Вы тут

Польскі суддзя папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі


Томаш Шміт — суддзя 2-га аддзялення ваяводскага адміністрацыйнага суда Варшавы папрасіў палітычнага прытулку ў Беларусі. На Радзіме ён займаў розныя пасады ў судовай сістэме і органах юстыцыі Польшчы. З'яўляўся кіраўніком юрыдычнага аддзела ў Нацыянальным савеце суддзяў Польшчы. Аб прычынах свайго рашэння Томаш Шміт расказаў журналістам на прэс-канферэнцыі ў БелТА.


Фота БелТА

«Чаму я прыехаў у Беларусь? Калі казаць аб сітуацыі ў маёй краіне, то гэта выказванне пратэсту супраць палітыкі польскіх улад да Беларусі і Расіі. Дзякуючы таму, што я тут, магу свабодна выказацца. Сітуацыя складваецца такім чынам, што Амерыка хоча ўцягнуць Польшчу ў вайну, ва ўзброены канфлікт, каб Польшча прымала непасрэдны ўдзел. Каб супрацьстаяць гэтаму, я павінен аб гэтым гаварыць, але ў Польшчы не магу гэта рабіць. Нашы палітыкі з Варшавы павінны сур'ёзна задумацца і далей аднавіць дыялог з Прэзідэнтам Лукашэнкам і з Расіяй», — заявіў ён. Томаш Шміт адзначыў, што яго прыезд менавіта ў Мінск — гэта даніна павагі і падзякі Аляксандру Лукашэнку за захаванне міру і спакою ў рэгіёне.

Томаш Шміт зачытаў беларускім журналістам сваю заяву да кіраўніцтва польскай судовай сістэмы і прэзідэнта краіны Анджэя Дуды: «Я падаю ў адстаўку з пасады суддзі ваяводскага адміністрацыйнага суда горада Варшавы. Адстаўка з пасады суддзі — гэта выказванне пратэсту супраць несправядлівай і несумленнай палітыкі, якую праводзяць улады Польшчы ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Гэты ўчынак таксама з'яўляецца выказваннем пратэсту супраць дзеянняў, накіраваных на ўцягванне маёй краіны ў непасрэдны ўзброены канфлікт з Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй. Гэта таксама заклік да польскіх улад нармалізаваць і ўрэгуляваць добрасуседскія адносіны паміж Рэспублікай Польшча, Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй». Заяву аб адстаўцы ён падпісаў непасрэдна ў прэс-цэнтры.

Журналісты пацікавіліся, ці не баіцца Томаш Шміт рэакцыі польскіх улад. Ён адзначыў, што разумее: вяртанне ў Польшчу пагражае яму турмой. Па яго словах, ён разумее, што польскія ўлады змогуць абвінаваціць яго ў шпіянажы, спецслужбы могуць выкарыстаць іншыя спосабы. «Калі я хачу жыць, вяртанне ў Польшчу для мяне немагчыма», — заявіў Томаш Шміт. Польскі суддзя папрасіў абароны ў беларускіх улад. Пры гэтым ён падкрэсліў, што гатовы да прэсінгу з боку польскіх улад ці спецслужбаў, у тым ліку і інфармацыйнага. «Я ведаю, як працуюць медыя на Захадзе, ведаю, як яны працуюць у Польшчы. Напэўна, з мяне зробяць альбо шпіёна, альбо наркамана. Выставяць мяне чалавекам, у якога ёсць даўгі, які кінуў жонку. Няхай паспрабуюць. Я гатовы да гэтага. Спадзяюся, тут вы даведаецеся, які я на самай справе», — сказаў Томаш Шміт.

Польскі суддзя расказаў, што за тыдзень знаходжання ў Мінску паспеў крыху пазнаёміцца з Беларуссю і яе сталіцай. «Тут краіна, у якой можна спакойна жыць, у якой вялікі патэнцыял. І тут вельмі мудры кіраўнік. Я думаю, што беларусы часам самі не ўсведамляюць, якія ў іх вялікія магчымасці для развіцця. Тут спрабавалі зрабіць майдан — не атрымалася. Паспрабавалі знішчыць Беларусь эканамічна праз увядзенне розных санкцый — гэта таксама не атрымалася», — сказаў ён. Томаш Шміт падкрэсліў, што яго ўразіла, як у Беларусі спалучаюцца традыцыі і сучаснасць, таксама ён адзначыў гасціннасць беларускіх людзей. «Я крыху прыглядаўся да вас, беларусаў. Я кажу вам гэта не для таго, каб вам было прыемна, а толькі для таго, каб вы ведалі, як насамрэч. Вы вельмі працавіты народ. Вы вельмі добра арганізаваныя. У вас вельмі вялікі патэнцыял. І найперш у вас вельмі добры Прэзідэнт», — сказаў ён. Па словах былога польскага суддзі, у Беларусі ён плануе накіраваць свае намаганні на тое, каб расказаць суайчыннікам, якая на самай справе Беларусь. «У нас устаноўлена інфармацыйная блакада, таму цяжка даведацца, што сапраўды адбываецца ў Беларусі і Расіі. Адзіны спосаб атрымаць інфармацыю — карыстацца Telegram, які пакуль не заблакіраваны, — сказаў Томаш Шміт. — У вас людзі вельмі прыязна ставяцца да іншаземцаў. Калі людзі даведваюцца, што я з Польшчы, то з гэтым няма ніякіх праблем, да гэтага ставяцца нармальна. Я б хацеў запрасіць сваіх землякоў, жыхароў прыбалтыйскіх краін сюды. Прыязджайце ў Беларусь, параўнайце тое, што піша ваша прэса, з тым, як тут насамрэч ідуць справы».

У цэлым, па словах Томаша Шміта, простыя палякі абсалютна прыязна ставяцца да беларусаў. «Акрамя негатыўных дзеянняў медыя, я ніколі не адчуваў, што палякі неяк негатыўна ставяцца да Беларусі. Таксама як і да расіян. Насамрэч, няма ніякіх праблем: мы разам супрацоўнічалі, наведвалі адзін аднаго. Каб зразумець тое, што адбываецца, трэба разумець, што польская палітыка да канца не незалежная. Вельмі вялікі ўплыў з боку ЗША і Вялікабрытаніі. Большасць польскіх палітыкаў рэалізоўваюць амерыканскія і брытанскія інтарэсы, што не адпавядае польскаму праву», — заявіў ён.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.