Вы тут

Абавязак беларусаў — не дапусціць падобнага


Калі на мемарыяльным комплексе «Масюкоўшчына», узведзеным у памяць аб звыш 80 тысяч ваеннапалонных, якія ў гады акупацыі Беларусі загінулі ў «Шталагу-352», сенатары і супрацоўнікі сакратарыята верхняй палаты парламента бываюць рэгулярна, то месца масавага пахавання ахвяр генацыду ва ўрочышчы Уручча заканатворцы наведалі ўпершыню. Такім чынам, Уручча — гэта не толькі назва сучаснага сталічнага мікрараёна. Гэта яшчэ адзін сімвал болю беларускага народа, месца жудаснай расправы нацысцкіх злачынцаў над ні ў чым невінаватымі людзьмі, сярод якіх не толькі ваеннапалонныя, а і мірныя жыхары — пераважна жанчыны і дзеці.


Аб тым, што ў лясным масіве каля Мінска гітлераўцы і іх памагатыя знішчылі вялікую колькасць людзей, стала вядома адразу пасля вызвалення Беларусі. Акт Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, датаваны ліпенем 1944 годам, сведчыў: тут было знішчана звыш 57 тысяч грамадзян. У памяць аб бязвінна расстраляных савецкіх воінах, партызанах і мірных людзях у 1959 годзе на 9-м кіламетры маскоўскай шашы з’явіўся мемарыял. Аднак рэальны маштаб трагедыі ўдалося ўстанавіць толькі нядаўна, калі ў красавіку 2021 года Генеральная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Па папярэдніх ацэнках, у лясным масіве ўрочышча Уручча вечным сном спіць не менш як 100 тысяч чалавек.

19 ям-магіл — тысячы абарваных лёсаў

Аб тым, якія страшныя падзеі адбываліся тут больш як восем дзесяцігоддзяў таму, членам Савета Рэспублікі, супрацоўнікам сакратарыята і членам Маладзёжнага савета пры Нацыянальным сходзе падчас наведвання раней невядомых месцаў масавага пахавання мірных грамадзян і ваеннапалонных расказалі генеральны пракурор Андрэй Швед і кіраўнік следчай групы Генеральнай пракуратуры Валерый Талкачоў

Згодна з архіўнымі данымі, з 1941 па 1944 гады гітлераўцы прывозілі ў лясны масіў мірных жыхароў, ваеннапалонных з Мінска, бліжэйшых населеных пунктаў і нават з Расіі, дзе распраўляліся з імі хутка і бязлітасна — выстралам у галаву. Затым бяздыханыя целы ўкладвалі ў некалькі слаёў і засыпалі зямлёй. 

У выніку расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа з 2021 года толькі на тэрыторыі гэтага ляснога масіва выяўлена 19 ям-магіл. Гэта стала магчыма дзякуючы тагачасным картам, нямецкай аэрафотаздымцы. Месцазнаходжанне 11 ям-магіл, аб якіх увогуле няма ніякай згадкі ў архіўных дакументах, з высокай дакладнасцю ўдалося вызначыць дзякуючы прымяненню новага праграмнага комплексу беларускіх вучоных. 

З пяці ям-магіл, выяўленых летась, былі падняты станкі не менш 742 чалавек, уключаючы дзяцей, жанчын і старых. Работа па астатніх ямах восенню 2023 года была прыпынена. З надыходам спрыяльных умоў надвор’я сёлета, у сакавіку, палявыя пошукавыя работы аднавіліся — спецыялісты раскрылі чатыры раней выяўленыя ямы з касцянымі астанкамі. У адной з іх быў знойдзены салдацкі медальён. Пасля правядзення экспертызы было ўстаноўлена, што ён належаў радавому Капелю Майшэвічу Файнбергу, 1910 года нараджэння, ураджэнцу г. Лахва Лунінецкага раёна Пінскай вобласці. Усе члены сям’і чырвонаармейца, за выключэннем брата, які застаўся ў жывых, загінулі ў Беларусі ў гады вайны. У цяперашні момант ажыццяўляюцца пошукі сваякоў загінулага.

Кажучы аб дэталях расследавання, генеральны пракурор Андрэй Швед звярнуў увагу на той факт, што ў гэтым журботным месцы мірнае насельніцтва і ваеннапалонных бязлітасна знішчалі не толькі нямецкія карныя падраздзяленні, але і сумна вядомы 2-гі літоўскі паліцэйскі батальён. «Без кроплі сумнення яны расстрэльвалі і закопвалі жыўцом дзяцей, жанчын і старых, — канкрэтызаваў генпракурор. — Падчас раскопак мы знайшлі астанкі вялікай колькасці менавіта дзяцей, а таксама маладых жанчын ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў. У адносінах да нашага насельніцтва нацысты і іх памагатыя прадэманстравалі беспрэцэдэнтны ўзровень бесчалавечнасці».

Па словах Андрэя Шведа, работа на месцы масавага знішчэння людзей супрацоўнікамі Генеральнай пракуратуры завяршаецца толькі тады, калі сабрана ўся інфармацыю і зроблена ўсё неабходнае, каб да гэтых месцаў вадзілі школьнікаў. Супрацоўнікі ведамства працягнуць практыку паказваць месцы масавага знішчэння людзей моладзі, якая павінна мець рэальнае ўяўленне аб падзеях, што адбываліся на беларускай зямлі 80 і больш гадоў таму.

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава заўважыла, што Генеральная пракуратура робіць вялікую справу. «Нізкі вам паклон, — падкрэсліла спікер. — Перш за ўсё гэта наша памяць. Устанавіць хоць адну сям’ю, аднаго чалавека, якога столькі гадоў спрабуюць знайсці, дзе ён пахаваны — наш абавязак». Спікер акцэнтавала ўвагу на маштабах трагедыі. «Як можна гэта забыць? Гэта немагчыма! — падкрэсліла яна. — Трэба ўсяму свету паказаць тое, што адбывалася тут. Мы павінны зрабіць усё, каб не дапусціць падобнага». 

«Свет павінен ведаць, што адбывалася на нашай зямлі»

У размове з журналістамі спікер верхняй палаты парламента падкрэсліла, што няма апраўдання нацызму, тым людзям, якіх і людзьмі назваць нельга, што здзяйснялі такія зверствы. «Яны (акупанты. — „Зв“.) знішчалі наш народ, вынішчалі яго, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Таму мы ў даўгу перад тымі, хто адстаяў свабоду і незалежнасць, цаной свайго жыцця даў нам мірнае неба. Мы ўдзячны тым, хто ваяваў, змагаўся. Але самае страшнае, калі гінулі ні ў чым невінаватыя дзеці, жанчыны, якіх тут шмат пахавана».

Старшыня Савета Рэспублікі выказала словы ўдзячнасці і падзякі Генеральнай пракуратуры, якая выступіла з ініцыятывай правядзення такой работы, Прэзідэнту — за тое, што падтрымаў гэтую прапанову, наставіў на шлях, каб была раскрыта ўся праўда аб той трагедыі, якая была на нашай зямлі. Наталля Качанава ўпэўнена, што ў кожнага, хто ўбачыў месцы масавага знішчэння, сэрца на разрыў. «Немагчыма сабе ўявіць тое, што адбывалася на нашай шматпакутнай зямлі», — заўважыла спікер і нагадала, што члены Савета Рэспублікі ў свой час падтрымалі ініцыятыву Генеральнай пракуратуры і выступілі ў падтрымку распрацоўкі Закона «Аб генацыдзе беларускага народа». На яе думку, гэтае заканадаўчае рашэнне было абсалютна правільным.

«Свет павінен ведаць, што адбывалася на нашай зямлі, і разумець, што беларусы будуць рабіць усё, каб захаваць мір і спакой і ніколі надалей не дапусціць такой трагедыі, якая разгарнулася на нашай зямлі не па нашай волі, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Людзі гінулі і пакутавалі за той кавалак зямлі, на якім яны хацелі жыць і гадаваць сваіх дзяцей».

Тое, што аб’ядноўвае нацыю

Пасля цырымоніі ўскладання кветак у мемарыяльным комплексе «Масюкоўшчына» Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што чым далей мы жывём ад усіх страшных падзей, тым больш разумеем, што сапраўды гэта патрэбна нам, жывым для таго, каб падобнае не адбылося зноў. «Наш народ проста знішчалі, яго знішчалі, каб яго не было ў гэтым свеце, — звярнула ўвагу спікер. — І калі ты размаўляеш з моладдзю, можа быць, дзесьці ўжо чуеш, што шмат гаворым пра вайну, але гэта тое што сёння аб’ядноўвае нас — як народ, як нацыю. Тая памяць — гэта нашае сумленне. Сумленне перад тымі, хто склаў сваю галаву. Памяць перад тымі, хто сёння жыве. І нам пашчасціла жыць побач з тымі людзьмі, якія прайшлі горан гэтай страшнай трагедыі. Памяць перад тымі, хто аднаўляў у пасляваеннае ліхалецце нашы гарады і вёскі. Памяць аб тых, хто стварыў такую цудоўную незалежную суверэнную Беларусь у мірны час. І таму, вядома, няхай чуюць усе ў свеце, няхай ведаюць — беларускі народ ніколі не дапусціць нацызму і фашызму на сваёй зямлі, і мы будзем рабіць усё для таго, каб гэта не дапусціць надалей».

Мемарыяльны комплекс «Масюкоўшчына» — помнік ваеннапалонным і мірным грамадзянам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў адным з найбуйнейшых на акупаванай тэрыторыі былога Савецкага Саюза канцэнтрацыйным лагеры смерці. Да тых, хто ў ім утрымліваўся, фашысты прымянялі асабліва жорсткую сістэму катаванняў і зневажанняў чалавечай годнасці. З ліпеня 1941 па 3 ліпеня 1944 года ў «Шталазе-352» загінула больш за 80 тысяч салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі, якія трапілі ў палон, мірных жыхароў, сагнаных у лагер з Мінска і навакольных вёсак. Вечная ім памяць! 

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА


Качанава: Беларускі народ ніколі не дапусціць нацызму і фашызму на сваёй зямлі

Старшыня верхняй палаты парламента Наталля Качанава, члены Прэзідыума і работнікі Сакратарыята Савета Рэспублікі ўсклалі кветкі ў мемарыяльным комплексе «Масюкоўшчына», перадае БелТА.

Фота: БелТА

«Гэта патрэбна нам, жывым, каб такога не здарылася зноў, — сказала Наталля Качанава. — Учора, калі мы наведалі месцы, дзе расстрэльвалі нашых мірных жыхароў, дзяцей, жанчын, ваеннапалонных (урочышча Уручча. — Заўвага БелТА), яшчэ раз згадалі тую трагедыю. І, вядома, мы павінны гэта перадаваць з пакалення ў пакаленне. Маральна гэта цяжка. Але мы павінны разумець, што наш народ проста знішчалі, каб яго не было на гэтым свеце. Памяць — гэта тое, што сёння аб’ядноўвае нас як народ, як нацыю».

Памяць — гэта наша сумленне, адзначыла спікер. «Сумленне перад тымі, хто злажыў сваю галаву. Памяць перад тымі, хто прайшоў горан той страшнай трагедыі. Памяць перад тымі, хто аднаўляў у пасляваеннае ліхалецце нашы гарады і вёскі. Памяць аб тых, хто стварыў такую цудоўную незалежную, суверэнную Беларусь у мірны час», — падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.

«Няхай чуюць усе ў свеце і няхай ведаюць — беларускі народ ніколі не дапусціць нацызму і фашызму на сваёй зямлі. Мы будзем рабіць усё для таго, каб гэтага не дапусціць надалей», — падкрэсліла Наталля Качанава.

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.