традыцыі — і сустрэча з кніжным графікам. Мяркуецца разгарнуць таксама выстаўку дзіцячых малюнкаў, прысвечаных творам сучасных дзіцячых пісьменнікаў Беларусі. Музейшчыкі, арганізатары фестываля «Міхасёвы прыгоды» абяцаюць правесці на тэрыторыі музейнай сядзібы і цікавы літаратурны квэст. Каб прайсці яго паспяхова — трэба ўважліва зазірнуць у творы народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. 

— Фестывалі дзіцячай кнігі, дзіцячага чытання — добрая традыцыя, — зазначыў на аргкамітэце чарговага Коласаўскага свята Алесь Карлюкевіч. — Такія імпрэзы варта арганізоўваць і на іншых літаратурных, музейных пляцоўках, а таксама ў бібліятэках краіны. Яшчэ ніколі не праводзіўся фестываль «Палескія рабінзоны». Ды і кніжныя фестывалі, так ці іначай звязаныя з творчасцю Івана Сяркова, Міхася Лынькова, Міхася Зарэмбы на Гомельшчыне, Віцебшчыне, Лагойшчыне, канешне ж, дадалі б цікавасці да беларускага слова, беларускай літаратуры ў юных чытачоў краіны. 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.