Вы тут

Епіскап Серафім: Патрыёта без духоўнай асновы не бывае...


Правячы архіерэй Бабруйскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы епіскап Бабруйскі і Быхаўскі​ Серафім (Беланожка) адзначаны шэрагам узнагарод за сваю дзейнасць. Гэта і навукова-педагагічная работа, і развіццё міжнародных адносін, і ўмацаванне духоўных традыцый. На працягу 17 гадоў ён акармляе Бабруйскую епархію, у склад якой уваходзяць шэсць раёнаў Магілёўскай вобласці. Разам з мясцовым духавенствам шмат увагі ўдзяляе выхаванню моладзі. На тэрыторыі епархіі дзейнічаюць адзіныя ў Магілёўскай вобласці пачатковыя праваслаўныя класы ад Бабруйскай гарадской гімназіі № 3. Летась гэта гімназія была названа ў гонар мітрапаліта Філарэта, духоўнага настаўніка епіскапа Серафіма. У нашай размове Уладыка расказвае, як стасункі з мітрапалітам паўплывалі на яго жыццё, што наогул асабіста для яго стала нагодай для прысвячэння сябе Богу, наколькі моцна мяняецца чалавек, калі яго сэрца адкрываецца для веры і ў ім прысутнічае малітва.


Дарога да храма

Уладыка прапануе паглядзець фотаальбом, дзе ёсць здымкі з яго дзяцінства. Нарадзіўся ён на Урале ў сям’і ваеннаслужачага. Вось яго тата пазіруе з маленькай рыбкай у руках. Шчырая, добрая ўсмешка, пранізлівы, адкрыты погляд.

— Ён быў камуніст, хрысціўся ўжо ў свядомым узросце, — расказвае Уладыка Серафім. — У канцы 1970-х наша сям’я жыла ва ўральскім ваенным гарадку, дзе ніводнай царквы за сотні кіламетраў не было. На могілках помнікі з зоркамі. Крыж быў рэдкасцю. Мяне асабіста гэта вельмі здзіўляла. Думаў, бабуля неадукаваная там пахавана.

Але пачуццё прысутнасці Бога было заўсёды. Яно ў кожнага ёсць. Нават калі расцеш у сям’і, дзе нічога не нагадвае пра Бога. У дзяцінстве, калі я ўпершыню ўбачыў царкву з крыжамі, задаўся пытаннем: што гэта такое? І бацькі расказалі мне, што ёсць вось такая з’ява. Дарэчы, тата, хаця знешне не дэманстраваў рэлігійнасці, вылічваў, калі будзе Вялікдзень, і фарбаваў яйкі. А ў крамах дзесьці блізка да свята з’яўляліся кулічы пад назвай «Кекс вясенні».

— Як жа вы вырашылі паступіць у семінарыю?

— У Бабруйску, куды пераехала наша сям’я, паступіў у медвучылішча і там зразумеў, што хачу быць у храме. Мяне туды цягнула. Аднойчы зайшоў у маленькі храм на вуліцы Шміта, і мяне там пахрысцілі. Ёсць такое паняцце, як заклікальная благадаць, калі адчуваеш блізкасць Бога і не бачыш ніякіх недахопаў у Царкве, якія там існуюць, дарэчы, як у любой з іншых арганізацый. Нічога гэтага не бачыш, а толькі самае добрае. У Жыровічы паехаў спачатку ў паломніцтва. І першы, каго я там сустрэў, быў айцец Сафроній — цяперашні архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі, а тады благачынны манастыра. Ён спытаў: «У семінарыю прыехаў паступаць?» Я тады пра гэта яшчэ не думаў, але потым забраў дакументы з медвучылішча і вярнуўся ў Жыровічы. Айцец Сафроній, можна сказаць, націснуў на кнопку. Цяпер вось працуем у адной вобласці. Ён архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі, а я епіскап Бабруйскі і Быхаўскі. Мы сустрэліся, калі ён ужо скончыў семінарыю, акадэмію, быў свяшчэннікам у Жыровіцкім манастыры, а мне споўнілася ўсяго 16 гадоў.

— У семінарыі было цяжка пасля свецкага жыцця?

— Я тады ўпершыню адарваўся ад дома, але на душы было лёгка. Старадаўняя Мінская духоўная семінарыя ў Жыровічах адрадзілася ў 1989 годзе. А я паступіў у яе ў 1990-м.

Пад кіраўніцтвам мітрапаліта Філарэта

Мінская духоўная семінарыя ў Свята-Успенскім манастыры ў Жыровічах была адкрыта па ініцыятыве мітрапаліта Філарэта. Ён чытаў там лекцыі па Новым Запавеце, быў адкрыты для зносін з семінарыстамі.

— Гэта неверагодны чалавек, — кажа Уладыка. — Ён быў навуковым кіраўніком спачатку маёй дыпломнай работы, потым кандыдацкай. Можна напісаць цэлае сачыненне на тэму, як мітрапаліт Філарэт аказаўся вельмі блізкім чалавекам і адыграў вялікую ролю ў фарміраванні маім і многіх іншых свяшчэннікаў па ўсёй Беларусі. Ён быў вельмі ўважлівы, і мне было дзіўна, што чалавек настолькі заняты ўдзяляе табе, які яшчэ нічога сабой не ўяўляе, столькі ўвагі і клопату. У яго была загружанасць вар’яцкая. Яго тэлефон (дыскавы) званіў пастаянна. Прыйдзеш да яго пагаварыць, і гэта аказваецца немагчыма з-за пастаянных званкоў. Аднойчы мітрапаліт расказаў, што зайшоў у кабінет, а там — цішыня. Ён падумаў: як добра, ніхто не звоніць. Потым убачыў, што тэлефон не падключаны. Прыбіральшчыца выпадкова выцягнула провад.

— У вашым альбоме ёсць фота, дзе вы з мітрапалітам Філарэтам у Грэцыі.

— Пасля семінарыі я паехаў вучыцца ў Фесаланікійскі ўніверсітэт на тэалагічны факультэт. Мітрапаліт Філарэт адпраўляў студэнтаў на павышэнне кваліфікацыі. А яшчэ вучыўся на курсах англійскай мовы ў Бірмінгеме і ў Германіі — у Цюбінгене. Фесалонікі закончыў на выдатна, хаця ў Мінскай духоўнай семінарыі быў усяго толькі харашыст.

— За час вучобы ў Еўропе вы, напэўна, вельмі добра вывучылі асаблівасці праваслаўных традыцый за мяжой.

— Калі вучыўся ў Грэцыі, у нас былі праваслаўныя студэнты з усяго свету: з Бразіліі, Вялікабрытаніі, Францыі, Егіпта, Германіі, Славакіі, Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Румыніі, Лівана. Ва ўсіх адно богаслужэнне, тэксты тыя ж, але ёсць асаблівасці. У грэчаскіх храмах, напрыклад, ёсць стасідыі (адкідныя сядзенні), каб людзі маглі сядзець. У нашых цэрквах уздоўж сцен таксама ёсць на чым пасядзець, але ўдзельнічаць у богаслужэнні стоячы — гэта форма аскезы. Ты прыходзіш да свайго Нябеснага Айца, які цябе і накорміць, і напоіць, і суцешыць. У старажытнасці богаслужэбны Устаў прадпісваў, у якія моманты можна сядзець. Напрыклад, кафізма ў перакладзе з грэчаскага «сядзенне», таму ўсе сядзелі. Некаторыя трапары называюцца сядальны. А вось ёсць такое богаслужэнне, як акафіст. Што літаральна азначае не сядален — трэба стаяць. Адным словам, ва ўсіх народаў нейкія свае асаблівасці, але вера адна.

— Куды вярнуліся пасля вучобы за мяжой? Як рэалізоўвалі атрыманы вопыт?

— Працаваў выкладчыкам у семінарыі ў Жыровічах, потым у Інстытуце тэалогіі БДУ, які быў створаны мітрапалітам Філарэтам і дагэтуль існуе. Пад кіраўніцтвам мітрапаліта пісаў кандыдацкую на тэму «Вучэнне святога апостала Паўла аб адносінах чалавека да тварнага свету». Апостал Павел кажа, што ўсё тварэнне пасля грэхападзення чалавека пакутуе ад яго, шукае выратавання. І зноў такі праз чалавека. Я аналізаваў Стары і Новы Запаветы, пасланні Апостала і як гэта адбілася на служэнні ў Царкве.

У царквы і дзяржавы задачы аднолькавыя

— Сёлета ў сакавіку Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у пасяджэнні Сінода Беларускай праваслаўнай царквы. На сустрэчы ён адзначыў, што перад свяшчэннаслужыцелямі сёння стаяць такія ж задачы, як і перад дзяржавай: выхаванне асобы, захаванне міру, спрадвечных праваслаўных традыцый. Як удзельнік гэтага пасяджэння падзяліцеся думкамі пра сустрэчу.

— Шмат хто цікавіцца, што і як там было. Я праглядзеў рэпартажы АНТ і БТ, якія вялі здымкі гэтай падзеі. Яны зрабілі вельмі добрыя паўнавартасныя рэпартажы. Там было паказана ўсё самае галоўнае, што адбывалася: і атмасфера перададзена, і ўсе галоўныя словы, якія там прагучалі. Цяжка нешта дадаць. Прэзідэнт, як заўсёды, быў шчыры, ён зацікаўлены ў тым, каб у Царкве ўсё было добра, каб яна развівалася, каб яе місія ў грамадстве была значнай, каб прыносіла карысць людзям. Як гісторык ён разумее ролю хрысціянства і Царквы ў жыцці грамадства.

— Сённяшні свет, падаецца, настолькі складаны…

— Час цяжкі. Першы ўдар нанёс ковід. Потым падзеі ва Украіне. Сваякі спрачаюцца, браты і сёстры адмаўляюцца размаўляць... Царква перадусім дзейнічае малітвай. У нас ёсць спецыяльныя малітвы, напісаныя на гэтую тэму, і яны ўзносяцца на кожным богаслужэнні. Малітва — галоўная зброя.

Наша епархія — а гэта 62 прыходы і 63 свяшчэннаслужыцелі — садзейнічае адраджэнню асобы і пераўтварэнню яе жыцця. Прыярытэтам нашай работы з’яўляецца выхаванне дзяцей і моладзі. Практычна пры кожным храме ёсць нядзельная школа, там адбываюцца розныя мерапрыемствы. Робіцца ўсё для таго, каб моладзь свабодна адчувала сябе ў храме. У епархіі дзейнічае пяць духоўна-асветніцкіх цэнтраў.

— Летась работа аднаго з іх, што пры храме ў гонар Святой пакутніцы вялікай княгіні Елісаветы, дзе знаходзяцца пачатковыя класы бабруйскай гімназіі № 3, была адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне»…

— Ініцыятарам гэтага праекта быў протаіерэй Алексій Канаплёў, які ўжо пайшоў з жыцця. Стаяла мэта стварыць не толькі школу з вывучэннем праваслаўных традыцый, але і арганізаваць праваслаўны цэнтр, які б прыцягнуў увагу дзяцей. Сёння тут, акрамя пачатковых класаў гімназіі, знаходзяцца нядзельная школа для дзяцей, вялікая бібліятэка, розныя гурткі. У пачатковых класах вучыцца болей чым 70 дзяцей, нядзельную школу наведваюць каля 130. Тут праходзяць лекторыі для моладзі і дарослых, розныя конкурсы, выстаўкі, спектаклі.

Што датычыцца гімназіі, то летась яна была названа ў гонар мітрапаліта Філарэта. Гэта старадаўняя гімназія, у цэнтры Бабруйска. Да рэвалюцыі яна называлася Аляксееўскай, у гонар цэсарэвіча Аляксея. Захаваўся нават будынак гімназіі. У Магілёўскай вобласці гэта адзіны прыклад, дзе пачатковыя класы дзяржаўнай навучальнай установы маюць праваслаўны ўхіл.

Я сустракаўся з першым наборам гэтай гімназіі, было цікава даведацца, як навучэнцы ў дарослым жыцці прыменяць атрыманыя веды. Яны абралі розныя спецыяльнасці, але духоўны стрыжань адчуваецца.

У нас заключаны дагавор з упраўленнем адукацыі Бабруйскага гарвыканкама, у адпаведнасці з якім праходзіць шмат мерапрыемстваў на працягу года са школьнікамі і моладдзю. Лекцыі, сустрэчы, рэгулярныя факультатывы. Наогул, дырэктары многіх школ зацікаўлены ў тым, каб у навучальным працэсе прысутнічала тэма праваслаўя, бо гэта станоўча ўплывае на дзяцей. Бацькі, свяшчэннікі, настаўнікі — усе разам мы здольны выхаваць годнага грамадзяніна нашай краіны, які шануе бацькоў, прытрымліваецца духоўных традыцый.

«Назіральнік»

Уладыка ўсміхаецца: менавіта так гучыць яго пасада ў перакладзе з грэчаскай.

— Самая галоўная дзейнасць епіскапа як любога свяшчэннаслужыцеля — гэта, вядома, малітва, духоўнае жыццё і арганізацыя богаслужэння, — кажа ён. — А яшчэ кадравая палітыка, назіранне за станам нашых абшчын, прыходаў. Самы далёкі ад нас — Быхаўскі з яго шыкоўным Свята-Узнясенскім жаночым манастыром у Баркалабаве. Дзевяць гадоў таму храм Іаана Прадцечы ў Баркалабаве быў распісаны ў візантыйскім стылі і ўпрыгожаны пісанымі абразамі ў разных дубовых ківотах. Аўтар — таленавіты іканапісец, выкладчык Беларускай акадэміі мастацтваў Антон Бельскі атрымаў за гэту работу спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

У 2021 годзе манастыр адсвяткаваў свой 380-ы юбілей з дня заснавання. З 2007 года ён, лічы, адбудаваны наноў. Амаль увесь быў разбураны ў савецкі час. Акрамя Баркалабаўскага, у нас яшчэ два манастыры, якія таксама ў стадыі будаўніцтва. Адзін з іх побач з епархіяльным упраўленнем — у гонар Жанчын-міраносіц і мужчынскі ў Прошчы. Манастыр у Прошчы афіцыйна ўтвораны пазалетась, раней там было брацтва. У 2022 годзе манастыр у гонар абраза Божай маці «Жываносная крыніца» быў зацверджаны сінодамі Беларускай і Рускай праваслаўных цэркваў. Яго яшчэ называюць Прошчанская пустынь. Там ёсць крыніца, і людзі едуць да яе. Усё пачалося з таго, што ў 1990-я ў лесе быў пабудаваны храм, і мітрапаліт Філарэт асвяціў яго. Месца прыгожае, ціхае, адасобленае. Бывае, прыедзеш туды ў будны дзень, а там ужо стаяць машыны: і з беларускімі нумарамі з усіх рэгіёнаў, і з расійскімі. Цяпер у Прошчы рэканструюецца храм і брацкі корпус.

— Але манахаў, наколькі ведаю, там няшмат.

— Для лесу чатыры манахі — нядрэнны вынік. Усе яны з вышэйшай свецкай адукацыяй. Атрымліваюць духоўную. Вакол лес, але сумаваць няма калі. Там цэлы падворак, куры, агароды, цяпліцы. У гэты манастыр едуць людзі з вялікімі сямейнымі драмамі — з расколамі, невылечнымі хваробамі, канфліктамі з дзецьмі — і знаходзяць суцяшэнне, прасвятленне і ўмацаванне ў цяжкіх абставінах, а часам і параду, якая можа выправіць сітуацыю ў сям’і. Шмат выратаваных сем’яў. Хворага трэба падтрымліваць, і колькі выпадкаў бывае, калі чалавек папраўляецца. Знойдзецца адпаведны ўрач, умовы для лячэння, медыцынскія прэпараты.

— А кажуць, што эпоха цудаў прайшла.

— Цуды адбываюцца пастаянна. Мы звяртаемся да Бога, і яны здараюцца. Яшчэ калі вучыўся ў Грэцыі, не хапала часу падрыхтавацца да здачы экзамену. Немагчыма за тры дні прачытаць некалькі соцень старонак на грэчаскай мове. Заўсёды заставалася нешта, што недачытаў, недавучыў, недастаткова зразумеў. Маліўся і атрымліваў той білет, які ведаў. Ці гэта не цуд?

У людзей вельмі часта не хапае пачуцця ўдзячнасці за тое, што ёсць. У нас насамрэч усё ёсць. Калі чалавек працуе, вучыцца, ён мае ўсё. У нас сацыяльна-арыентаваная дзяржава, нікога не пакідае на вуліцы. І Царква таксама дапамагае ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Ніхто ад голаду не памірае. Трэба за ўсё быць удзячным.

— Згадала адно з вашых разважанняў у прэсе пра міласціну. Вы казалі пра спекуляцыю на пачуццях.

— У прыходах вядзецца сацыяльная работа, і кожнага, хто мае ў чымсьці патрэбу, ведаюць. Дапамога аказваецца прадуктовымі наборамі, адзеннем. І стаяць каля храма з працягнутай рукой, насамрэч, няма патрэбы. Тыя, хто займаецца такой дзейнасцю, у пераважнай большасці — махляры. Гэта ценявы бізнес, эксплуатацыя добрых пачуццяў людзей. Просяць у бабулі, якая атрымлівае малую пенсію. А некаторыя нават патрабуюць. Бывае, клянуць.

Велікодная радасць

— У наш час адкрываюцца манастыры, будуюцца храмы. Гэта значыць, што вернікаў становіцца больш?

— Храм — гэта памяшканне для хрысціянскай сям’і, абшчыны, якая там збіраецца, каб праявіць сябе як Царкву, каб здзяйсняць там Таінства духоўнае, Божую Еўхарыстыю, Тайную вячэру, якую запаведаў Хрыстос. Ён даў сваім вучням хлеб і віно, сказаўшы, што гэта Яго Цела і Кроў, і загадаў Прычашчацца ў Яго ўспамін. Каб мы былі ў Ім, а Ён — у нас. Для гэтага і сталі стварацца храмы. У Бабруйску сёння 11 прыходаў з храмамі і манастыр. Аднаўляем сабор Аляксандра Неўскага. Ён амаль гатовы. Быў узарваны ў багаборніцкі час, ад яго амаль нічога не засталося. Георгіеўскі храм быў сталовай, Нікольскі — басейнам, Свята-Духаў — кінаклубам. Раней у Бабруйску існаваў маленькі храм, у святы трашчаў па швах, зайсці было немагчыма. На такі вялікі горад яго было мала. Сёння храмы не трашчаць, але ў нядзелю ўсе запоўнены. У будныя дні народу менш.

— З класічнай літаратуры мы ведаем пра старцаў, ды і сёння можна пачуць расказы пра сустрэчы з імі. Ці ёсць яны на тэрыторыі епархіі?

— У нас вельмі малады склад духавенства. Малады манах або свяшчэннаслужыцель таксама можа быць старцам, але часцей для гэтага патрэбен вопыт, а ён прыходзіць толькі з узростам. Самаму даросламу з нашых клірыкаў 70 гадоў. Ён акармляе бабруйскую калонію, і да яго едуць пасля вызвалення.

— Адраджэнне святынь патрабуе сродкаў. Хто вам дапамагае?

— Пры епархіі створаны апякунскі савет, куды ўваходзяць кіраўнікі буйных прадпрыемстваў. Гэта не проста спонсары, гэта людзі, якія жывуць духоўным жыццём, для якіх Царква не на апошнім месцы і, акрамя сваёй асноўнай дзейнасці, якую яны робяць, дапамагаюць храмам, прыходам, свяшчэннікам, людзям.

— Уладыка Серафім, наперадзе святочныя велікодныя дні. Што ў іх самае галоўнае?

— Радасць! У гэтыя дні самае галоўнае — больш радавацца! У нас будзе вялікі велікодны спектакль на Фаміну нядзелю — 12 мая — у бабруйскім Палацы мастацтваў. Запрашаем! Ён штогадовы і праводзіцца на высокім узроўні. Падобны ладзім яшчэ і на Раство. На сцэне падлеткі, дарослыя, нават кіраўнікі некаторых бабруйскіх прадпрыемстваў.

А яшчэ вельмі раю ўдзельнічаць у велікодных богаслужэннях. Яны асаблівыя, такія не паўтараюцца болей на працягу года. Таму важна браць у іх удзел. Гэта дае пачуццё неверагоднай радасці, чалавек перажывае духоўнае асвятленне. Калі вучыўся ў Грэцыі, спытаўся ў адной англічанкі, колькі ў іх працягваецца Вялікдзень. Яна сказала: адзін дзень. А ў нас 40 дзён асаблівага богаслужэння, велікоднай радасці!

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і Бабруйскай епархіі

г. Бабруйск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.