У Выдавецкім доме «Звязда» падрыхтавана да друку анталогія мастацкіх і мастацка-публіцыстычных твораў, прысвечаных Брэсцкай крэпасці.
Неўміручы подзвіг чырваанармейцаў, камандзіраў, мірных грамадзян, якія ў драматычных умовах аказалі супраціўленне нямецка-фашысцкім захопнікам, якія праявілі мужнасць, паказалі высокі патрыятызм, вернасць Радзіме, даўно стаў прадметам увагі, эмацыйнага творчага асэнсавання пісьменнікамі розных народаў. Пачатак быў пакладзены ў паэзіі і прозе яшчэ ў 1941 годзе. Як прыклад — верш Канстанціна Сіманава з такімі радкамі: «Маёр прывёз хлапчука на лафеце...» А таксама — першыя старонкі рамана Кузьмы Чорнага «Вялікі дзень». Чытачу добра вядомая кніга лаўрэата Ленінскай прэміі Сяргея Смірнова «Брэсцкая крэпасць», пісьменніка, які зрабіўтневерагодна шмат для ўзнаўлення і захавання памяці пра легендарную абарону, вярнуў з бяспамяцтва многіх герояў, дамогся адзнакі высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі дзесяткаў, калі не соцень абаронцаў.
Да тэмы абароны Брэсцкай крэпасці звярталіся многія беларускія паэты, празаікі, драматургі — Пімен Панчанка, Алесь Бачыла, Сымон Блатун, Пятрусь Броўка, Ніна Загорская, Уладзімір Паўлаў, Мікола Пракаповіч, Максім Танк, Аляксандр Валковіч, Алесь Звонак, Кастусь Губарэвіч, Пятро Прыходзька, Рыгор Барадулін, Адам Русак, Алесь Махнач, Міхась Рудкоўскі і іншыя. Іх творы — цалкам альбо ўрыўкамі — увойдуць у адмысловую анталогію, выданне якой прымеркавана да 80-годдзя Вялікай Перамогі і да юбілею стварэння Брэсцкай вобласці (нагадаем, што дата заснавання вобласці — 4 снежня 1939 года. У рэалізацыі творчай задумы прымае ўдзел і Брэсцкі аблвыканкам.
Кніга выйдзе з багатым ілюстраваннем, фотаздымкамі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Мяркуецца, што наклад выдання складзе 1000 экзэмпляраў.
Раман СЭРВАЧ
На прасторах яе вялікасці кнігі.