Вы тут

Шаўковы шлях да здароўя


Яшчэ два дзесяцігоддзі таму ў Беларусі днём з агнём немагчыма было знайсці чалавека, нейкім бокам дачыненага да кітаістыкі. А цяпер мы маем дастаткова не толькі сваіх кітаістаў-філолагаў, але і зацікаўленых кітайскім нацыянальным вопытам спецыялістаў розных сфер. Яскравы доказ таму — кніга, на якую па розных прычынах варта звярнуць увагу. Але пачнём з агульнага.


Быць здаровым натуральна для большасці людзей. Між тым уяўленні пра здароўе могуць істотна адрознівацца ў залежнасці ад абставін, у якіх знаходзіцца чалавек. Найбольш распаўсюджана стаўленне да здароўя як да адсутнасці хвароб.

У дакументах Сусветнай арганізацыі аховы здароўя даецца азначэнне, паводле якога здароўем трэба лічыць не адсутнасць хвароб і фізічных дэфектаў, а наяўнасць поўнага фізічнага, душэўнага і сацыяльнага дабрастану (=благополучия). Тут фактычна гаворка ідзе пра тры віды здароўя — фізічнае, душэўнае і сацыяльнае, прычым ключавое значэнне адведзена паняццю «дабрастан» (=благополучие), змест якога далёка не відавочны. Вікіпедычныя крыніцы гэтае паняцце тлумачаць як «шчаслівае/бесклапотнае жыццё пры грошах, а таксама матэрыяльных дабротах, якія чалавек здабывае ў працэсе жыцця з мэтаю задавальнення сваіх асабістых патрэб». Інакш кажучы, «дабрастан» (=благополучие) — гэта наяўнасць матэрыяльных магчымасцяў для спажывання ў адпаведнасці з індывідуальнымі жаданнямі, сваім «эга». Між тым добра вядома, што згаданыя патрэбы не заўсёды з’яўляюцца добрымі і карыснымі, што з пераканаўчай нагляднасцю дэманструе сучаснае грамадства Захаду. Слоўнік рускай мовы «благополучие» тлумачыць як «спакойную плынь жыцця, якую не парушаюць беды і няўдачы». У гэтай трактоўцы здароўе трэба разумець як кантынуум без ніякіх эксцэсаў.

Такім чынам, як СААЗаўскае, так і складзенае нашым грамадствам азначэнне здароўя ўключае тры катэгорыі праяў БЛАГАСЦІ: фізічная (залежная ад анатоміі і фізіялогіі), духоўная і тая, якая датычыцца ўзаемадзяння асобы з грамадствам — дарэчы, залежная ад фізічнага і духоўнага статусу асобы. Сучасныя слоўнікі акцэнтуюць увагу на энергетычным балансе і непажаданасці адхіленняў у ім.

Такім чынам, усе прыгаданыя азначэнні сыходзяцца на тым, што здароўе чалавека залежыць як ад унутраных, так і ад знешніх фактараў. Адпаведна, узнікае пытанне, як кіраваць сваім унутраным станам і як узаемадзейнічаць са знешнім асяроддзем, каб заставацца здаровым.

Наўрад ці варта аспрэчваць змест распаўсюджанага выслоўя, што ўсё новае — гэта старое, пра якое мы забыліся. Дык вось кніга кандыдата медыцынскіх навук Вадзіма Цапаева «Шаўковы шлях да здароўя» вымушае не забывацца: пра здароўе ўсё ж такі існуе вучэнне, якому больш як 3000 гадоў. А сама назва кнігі змяшчае і намёк на тое, што акрамя шоўку ў шырокі свет, уключаючы Еўропу, пранікала старажытная кітайская культура наогул.

У гэтым навукова-папулярным выданні ідзе гаворка пра тыя сістэмныя веды, якія называюцца звычайна традыцыйнай кітайскай медыцынай. Для нашых чытачоў бадай патрабуюцца некаторыя тлумачэнні, чаму так менавіта мы яе называем. Па-першае, з-за таго, што ў старажытным Кітаі асноваю тэорыі аховы здароўя служылі агульныя веды пра ўладкаванне свету і яго законы (папулярнае выкладанне іх і стала зместам першай часткі кнігі). А другую вызначальную акалічнасць складала тое, што, нягледзячы на шматмоўнасць, аб’яднальным пачаткам у супольнасці медыкаў тады была пісьменнасць, агульная для ўсёй тэрыторыі старажытнага Кітая. Магчымасць захоўваць і перадаваць медыцынскія веды ў форме запісаў на паперы і дазволіла ім назапашвацца, а таксама ўдасканальвацца. Уласна гэта і стварыла традыцыю. Ну а ў рэшце рэшт запісаныя проста і зразумела агульныя ўяўленні пра сусвет, зямлю, кліматычныя ўмовы і чалавека забяспечвалі даступнасць медыцынскіх рэкамендацый і рэцэптаў для шырокіх колаў насельніцтва, а таксама іх распаўсюджванне з пранікненнем у паўсядзённае жыццё.

В. Г. Цапаеў паказвае, што ў аснове старажытнакітайскіх поглядаў на прыроду і свет ляжаць уяўленні пра энергію, яе пераўтварэнні, а гэта адпавядае і сучасным касмалагічным тэорыям. Уласцівае старажытнакітайскай касмагоніі разуменне цыклічнасці прыродных працэсаў тлумачыць узаемасувязі энергетычных пераўтварэнняў у пэўнай іерархічнасці, што надае медыцыне характар філасофскі і наогул універсальны.

Як любая старажытная рэч губляе строгасць абрысаў, так і традыцыйная кітайская медыцына за тысячагоддзі свайго існавання аказалася пад рознымі наслаеннямі, а да таго ж у нас цяпер успрымаецца не без пэўнай забабоннасці. Так што можна толькі ўхваліць імкненне аўтара кнігі да клапатлівай рэстаўрацыі каштоўнасці. Тым больш што ў яго выяўляецца належны досвед, каб запэўніваць, нават пераконваць чытача: веды і вопыт старажытных кітайцаў на дзіва ладна суадносяцца з плёнам сучаснай навукі.

Доктар Цапаеў слушна ставіць націскі на тым, што традыцыйнай кітайскай медыцыне ўласціва разуменне функцый арганізма чалавека як непадзельнай цэласнасці. Еўрапейская медыцына ў параўнанні з ёю нагадвае конніка без галавы: усе часткі цела на месцы, а вось галава апынулася ў руках псіхіятраў, якія старанна ўтойваюць яе, дакладней — яе змесціва. Тады як дактары старажытнага Кітая разглядалі вынікі дзейнасці ўсіх органаў, эмоцыі і думкі як цэльную, узаемазвязаную сукупнасць уласцівасцяў жывога арганізма. Функцыі органаў, паводле іх разумення, гэта не набор паказчыкаў біяхімічных аналізаў, як у заходняй медыцыне, а энергетычны партрэт сукупнасці органаў і тканак, аб’яднаных тым, што іх энергетыка падпарадкоўваецца заканамернасцям пэўнай энергетычнай метамарфозы. Прычым кожнай энергетычнай праяве адпавядаюць і анатамічныя структуры, і фізіялагічныя іх уласцівасці, і неаддзельныя ад іх эмацыянальныя і псіхалагічныя характарыстыкі асобы. Лагічным развіццём энергетычнай канцэпцыі з’яўляецца апісанне ўзаемаадносін паміж метамарфозамі, а таксама заканамернасцяў ўзаемарэгуляцыі актыўнасці метамарфоз. І тут у старажытнакітайскіх медыкаў мы знаходзім сістэму, падпарадкаваную адмоўным і станоўчым зваротным сувязям, — прынцып, які ў 1948 годзе апісаў Норберт Вінер.

Што датычыцца нашага аўтара, то ён дае тлумачэнні, як сукупнасцю актыўнасцяў энергетычных метамарфоз фарміруецца непаўторная індывідуальнасць асобы і пры гэтым выяўляецца асноўная ўласцівасць фізіялагічнага стэрэатыпа, характару і і эмацыянальнага партрэта, вызначаных дамінантнай метамарфозай. А гэтая дамінанта аб’ядноўвае прыроджаныя і набытыя ўласцівасці асобы. Яны ж могуць змяняцца як пад уздзеяннем псіхічных фактараў, так і ў выніку саматычных захворванняў. Уласна кажучы, сучасны вучоны медык Беларусі прапаноўвае інструменты, якія чытачу дазволяць самастойна ствараць для сябе выявы энергетычнага стану арганізма. Прыведзеныя ў канцы кнігі табліцы даюць магчымасць самастойна засвоіць выкладзеныя папярэдне прынцыпы кітайскай традыцыйнай медыцыны.

Ну а ў якасці заключэння і для нас могуць служыць прыведзеныя выказванні кітайскага мудраца Лаа Цзы, змест якіх пераканаўча сведчыць аб тым, што ў розных народаў агульнымі з’яўляюцца не толькі анатомія і фізіялогія, але і асноўныя прынцыпы здаровага жыцця, а таксама прыстойнага суіснавання. Гэта яны, уласна, робяць нас людзьмі.

Іван ЧАРОТА 

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.