Вы тут

У Беларусі ўступіць у сілу зменены закон аб прадпрымальніцкай дзейнасці


Як вядома, у канцы красавіка быў падпісаны Закон «Па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці». Дакумент змяняе саму архітэктуру гэтай сферы. Цяпер ёсць толькі дзве катэгорыі, якія змогуць займацца прадпрымальніцтвам: юрыдычныя і фізічныя асобы. Малымі арганізацыямі сярод юрыдычных асоб будуць лічыцца тыя прадпрыемствы, дзе колькасць работнікаў не перавышае 100 чалавек. Да сярэдніх аднясуць кампаніі да 250 супрацоўнікаў, а да буйных — звыш 250 чалавек. У катэгорыю фізічных асоб уключаны рамеснікі, уладальнікі аграэкасядзіб, самазанятыя і індывідуальныя прадпрымальнікі. Да 1 ліпеня ўрад вызначыць віды дзейнасці, якімі могуць займацца індывідуальныя прадпрымальнікі. Акрамя таго, з 1 кастрычніка будзе спынена рэгістрацыя новых «індывідуалаў» па відах дзейнасці, якія не ўнясуць у пералік.


Фота з адкрытых крыніц

Згодна з новым законам, да 1 студзеня 2026 года ўсе дзейныя індывідуальныя прадпрымальнікі, якія не ўвойдуць у названы пералік, абавязаныя стаць юрыдычнымі асобамі. Пры гэтым для іх уводзіцца спрошчаны парадак пераходу ў камерцыйныя арганізацыі з пераемнасцю па ўсіх правах і абавязацельствах перад бюджэтам і контрагентамі.

Каля 40 тысяч ІП

З моманту ўступлення асноўных нормаў гэтага закона будзе прадугледжаны шэраг навацый. Пытанні рэгулявання знаходзяцца ў сферы прадпрымальніцкай дзейнасці, сацыяльных і працоўных адносін, а таксама фінансаў, адзначыў намеснік міністра эканомікі Уладзімір Навумовіч: «Законам будуць вызначаныя новыя катэгорыі. Так, суб’екты гаспадарання будуць аднесены да малога і сярэдняга прадпрымальніцтва».

Да 8 мая абмяркуюцца ўсе прапановы органаў дзяржаўнага кіравання і мясцовых выканаўчых органаў па форме і аб’ёму напаўнення дазволенымі відамі дзейнасці для ІП. 15 мая дадзеныя пералікі будуць размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале для грамадскага абмеркавання і фарміравання іх канчатковага аб’ёму. Паводле яго слоў, да 1 ліпеня пастановай урада для індывідуальных прадпрымальнікаў будуць устаноўлены пералікі, у дачыненні да якіх прадпрымальнікі змогуць ажыццяўляць сваю дзейнасць.

Уладзімір Навумовіч дадаў, што, на думку Міністэрства эканомікі, пытанне рэгулявання закране каля 40 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Паводле звестак Белстата, на 1 красавіка ў Беларусі налічвалася амаль 250 тысяч ІП. З іх большая частка, а гэта 34,4%, занятыя ў гандлі.

«Законам будзе прадугледжаны механізм бясшвовага пераходу з формы індывідуальнага прадпрымальніка ў форму юрыдычнай асобы з захаваннем адпаведных правоў і абавязкаў. У законе таксама знайшлі адлюстраванне новыя формы падтрымкі прадпрымальнікаў у выглядзе трансфертаў і іншых механізмаў», — звярнуў увагу Уладзімір Навумовіч.

Павысіць аддачу, але без залішняга фіскальнага ціску

Тыя нормы, якія знайшлі адлюстраванне ў законе, ужо даўно наспелі. Так, большая частка гэтага дакумента ўносіць змены ў дзейныя заканадаўчыя акты, заявіў першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко. У сувязі з лібералізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці ў апошнія гады з’явіліся новыя арганізацыйна-прававыя формы — самазанятыя. Гэтыя людзі маглі ажыццяўляць сваю дзейнасць без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. У Міністэрстве фінансаў эвалюцыйна падышлі да таго, што індывідуальная прадпрымальніцкая дзейнасць у Беларусі будзе дазваляць рэалізоўваць прадпрымальніцкі патэнцыял чалавека, прычым пачынаючы з простых формаў, якія не патрабуюць адміністрацыйных умяшанняў або дадатковага рэгулявання.

Дзмітрый Кійко дадаў, што рост у самазанятых да індывідуальнага прадпрымальніка дазволіць прыцягваць наёмных работнікаў, але будзе ажыццяўляцца па пэўных відах дзейнасці. У перспектыве магчыма маштабаванне і да ўзроўню камерцыйнай арганізацыі.

«Мы лічым, што такі падыход цалкам апраўданы, паколькі ён ліквідуе залішнюю канкурэнцыю паміж прававымі формамі, — адзначыў Дзмітрый Кійко. — Раней самазанятыя канкурыравалі з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, а індывідуальныя прадпрымальнікі — з арганізацыямі па відах дзейнасці, якія перасякаюцца. Гэты закон рэгламентуе падобныя пытанні і арганізацыйна-прававыя формы. У выніку без залішняга фіскальнага ціску і адміністрацыйнага рэгулявання будзе павышана аддача суб’ектаў малога прадпрымальніцтва ў фарміраванні бюджэту краіны».

Паводле яго слоў, работа па арганізацыйна-прававых формах адначасова ажыццяўлялася ў сумежным заканадаўстве, у прыватнасці рэфармаваліся падыходы па падаткаабкладанні. Дзякуючы ім з’явіліся такія новыя рэжымы, як падатак на прафесійны даход, што рэалізуецца з дапамогай лічбавай платформы.

«За апошнія два гады ўклад суб’ектаў малога прадпрымальніцтва ў фарміраванне даходаў бюджэту павысіўся на 600 мільёнаў рублёў — гэта досыць вялікія лічбы з улікам таго, што паступленні ад малога прадпрымальніцтва ў нас фарміруюць мясцовыя бюджэты. У сувязі з гэтым мы пазітыўна ацэньваем новы закон і мяркуем, што мэты, якія пераследуюцца, будуць дасягнутыя», — падсумаваў Дзмітрый Кійко.

Стварыць умовы

У развіцці закона аб рэфармаванні прадпрымальніцкай дзейнасці галоўнае — стварыць умовы, у якіх ІП будуць разумець, як можна далей развівацца і які выбраць аптымальны шлях гэтага руху, заявіў намеснік міністра па падатках і зборах Уладзімір Муквіч. «Хачу звярнуць увагу, што па законе маецца магчымасць урэгуляваць шэраг пытанняў, якія могуць быць звязаныя з развіццём бізнесу і яго пераходам у камерцыйную арганізацыю. У сувязі з гэтым ёсць неабходнасць прадастаўлення падатковай дэкларацыі да закрыцця ІП і прыняцця неабходных мер, напрыклад, у дачыненні да бланкаў і сродкаў, якія выкарыстоўваюцца для ажыццяўлення падатковага кантролю. Калі такія дзеянні будуць прыняты ў тыя тэрміны, якія вызначае закон, то мяркуем, што на індывідуальнага прадпрымальніка будзе мінімальная нагрузка, пры гэтым будзе вырашаны шэраг пытанняў», — падкрэсліў Уладзімір Муквіч.

Намеснік міністра адзначыў, што ёсць камерцыйныя арганізацыі, якія сутыкаюцца з няроўнай канкурэнцыяй. Так, многія плацельшчыкі злоўжываюць тымі рэжымамі і ўмовамі, якія былі для іх створаны на першасных этапах развіцця нашай краіны. Трэба рабіць далейшыя крокі, каб здзейсніць усё цывілізавана і не дапускаць перакосаў. Колькасць незаконных схем, якія ўзніклі з выкарыстаннем статусу індывідуальнага прадпрымальніка, моцна вырасла, таму з боку дзяржавы прыняты належныя меры. На сёння галоўнае — гэта стварыць умовы, у якіх ІП будуць разумець, як можна далей развівацца. Да таго ж, на думку МПЗ, пералік відаў эканамічнай дзейнасці павінен быць павялічаны.

Па адрасе жылога фонду

Пра бонусы для ІП, якія вырашаць перайсці ў камерцыйную арганізацыю, расказала начальнік упраўлення адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Міністэрства юстыцыі Іна Леус. «Па-першае, за рэгістрацыю такой камерцыйнай арганізацыі не трэба будзе выплачваць дзяржаўную пошліну. Можна будзе стварыць, у прынцыпе, любую камерцыйную арганізацыю, акрамя вытворчага кааператыва, бо там неабходна некалькі ўдзельнікаў», — патлумачыла Іна Леус. Паколькі ў Беларусі сёння найбольш зручнай формай ажыццяўлення бізнесу з’яўляецца таварыства з абмежаванай адказнасцю, мяркуецца, што большасць індывідуальных прадпрымальнікаў выберуць менавіта гэтую форму.

Варта ўлічваць, што цяпер мінімальныя памеры статутных фондаў прадугледжаны толькі для акцыянерных таварыстваў. Для таварыстваў з абмежаванай адказнасцю такі памер не прадугледжаны, адпаведна, ён вызначаецца самастойна індывідуальным прадпрымальнікам і фарміруецца на працягу года з дня дзяржаўнай рэгістрацыі данай камерцыйнай арганізацыі, лічыць Іна Леус.

Яшчэ дадатковы бонус, які прадугледжвае гэты закон, — тое, што месцам знаходжання камерцыйнай арганізацыі можа з’яўляцца жылое памяшканне. «Да апошняга часу жылое памяшканне можа з’яўляцца месцам знаходжання толькі ўнітарнага прадпрыемства і сялянскай фермерскай гаспадаркі. Цяпер жа і таварыствы з абмежаванай адказнасцю, якія ствараюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, змогуць быць зарэгістраваныя па адрасе жылога фонду», — запэўніла Іна Леус.

Два гады без праверак

Пры гэтым плата за данае памяшканне застанецца такой жа, як і для фізічнай асобы, удакладніла намеснік дырэктара Дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі Ірына Бабачонак. Яна дадала, што пры пераходзе ІП у камерцыйную арганізацыю можна выкарыстоўваць усе раней атрыманыя дазволы, сертыфікаты і іншыя дакументы падобнага кшталту. Закон прадугледжвае права камерцыйнай арганізацыі карыстацца дакументамі, выдадзенымі на імя ІП на працягу года пасля яе рэгістрацыі. Пераафармленне дакументаў на працягу гэтага года праводзіцца бясплатна і па заяўным прынцыпе без дадатковых дакументаў.

Закон таксама ўстанаўлівае, што пасля перарэгістрацыі ў юрыдычную асобу новая арганізацыя можа карыстацца прэферэнцыямі на працягу сямі гадоў без уліку часу, які ўжо выкарыстаў ІП. Варта ўлічваць, што гэта датычыцца толькі тых прадпрымальнікаў, якія перарэгіструюцца ў юрыдычную асобу да 1 студзеня 2026 года. Калі камерцыйная арганізацыя будзе заснаваная пазней, то перыяд на карыстанне прэферэнцыямі юрыдычнай асобы будзе падсумоўвацца з перыядам карыстання імі ў якасці ІП.

І яшчэ. Новыя камерцыйныя арганізацыі, створаныя ІП, не будуць уключаць у план выбарачныя праверкі цягам двух гадоў з моманту іх узнікнення. Аднак калі праверкі ўжо былі пачаты або ІП быў уключаны ў спіс выбарачных праверак на момант стварэння юрыдычнай асобы, то яны ўсё ж пройдуць у дачыненні да гэтай новай арганізацыі, удакладніла Ірына Бабачонак.

Да дзейнасці камерцыйных арганізацый з колькасцю работнікаў да 50 чалавек будуць прымяняцца нормы і правілы, якія сёння існуюць для ІП ці мікраарганізацыі (калі такія асаблівасці ўстаноўлены заканадаўствам). Пры гэтым пры розніцы рэжымаў будзе выбірацца найбольш просты з пункту гледжання суб’екта гаспадарання.

Эксперт паведаміла, што ў пераліку дазволеных відаў дзейнасці для ІП застануцца рознічны гандаль, паслугі па перавозцы пасажыраў, а таксама будаўнічыя работы, «якія не патрабуюць сур’ёзнай тэхналагічнай падрыхтоўкі».

Колькі прыйдзецца плаціць?

Уносяцца змены ў сістэму дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пашыраецца пералік асоб, якія ўдзельнічаюць у дадзенай сістэме. У цяперашні час індывідуальныя прадпрымальнікі і плацельшчыкі падатку на прафесійны даход абавязаны выплачваць узносы ў бюджэт фонду. «Пачынаючы з 1 кастрычніка да іх дадаюцца грамадзяне, якія ажыццяўляюць рамесную дзейнасць, і асобы, што выплачваюць рамесны збор і ажыццяўляюць дзейнасць у сферы аграэкатурызму», — адзначыла намеснік кіраўніка фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Кацярына Ліхачова. 

Паводле яе слоў, для гэтых катэгорый захоўваецца льгота па выплаце ўзносаў, калі яны з’яўляюцца атрымальнікамі пенсій. У іх ёсць толькі права добраахвотна аплачваць узносы.

Для індывідуальных прадпрымальнікаў будзе арганізаваны механізм аплаты ўзносаў у бюджэт фонду і парадак аплаты. Гэта значыць, узносы аплачваюцца ад устаноўленага імі даходу, але не ніжэй чым з памеру мінімальнай заработнай платы. Разам з тым узносы не выплачваюцца за перыяды, калі грамадзянін не ажыццяўляў прадпрымальніцкую дзейнасць.

Аплата ўзносаў будзе праводзіцца штогод, не пазней за 1 сакавіка года, наступнага за справаздачным. «Так, за 4-ы квартал 2024 года яны павінны будуць аплаціць узносы ў бюджэт фонду не пазней за 1 сакавіка 2025 года. Калі фізічная асоба ў нейкі перыяд не ажыццяўляла сваю дзейнасць, гэтыя перыяды павінны быць задэклараваны ў дакументах персаніфікаванага ўліку не пазней за 31 сакавіка года, наступнага за справаздачным», — удакладніла Кацярына Ліхачова.

Як будзе пераафармляцца нерухомая маёмасць?

Пра гэта растлумачыла намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта маёмасці Кацярына Лук’янава. Для таго каб на камерцыйную арганізацыю з індывідуальнага прадпрымальніка была перааформлена нерухомая маёмасць, ні прадпрымальніку, ні некамерцыйнай арганізацыі не трэба будзе прымаць ніякіх дадатковых дзеянняў і ажыццяўляць якія-небудзь аплаты.

Так, сістэма рэгістрацыі нерухомай маёмасці, якую ўзначальвае Дзяржкаммаёмасць, па выніках узаемадзеяння з сістэмай Міністэрства юстыцыі дае ІП магчымасць ажыццявіць усе неабходныя запісы аб праве ўласнасці і праве арэнды на зямельны ўчастак у дачыненні да новай створанай камерцыйнай арганізацыі самастойна. Гэта будзе першае падобнае рэалізаванае мерапрыемства ў сістэме рэгістрацыі нерухомасці. У аўтаматычным рэжыме сістэма рэгістра нерухомай маёмасці запытае і атрымае інфармацыю ў рэгістры юрыдычных асоб, заменіць інфармацыю і прывядзе яе да актуальнага стану без адпаведнай заявы патэнцыяльнага праваўладальніка. Кацярына Лук’янава дадала, што пасля гэтага прадстаўніку камерцыйнай арганізацыі, якая будзе створана, трэба звярнуцца ў любую тэрытарыяльную арганізацыю па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці.

У Мінску і ў кожнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы створана сваё агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Пры звароце прадстаўніка камерцыйнай арганізацыі будзе выдадзена апавяшчэнне аб унясенні выпраўленняў у дакумент адзінага дзяржаўнага рэгістра нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй, што ў сукупнасці з пасведчаннем аб дзяржаўнай рэгістрацыі права індывідуальнага прадпрымальніка на пэўны аб’ект нерухомай маёмасці будзе складаць правазасведчвальны дакумент.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.