Вы тут

Вы будзеце мець нешта супраць, калі фашыст памрэ ад заражэння крыві з-за бруднай кулі?


Людзі спорту ніколі не баяліся цяжкасцей, нават самых страшных. Мабыць, менавіта таму, мужнасць і стойкасць беларускіх спартсменаў дазволялі ім перамагаць не толькі на спаборніцтвах, але і ўнесці вялікі ўклад у самую важную перамогу — перамогу над ворагам у часы Вялікай Айчыннай вайны. Многім дзеля гэтага, на жаль, прыйшлося ахвяраваць сваім жыццём. Але і былі тыя, хто прайшоўшы ваеннае пекла, знайшоў у сабе сілы вярнуцца да спорту і не проста адрадзіць яго, а вывесці наперад. Паказальны прыклад двух герояў вайны і спорту — Міхаіла Мірскага і Аляксея Куцэнка — якія лічацца заснавальнікамі знакамітай беларускай барацьбы. 


Міхаіл Мірскі і яго каманда.

Міхаіл Мірскі ў гісторыю ўвайшоў як «бацька» спартыўнай барацьбы ў Беларусі. Нарадзіўся ў 1911 годзе ў Мінску. Як і многія хлапчукі свайго часу не прапускаў чэмпіянаты па французскай барацьбе ў Мінскім цырку. Сам Міхаіл трэніраваўся ў клубе «Харчавік», займаўся барацьбой і штангай. Але заняткі спортам тады не дапамаглі пракарміцца. Таму Міхаіл Мірскі працаваў мулярам-тынкоўшчыкам. Унёс свой уклад цэглай у Дом урада, Універсітэцкі гарадок і Дом друку. Але спорт вабіў... З 1933 года Міхаіл Мірскі пачаў выступаць на спаборніцтвах па барацьбе. Усяго ён станавіўся чэмпіёнам БССР 25 разоў. Многія гледачы спецыяльна прыходзілі паглядзець на паядынкі Мірскага і захапляліся разнастайнасцю тэхнічных прыёмаў і захопаў, якія ён дэманстраваў. 

Міхаіл Мірскі пайшоў на фронт добраахвотнікам на другі дзень пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Абараняў Маскву, ваяваў на Варонежскім фронце, удзельнічаў у абароне Магілёва. Міхаіл неаднаразова сыходзіў на баявыя заданні за нямецкімі «языкамі». Характар і смеласць гэтага чалавека лепш за ўсё апісвае адзін эпізод, які адбыўся з ім падчас службы на Варонежскім фронце. Раніцай 5 ліпеня 1942 гады самалёты абрынулі на савецкія войскі тысячы тон смяротнага грузу. На краі вёскі ацалеў невялікі домік. Тут і сабраліся рэшткі ўзвода ўпраўлення, дзе служыў Мірскі. Немцы выкінулі дэсант. Мірскі выскачыў на вуліцу — перад ім стаяў рослы парашутыст з аўтаматам. Самаўпэўнены вораг адчуваў сябе гаспадаром становішча, але ён не ведаў, з кім яму не пашанцавала сустрэцца. Бяззбройны Міхал Мірскі не разгубіўся. Кідок у бок, удар рабром далоні — дасканала адпрацаваныя прыёмы выконваліся аўтаматычна. Праз некалькі імгненняў Міхась Мірскі ўжо разглядаў нямецкі аўтамат. Дзякуючы гэтай замінцы, савецкія салдаты паспелі разгарнуць ацалелую зброю і ўдарыць па ворагах. Вайну Міхась Мірскі скончыў у баях за Брэслаў, які немцы абвясцілі горадам-крэпасцю і не здавалі практычна да апошняга дня вайны.

Нараўне са спартыўнымі медалямі Міхаіл Мірскі ўзнагароджаны Ордэнам Вялікай Айчыннай вайны, медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй». Але, як і многія франтавікі, успамінаць вайну Міхась Іванавіч не любіў. Вялікі боль гэтага моцнага чалавека — гібель жонкі і сяброў у Мінскім гета. Але, па ўспамінах вучняў, Міхаіл Іванавіч любіў расказваць ваенныя анекдоты. Фірмовы анекдот прысвечаны старшыне, які хацеў пакараць Мірскага за дрэнна вычышчаны ствол вінтоўкі. «Таварыш сяржант, Вы будзеце мець нешта супраць, калі фашыст памрэ ад заражэння крыві з-за бруднай кулі?», — адказаў на гэта Міхаіл Іванавіч.

У 1949 годзе Міхаіл Мірскі першым з беларускіх барцоў быў удастоены звання заслужанага майстра спорту СССР. У 1952 годзе Міхаіл Мірскі апошні раз выйграў тытул чэмпіёна БССР. Спартыўную кар’еру ён скончыў у 41 год непераможаным і пачаў рыхтаваць барцоў, перамагчы якіх гэтак жа было няпроста. Тата спартыўнай барацьбы распрацаваў сваю методыку, эфектыўнасць якой дэманстравалі яго вучні. Мірскі першым у Беларусі стаў практыкаваць трэніроўкі з мадэляваннем спаборніцтваў барцоў. Ён прыдумаў асаблівы тэхнічны прыём «Беларускі накат». Па прафесіі Міхаіл Мірскі быў печнікам, па прызванні — трэнерам. У 1958 годзе на чэмпіянаце СССР зборная рэспублікі ўпершыню ў гісторыі заняла другое месца ў агульнакамандным заліку. А ў 1960-м годзе зборная каманда пад кіраўніцтвам Міхаіла Мірскага ўпершыню ў гісторыі стала пераможцам чэмпіянату СССР. 

Міхаіл Іванавіч Мірскі выхаваў 80 майстроў спорту. Многія з яго вучняў сталі заслужанымі трэнерамі СССР і БССР. Тата Мірскі пайшоў з жыцця ў лістападзе 1989 года ва ўзросце 78 гадоў, пакінуўшы пасля сябе сур’ёзную школу беларускай барацьбы, якую прывёў да Алімпійскага поспеху.

На жывога не быў падобны, мярцвяк форменны

Дапамагаў Міхаілу Мірскаму не менш гераічны чалавек — Аляксей Куцэнка. Дваццаціразовы чэмпіён БССР па розных відах барацьбы — грэка-рымскай, вольнай і самба, сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР у камандным першынстве, чатырохразовы чэмпіён Узброеных сіл СССР. 

Вялікая Айчынная заспела Аляксея ў 16 гадоў у роднай Украіне. У першыя дні вайны ён перавозіў на возе мабілізаваных і дакументацыю. Аднойчы патрапіў пад бамбёжку, у выніку якой загінуў стрыечны брат Міхась. Самога Аляксея аглушыла. Куцэнка адправіўся за Дняпро да брата Леаніда і застаўся ў вайсковай часці як сын палка. Пад Піраціным іх акружылі немцы. Аляксея кантузіла, ён першы раз патрапіў у палон. «Везлі нас тыдні паўтары ў вагоне, закручаным дротам. Галадалі, нават косткі ў роце не было. Недзе ў Польшчы спыніліся, вагоны адкрылі, мёртвых павыкідвалі. Я выжыў дзякуючы таму, што абвык да нястач з дзяцінства — не раз бываў і галодным, і халодным, узімку спаў побач з каровай, каб не змерзнуць. Выратавала звычка выжываць», — успамінаў Аляксей Рыгоравіч у інтэрв’ю газеце «СБ. Беларусь сегодня». Куцэнка апынуўся ў Эрфурцкім лагеры. Паспрабаваў бегчы, але ўцёкі аказаліся няўдалымі...

Міхаіл Мірскі.

«Палка — зверху чорная гума, а ўнутры жалезны стрыжань! Для лупцоўкі іх выбіралі старанна. Паставілі лаўку. Перагнулі мяне цераз яе, прывязалі і пачалі біць. Спачатку — палкай, потым — нагамі. Адбілі ўсё — пячонку, лёгкія, паламалі рэбры, рукі, ногі, жывога месца не засталося. І кінулі на зямлі паміраць. А палонных яшчэ пастрашылі, што, калі хто паспрабуе ўцячы, з ім будзе тое ж самае. На наступную раніцу медсястра з насільшчыкамі прынеслі памерлага. Я пачаў стагнаць. А ў мяне кроў з носа, з рота, з вушэй, усё сіняе — на жывога не быў падобны, мярцвяк форменны... Аднак медсястра забрала мяне ў лазарэт. Аказалася, яна таксама з Украіны. Звалі Машанькай. Ёй я жыццём абавязаны», — распавядаў Аляксей Рыгоравіч.

З лагера Аляксей Куцэнка спрабаваў уцячы тройчы. Адзін раз ледзь не апынуўся ў Бухенвальдзе. Незвычайная сіла цела і духу дапамагла яму вытрымаць катаванні і здзекі. Збегшы апошні раз, ён упарта ішоў да лініі фронту. Аглушыў нямецкага кулямётчыка жалезным прутом якраз у той момант, калі разведгрупа савецкіх салдат праводзіла разведку боем. Немцы вырашылі, што лінія прарваная ў некалькіх месцах і адступілі. Вайну ён завяршыў на Эльбе, быўшы ездавым у асобным конным батальёне Трэцяй арміі, які абслугоўваў мінамётчыкаў. Пасля Аляксей Куцэнка адправіўся служыць у 120-ю гвардзейскую стралковую дывізію, разам з якой з 1946 года застаўся ў Мінску. Патрыярх беларускай барацьбы пражыў доўгае і насычанае жыццё і памёр толькі ў 2014 годзе ва ўзросце 89 гадоў. Усяго Аляксей Куцэнка падрыхтаваў 76 майстроў спорту, каля 20 майстроў міжнароднага класа, сярод якіх і такія глыбы як Іван Коршунаў і Эрнэст Міцкевіч. 

Толькі такія надзіва стойкія і непераможныя людзі маглі выхаваць спартсменаў, якія нікому не саступалі... Бо іх выхоўвалі тыя, хто не ўмеў адступаць.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.