Вы тут

Лукашэнка адзначыў поспехі ЕАЭС, але ўказаў і на недапрацоўкі


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Маскве адзначыў поспехі ЕАЭС за мінулыя 10 гадоў, але ўказаў і на пытанні па розных напрамках, над вырашэннем якіх бакам яшчэ неабходна працаваць, перадае БелТА.


Фота: БелТА

«Нават па самым строгім рахунку можна канстатаваць, што першыя 10 гадоў пройдзены даволі паспяхова. Мы практычна выйшлі на фінальны этап рэалізацыі Стратэгіі-2025», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прынятыя меры аб’ектыўна спрыялі павелічэнню ўзаемнага гандлю дзяржаў-членаў ЕАЭС. Па выніках 2023 года тэмп яе росту склаў амаль 105%. У абсалютных лічбах — каля $ 90 млрд. І гэта нягледзячы на складаную сітуацыю на сусветных рынках.

«Але галоўнае, мы навучыліся лепш чуць адзін аднаго. Ні рост ВУП, ні павелічэнне рэальных даходаў насельніцтва не былі б магчымыя, калі б мы былі паасобку. Ды і не ўсім у адзіночку ўдалося б захаваць свой суверэнітэт. Зроблена, безумоўна, многае, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Наш саюз яшчэ досыць малады, але ў яго развіццё ўжо ўкладзена вельмі шмат сіл, энергіі і сродкаў. Мы ў адказе за тое, каб ён і далей развіваўся на карысць нашых народаў і на справе стаў бы сапраўдным полюсам эканамічнага прыцягнення ў сучасным свеце. Я абсалютна перакананы, гэта нам па сілах».

Разам з тым Прэзідэнт канстатаваў, што пытанняў і выклікаў у інтэграцыйным будаўніцтве менш не стала, і прывёў некалькі красамоўных прыкладаў.

Аб прамысловай кааперацыі

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што летась прыняты фундаментальныя рашэнні ў мэтах фінансавай падтрымкі прамысловай кааперацыі. Аднак сур’ёзнай актыўнасці бізнесу пакуль не назіраецца. «Пры гэтым хацелася б яшчэ раз адзначыць, што праца ва ўмовах санкцыйнага ціску патрабуе неадкладных рашэнняў. Хуткія рашэнні. Лідары краін-удзельніц такія рашэнні ў большасці сваёй аператыўна прымаюць. Аднак яны далёка не заўсёды хутка рэалізуюцца, — заўважыў беларускі лідар. — Хацеў бы звярнуць увагу ўсіх прысутных, што такая няспрытнасць рэальна адбіваецца на фінансавых выніках працы нашых прадпрыемстваў і вядзе да ўзмацнення жорсткасці канкурэнцыі з боку трэціх краін».

З улікам укаранення новага механізму фінансавай падтрымкі прамысловай кааперацыі Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да Еўразійскай эканамічнай камісіі з просьбай ініцыятыўна ўключыцца ў гэту работу і арганізаваць узаемадзеянне як у разрэзе галін, так і з прыцягненнем дзелавых асацыяцый і аб’яднанняў дзяржаў — членаў саюза.

Аб бесперашкодным доступе да дзяржзакупак

Па дадзеных Прэзідэнта, аб’ём дзяржзакупак у краінах ЕАЭС складае амаль $200 млрд. Фактычна дзяржавы як пакупнікі тавараў, работ, паслуг цалкам кіруюць гэтым рынкам, а таксама вызначаюць палітыку закупак і каналы набыцця.

«Калі мы сапраўды кіруем, то давайце забяспечваць узаемны доступ прынамсі там, дзе прадукцыя, якая вырабляецца ў ЕАЭС, можа стаць эфектыўнай крыніцай задавальнення дзяржаўных патрэбаў», — заклікаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым ён канстатаваў, што ў гэтай сферы ўсё яшчэ захоўваецца нацыянальны пратэкцыянізм: у рэальнасці рынак абараняецца не ад імпарту з трэціх краін, на якія прыпадае амаль дзве трэці дзяржзакупак ЕАЭС, а ад тавараў і паслуг, вырабленых у краінах саюза. «Гэта значыць абараняем кожны свой рынак ад сваіх партнёраў», — заўважыў Прэзідэнт.

«Перакананы, пытанне аб пашырэнні ўзаемнага ўдзелу ў дзяржзакупках патрабуе неадкладнага рашэння. Таму што ён цесна звязаны з імпартазамяшчэннем і тэхналагічным суверэнітэтам. І па вялікім рахунку гэта наша бяспека і гэта наша незалежнасць», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Аб цыфравізацыі

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці сканцэнтравацца на больш хуткім прызнанні электроннага лічбавага подпісу: «Гаворым аб гэтым ужо не першы год. Усе прынцыповыя дамоўленасці даўно дасягнуты, але воз і цяпер там. А гэта ж не палітычнае, а тэхнічнае пытанне. Але менавіта яно часта становіцца непераадольным. бар’ерам для ўдзелу еўразійскага бізнесу ў гаспадарчых працэсах краін саюза».

Прэзідэнт лічыць неабходным завяршыць гэту работу ў найбліжэйшы час.

Аб тэхнічным рэгуляванні

Гэты кірунак цесна звязаны з папярэднім пытаннем. «Работа па тэхнічным рашэнні на завяршальнай стадыі. Засталося толькі перавесці тэхрэгуляванне ў лічбавы фармат, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Упэўнены, у гэтай зале нікога не трэба пераконваць, што цыфравізацыя тэхрэгулявання прадаставіць нашай прамысловасці дадатковыя магчымасці для развіцця. Спросціць атрыманне інфармацыі і працэсы сертыфікацыі і стандартызацыі».

Аб транспартных паслугах

Аляксандр Лукашэнка адзначыў у цэлым зладжаную працу ў гэтай сферы як на нацыянальным, так і наднацыянальным узроўні: «Нам удалося знайсці рашэнні па альтэрнатыўных маршрутах паставак тавараў, дамовіцца (няхай і часова) аб ажыццяўленні перачэпкі і перагрузкі, узгадніць новыя ўмовы перасячэння граніц».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць таго, каб ЕЭК наладзіла пастаянны канал абмену інфармацыяй з краінамі ШАС, у першую чаргу з Кітаем. Гэта трэба для больш дакладнага кіравання грузапатокамі і арганізацыі эфектыўнай працы пагранпераходаў.

Аб харчовай бяспецы

У гэтай сферы Прэзідэнт лічыць неабходным удасканальваць работу па ўніфікацыі патрабаванняў, звязаных са зваротам сельскагаспадарчай прадукцыі, больш актыўна ўкараняць інавацыйныя падыходы ў аграпрамысловым комплексе.

«Пры гэтым нам вельмі важна забяспечваць патрэбнасці нашага саюза ў харчаванні ўласнай вытворчасці. А мы гэта можам. Для гэтага трэба, каб нашы аграрыі ў тым ліку мелі свой высакаякасны насенны матэрыял», — звярнуў увагу беларускі лідар.

Аб міжнародным пазіцыянаванні ЕАЭС

«Нашы геапалітычныя апаненты спрабуюць ізаляваць нас ад перадавых тэхналогій і прэміяльных рынкаў, стрымаць наша развіццё. Але, нягледзячы на гэта, мы планамерна рухаемся наперад», — заявіў Прэзідэнт. Ён нагадаў аб падпісанні паўнавартаснага гандлёвага пагаднення з Іранам. Умацоўваецца таксама ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў фармаце «пяцёркі» з перспектыўнымі дружалюбнымі краінамі — Інданезіяй, ААЭ, Манголіяй.

«Аднак праца па ўсталяванні партнёрскіх адносін з трэцімі краінамі, на нашу думку, мае патрэбу ў сістэматызацыі. У бягучых геаэканамічных рэаліях трэба дакладна разумець, з якімі краінамі, у якой паслядоўнасці, у якія тэрміны будзе фарміравацца зона свабоднага гандлю, а з кім з патэнцыйных партнёраў абмяжуемся узаемадзеяннем у рамках мемарандумаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама лічыць, што пакуль мала ўвагі надаецца дыялогу на ўзроўні саюза з Афрыканскім кантынентам. «Афрыка мае патрэбу ў шырокім пераліку нашых тавараў, работ, паслуг і тэхналогій, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Афрыка, як і Лацінская Амерыка, наеліся ўжо каланіялізму ад адпаведных вядучых краін. І гэта момант, калі мы павінны прыйсці ў Афрыку».

Таксама велізарныя перавагі адкрывае паралельны ўдзел краін ЕАЭС і партнёраў па Садружнасці Незалежных Дзяржаў у ШАС і БРІКС.«Але нам не варта забываць пра сваіх бліжэйшых суседзяў, сяброў, братоў. Узаемадзеянне з дзяржавамі — назіральнікамі пры ЕАЭС і краінамі СНД павінна быць у зоне пастаяннай і пільнай увагі», — дадаў беларускі лідар.

Аб ролі Расіі ва ўмацаванні партнёрства

«Актыўныя паслядоўныя намаганні Расійскай Федэрацыі па развіцці і ўмацаванні нашага партнёрства сёння важныя як ніколі», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну і расійскаму боку ў цэлым за цёплы прыём і высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства. «Гэта ваша першае (пасля інаўгурацыі, якая адбылася напярэдадні. — Заўвага БелТА) буйная міжнародная нарада. І мы, вядома, не падвядзём вас у гэтым плане», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Карыстаючыся выпадкам, ён таксама павіншаваў удзельнікаў саміту з чарговай гадавінай гераічнай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.