Вы тут

Чаму ЗША захіснула хваля студэнцкіх пратэстаў?


Сотні амерыканскіх студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у дэманстрацыях у падтрымку Палесціны, арыштаваны як мінімум у 16 штатах. Аб гэтым паведаміў тэлеканал CNN. Паводле яго даных, студэнты пратэстуюць у больш як 20 універсітэцкіх гарадках, нягледзячы на пагрозы кіраўніцтва ВНУ. Раней кіраўніцтва Калумбійскага ўніверсітэта ў Нью-Ёрку пачало адхіляць ад вучобы студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у дэманстрацыях у падтрымку Палесціны. Паводле даных агенцтва Assocіated Press, паліцыя ЗША ўжо арыштавала больш за тысячу чалавек. Чаму Штаты захіснула маштабная хваля студэнцкіх пратэстаў?


Электрашокеры, газ і гранаты

Маштабныя пратэсты ў кампусах вядучых амерыканскіх універсітэтаў працягваюцца ўжо некалькі тыдняў. Дэманстранты выступаюць супраць дзеянняў Тэль-Авіва ў сектары Газа, а таксама патрабуюць ад кіраўніцтва ВНУ спыніць супрацоўніцтва з кампаніямі, якія вядуць бізнес з Ізраілем. Адміністрацыі ўніверсітэтаў называюць пратэсты незаконнымі і патрабуюць ад студэнтаў разысціся. Тым часам геаграфія пратэстаў пашыраецца, адзначае БелТА. Акцыі ўжо закранулі Калумбійскі, Гарвардскі, Ельскі, Нью-Ёркскі, Каліфарнійскі, Мічыганскі, Тэхаскі ўніверсітэты. Пратэсты таксама праходзяць у Масачусецкім тэхналагічным інстытуце, Эмерсан-каледжы, універсітэце ў Берклі і іншых ВНУ па ўсёй краіне.

Як правіла, пратэстоўцы праводзяць сядзячыя забастоўкі і дэманстрацыі, устанаўліваюць палатачныя лагеры. У асноўным акцыі маюць мірны характар. Аднак у шэрагу выпадкаў не абыходзіцца без сутыкненняў з паліцыяй. Пры гэтым вартавыя правапарадку пры разгоне пратэстоўцаў выкарыстоўвалі электрашокеры, слёзатачывы газ і светлашумавыя гранаты. У Тэхаскім універсітэце пратэстоўцаў разганяла конная паліцыя.

Аднак гэтыя меры толькі выклікаюць гнеўную рэакцыю з боку грамадскасці. Задушыць пратэсты такім чынам не ўдаецца. Прыклад — сітуацыя ў Калумбійскім універсітэце ў Нью-Ёрку. Кіраўніцтва ВНУ звярнулася ў паліцыю з просьбай разагнаць пратэстоўцаў і ліквідаваць палатачны лагер на тэрыторыі кампуса. Вартавыя правапарадку разагналі дэманстрантаў, аднак праз некалькі дзён палатачны лагер зноў быў устаноўлены. «Гэтая агідная тактыка запалохвання нічога не значыць у параўнанні са смерцю больш за 35 тысяч палесцінцаў. Мы не сыдзем, пакуль Калумбійскі ўніверсітэт не выканае нашы патрабаванні ці пакуль нас не выганяць адсюль сілай», — заявілі пратэстоўцы.

Днямі паліцыя ЗША штурмавала адзін з будынкаў Калумбійскага ўніверсітэта, які захапілі дэманстранты, паведаміла «Бі-бі-сі». Некалькі сотняў сілавікоў уварваліся ў «Гамільтан-хол» пры дапамозе платформы, што забяспечыла доступ у будынак праз вокны. Амерыканскія СМІ паведамляюць, што паліцэйскія арыштавалі каля 50 дэманстрантаў. Іх выводзілі з будынка са звязанымі рукамі і саджалі ў аўтобусы.

Па словах кіраўніка Калумбійскага ўніверсітэта Немат Шафік, якая падпісала ліст у паліцыю, пратэсныя дзеянні «ўзначальвалі людзі, не звязаныя з універсітэтам». Шафік дадала, што дэманстранты незаконна знаходзіліся ў будынку, які належаў універсітэту, і займаліся ў ім вандалізмам. Пра тое, што ў пратэстах бяруць удзел далёка не толькі студэнты Калумбійскага ўніверсітэта, казаў і мэр Нью-Ёрка Эрык Адамс. Паводле яго слоў, захоп «Гамільтан-хола» быў арганізаваны «знешнімі агітатарамі». Аднак адзін з арганізатараў акцыі пратэсту, палесцінскі вучоны Махмуд Халіл, які вучыцца ў Калумбійскім універсітэце, сказаў агенцтву Reuters, што чужынцаў падчас пратэстаў няма. «Гэта студэнты», — сцвярджае ён.

Калумбійскі ўніверсітэт стаў першым у ЗША, дзе пачаліся пратэсты супраць вайны ў Газе. 18 красавіка, на наступны дзень пасля таго як кіраўнік гэтай навучальнай установы дала паказанні ў Кангрэсе аб праблеме антысемітызму на тэрыторыі кампуса, колькасць пратэстоўцаў у лагеры рэзка ўзрасла.

Відэа для Белага дома

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што асуджае антысеміцкія пратэсты ў амерыканскіх універсітэтах: «Я асуджаю антысеміцкія пратэсты, таму я запусціў праграму, каб разабрацца з гэтым. Я таксама асуджаю тых, хто не разумее, што адбываецца з палесцінцамі». Усе астатнія пытанні ён пераадрасаваў сваёй прэс-службе. Прэс-сакратар Белага дома Карын Жан-П’ер, у сваю чаргу, спаслалася на кароткую заяву прэзідэнта, адзначыўшы, што антысемітызм уяўляе небяспеку, а любы гвалт на глебе нянавісці недапушчальны. Пры гэтым яна адмовілася каментаваць факты прымянення сілы ў дачыненні да пратэстоўцаў з боку паліцыі. Яна заявіла, што ў Белым доме бачылі відэа разгону дэманстрантаў, аднак гэтыя матэрыялы неабходна вывучыць. Прэс-сакратар лічыць, што толькі кіраўніцтва ВНУ павінна вырашаць, якія меры рабіць для ўрэгулявання сітуацыі з акцыямі пратэсту. Прапалесцінскія пратэсты пракаментаваў каардынатар па стратэгічных камунікацыях у Савеце нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі. Ён заявіў, што ўлады ЗША не жадаюць, каб нехта пацярпеў падчас мірных пратэстаў. «Аднак мы асуджаем антысеміцкія выказванні, аб якіх чуем апошнім часам», — дадаў Кірбі.

У той жа час амерыканскія СМІ са спасылкай на крыніцы паведамляюць, што на фоне пратэстаў плануецца скараціць колькасць выступленняў Байдэна ў навучальных установах краіны. Як паведамляе часопіс Newsweek, падтрымка прэзідэнтам ЗША Ізраіля ў вайне з ХАМАС выклікае негатыўную рэакцыю студэнтаў і выкладчыкаў ВНУ. Гэта можа ў канчатковым выніку адбіцца на электаральным рэйтынгу амерыканскага лідара. Варта ўлічыць, што маладыя выбаршчыкі з’яўляюцца ключавой групай для Дэмакратычнай партыі.

Былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп актыўна выкарыстоўвае тэму пратэстаў, каб абвінаваціць Байдэна ў тым, што ён дазволіў квітнець антысемітызму. Трамп параўнаў дэманстрацыі ў падтрымку Палесціны з маршамі ўльтраправых нацыяналістаў у Шарлотсвіле ў Фларыдзе ў 2017 годзе. «Шарлотсвіль — гэта „кветачкі“ ў параўнанні з беспарадкамі і антыізраільскімі пратэстамі, якія праходзяць па ўсёй краіне цяпер», — напісаў Трамп на сваёй старонцы ў сацсетцы Truth Socіal, каментуючы палітыку Байдэна. На думку былога амерыканскага лідара, Байдэн «кожны раз пасылае няправільныя пасланні» і не ведае, што рабіць.

Тым часам міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rіghts Watch абвінаваціла кіраўніцтва амерыканскіх універсітэтаў у празмерна жорсткай рэакцыі на студэнцкія дэманстрацыі, паведаміла ТАСС. «Рэакцыя кіраўніцтва некаторых універсітэтаў на пратэсты ў падтрымку Палесціны шакіруе. Менавіта гэтыя людзі павінны заахвочваць навучанне і дыскусіі, навучаючы наступнае пакаленне абараняць свае перакананні ў атмасферы павагі да асноўных свабод чалавека. Замест гэтага яны адказалі жорсткімі мерамі ў такіх навучальных установах, як Калумбійскі ўніверсітэт, Тэхаскі ўніверсітэт, універсітэт Эмары. Адбываюцца масавыя адхіленні ад заняткаў, высяленні з універсітэцкіх інтэрнатаў і затрыманні студэнтаў, выкладчыкаў, а таксама журналістаў, якія асвятляюць пратэсты», — адзначаецца ў заяве арганізацыі.

Human Rіghts Watch не адмаўляе, што падчас дэманстрацый мелі месца выпадкі праявы антысемітызму, аднак лічыць, што падобныя дзеянні ці выказванні, «зробленыя асобнымі асобамі», павінны расследавацца ў індывідуальным парадку. «Нельга проста так масава адмаўляць людзям у праве на мірны пратэст з-за таго, што нейкія асобныя асобы на пратэсце або побач з ім сказалі гнюсныя рэчы», — заўважыла Human Rіghts Watch.

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк выказаў занепакоенасць жорсткімі мерамі, прынятымі ў ЗША для падаўлення студэнцкіх пратэстаў супраць узброенага канфлікту ў сектары Газа. Ён назваў дзеянні праваахоўнікаў у некаторых універсітэтах непрапарцыянальнымі, нагадаўшы амерыканскім уладам аб неабходнасці захоўваць свабоду выказвання меркаванняў, паведаміла ТАСС. «Свабода выказвання меркаванняў і права на мірныя сходы маюць асноватворнае значэнне для грамадства — асабліва калі існуюць вострыя рознагалоссі па асноўных пытаннях, як, напрыклад, у адносінах да канфлікту на акупаванай палесцінскай тэрыторыі і ў Ізраілі», — адзначыў Цюрк.

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека нагадаў, што апошнія тыдні «тысячы студэнтаў амерыканскіх універсітэтаў пратэставалі супраць вайны ў сектары Газа». Буйныя дэманстрацыі прайшлі таксама ва ўніверсітэцкіх кампусах у іншых краінах. У шэрагу месцаў пратэсты «былі разагнаны або прыгнечаны» сіламі бяспекі«, сотні студэнтаў арыштаваны. Фолькер Цюрк падкрэсліў, што дзеянні ўніверсітэцкіх улад і праваахоўных органаў па абмежаванні такіх акцый не павінны заходзіць «далей таго, што відавочна неабходна для абароны правоў і свабод іншых асоб або для іншай законнай мэты, такой як падтрыманне грамадскага здароўя або парадку». Ён выказаў занепакоенасць тым, што «некаторыя дзеянні праваахоўных органаў у шэрагу ўніверсітэтаў аказваюцца непрапарцыянальнымі па сваім уздзеянні».

Ад Нью-Ёрка да Парыжа

Простыя амерыканцы хочуць, каб ЗША прыклалі намаганні для вырашэння блізкаўсходняй праблемы і перасталі патураць агрэсіўнай лініі Ізраіля. Аб гэтым заявіў пастаянны прадстаўнік Расіі пры ААН Васіль Небензя. «Хочацца верыць, што ў Вашынгтоне вырашаць не супрацьпастаўляць сябе сусветнай супольнасці, а аб’ядноўваць з ёй намаганні [для вырашэння блізкаўсходняй праблемы]. Гэтага жадаем не толькі мы, але і простыя амерыканцы», — адзначыў ён на пасяджэнні Генеральнай Асамблеі, прысвечаным вета ЗША на праект рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН аб прыняцці Палесціны ў якасці паўнапраўнага члена сусветнай арганізацыі. «Невыпадкова гэтымі днямі ў ЗША праходзяць масавыя выступленні студэнтаў, абураных патураннямі свайго ўрада агрэсіўнай лініі Ізраіля і пастаўкамі яму ўзбраенняў, з якіх забіваюць палесцінскіх жанчын і дзяцей», — падкрэсліў Небензя.

Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура падтрымаў выступленні амерыканскага студэнцтва супраць ізраільскай агрэсіі ў Палесціне і генацыду палесцінскага народа. «Моладзь як у 1960-я гады абудзілася, моладзь кажа: спыніце генацыд, спыніце вайну, ніводнага долара на знішчэнне палесцінскага народа», — заявіў Мадура ў прамым эфіры тэлеканала Venezolana de Televіsіon. Амерыканская моладзь таксама выступала супраць вайны ў В’етнаме, нагадаў ён. Прэзідэнт заўважыў, што на акцыі пратэсту выйшлі студэнты больш як 60 амерыканскіх універсітэтаў. Ён адзначыў, што прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху абразіў студэнтаў, «параўнаўшы іх выступленні з маніфестацыямі нацыстаў у фашысцкай Германіі». Мадура заклікаў урад і прэзідэнта ЗША Джо Байдэна «запатрабаваць ад Нетаньяху павагі да студэнцкай моладзі». «Ізраільскі рэжым знішчае палесцінскі народ, што і выклікае пратэсты моладзі. Моладзь усяго свету павінна выйсці на вуліцы, каб выкрыць генацыд Нетаньяху супраць палесцінскага народа і запатрабаваць неадкладнага міру», — падкрэсліў венесуэльскі лідар.

Тым часам эстафету студэнцкіх пратэстаў падхапілі еўрапейскія ВНУ. Так, у Францыі на мінулым тыдні студэнты Інстытута палітычных даследаванняў Scіences Po запатрабавалі ад кіраўніцтва ВНУ асудзіць дзеянні Ізраіля ў сектары Газа. Пратэстоўцы блакіравалі ўваход у корпус навучальнай установы і разбілі на тэрыторыі кампуса палатачны лагер. Удзельнікі акцыі пратэсту таксама заявілі, што адміністрацыя інстытута цісне на студэнтаў, якія выступаюць супраць ваеннай аперацыі Ізраіля ў Газе.

А ўжо на гэтым тыдні на пратэсную акцыю выйшлі студэнты ўніверсітэта Сарбона. Навучэнцы ўчынілі сядзячы пратэст насупраць уваходу ў навучальную ўстанову. Ва ўнутраным двары пратэстоўцы разбілі некалькі палатак. Сілавікі запатрабавалі ад студэнтаў спыніць акцыю. Аднак некаторыя дэманстранты адмовіліся сыходзіць. Пазней арганізатары пратэсту паведамілі, што паліцэйскія груба разагналі дэманстрантаў і прыбралі палаткі.

У сярэдзіне красавіка маніфестацыі ў падтрымку Палесціны прайшлі каля рымскага ўніверсітэта Сапіенца. Скончылася акцыя сутыкненнем з паліцыяй. Некалькі чалавек пацярпелі. Хваля студэнцкіх пратэстаў дакацілася і да Вялікабрытаніі. Студэнты Уорыкскага ўніверсітэта разбілі палаткі на тэрыторыі кампуса. Удзельнікі пратэсту заклікалі кіраўніцтва ўніверсітэта адмовіцца ад супрацоўніцтва з кампаніямі, якія вядуць бізнес з Ізраілем. Аналагічная акцыя прайшла ва Універсітэцкім каледжы Лондана.

Арганізатары пратэстаў у еўрапейскіх ВНУ заяўляюць, што прытрымліваюцца прыкладу студэнтаў з ЗША. Па іх словах, адзіны пратэсны рух ад Калумбіі і Нью-Ёрка да Парыжа і Сіднея дазволіць прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці да сітуацыі ў сектары Газа.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.