Вы тут

У БДЭУ прайшла дыктоўка па матэрыялах «Звязды» пра аперацыю «Баграціён»


«Дзень нашай памяці і ўдзячнасці». Так называўся тэкст сёлетняй агульнаўніверсітэцкай дыктоўкі па беларускай мове, якая прайшла ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. За яе аснову ўзяты тэксты газеты «Звязда» пра аперацыю «Баграціён» — адну з найбуйнейшых вайсковых аперацый у сусветнай гісторыі. Агучыў тэкст Руслан Чарнецкі, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы.


Дыктоўка была падрыхтавана кафедрай беларускай і рускай моў факультэта міжнародных бізнес-камунікацый. Загадчык кафедры, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Вольга Губская распавяла, што такая дыктоўка ўжо стала добрай традыцыяй Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

— Звычайна мы праводзім яе ў лютым — святкуем Міжнародны дзень роднай мовы. Але гэты год знакавы для нашай краіны. Менавіта сёлета адзначаецца 80-годдзе вызвалення Беларусі. А калі б не было Вялікай Перамогі, не было б і свята роднай мовы. Менавіта таму мы аб’ядналі дзве падзеі ў адну, і зразумела, што тэкст дыктоўкі прысвечаны падзеям вайны. А менавіта аперацыі «Баграціён», дзякуючы якой Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дарэчы, трэба адзначыць, што тэкст дыктоўкі складаўся па матэрыялах газеты «Звязда».

Чаму менавіта «Звязда» стала крыніцай тэксту? Вольга Губская прызналася, што наша газета — выданне, у якім заўсёды можна знайсці якасны матэрыял пра культурныя падзеі краіны, адсылкі да гістарычнага мінулага. За публікацыямі «Звязды» на кафедры сочаць, вось і знайшлі на старонках прыдатны матэрыял.

У зале, якая была цалкам запоўнена, прычым на дыктоўку прыйшлі як студэнты, так і выкладчыкі, стварылі адпаведную атмасферу з дапамогай музыкі. Прагучала цымбальная версія вядомай усім песні «Смуглянка», якая перанесла ў ваенныя гады. Удзельнікаў дыктоўкі прывіталі прарэктар па выхаваўчай рабоце Сяргей Скрыба і дэкан факультэта міжнародных бізнес-камунікацый Юлія Шаўрук.

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага дэпутат Палаты прадстаўнікоў Руслан Чарнецкі у сваім слове перад дыктоўкай прызнаўся, што з задавальненнем згадзіўся ўзяць удзел у гэтым мерапрыемстве, хаця прыйшлося адпрошвацца з рэпетыцыі. Тэму дыктоўкі артыст лічыць вельмі важнай. Руслан Чарнецкі зачытаў пра гэта вершаваныя радкі:

«Навекі слава тым, хто ў полі ратным

Загінулі за родныя палі,

За свой народ, за лёс народаў братніх,

За дзень наступны ўсяе зямлі».

Дэпутат прапанаваў ушанаваць хвілінай маўчання ўсіх, хто аддаў жыццё за Вялікую Перамогу, хто вызваляў нашу краіну.

Пасля хвіліны маўчання пачалася дыктоўка. Усе вельмі стараліся, часам задумваліся, а вось спісваць сэнсу не было: мэта — не атрымаць добрую адзнаку, а праверыць свае веды ў роднай мове і прапусціць праз сябе карысную інфармацыю, закладзеную ў тэксце. 

А тэкст заканчваўся такім фрагментам: «Сімвалам народнага подзвігу савецкіх воінаў і партызан, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, узвышаецца ў Мінску на плошчы Перамогі велічны помнік-абеліск. Гарыць і гарыць перад ім Вечны агонь — знак нашай памяці і ўдзячнасці героям, якія аддалі сваё жыццё дзеля мірнай будучыні. Праз дзесяцігоддзі, у сучаснай Беларусі, дзень 3 Ліпеня стаў галоўным дзяржаўным святам — Днём Незалежнасці».

Пасля заканчэння працы ўсе мелі магчымасць праверыць свае веды з дапамогай паўторнай чыткі і слайдаў на экране. А потым пачаўся дыялог з ганаровым госцем. Руслан Чарнецкі ахвотна адказаў на шматлікія пытанні. Вядома, напачатку прагучала пытанне пра тое, як акцёр наважыўся стаць дэпутатам.

— Я зразумеў, што галоўная мэта майго жыцця — дапамагаць людзям, — адказаў Ркслан Чарнецкі. — Выкарыстоўваючы розныя шляхі. Як артыст я імкнуся дапамагчы гледачу стаць лепшым, даносячы словы класікаў. Калі чалавек становіцца кожны дзень крыху лепшым, гэта ж і ёсць шчасце! 

І якраз дэпутацкая пасада дае мне выдатную магчымасць дапамагаць людзям. Дэпутат жа не толькі законы піша, ён робіць шмат добрага, і не толькі для выбаршчыкаў са сваёй акругі. Для мяне гэта цудоўная магчымасць іншымі інструментамі дапамагаць людзям у жыцці, не толькі праз сцэну. Менавіта таму я і вырашыў пайсці па гэтым шляху. Лічу, што ў мяне гэта атрымаецца — і ўжо атрымліваецца.

Спыталі ў госця, як удаецца сумяшчаць столькі розных відаў дзейнасці: іграць у тэатры, здымацца ў кіно, займацца дэпутацкай працай... Руслан Чарнецкі адказаў, што галоўнае — шчырае жаданне нешта зрабіць, а яшчэ адказнасць і ўнутраная дысцыпліна. Цікавіла маладых, і як знайсці сябе, дасягнуць поспеху. 

У адказах Руслан Чарнецкі быў шчыры, распавёў, як у юнацтве сам шукаў сябе: па першай адукацыі ён аўтаслесар, адслужыў у арміі, працаваў афіцыянтам, ахоўнікам, займаўся спортам, танцаваў... Дарэчы, спорт з Русланам Іосіфавічам усё жыццё. Акцёр — кандыдат у майстры спорту па парусным спорце, сур’ёзна займаўся плаваннем, гуляў у футбол, баскетбол, валейбол, настольны тэніс, займаўся боксам і кік-боксінгам. Галоўнае — ён ніколі не спыняўся, не дазваляў сабе ленавацца і ўвесь час імкнуўся знайсці любімую справу, якой захочацца займацца ўсё жыццё. Бо калі ты займаешся любімай справай — ты шчаслівы чалавек, цябе не трэба гнаць на працу. Руслан Чарнецкі лічыць сябе шчаслівым. Таму і параіў маладым не спыняцца шукаць сябе, каб потым не пакутаваць на нелюбімай рабоце.

Распавёў госць і пра сваю сцэнічную працу — запрасіў не прапусціць новы спектакль Акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага «Горкі хлеб», дзе ён іграе. Спектакль таксама прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі.

— Гэта вельмі незвычайная пастаноўка. Прагучаць рэальныя гісторыі рэальных людзей, у якіх нічога не зменена. Гісторыі тых, хто ў дзяцінстве перажыў вайну. Мне гэта блізка. Я позняе дзіця, мая маці — 1939 года нараджэння, таму яна расказвала мне пра вайну гісторыі, падобныя да тых, якія мы сёння паказваем на сцэне. У нас шмат твораў пра герояў вайны, пра салдат, разведчыкаў... Але ці ўяўляем мы, што перажывалі ў той час маленькія дзеці, якім было пяць, сем, дзевяць гадоў? Гэта вельмі кранальны спектакль. Нават я, чалавек, які ведаў гэты матэрыял, рэпеціраваў яго, калі знаходзіўся на сцэне, ледзь стрымліваў слёзы. Спектакль дасць не толькі эмоцыі — прымусіць задумацца. Гэта для мяне і ёсць самае галоўнае.

Пасля размовы да госця выстраілася чарга па аўтографы, якія ў асноўным бралі на аркушыках з напісанай дыктоўкай. Хапала ахвотных і для фотасесіі з вядомым акцёрам і грамадскім дзеячам.

— Упэўнена, што тэкст дыктоўкі быў не толькі карысным для праверкі правапісу, але і інфарматыўным і пазнавальным, — зазначыла напрыканцы Вольга Губская. — Цікава было слухаць, як чытае тэкст акцёр Руслан Чарнецкі. Яго голас, расстаноўка акцэнтаў, інтанацыя нагадвалі, што перад намі прафесійны артыст, які мог бы быць і добрым выкладчыкам. У любым выпадку, кантакт са студэнтамі быў знойдзены імгненна.

Людміла ІВАНОВА

Фота: Віктар ІВАНЧЫКАЎ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.