Вы тут

Выставачны праект «Рэпін і вучні» прадставілі ў Нацыянальным мастацкім музеі


Класічным мастацтвам, як заўсёды, радуе Нацыянальны мастацкі музей. Нядаўна ўвесь першы паверх галоўнага корпуса музея заняў выставачны праект «Рэпін і вучні», прымеркаваны да 180-годдзя выдатнага рускага мастака Ільі Яфімавіча Рэпіна (1844—1930). 


Зінаіда Серабракова «У балетнай грымёрнай», 1967 г

Майстар і вучні 

Творчая спадчына знакамітага мастака надзвычай багатая. Ілья Яфімавіч выступаў як майстар гістарычнай і бытавой карціны, партрэтыст, цудоўны графік, мемуарыст і настаўнік, які выхаваў цэлую плеяду выдатных майстроў рускага мастацтва, адзначаюць у музеі. Усяго ў спісе мастакоў, якія праходзілі навучанне ў Рэпіна, значыцца 169 імёнаў. 

У 1894 годзе Ілья Рэпін увайшоў у выкладчыцкі састаў Вышэйшага мастацкага вучылішча ў якасці прафесара-кіраўніка майстэрні жывапісу. На гэтай пасадзе заставаўся практычна чатырнаццаць гадоў, да 1907 года. Да таго ж з 1894 да 1898 года выкладаў у прыватнай мастацкай студыі, якую фінансавала яго блізкі сябар, грамадскі дзеяч, мастак-эмальер, мецэнат і калекцыянер Марыя Ценішава. Выкладчык Рэпін імкнуўся раскрыць тыя ці іншыя таленты мастака-пачаткоўца, развіць яго здольнасці, дапамагчы знайсці ўласны шлях. Яму гэта, бясспрэчна, удавалася. Сярод вучняў Ільі Рэпіна — Філіп Малявін, Ганна Астраумава-Лебедзева, Валянцін Сяроў, Барыс Кустодзіеў, Канстанцін Вяшчылаў, Ісаак Бродскі і многія іншыя таленты, малавядомыя і знакамітыя творы якіх прадстаўлены на выстаўцы ў Нацыянальным мастацкім музеі. Усе экспанаты — са збору НММ і Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Дапаўняюць экспазіцыю ілюстраваныя выданні з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Куратарам выступае супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Ала Васілеўская. Выстаўку «Рэпін і вучні» можна ўбачыць да 16 чэрвеня. 

Як тое было

Асобная частка выставачнага праекта — вытрымкі з успамінаў вучняў і людзей, якія блізка ведалі Ілью Рэпіна, а таксама цытаты самога мастака. Як правіла, згадкі пра творцу лаканічныя і супярэчлівыя. Такім, відаць, і быў геній. Так, ёсць звесткі, што Рэпін амаль ніколі не папраўляў работы вучняў, а часцей за ўсё абмяжоўваўся кароткімі заўвагамі. Між тым час ад часу ўзрушаўся і мог прачытаць міні-лекцыю. Пераменлівасць майстра адзначала, напрыклад, Ганна Астраумава-Лебедзева: «Да сваёй выкладчыцкай справы ставіўся добрасумленна, але часта быў няроўны. 

То так вылаецца, раскрытыкуе работу, хоць пад зямлю праваліцца, а то пачне так хваліць, што стаіш чырвоная і хочацца заплакаць, думаючы, што ён смяецца». 

Сапраўды, ва ўспамінах сучаснікаў Ілья Рэпін часам паўстае запальчывым, імпульсіўным, аднак гэта толькі адзін бок медаля. Ён хваліў і крытыкаваў, радаваўся і быў халодны да некаторых спроб вучняў… Але, галоўнае, дазваляў кожнаму развівацца ў абраным кірунку. «Ён быў да краю просты і ласкавы з усімі, хто прыходзіў да яго па параду, асабліва беражліва і з любасцю ставячыся да падрастаючага пакалення. Вось чаму памяць пра яго з такой пяшчотай захоўваем у сваіх сэрцах мы, яго вучні, нават тыя з нас, хто, схіляючыся перад яго гіганцкім дарам і творчай воляй, не лічылі яго такім жа бліскучым педагогам, якім ён быў мастаком. Педагогам Рэпін не быў, затое ўсё ж быў вялікім настаўнікам», — меркаваў Ігар Грабар. 

Сігізмунд Юркоўскі «І. Я. Рэпін»,  1890-я гг.

Вядома, што Ілья Рэпін называў сябе «рабом натуры» і заклікаў вучняў сачыць за прыродай, вучыцца ў яе. Маляваў ён увесь час і ў любых умовах —
заўважалі яго ў працэсе работы над творам і ў трамваі ці экіпажы, і ў тэатры. «Падчас заняткаў Рэпін падрабязна знаёміў нас са сваім творчым метадам, прычым рабіў гэта заўсёды наглядна. Ён пісаў разам з намі тую ж натуру, якую штудзіравалі мы. Перш чым узяцца за працу, дапытліва вывучаў натуру, яе характар і заўсёды працаваў усхвалявана, з творчым уздымам. З вучнямі Ілья Яфімавіч размаўляў проста, сардэчна, мова яго адрознівалася глыбокай шчырасцю і прастатой. Нас уражвала незвычайная працаздольнасць Рэпіна, яго ненасытная любоў да творчасці», — успамінаў Юлій Бяршадскі. 

Дасягнуць праўдзівасці 

Маштабная часовая экспазіцыя Нацыянальнага мастацкага музея аб’ядноўвае як упэўненыя самастойныя работы, так і спробы майстроў-вучняў Ільі Рэпіна розных гадоў. Сярод аўтараў — Барыс Кустодзіеў, які, безумоўна, стварыў свой яркі ідэалізаваны свет, блізкі да рускай народнай творчасці. Дарэчы, у свой час мастак удзельнічаў у сумесным напісанні знакамітага палатна Ільі Рэпіна «Урачыстае пасяджэнне Дзяржаўнага савета 7 мая 1901 года ў дзень стагадовага юбілею з дня яго заснавання» (1903). На выстаўцы «Рэпін і вучні» прадстаўлена копія з аднайменнай карціны пэндзля Барыса Міхайлавіча, створаная ў тым жа годзе, а таксама яго карціны «Вясковая дзяўчынка» (1903), «Венецыя» (1907), «Сцэна каля акна» (1921) ды іншыя. 

Валянцін Сяроў «Адчыненае акно. Бэз»,  1886 г.

І сёння ўражвае творчая спадчына Філіпа Малявіна, якая сведчыць пра вялікі дар мастака, яго яркую індывідуальную манеру. Першапачаткова ён вучыўся іканапісу і быў паслушнікам у манастыры святога Панцеляймона. Падчас вучобы і пасля працаваў на стыку мадэрну, імпрэсіянізму і экспрэсіянізму, што было не даспадобы акадэмічнаму таварыству. Аднак Ілья Рэпін абараняў яго ад нападкаў калег, верыў у талент і энергію творцы. Прыгадваецца гісторыя з карцінай Філіпа Малявіна «Бабы» (1899), якая выклікала непаразуменне з-за неадпаведнасці канонам. Ілья Рэпін заступіўся за вучня, і ў рэшце рэшт работа атрымала залаты медаль на Сусветнай парыжскай выстаўцы. У фондах НММ яе, вядома, няма, затое прысутнічаюць «Баба ў сарафане» (1900-я),«Старая» (1915), «Аўтапартрэт. Два накіды» (1900-я), «Стары манах» (1890-я) і «Хлопчык на мядзведжай шкуры» (1897). 

Філіп Малявін «Хлопчык на мядзведжай шкуры», 1897 г.

Барыс Анісфельд «Змярканне ў алешніку», 1906 г. (?)

Ілья Рэпін «У верхнім ярусе тэатра»,  1876 г. (?)

Адным з самых любімых вучняў Ільі Рэпіна стаў Ісаак Бродскі. Цяжка сказаць, што іх аб’ядноўвала — усё ж жывапісцы былі непадобныя. Лічыцца, што Ісаак Бродскі прыцягнуў увагу выдатнымі здольнасцямі і апантанасцю мастацтвам — тым, што настаўнік больш за ўсё цаніў. Між тым мастацтвазнаўцы лічаць, што ўплыў Рэпіна выявіўся ў імкненні Ісаака Бродскага да прастаты, праўдзівасці, дакладнасці і строгасці ў перадачы натуры, у пагардзе да прыблізнасці, выпадковасці, фармальных рашэнняў. Гэта відаць і па некалькіх работах на выстаўцы: «Феерверк» (1913), «Ялта ўначы» (1913—1917), «Мацярынства» (1919). Дарэчы, паміж мастакі склаліся сяброўскія адносіны, якія працягваліся да самых апошніх дзён жыцця Ільі Яфімавіча. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».