Вы тут

Сем вершаў пра Вялікдзень


«Радасць двайная ўсім хрысціянам і весялосць невымоўная свету дзеля свята, што сёння настала замест тугі таямніцы ранейшай. Гэтак, адправіўшы мужа ў дарогу, тужлівая жонка строгая з дзецьмі, але ж як вернецца муж нечакана — жонка весялосць невымоўную ўспрымае, і дзеці цешацца, абдораныя празмерна». Так паэтычна пачынаецца велікодная прамова святога Кірылы Тураўскага ў гонар свята, якое нашы продкі нездарма назвалі Вялікдзень — Уваскрэсенне Хрыстова. Не толькі ўзнёслыя словы пропаведзяў нарадзіў гэты дзень, але і радкі вершаў. Беларускія паэты знаходзілі непаўторныя вобразы, натхняючыся гэтым светлым святам... Давайце ж разам іх прачытаем.


«Ляжала шынка, як кадушка»

Надзвычай сакавіта апісана, як святкавалі беларускія сяляне сто гадоў таму Вялікдзень, у паэме, якую недарэмна называюць энцыклапедыяй беларускага жыцця, — «Новай зямлі» Якуба Коласа. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч згадвае падрабязнасці ўласнага дзяцінства: як у вялікую суботу прыбіралі хату і двор, прыбіраліся і мыліся самі, перад тым як ехаць да споведзі ў царкву; як неслі асвячаць «велікодныя дары», паклаўшы ў «кашы, каробкі, паўасьміны». І як маленькі Костусь адчуваў — уся прырода чакае Вялікадня:

«Звяры Вялікдзень чуюць, птушкі,

І хвоі гэтыя, і елі,

Ліхія людзі падабрэлі,

Бо святам Божым ўсюды вее;

З нажом разбойнік не пасмее

Залегчы ў лесе срэдзь дарогі,

Бо і заможны і убогі

Святы Вялікаднік святкуюць

І радасць ў сэрцы сваім чуюць».

А вось і вярнулася сям’я з усяночнай, «абрусам белым стол накрыты»... Памаліліся, селі за стол, «І гуртам яйкі ачышчаюць // І па кусочку іх бяруць, // Крыху падсольваюць, ядуць...» Ну а стравы велікодныя Коласам апісаныя так, што слінкі цякуць у чытача: «Ляжала шынка, як кадушка, // Румяна-белая пампушка, // Чырвона зверху, сакаўная, // Як бы агонь у ёй палае, // А ніз бялюткі, паркалёвы; // Кілбасы-скруткі, як падковы, // Між сцёган, сала і грудзінак // Красуе ўсмажаны падсвінак...»

Карацей, як напрыканцы раздзелу зазначае аўтар,

«Са смакам елі і багата —

На тое ж даў Бог людзям свята».

«Вясна ўжо на свеце, — Хрыстос уваскрос!»

Свой верш «Вялікдзень» Янка Купала напісаў у 1909 годзе, калі яшчэ наперадзе былі і перамога вызваленчага нацыянальнага руху, і ўзнікненне беларускай рэспублікі, і слава яе першага народнага паэта... Купала піша пра два святы: гэта Вялікдзень, Уваскрэсенне Хрыстова, і вясна — час адраджэння народа, сімвал вольнай, незалежнай Беларусі.

«Два святы на свеце — ад нівы да нівы:

Хрыстос уваскрос! Наступае вясна!

Глянь смела, глянь вольна, шчасліў, 

нешчаслівы.

І далей к жыццю з паніжэння і сна!

Гэй, гэй, на спатканне вялікіх двух святаў

Спяшыце супольна, хто ў путах не згніў!

Хай льюцца-зыльюцца ад хаты да хаты

У адно ўсе грамады, ўсе людзі ўсіх ніў!...

Вялікдзень! Вялікдзень! — ад нівы да нівы

Заводзіць бацькоў сваіх песеньку сын.

Зірні ж, азірніся, шчасліў, нешчаслівы.

І заўтра на поле да сох як адзін!

Дагэтуль мы плачам, 

дагэтуль мы стогнем,

Адвечных не можам пазбыціся слёз...

Наперад па шчасце! Хай злое ўсё дрогне,

Вясна ўжо на свеце,— Хрыстос уваскрос!»

«Я бачу, як святлее твой твар, мой родны краю»

Твор Купалы пра Вялікдзень стаў прычынай з’яўлення іншага твора. Радкі Купалы цытуе ў сваім вершы ў прозе «Хрыстос Уваскрос» Сяргей Палуян, малады крытык, які рана сышоў з жыцця, але паспеў праз свой літаратурны густ і гарачую любоў да Беларушчыны падтрымаць вартых аўтараў і вартыя творы.

«Радуйся, мой родны краю! Надзея, як жывучая вада, льецца ў тваю душу. Скора і ты ўваскрэснеш ад доўгага мёртвага сну. Вясна прыйшла і для цябе. Хрыстос Уваскрос!» — такім чынам, у вершы Сяргея Палуяна таксама побач з Уваскрэсеннем Хрыстовым гучыць тэма адраджэння народу.

«Я бачу, як святлее твой твар, мой родны краю. І, поўны сілы і веры, я крычу ўва ўсю моц тваім нівам, лясам і балотам, тваім панурым вёскам, тваім пакрыўджаным сынам:

— З вялікім святам віншую! З вялікім святам, Вялікі Беларускі Народ!

— Хрыстос Уваскрос!»

«Ішлі па небе продкі, як аблокі»

Рыгор Барадулін, таксама як і Колас, у творы пра Вялікдзень успамінае сваё дзяцінства. Як заўсёды, яго верш поўніцца сакавітымі беларускімі слоўцамі, падхопленымі на роднай Ушаччыне, ад маці Акуліны. Вялікдзень паэт называе на мясцовы манер Вялічкай:

«Прыходзіла Вялічка на сяло

З чырвоным яйкам, з белатварым сырам,

І сцежку, паднядзеленую жвірам,

Світанне лугам за руку вяло.

Іграла сонца, ажывала тло,

Свянцонка пахла злагадаю, змірам.

І ўсім малечым вачаняткам шчырым

Прысмакаў досыць на стале было.

Расло святло, надзея ўваскрасала.

З душы ўцякалі недавер і змрок.

І песняў валачобнікам хапала.

І сніўся падарожжу сон далёкі.

І адвячорак позніўся знарок.

Ішлі па небе продкі, як аблокі».

«І мама любіла вялікдзень»

Шчымлівы верш Алеся Пісьмянкова «Велікодны ўспамін» прасякнуты не толькі радасцю, але і светлым сумам. Паэт успамінае сваю маці, медсястру Марыю Сямёнаўну, з якой калісьці заўсёды святкаваў гэты светлы дзень у родных Бялынкавічах, на Магілёўшчыне:

«Я сёння, відаць, не засну —

Мой одум сірочы не знікне:

І мама чакала вясну,

І мама любіла Вялікдзень.

Звечара ў печы паліла,

Смажыла

Ды варыла.

Не гатавала,

А — чаравала,

Пры агні шчыравала.

Як сонца свяцілася ласкай

І грэла ўсіх любасць-спакой,

Якія ў Сямёнаўны пасхі!

Якія ў Сямёнаўны краскі.

Якую струну ні крану,

Зноў памяць балючая ўскрыкне:

Без мамы страчаю вясну,

Без мамы святкую Вялікдзень».

«Узыдуць кветкі прыгажосці, якая выратуе свет...»

Паэт Васіль Гадулька пры жыцці амаль нічога не надрукаваў, жыў на вёсцы, па рэдакцыях не хадзіў... Але яго вершы, якія захаваліся і былі апублікаваныя пасля смерці паэта, вельмі таленавітыя. Васіль Гадулька ўмеў углядацца ў навакольны свет, бачыць мудрасць і прыгажосць прыроды. Вось як апісвае ён Вялікдзень:

«Чаромхі куст расцвіў на ўзлеску.

У парку распусціўся бэз.

Прынёс Вялікдзень людзям вестку:

Хрыстос-пакутнік уваскрэс.

Як мар вясновы ў сэрцах росквіт,

як лепшай долі пасланцы,

куды ні глянь — пралескі ўроскід,

абапал сцежкі — дзьмухаўцы.

На радасць усяму ў прыродзе

па свеце крочыць белы май,

нагадвае: «Жывіце ў згодзе —

і там, дзе звіў гняздо адчай,

дзе блёкат хцівасці і злосці

труціў пачуццяў першацвет,

узыдуць кветкі прыгажосці,

якая выратуе свет...»

«Нам сонца булкай велікоднай...»

Паэт Віктар Шніп таксама атаясамлівае гэтае светлае свята найперш са сваім вясковым дзяцінствам, калі хадзілі ад хаты да хаты з песнямі валачобнікі, калі маці, Ніна Міхайлаўна, пякла булкі, якія паэт параўноўвае з сонцам.

«Вялікдзень — наш Вялікі Дзень.

Нам сонца булкай велікоднай

Плыве ў нябёсах, доўжыць цень

На сцежцы, што па вёсцы годна

Зноў валачобнікаў вядзе,

Што з песнямі ідуць святымі.

І ёсць Хрыстос сярод людзей

Нябачны, як агонь у дыме».

Няхай жа Вялікдзень для ўсіх, хто святкуе, будзе сапраўды светлым днём, калі душа цягнецца да дабра, калі так шчымліва ўспамінаюцца бацькі, родныя мясціны... «Цяпер сонца, красуючыся, да вышыняў узыходзіць і, радуючыся, зямлю сагравае... Сёння вясна красуецца, ажыўляючы зямную прыроду, і бурныя вятры, што ціха павяваюць, плады памнажаюць, і зямля, што насенне жывіць, зялёную траву нараджае», — казаў святы Кірыла Тураўскі, прыпадабняючы гожай вясне — веру, а зіме — бязвер’е. Хай жа красуецца на нашай зямлі вясна!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.