Вы тут

Яшчэ адзін эпізод крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа даследуюць у Гомельскай вобласці


Яшчэ адзін эпізод крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа даследуюць пошукавікі і супрацоўнікам пракуратуры Гомельскай вобласці ва ўрочышчы Воўчы Дуб у Жлобінскім раёне. Тут выяўлены астанкі мірных жыхароў — ахвяр карнай аперацыі часоў Вялікай Айчыннай вайны.


Трагедыя вяскоўцаў

Вядома, што незадоўга да вызвалення тэрыторыі раёна ад акупантаў у балоцістай мясцовасці ўрочышча хаваліся ад карнікаў жыхары вёскі Казімірава.

— Зімой 1943-1944 гадоў на гэтым участку раёна — поўнае нямецкае акружэнне, зусім побач лінія фронту. Людзі чакалі прыходу Чырвонай Арміі. Вядома, што ў канцы 1943 года каля сарака мясцовых жыхароў вёскі Казімірава пайшлі жыць у лес, каб схавацца ад адпраўкі на прымусовыя работы ў Германію, — распавяла навуковы супрацоўнік Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея, спецыяліст па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Дар'я Луніна. — Непадалёк ад гэтай мясцовасці базіраваліся партызаны. Вяскоўцы Казімірава — пераважна жанчыны з дзецьмі, моладзь — ладзілі ў лесе буданы. У сярэдзіне студзеня 1944 фашысты выйшлі на сховішча вяскоўцаў. Людзей расстралялі і спалілі ў буданах.

Падрабязнасці тых страшных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі Жлобінскага раёна, у сваім дзённіку апісаў франтавік Анатоль Дзяковіч. Хімік, выпускнік Саратаўскага ўніверсітэта, у 1941 годзе ён трапіў у нямецкае акружэнне, апынуўся ў палоне, але ўдалося збегчы, — ваяваў у складзе партызанскага атрада да злучэння з Чырвонай Арміяй у 1944 годзе. Пасля вызвалення Беларусі Анатоль Дзяковіч некаторы час жыў у Жлобіне — выконваў абавязкі старшыні выканкама гарсавета. Былы партызан у момант расправы над людзьмі ў Воўчым Дубе знаходзіўся прыкладна на гэтым участку. Аб тым, якая жудасная карціна фашысцкай расправы паўстала перад вачыма партызан, ён пакінуў падрабязныя запісы ў сваім дзённіку.

З першых вуснаў

Месца гібелі жыхароў Казімірава ўсе гэтыя гады берагла і людская памяць. У савецкі час людзі прыходзілі ва ўрочышча Воўчы Дуб, каб ушаноўваць памяць загінулых аднавяскоўцаў. Па зваротах мясцовых жыхароў у 2006 годзе на месца трагедыі выязджалі прадстаўнікі Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея і ваенкамата. Сіламі сельсавета тады было ўсталявана надмагілле.

Грунтоўная работа па зборы інфармацыі аб гібелі казіміраўцаў у 1944 годзе стала весціся больш чым два года таму, калі была распачата крымінальная справа па расследаванні генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час Генеральнай пракуратурай Беларусі.

— Збіралі ўспаміны старажылаў вёскі, аналізавалі інфармацыю з крыніц фонду музея. Ёсць сведчанні, што хавалі ахвяр на месцы іх гібелі, бо было шмат спаленых касцявых астанкаў, якія людзі не маглі перанесці, — звяртае ўвагу Дар'я Луніна. — Дапамаглі ў пошукавай рабоце матэрыялы, якія доўгія гады збірала жыхарка Казімірава Інеса Тубалец — дачка жанчыны, што была непасрэднай сведкай тых падзей. Па ўспамінах сваёй маці і нешматлікіх вяскоўцаў, якім удалося тады выжыць, яна запісала прозвішчы забітых ва ўрочышчы вяскоўцаў. На сёння, на жаль, дакладна вядомы толькі 14 ахвяр тых падзей.

«Вораг дзейнічаў бязлітасна»

Паводле папярэдняй інфармацыі, непасрэдна падчас студзеньскай карнай аперацыі на гэтым участку было знішчана больш за 100 мірных жыхароў.

— Фашысты праводзілі масавыя карныя аперацыі. Так, 14 студзеня была спалена вёска Ала Светлагорскага раёна. Акупанты працягвалі пошукавыя аперацыі і выйшлі на гэты ўчастак. Лазутчыкі праніклі пад выглядам партызан. 16, 17, 18 і 19 студзеня тут адбывалася масавая расправа над мірнымі жыхарамі — у асноўным жанчынамі, старымі і дзецьмі. Яны спрабавалі схавацца ад выгану ў тылавыя раёны нямецкай арміі. Таксама немцы высылалі мірных жыхароў у парыцкія балоты, каб заразіць тыфам і выкарыстоўваць як бактэрыялагічную зброю супраць Чырвонай Арміі, — распавёў выконваючы абавязкі пракурора Жлобінскага раёна Андрэй Аношка.

Пошукавыя работы ва ўрочышчы Воўчы Дуб пачаліся на пачатку красавіка. Вайскоўцамі 52-га асобнага пошукавага спецыялізаванага батальёна Міністэрства абароны выяўлены пахаванні, а таксама знойдзены тыповы ланцужок грамадзянскіх зямлянак-буданоў.

— Карнікі часткова закідвалі зямлянкі гранатамі. Таксама першапачаткова пры разведцы мясцовасці былі выяўлены шматлікія гільзы ад нямецкіх вінтовак. Фактычна месца ачаплялася аўтаматчыкамі. Расстрэлы рабілі паліцаі, здраднікі радзімы, памагатыя фашыстаў. Яны стралялі ў тых, хто выходзіў адтуль. Вораг дзейнічаў бязлітасна, і наша задача захаваць аб'ектыўную гістарычную памяць, — падкрэсліў Андрэй Аношка.

Расследаванне працягваецца

Дапамогу ў пошукавых работах ва ўрочышчы Воўчы Дуб аказваюць і навуковыя работнікі Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея.

— Сёння мы працягваем аднаўляць звесткі аб перыядзе акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі Жлобінскага раёна. Актыўна супрацоўнічаем з пракуратурай, якая вядзе расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, — распавяла навуковы супрацоўнік Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея Дар'я Луніна.

Усяго за час акупацыі ў раёне было спалена 117 вёсак. Сем з іх — Браткі, Грушка, Залессе, Замосце, Краснаўка, Кастрычнік, Залужжа — пасля вайны так і не аднавіліся. Зямля, сабраная на месцах пажарышчаў, прадстаўлена ў экспазіцыі музея.
Як нагадала гісторык, увосень 1943 года, калі савецкія войскі рыхтаваліся да фарсіравання Дняпра, у Жлобінскім раёне фашысты актыўна праводзілі карныя акцыі. Трагедыі не абмінулі пасёлак Верны, вёску Цупер. На пачатку 1944 года, калі частка раёна была вызвалена, карнікі не шкадавалі населеныя пункты Кароткавіцкага сельсавета. Амаль цалкам быў знішчаны цэнтр — вёска Кароткавічы. Частка жыхароў гэтага населенага пункта шукалі паратунку, але загінулі ў трагічна вядомай Але Парыцкага (цяпер Светлагорскага) раёна. Як вядома, 14 студзеня падчас зверскай расправы нацыстаў пакутніцкую смерць у Але прынялі 1758 мірных жыхароў, у тым ліку 508 жанчын і 950 дзяцей.

— Непадалёку ад урочышча Воўчы Дуб, дзе вядуцца пошукавыя работы, у лесе побач з вёскай Баршчоўка знаходзіцца пахаванне гэтага ж ваеннага перыяду. Пахаваны забітыя фашыстамі дзве мясцовыя настаўніцы, іх дзеці і васямнаццацігадовая дзяўчына. На гэтым месцы стаіць помнік, усталяваны пасля вайны бацькам адной з настаўніц разам са школьнікамі. Мясцовыя жыхары шчыра ўдзячны за захаванне памяці аб гэтых ахвярах вайны. Таму вельмі важна працягваць маштабную архіўна-даследчую работу, устанаўліваць новыя факты, раней невядомыя месцы пахаванняў, — пераканана жлобінскі гісторык.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.