Вы тут

Надвор'е: накрые хваля холаду


Сёлета кантрасны характар надвор'я быў спачатку ў красавіку, а цяпер ужо і ў маі. У эпоху глабальнага пацяплення такія сюрпрызы могуць быць і ў пачатку чэрвеня, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


У аўторак умовы надвор'я ў Беларусі будуць вызначаць атмасферныя франты ад цыклону, цэнтр якога будзе перамяшчацца з тэрыторыі нашай краіны ва ўсходнім напрамку. Днём на заходнія раёны распаўсюдзіцца вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў халоднай паветранай масе. Чакаецца воблачна, днём з праясненнямі. Часам пройдуць дажджы, месцамі па поўначы краіны магчымы мокры снег. Удзень пераважна ва ўсходняй палове краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. У начныя і ранішнія гадзіны месцамі па краіне будзе згушчацца слабы туман. Вецер уначы пераменны, удзень паўночны, паўночна-заходні парывісты, удзень месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра днём ад 7 цяпла да 13 градусаў, па поўдні краіны — да 16 градусаў. Атмасферны ціск ноччу істотна не зменіцца, днём будзе інтэнсіўна расці.

А далей нас чакае хваля холаду. Бо 8 і 9 мая ўмовы надвор'я будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, якая сфарміравалася ў халоднай паветранай масе паўночных шырот. Чакаецца пераменная воблачнасць.

У сераду чакаецца без ападкаў. Вецер паўночнай чвэрці ўмераны. Ноччу на большай частцы тэрыторыі рэспублікі чакаюцца замаразкі ад нуля да мінус 3 градусаў, месцамі мінімальная тэмпература паветра будзе крыху вышэйшай — 1—3 цяпла. Сонечнае надвор'е днём павысіць тэмпературу да плюс 8 градусаў па паўночным усходзе, а па паўднёвым захадзе краіны чакаецца да 17 цяпла.

Досыць холадна ноччу будзе і 9 мая. У гэты дзень чакаецца пераважна без ападкаў. Вецер пераменных напрамкаў умераны. Уначы на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца замаразкі ад нуля градусаў да мінус 3, па паўночным усходзе ў асобных раёнах — да мінус 5.

Замаразкі абяцаюць не ўсюды, бо месцамі мінімальная тэмпература паветра будзе вагацца ў межах 1—5 цяпла. Дзённая тэмпература паветра ўсталюецца ад плюс 8 градусаў па паўночным усходзе да 18 цяпла па паўднёвым захадзе краіны.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.