Вы тут

Святочны настрой


Гэтым разам упершыню пасля пакупкі вясковага дома мы святкавалі Вялікдзень у вёсцы. Раней не выпадала: то было халаднавата — дачны сезон яшчэ не распачыналі, а ехаць у настылую за зіму хату не вельмі хацелася; то сабрацца ўсёй сям’ёй удавалася бліжэй да вечара суботы. Куды ўжо будзеш выпраўляцца?


Фота з адкрытых крыніц

А цяпер, калі сёлетняя незвычайная вясна падарыла надвор’е, якое не заўсёды і на Тройцу бывае, як тут уседзіш у гарадской кватэры? У нас ужо адцвілі сады, толькі суседскі аграмадны куст бэзу радуе насычаным водарам, а на падворку другога суседа пакрываецца белымі суквеццямі высокі каштан. Шпакі цэлай чарадой шпацыруюць па скошанай на падворку траве, пэўна, у пошуках тлустых і смачных кузурак. Буслы выседжваюць нашчадкаў. Адным словам, адчуванне мяжы вясны і лета.

Праўда, усе кругом гавораць, што гэтае цяпло без пары нічога добрага не абяцае, яно яшчэ можа абярнуцца нечаканым, таксама без пары, марозам і нарабіць шкоды. Як той казаў, пажывём — убачым, няма сэнсу гадаць. А пакуль што бясстрашна выпускае сваю лістоту вінаградны куст, які звычайна пакрываецца зелянінай толькі ў пачатку чэрвеня. І на градзе да святочнага стала мы ўжо нарвалі рукалы, шпінату, радыскі, і выраслі яны ў адкрытым грунце. А бульбу, што толькі ўзышла на другой градзе, апанавалі каларадскія жукі і паспелі нават адкласці лічынкі. Сусед кажа, што так рана гэтых адвечных бульбяных шкоднікаў ён не бачыў за ўсё жыццё. Клубніцы зацвілі таксама рана. Магчыма, цяпер усё будзе нашмат раней, можа, і восень, зіма будуць таксама раннія.

А вось салавей заспяваў у сваю пару. Цяпер штовечар, ды і ранкам можна слухаць гэтыя чароўныя салаўіныя канцэрты, яны і стварылі асаблівы святочны настрой. Ну і, вядома, асноўныя велікодныя традыцыі мы пастараліся захаваць. Праўда, у мяне гэта атрымліваецца не так удала, як было некалі ў мамы, калі яна ў чаканні нас тры дні рыхтавалася, гатавала ўсялякую смакату. Цяпер мы больш разлічвалі на прапановы гандлю і харчовай прамысловасці. Але ж і самі нешта прыгатавалі, напрыклад любімыя ўсімі салаты, а індычыныя ножкі запяклі ў печцы, атрымалася вельмі смачна.

Галоўнымі атрыбутамі велікоднага абеду, як вядома, з’яўляюцца яйкі і кулічы, апошнія ў нашай мясцовасці заўсёды называлі булкамі. Яйкі хораша пафарбаваліся ў адвары цыбульнага шалупіння, якое назбіралі яшчэ пры пасадцы дамашняй цыбулі. Пры гэтым згадалася, як некалі вясковыя жанчыны дзяліліся такой фарбай. Суседка цётка Вера заўсёды брала ў мамы чыгун з адварам, казала, што ў яе вельмі прыгожае адценне атрымліваецца. 

А цяпер мне пазваніла пляменніца з прапановай узяць адвар, бо ў яе гэтым разам выйшла амаль «як у бабулі». Яна не ведала, што мы не ў горадзе і ўжо самі ўсё прыгатавалі. Мне, дарэчы, па «Вайберы» даўняя знаёмая раптам скінула рэцэпт фарбавання яек у чырвоным віне. Але ў мяне яны ўжо былі гатовыя, і да эксперымента гэтым разам не дайшло.

А вось булкі я ўжо шэраг гадоў замаўляю ў адной індывідуальнай прадпрымальніцы, якая вельмі любіць сваю справу і пячэ смачныя кулічы па рэцэптах яшчэ сваёй бабулі. Атрымліваецца сапраўды дамашні прадукт, у якім, несумненна, шмат калорый, але ён варты таго, каб паласавацца ў свята. Праўда, цяпер і гандлёвыя арганізацыі прапануюць вялікі асартымент такіх вырабаў. Мае суседзі загадзя накуплялі булак розных памераў ад розных вытворцаў. І мы ўсёй вуліцай дружна накіраваліся асвяціць велікодную ежу.

Вёска, у якой знаходзіцца наш дом, даволі аддаленая ад царквы, тут пражывае шмат сталых людзей, таму ўжо некалькі гадоў святар прыязджае днём у суботу, каб асвяціць, як тут кажуць, пасху. Каля крыжа збіраецца добрая палова населенага пункта, пераважна жанчыны, з прыезджымі дзецьмі-ўнукамі. Ну і мы, дачнікі, гэтым разам прысуседзіліся. Для карэнных жыхароў такая сустрэча яшчэ і нагода ўбачыцца ўсім разам, даведацца пра навіны, пачуць, хто з унукаў паступіў вучыцца, хто пайшоў у войска альбо ажаніўся, ну і не без таго, вядома, згадаць, хто памёр. І такія паведамленні, на жаль, прагучалі. Паўспаміналі, пабедавалі. Нездарма ж вяскоўцы збіраюцца загадзя, задоўга да прызначанага часу... Потым прыехаў святар, пасля абавязковай малітвы і асвячэння нагадаў пра асноўны сэнс свята, сказаў, як трэба яго адзначаць, запрасіў тых, хто маладзейшы і актыўны, далучыцца да вячэрняй службы ў царкве.

Ну і самае галоўнае, святкаванне тут зусім не тое, што ў гарадской кватэры, калі проста сядзіш за сталом у сямейным саставе, а фонам — тэлевізар. Стол накрылі на свежым паветры, пад спеў птушак і водар бэзу згадалі, як ездзілі да мамы і бабулі. А яшчэ я расказала дзецям, як мой дзед на любое свята благаславіў сям’ю словамі: «Каб усе прычакаліся другога Вялікадня (альбо Каляд)» — у залежнасці ад таго, што адзначалі. Праз гады і дзесяцігоддзі гэта выглядае самым правільным і галоўным пажаданнем, у якім падразумяваецца і жыццё, і здароўе, і пэўная стабільнасць. Тым больш што мы на парозе яшчэ аднаго свята — Дня Перамогі, якое служыць напамінам пра каштоўнасць міру як гарантыі ўсіх апісаных вышэй клопатаў і прыгатаванняў, збору ўсёй сям’і на фоне квітнеючага бэзу, салаўіных песняў з адвечнымі велікоднымі атрыбутамі, віншаваннямі ўсіх сваякоў, добрых сяброў, знаёмых, якія раптам вырашылі пра сябе нагадаць. Хочацца, каб так і было налета, праз год, два і болей, як дзед казаў: «Каб прычакаліся».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.