Вы тут

Новы фармат велікодных традыцый


Цэнтрам увагі свята рамеснікаў заўсёды з’яўляюцца велікодныя вербы і пісанкі, якія ўнесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Многія майстры прадставілі творы з новым бачаннем вялікага свята. 


Напрыклад, вербы, аформленыя саломкай альбо яйкі ў тэкстыльным упрыгожванні. Набываюць папулярнасць і велікодныя паштоўкі з элементамі выцінанкі альбо вышыўкі. Наведвальнікі кірмашу ахвотна ўдзельнічалі ў майстар-класах па роспісе яек і складанні гродзенскай вярбы.

Неаднойчы даводзілася наведваць кірмашы майстроў народнай творчасці. Але тыя традыцыі, якія адроджаны з небыцця, асабліва прыцягваюць увагу. Таму ў першую чаргу накіроўваюся да жанчын, якія праводзяць майстар-класы. Каля пышных вербаў пазнаю Дамініку Кавалёнак, вельмі сталую жанчыну, якая з’яўляецца носьбітам элемента нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі «Выраб велікодных вербаў на тэрыторыі паўночна-заходняй Гродзеншчыны». Дамініка Дамінікаўна заўсёды ахвотна расказвае аб сваім захапленні.

— Калі пачалося адраджэнне хрысціянства ў 1980-х гадах, мы пачалі рабіць вербы не толькі для сябе, але і для іншых, — пачынае яна аповед. — Калі мяне пытаюць, колькі часу ідзе на выраб такой пальмы, я адказваю: год. Напачатку зёлкі трэба пасеяць, сабраць, высушыць, потым толькі — афарбоўка. Звычайна выкарыстоўваю кветкі, ярка пафарбаваныя, калоссі, зялёныя пялёсткі, сухавейкі, як падказвае фантазія. Для мяне гэта вельмі пазітыўная работа. Не саджуся за яе, калі мне кепска, а толькі тады, калі настрой добры. Бо хачу, каб чалавеку выраб даў не толькі эстэтычную прыгажосць, але і душэўнае прасвятленне.

Ёсць у народнага майстра і аўтарская філасофская вярба, напоўненая сімваламі. Вось як тлумачыць іх Дамініка Кавалёнак:

— Тры галінкі вярбы — гэта дарога да Бога, тут мы бачым сэрца з калосся — любоў да блізкіх і да сябе. А вось сімвалічны святлафор: на чырвоным святле спыніліся, на жоўтым падумалі, на зялёны пайшлі. Ідзём па дарозе да Бога з любоўю шукаць восьмы колер вясёлкі, бо сем колераў тут ужо ёсць. Гэты шлях і ёсць сэнс жыцця. Такая сімвалічная пальма.

Навуковы супрацоўнік гродзенскага цэнтра рамёстваў «Спадчына» Алена Шыдлоўская — адна з тых, хто вучыцца ў знакамітай майстрыхі. Самы складаны працэс, на яе думку, — падрыхтоўка кампанентаў вярбы. Трэба своечасова сабраць, высушыць, правільна захоўваць, каб не пайшла цвіль, каб зёлкі і кветкі не абсыпаліся. Праўда, тэрмін захавання такой вярбы —толькі год, потым, кажа Алена, букет трэба спаліць, а замест яго паставіць новы. Але ёсць і дэкаратыўныя вербы. Гэта ўжо сучасны варыянт старажытнага майстэрства. Напрыклад, майстар народных рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Ірына Шавельская і майстар народных промыслаў па саломапляценні Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Малышава ўпрыгожваюць вербы саломкай. Атрымліваецца прыгожы букет, які нібы зіхаціць на сонцы. Такія вербы, як правіла, робяць для выставак. Праўда, элементы саломкі можна ўбачыць і на вербах, якія набываюць да свята.

А вось і знакамітыя пісанкі. Майстар народных мастацкіх рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Ларыса Касіцкая працягвае традыцыі сапоцкінскай пісанкі. Самабытны роспіс велікодных яек захаваўся тут з даўніх часоў і ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Пісанка — з’ява незвычайная. У руках майстрых простыя яйкі ператвараюцца ў твор мастацтва. Але для гэтага неабходна правесці падрыхтоўчую работу, расказвае Ларыса Касіцкая. Для прыгатавання фарбы, напрыклад, трэба два месяцы настойваць шышкі, кару дубу, альхі, іржавае жалеза. Прычым кару трэба браць падчас руху соку, бо інакш нічога не атрымаецца, яйкі будуць не чорныя, а шэрыя. Менавіта чорны колер робіць гэту тэхніку ўнікальнай.

На варанае яйка наносіцца вострай палачкай узор з натуральнага пчалінага воску, і тут трэба праявіць спрыт, бо воск хутка застывае. Узоры пры гэтым наносілі самыя розныя: хтосьці — больш просты, хтосьці — складаны. Потым яйка апускаецца на суткі ў фарбу — атрымаецца той самы чорны колер. Каб зняць воск, апускалі яйкі ў кіпень з шалупіннем цыбулі. Воск спаўзаў, а яйка набывала больш насычаны колер. Паралельна з пісанкай майстар па роспісе яек дэманструе такую традыцыю, як драпанка. Тут тэхніка прасцейшая. Напачатку яйкі варацца ў шалупінні цыбулі, а потым на іх драпаецца ўзор вострай металічнай палачкай.

— Цікавасць да старажытных традыцый расце, моладзь таксама захапляецца. Я вяду гурток выяўленчага мастацтва ў Азерскай сярэдняй школе, а малюнкі на паперы дапамагаюць затым і ў роспісе яек, — зазначае суразмоўніца. — Мы папулярызуем велікодныя традыцыі на ўсіх кірмашах, выстаўках, фестывалях, праводзім майстар-класы. Сёлета было вельмі шмат выездаў. Дэманстравалі роспіс яек на ВДНГ у Маскве падчас дзён Гродзенскай вобласці, былі ў Палацы Рэспублікі ў Мінску, рабілі майстар-клас для беларусаў замежжа, яны дзівіліся, што тут захоўваецца такая самабытная народная творчасць. Хутка будзем прымаць удзел у Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне.

Дарэчы, тэма велікодных яек сёння атрымала сучаснае гучанне ў розных варыянтах. Напрыклад, кіраўнік гуртка па саломапляценні Лілія Амяльянчык прадставіла на кірмашы калекцыю яек, інкруставаных саломкай. Прычым наклейвае не толькі плоскія ўзоры, але і аб’ёмныя. Такімі яйкамі на стужках можна ўпрыгожыць пано альбо кошык падчас асвячэння велікодных яек.

Вельмі цікавая, на мой погляд, атрымалася калекцыя яек з тэкстыльным афармленнем, якую прывезла майстар з Ваўкавыскага дома рамёстваў Жанна Абрамчук. Жанчына ахвотна дзеліцца сакрэтамі незвычайнай тэхнікі:

— Аснова ў мяне керамічная, яе поўнасцю абвязала простым узорам, затым вышыла гладдзю траву, рамонкі, прышыла пацерачкі, бісер. Працэс даволі працаёмкі, тут толькі зялёнага колеру пятнаццаць адценняў. Вышывала тры дні. Для падстаўкі спляла вяночкі з галінак бярозы, упрыгожыла тэкстыльнымі шарыкамі.

Жанчыне падабаецца велікодная тэматыка. У гэтым кірунку яна прадставіла размаляваную калекцыю яек з сімвалічнымі ўзорамі — пеўнем, птушкамі, сонцам, кветкамі. Кажа, што з захапленнем вывучала народныя сімвалы, у якіх захоўваецца багатая спадчына і мудрасць продкаў. Гэтыя традыцыі перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Сёння майстры іх працягваюць, уносяць свой каларыт. Новым кірункам можна назваць велікодныя паштоўкі. Супрацоўнік Лідскага аддзела рамёстваў традыцыйнай культуры Дар’я Шафак — майстар па выцінанках. Сваю творчасць яна скіравала і на Вялікдзень. Робіць тэматычныя паштоўкі ў якасці сувеніраў.

Наталля Рамановіч, намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, каментуе:

— Народныя промыслы развіваюцца дзякуючы ў тым ліку і такім кірмашам. Свята «Велікодны падарунак» праходзіць дзявяты раз. Гэта яшчэ і конкурс, на якім вызначаюцца пераможцы ў розных намінацыях: па вырабе вербаў, велікодных яек, паштовак. Майстры заахвочваюцца, спаборнічаюць. Апошнім часам зацікаўлена ў майстрах і народных промыслах мясцовая ўлада. З іх дапамогай адраджаем народныя абрады, у тым ліку і велікодныя. Такія святы — пляцоўка, дзе можна праявіць сябе і паказаць іншым. Відавочна, што гэта тэма атрымала шырокае распаўсюджванне ў самых розных відах тэхнікі. Нашы майстры па саломцы, напрыклад, прадставілі калекцыю яек, інкруставаных саломкай, гэта дэкаратыўнае мастацтва, можа быць прыгожым падарункам. У кожным раёне свая калекцыя, не падобная на іншую, а конкурс дазваляе ўдасканальваць майстэрства, далучаюцца новыя ўдзельнікі. Сёлета іх на кірмашы больш, чым летась. Разам з традыцыйнымі з’явіліся намінацыі па сучасным выкананні вербных букетаў, велікодных яек, паштовак і пано. У канцы мая мы прадставім творы нематэрыяльнай культурнай спадчыны — гродзенскую вярбу і сапоцкінскую пісанку — на «Велікодным букеце» ў Мінску.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.