Вы тут

Качанава сустрэлася з Героем Беларусі Марынай Васілеўская


У сустрэчы таксама ўдзельнічалі члены Прэзідыума і Савета старэйшын верхняй палаты парламента. Першы касманаўт суверэннай Беларусі падзялілася дэталямі падрыхтоўкі і ажыццяўлення касмічнага палёту. Старшыня Савета Рэспублікі, у сваю чаргу, расказала, як беларусы сачылі за гэтай найважнейшай для краіны падзеяй, праінфармавала аб асаблівасцях работы сенатараў: заканадаўчай і міжнароднай дзейнасці, рабоце з насельніцтвам. 


«Вядома, як сказаў правільна Аляксандр Рыгоравіч, мы сталі касмічнай дзяржавай, гэта вельмі важна, — адзначыла спікер верхняй палаты парламента. — Казаць аб тым, што мы не займаліся космасам, будзе не правільна. Мы працавалі шмат. Нашы землякі-беларусы — касманаўты, і мы гэтым ганарымся. Але ў гісторыі суверэннай і незалежнай Беларусі вы — першая касманаўт, якая пакарыла космас. Нам, жанчынам, удвайне прыемна, што гэта жанчына. Жанчына, якая пабывала ў космасе».

Па словах Наталлі Качанавай, многія назіралі за тым, як стартаваў касмічны карабль, перажывалі, як праходзіў увесь касмічны палёт. «Вядома, перажывалі і тады, калі было прызямленне, бо ўсе зноў пагрузіліся ў космас, чыталі, якія этапы самыя складаныя, — расказала спікер. — Вы з такой чароўнай усмешкай, калі было прызямленне... Гэта было такое захапленне. Я падумала: вось, што для нас важна. Важна, што сёння наша краіна дасягнула такога ўзроўню ў сваім развіцці, калі нашы людзі пакараюць космас, што такія прыгожыя дзяўчаты пабывалі ў космасе, правялі там пэўную работу, якая была запланавана».

Марына Васілеўская падкрэсліла, што для яе высокі гонар знаходзіца ў Савеце Рэспублікі. Герой Беларусі падзялілася сваімі ўражаннямі ад касмічнага палёту, планамі на будучыню.

«Падрыхтоўка была нялёгкая, яна праходзіла дзесьці восем месяцаў, — рассказала касманаўт. — Было нялёгка ўпісацца ў гэта, бо гэта не маё асяроддзе, я нічога гэтага не вывучала. Касмічная тэма — для мяне гэта было ўсё новае, але вельмі цікавае».

Марына Васілеўская падзялілася, што з дзяцінства марыла быць настаўнікам, аб космасе яна ніколі не думала. «Калі ўжо пайшла працаваць у авіякампанію „Белавія“, знайшла сябе ў гэтай прафесіі, — падзялілася першы касманаўт суверэннай Беларусі. — Вядома, было страшна. Але дзякуючы сваёй рабоце, я зразумела, што трэба выходзіць з зоны камфорта, пераадоленне пэўных перашкод узвышае нас. Трэба імкнуцца да большага, і тады сапраўды ўсё атрымаецца».

Касманаўт расказала, як праходзіў адбор (разглядаліся тры тысячы заявак). Па яе словах, гэта было своечасова, бо пэўных прафесійных вышынь Марына Васілеўская ўжо дасягнула і хацела развівацца далей, вышэй. «Вышэй аказаўся толькі космас, і гэта, вядома, нешта неверагоднае, — падкрэсліла яна. — З радасцю прыняла гэтую прапанову і прайшла ўсе этапы падрыхтоўкі, праверкі, медыцынскае абследаванне было вельмі сур’ёзнае. Удзячна бацькам за такія гены, за маё здароўе. Вяду здаровы лад жыцця».

Марына Васілеўская расказала, што падчас падрыхтоўкі да касмічнага палёту ёй пашанцавала працаваць з выдатнай камандай, таму спраўляцца з пастаўленымі задачамі было нескладана. Чаго не скажаш пра пасадку. «Пасадка была жорсткая», — падзялілася касманаўт. Аднак у космасе, нягледзячы на перасцярогі калег, яна адчувала сябе добра. 

У завяршэнні сустрэчы Наталля Качанава падарыла Марыне Васілеўскай ляльку-касманаўта ручной работы і ўручыла іншыя падарункі.

У размове з журналістамі Марына Васілеўская выказала ўдзячнасць Старшыні Савета Рэспублікі за запрашэнне пабываць у верхняй палаце парламента. «Было вельмі прыемна пагутарыць з Наталляй Іванаўнай, членамі Прэзідыума, абмеркавалі пытанні майго палёту, пацікавіліся маім самаадчуваннем — была вельмі добрая, душэўная размова, — падкрэсліла Герой Беларусі. — Рыхтуюся да грамадскай дзейнасці. Хачу наведаць шмат нашых дзяржаўных арганізацый, школы, садкі. Усе чакаюць. З вялікім задавальненнем хачу падзяліцца сваім досведам, настроем, задаць добры настрой хлопцам і дзяўчатам, пажадаць ім усяго добрага, каб яны дасягалі сваіх мэт і імкнуліся да найлепшага».

Касманаўт падзялілася, што не стамілася адказваць на адны і тыя ж пытанні пра космас. «Усё, што я раблю, раблю ад душы, мне гэта падабаецца, — падзялілася яна. — Мне здаецца, ад гэтага немагчыма стаміцца. Цудоўна расказваць аб космасе, нашай зямлі, папулярызаваць космас. Хачу сказаць, каб усе любілі і цанілі нашу Радзіму, нашу Зямлю. Сапраўды толькі, напэўна, з космасу бачыш, якая яна маленькая, далікатная. У космасе я адчувала гонар за нашу краіну». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.