Вы тут

Ашмянская формула гандбольнага поспеху


Размовы аб тым, што развіццю дзіцячага спорту трэба ўдзяляць не меншую увагу, чым вышэйшаму спартыўнаму звяну, не сціхнуць ніколі. У адных выпадках размовы так і застаюцца тэмамі нарад, у іншых атрымліваюць практычнае ўвасабленне. Свежыя ідэя, пошукі нестандартных варыянтаў і новыя падыходы — тое, што ў рабоце з дзецьмі, як і ў спорце, ніколі не страціць актуальнасці. Але існуе і традыцыйная формула, якая даказала свой плён. Вялікага сакрэту няма. І, каб яго спазнаць, далёка ехаць не трэба, у Ашмяны. Тут ужо пяць дзясяткаў гадоў выхоўваюць гандбалістаў. Разбяром ашмянскую форумулу поспеху дэталёва.


Інфраструктура: ад пячнога ацяплення да палаца

Ашмянская дзіцячая школа гандбола — найстарэйшая ў краіне, дзейнічае з 1964 года. Для разумення: у Беларусі гандбол развіваецца з другой паловы 1950-х гадоў. Спорту ўсяго дзясятак гадоў, а ў невялікім горадзе ўжо рыхтуюць рэзерв. Няцяжка здагадацца, што тады ўмовы былі далёка не самыя камфортныя: будучыя гандбалісты трэніраваліся ў невялікім падвальным памяшканні, у вокны якога былі відаць ногі прахожых, абагравалася гэтая «зала» звычайнай печчу, вароты былі адны, на другія проста не хапала месца. У цёплую пару ратавала вуліца. Сёння, натуральна, гэта дзіўна ўявіць, бо Амшянская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа па гандболе дзейнічае на базе сучаснага і камфортнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу, адкрытага ў 2013 годзе. Аб’ект уключае камфортныя раздзявальні, прасторную светлую залу, трыбуны для гледачоў і ўсё, што трэба для спартсменаў і трэнераў.

Досвед і традыцыі: усё залежыць ад трэнера

Самы важны і самы цікавы элемент. Наўрад ці б дзеці хадзілі займацца ў цесную залу, калі б трэнеры не маглі іх зацікавіць. І ў гэтым майстар Віктар Браніслававіч Рамулевіч — прадстаўнік першага пакалення беларускіх гандбалістаў, заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, у працоўнай кніжцы якога адзін запіс «Ашмянская спартыўная школа», датаваны 1972 годам. З гэтым чалавекам неабходна пазнаёміцца бліжэй.

Пачалося ўсё са школьнай секцыі гандбола, якая замяніла секцыю валейбола. Што такое гандбол, у Ашмянах, канешне, ніхто не ведаў, але дзеці зацікавіліся. Затым у біяграфіі Віктара Рамулевіча была вучоба ў інстытуце фізкультуры і выступленне за каманду «Палітэхнік» — адзіную беларускую каманду, якая ў пачатку 1960-х удзельнічала ў вышэйшай лізе чэмпіянату СССР. «Гандбол толькі пачынаўся, і ніхто не ведаў, якім ён павінен быць. Мы гулялі, трэніраваліся, як умелі. Я са сваім ростам 1.73 выступаў за найлепшую каманду краіны. Сёння гандбалістаў ніжэй за два метры і не знойдзеш», — адзначае Віктар Браніслававіч. Гульнявая кар’ера Віктара Рамулевіча працягвалася ў Брэсцкім гандбольным клубе. Трапіў ён туды па запрашэнні Анатоля Мяшкова, чыё прозвішча носіць сёння клуб у горадзе над Бугам. «У Брэсце я прабыў тры месяцы, але жонка настаяла на вяртанні ў Ашмяны. Вярнуўся. Дома пачаў працаваць трэнерам. Тут не было ні футбола, ні валейбола, ніякіх іншых відаў спорту, таму дзеці на гандбол і пацягнуліся. Думаю, ім было са мной цікава. Бо я, ужо будучы трэнерам, пяць гадоў ездзіў у Мінск выступаць за СКА. У Ашмянах сам трэніраваўся і паралельна трэніраваў дзяцей. І мне гэта дапамагала, усе заданні, якія даваў дзецям, выконваў разам з імі», — успамінае Віктар Рамулевіч.

У гандбол у Ашмянах гулялі ўсе, хто хацеў. «Я не адмовіў нікому. Няхай сляпы, няхай глухі, няхай бязрукі — абы толькі быў заняты справай. Безумоўна, звяртаў увагу на рост, рукі, ногі. Рост у гандболе — фактар важны, але не заўсёды высокі гулец азначае добры гулец. Нават з невысокага хлопца можна выхаваць добрага гандбаліста, калі навучыць розуму. Вось я і вучыў. За ўсё жыццё ні аднаго чалавека з трэніроўкі не выгнаў, як бы дрэнна сябе ні паводзілі. Вельмі лёгка адбіць у дзіцяці жаданне і амаль немагчыма вярнуць яго. Асабліва шкадаваў дзяцей з нядобранадзейных сем’яў — яны адданыя і гатовыя біцца за каманду да апошняга. Выдатнікі, адораныя дзеці і на пляцоўцы добра разважаюць. Да кожнага свайго хлопца ставіўся з павагай. Але дысцыпліну трымаў жалезную, і сёння мае вучні, будучы ўжо дарослымі, пры мне не кураць, бо ведаюць, што, калі злаўлю, мала не здасца. Пры гэтым не лічу сябе жорсткім трэнерам, многае дарую», — разважае Віктар Браніслававіч.

Сучасныя дзеці, заўважае трэнер, далёка не такія, як былі раней, і зацікавіць іх спортам больш складана. Але рэальна. І першыя ў гэтым павінны быць школьныя настаўнікі фізкультуры. «Фізкультура — недаацэнены прадмет у школе, з яго ўсё пачынаецца. 

І настаўнікі фізкультуры павінны працаваць у цеснай звязцы з трэнерамі, яны ж першымі бачаць дзяцей і могуць адкрыць класнага спартсмена», — перакананы Віктар Рамулевіч. А далей ужо ўсё залежыць ад трэнера. Будзе трэнер сумленна працаваць — будзе вынік. Будзе трэнер сачкаваць — не будзе ніякага выніку, і тады не трэба вінаваціць спартсмена. Трэба ўмець знаходзіць кантакт з дзецьмі, выхоўваць сваіх спартыўных дзяцей як родных. І працаваць адказна. Я і сёння прыходжу на работу за паўгадзіны да трэніроўкі. Стаю ў вестыбюлі і гляджу, хто першы прыйшоў, хто — другі, хто — трэці. Вяду свой дзённік трэніровак, не той, які я абавязаны запаўняць (яго за дзве хвіліны запаўняю), а свой, дзе адзначаю і спазненні, і аб’ёмы работы, і дэталі трэніровак«, — расказвае Віктар Браніслававіч. А яшчэ трэнер павінен разумець, што для спартсменаў галоўнае. Па словах Віктара Рамулевіча, для гандбалістаў гэта гульні: «Спартсменам для таго, каб развівацца, трэба пастаянна гуляць, гуляць і яшчэ раз гуляць. Адзін матч замяняе 10 трэніровак. Толькі так можна атрымаць належны досвед. І каманда загартоўваецца не на трэніроўках, а ў гульнях. Калі спартсмен не будзе згуляны з камандай, не будзе спарынгаў, — аб якім развіцці можна казаць?!». Аднак разам са спартсменам павінен расці і ўзровень каманды, і, адпаведна, узровень гульняў. У Ашмянах, як і ў любым раённым цэнтры, алімпійскага чэмпіёна не выхаваеш, заўважае Віктар Рамулевіч. Таму дзіцячыя трэнеры вымушаны аддаваць сваіх вучняў вышэй — у вучылішчы алімпійскага рэзерву, дарослыя каманды, і, калі ўсё будзе добра, — у нацыянальную зборную. Гэта ў ідэале. Але ў рэальнасці нярэдка здольныя гандбалісты з заканчэннем сярэдняй школы (і адпаведна ДЮСШ) губляюцца, забываюць пра гандбол або проста не маюць магчымасці рэалізаваць свае здольнасці. Праблема старая як свет... Для Ашмян, напэўна, не самая вострая, але адчувальная. Віктар Браніслававіч Рамулевіч і яшчэ адзін знакаміты мясцовы знакаміты трэнер Вера Аляксееўна Мальцава выхавалі нямала здольных гандбалістаў. Але нямала іх выхавальнікаў і ў спорце сябе не рэалізавалі. 

«Дзіцячы трэнер — няўдзячная праца. Але мы разумеем, што павінны выхаваць спартсмена і аддаць яго далей, каб ён развіваўся. Канешне, хочацца, каб усе мае вучні перамагалі, я больш за ўсё люблю перамагаць, імя Віктар абавязвае. Таму мае каманды часцей перамагаюць, чым прайграюць. І я гэтым ганаруся. А яшчэ тым, што мая праца не засталася незаўважанай. Я, вясковы трэнер, — заслужаны трэнер Беларусі, трэнер вышэйшай катэгорыі. Атрымліваецца, не дарма займаўся сваёй няўдзячнай працай, — дзеліцца Віктар Браніслававіч. І адразу здзіўляе: «Я працую трэнерам больш за 50 гадоў, больш за 15 гадоў я ўжо на пенсіі і ўсё роўна прыходжу ў залу. Можа, хопіць ужо працаваць? Вось у гэтым годзе выпушчу групу і буду заканчваць сваю трэнерскую кар’еру. У мяне такі сад цудоўны на 20 сотак, буду ім займацца».

Узор для пераймання: дарослыя павінны зацікавіць дзяцей

Упрыгожвае слаўную традыцыю ашмянскага гандбола залаты медаль Алімпійскіх гульняў, які ў 1992 годзе заваяваў Андрэй Барбашынскі, вучань Віктара Рамулевіча. Менавіта ён разгледзеў у хлопчыку, які, як згадвае сам чэмпіён, быў «антыспартыўным», гандбольны патэнцыял. «Я быў пухлы, ружовашчокі хлопчык, якому на першай трэніроўцы мяч прыляцеў у галаву і адбіў усялякае жаданне займацца гандболам», — успамінае Андрэй Барбашынскі. «Мы з Андрэем жылі ў адным двары. Ён пастаянна быў у мяне на вачах, і я адчуў, што менавіта з яго можа выйсці добры гандбаліст. Паўплываў і рост — у сёмым класе ён быў 1 м 90 см. Спачатку не ўсё атрымлівалася, хлопцы з яго жартавалі. Але, калі Андрэй разгуляўся, ужо ўсім стала не да жартаў: за адну гульню па 15-20 мячоў закідваў», — расказвае Віктар Рамулевіч. Цікавы факт — сваю гандбольную кар’еру Андрэй Барбашынскі пачынаў як варатар, бо Віктар Рамулевіч сам гуляў на гэтай пазіцыі і хацеў выхаваць добрага варатара. А выхаваў выдатнага лінейнага, на якога заглядаліся і баскетбалісты, і гандбалісты з Літвы, куды ашмянская каманда часта ездзіла на спаборніцтвы. Каб захаваць перспектыўнага гульца для Беларусі, Віктар Рамулевіч перадаў Андрэя Барбашынскага свайму сябру Віктару Касінскаму, які працаваў у вучылішчы алімпійскага рэзерву. Як далей развівалася кар’ера Андрэя Барбашынскага, добра вядома: вучылішча алімпійскага рэзерву пад кіраўніцтвам «хроснага бацькі» многіх выдатных гандбалістаў Віктара Касінскага, выступленне за непераможны СКА-Мінск пад кіраўніцтвам легендарнага Спартака Мірановіча, перамога на Алімпійскіх гульнях, некалькі еўрапейскіх клубаў. Але ўвесь гэты час ён не забываў, дзе ўсё пачыналася. Не забывае і сёння, нездарма ж Ашмянская ДЮСШ па гандболе носіць імя Андрэя Барбашынскага.

На пачатку красавіка ў Ашмянах прайшоў міжнародны турнір па гандболе на прызы Андрэя Барбашынскага. Сёлета ён прайшоў дзясяты раз і сабраў восем каманд юнакоў 14-15 гадоў з розных рэгіёнаў Расіі і Беларусі. Гаспадары, каманда Ашмянскага раёна, занялі другое месца. «Гандбол на Ашмяншчыне заўсёды быў спортам нумар адзін. Тут вельмі глыбокія традыцыі. І мы не можам іх страціць», — раскрывае галоўную мэту свайго турніру Андрэй Барбашынскі. Але ёсць і больш глабальная мэта. «Каб дзеці захапляліся спортам, трэба арганізоўваць такія турніры, трэба ладзіць спартыўныя святы. Паколькі я не карыстаюся сваім імем і ўнікаю ў дэталі падрыхтоўкі, разумею, што гэта вельмі няпроста. Не ўсе хочуць узяць на сябе лішнія абавязкі. Аднак, калі мы дарослыя, дасведчаныя людзі, не прыцягнем дзяцей да спорту, не пакажам ім, што гэта можа прыносіць задавальненне, пра які вялікі спорт тады мы будзем казаць?» — разважае Андрэй Барбашынскі.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў. «Падлеткавыя турніры ў невялікіх гарадах уплываюць на наш гандбол мацней, чым здаецца на першы погляд. Самі зносіны паміж спартсменамі, паміж трэнерамі — гэта тое, што захаваецца з імі на ўсё жыццё. Андрэй малайчына, што ў свой час праявіў ініцыятыву, я падтрымаў, мясцовыя ўлады адгукнуліся, дапамаглі — усе задаволены», — адзначыў ён.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

г. Ашмяны

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.