Вы тут

Адрасы ваеннай памяці


Вайна не скончана, пакуль не будзе пахаваны апошні загінулы салдат. Вялікая Айчынная вайна займае асаблівае месца ў памяці беларускага народа. І асобнай старонкай у гэтай гісторыі з’яўляецца генацыд нашага народа. Пра тое, што ў сучаснай Беларусі робяць для ўвекавечвання памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, як захоўваць памяць пра кожнага, хто загінуў у барацьбе за Радзіму, якія меры прымаюцца ў нашай краіне для абароны Перамогі ад спроб фальсіфікацый, пагаварылі прадстаўнікі беларускіх выдавецтваў на сустрэчы з журналістамі. І прэзентавалі шэраг кніжных навінак на ваенную тэматыку.


Фота pexels.com

— Мы не маглі абысці ўвагай 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і гэтая тэма ключавая для нас і ва ўсе мінулыя гады. 

І летась у медыйным полі вельмі шмат увагі было аддадзена ёй, таму што першыя раёны Беларусі вызвалілі пачынаючы якраз з другой паловы мінулага года. А наперадзе ў нас 80-годдзе Вялікай Перамогі ў 2025 годзе. Таму парадак дня, тэматыка, кірункі і публіцыстычных, і мастацкіх кніг, якія запланаваны ці ўжо выйшлі ў нашым выдавецтве, безумоўна, звязаны з ваеннай і гісторыка-патрыятычнай тэмай, — адзначыў дырэктар — галоўны рэдактар РВУ «Выдавецкі дом «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. — У нас ёсць шэраг аўтараў, з якімі мы пачынаем рэалізацыю доўгатэрміновых праектаў. Шмат сёння гаворыцца пра генацыд беларускага народа. І велізарная работа праведзена выдавецтвам «Беларусь» і іншымі выдавецкімі структурамі нашай краіны ў гэтым напрамку. А мы вырашылі знайсці сваё мастацка-дакументальнае адлюстраванне гэтай тэмы і расказаць пра спаленыя вёскі. Адна з кніг у нас выйшла, і прысвечана яна вёсцы Драмлёва Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Яе аўтарам стаў журналіст, пісьменнік, краязнавец Анатоль Бензярук. Называецца яна «Галавасек», менавіта такую назву мела і карная аперацыя, у выкіну якой было знішчана гэтае паселішча. Зараз у нас выходзіць фактычна працяг гэтага праекта. Днямі чакаем з друкарні кнігу «Беразянка» ад вядомага аўтара, публіцыста, члена Саюза пісьменнікаў Аляксандра Плавінскага і навукоўца Андрэя Шавеля. Гэта аповед пра вёску, якая знаходзіцца недалёка ад Мінска ў Пухавіцкім раёне. У выданні чытач знойдзе шмат дакументаў і разам з тым напружаны, эмацыянальны аповед пра ўсе падзеі, якія звязаны з трагедыяй гэтага паселішча. Тэма вогненных вёсак знаходзіць сваё месца і на старонках многіх перыядычных выданняў. Так яна атрымлівае новае асэнсаванне, і ў ёй адкрываюцца новыя факты, новыя гісторыі, новыя сведчанні.

Таксама напярэдадні Дня Перамогі выйдзе кніга Мікалая Чаргінца «Аперацыя «Кроў». Вядомы твор народнага пісьменніка Беларусі на тэму Вялікай Айчыннай вайны выдаецца ўжо не першы раз, але інтарэс з боку бібліятэк і шараговага чытача да яго застаецца і сёння. Яшчэ варта згадаць кнігу Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі «Званоў перазвон», прысвечаную мастацкаму асвятленню хатынскай трагедыі. А вось у кнізе «Ведаем, ганарымся» Ірыны Аўсеп’ян сабраны нарысы пра знакамітых асоб нашай краіны (асветнікаў, пісьменнікаў, дзеячаў культуры), якія былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Заслугоўвае ўвагі чытачоў і кніга Мікалая Барысенкі «Буйніцкае поле: «Застацца і памерці». Як адзначыў Алесь Карлюкевіч, ёсць верагоднасць, што кніга атрымае працяг, «бо нам хацелася б паказаць і іншыя адрасы такой драматычнай памяці народа Беларусі і савецкага народа на нашай тэрыторыі ў розныя ваенныя гады».

Таксама ў Выдавецкага дома «Звязда» склалася добрае супрацоўніцтва з вядомым расійскім пісьменнікам Мікалаем Чаркашыным, які родам з Ваўкавыска. Ім напісаны цэлы цыкл раманаў пра падзеі 1941 года ў Беларусі. Тут ужо паспелі выдаць кнігі «Брэсцкія вароты» і «Генералы 1941 года». І рыхтуюцца да выхаду яшчэ два яго раманы. Акрамя гэтага, вядзецца работа над шэрагам публіцыстычных выданняў, дзе знойдуць адлюстраванне і падзеі Вялікай Айчыннай вайны, і сённяшняе стаўленне грамадства да падзей 1941–1945 гадоў.

У сваю чаргу намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар ШНІП скіраваў увагу прысутных на шэраг іх выданняў, прысвечаных ваеннай тэме:

— Галоўная кніга нашага выдавецтва, якая выйшла да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — гэта «За цябе, Беларусь!». У ёй паказана хроніка вызвалення з 1941 да 1944 года. Гэта сумесны праект выдавецтва «Мастацкая літаратура» і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Кніга адметная тым, што ў ёй можна знайсці храналогію падзей таго часу на тэрыторыі Беларусі. Багатае выданне на фотадакументы, а таксама як аўтар-укладальнік кнігі я напоўніў яе творамі беларускіх пісьменнікаў-франтавікоў (Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Аркадзя Куляшова, Івана Шамякіна і многіх іншых), запісамі з іх дзённікаў. Кніга гэта не толькі цікавая як дакумент, сведчанне мінулага, але і як крыніца, якая паспрыяе выхаванню духу патрыятызму ў нашага маладога пакалення.

Да важных і цікавых выданняў, якія ўбачылі свет у «Мастацкай літаратуры», варта аднесці і перавыданне кнігі «Ніколі не забудзем» з успамінамі дзяцей вайны, раман Івана Чыгрынава «Плач перапёлкі» з серыі «Народная бібліятэка», кнігу з творамі «Хатынская аповесць» Алеся Адамовіча і «Апошнія і першыя» Барыса Сачанкі ў серыі «Беларуская аповесць». Дарэчы, шмат тэматычных матэрыялаў да 80-годдзя вызвалення Беларусі можна знайсці таксама ў часопісах выдавецтва «Нёман», «Полымя», «Маладосць».

А вось у выдавецтве «Беларусь» свет убачылі такія выданні, як «Дзеці вайны: іх дзяцінства скончылася летам 1941 года» Ільі Караблікава. І гэта супрацоўніцтва плануюць працягваць. Серыя «Беларуская энцыклапедыя» цяпер папоўнілася кнігай «Партызанскія парады і святы на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны», яна будзе карыснай для школьнікаў. У хуткім часе выдавецтва плануе таксама прэзентаваць міжнародны праект «Сыны Башкартастана ў баях за Беларусь».

— Тэма Вялікай Айчыннай вайны для нашага выдавецтва з’яўляецца цэнтральнай. Увесь час мы выдаём кнігі, якія звязаны з гэтай тэмай. Хаця і здаецца, што столькі часу прайшло і ўжо не павінна быць белых плям у ёй, аднак кожная новая кніга — гэта чарговы доказ тых страшных падзей, — дзеліцца загадчык аддзела рэкламы выдавецтва «Беларусь» Анжэла САДОЎСКАЯ. — Адзін з праектаў, які пацвярджае, што ў гэтай тэме яшчэ шмат нязведанага, які раскрывае нам гераізм нашых людзей і страшныя злачынствы нацыстаў, — «Генацыд беларускага народа». Яго мы ажыццяўляем сумесна з Генеральнай пракуратурай. Праект гэты атрымаў вялікі рэзананс і ўжо стаў вядомым. І апошняя кніга, «Генацыд беларускага народа. Карніцкія аперацыі», якая выйшла ў нас напрыканцы мінулага года, як і дзве папярэднія, «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці» і «Генацыд беларускага народа», атрымала вялікі водгук у чытацкай аўдыторыі.

Прэзентавалі на сустрэчы таксама кнігу «Партызаны Беларусі». І, як адзначыў яе аўтар-укладальнік Алег Усачоў, гэта сапраўдная энцыклапедыя партызанскага жыцця:

— У гэтай кнізе сабраны звесткі як пра камандзіраў атрадаў, так і пра звычайных партызан. Усе разам кавалі нашу агульную Перамогу, бо ўсе мы непарыўна звязаны з нашымі продкамі і з нашай гісторыяй. І гэтая кніга — даніна памяці ўсім, хто змагаўся за вызваленне Беларусі.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.