Вы тут

У Палацы мастацтваў адкрылася новая экспазіцыя праекта «Колеры Вялікай Перамогі»


Напярэдадні Дня Перамогі ў мінскім Палацы мастацтваў адкрылася выстава «Голас ваеннага пакалення». Гэта другая частка праекту Беларускага саюза мастакоў «Колеры Вялікай Перамогі», прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Першая выстава прадставіла графіку на ваенную тэматыку, на гэтай жа паказваюцца творы вядомых беларускіх жывапісцаў 1970-80-х гадоў з фондаў саюзу. Экспазіцыя выбудавана такім чынам, что глядач пачынае знаёмства з карцін, якія адлюстроўваюць пачатак вайны, трагічны пераход ад мірнага жыцця, потым раскрываецца ва ўсёй паўнаце ўсенародная барацьба супраць ворага — героямі карцін робяцца партызаны, падпольшчыкі, воіны Савецкай Арміі, глядач бачыць баі, генацыд мірнага насельніцтва, і ўрэшце — сцэны вызвалення. 


Знакавыя імёны мастакоў, зрэз гісторыі Беларусі, зрэз гісторыі беларускага мастацтва... Ёсць чаму і здзівіцца, і атрымаць задавальненне ад майстэрскай працы, ад незвычайных вырашэнняў. Напрыклад, адна з карцін пачатку экспазіцыі — «Тысяча дзевяцьсот сорак першы» Міхася Чэпіка, выглядае вельмі сучасна. Чэпік быў вядомы найперш як тэатральны мастак, але яго жывапіс уражвае экспрэсіяй, дынамізмам, выбухам колераў. На карціне навабранцам раздаюць зброю... І нібыта разгараецца ад цэнтра палатна агонь праведнага гневу, які хутка разгарыцца так, што выпаліць чорную навалу, што напаўзае з усіх кутоў... Карціна Паўла Масленікава «Мінск. 22 чэрвеня 1941 года» уражвае трывожнай, кантрастнай колеравай гамай: белыя сцены храма, сіні дым, чырвоны агонь, чорная хмара насоўваецца на квітнеючы горад... Калі ўгледзецца, то разумееш: гэта сцэна бамбёжкі Мінска. Сімвалічна выглядае карціна «Дзед Талаш» Уладзіміра Гардзіенкі: амаль манахромны сілуэт народнага героя выяўлены на фоне чырвонага разгалінастага дрэва і абліччаў народных мсціўцаў у той жа чырванаватай колеравай гаме: гэта пра повязь пакаленняў, якім ад продкаў, ад карэнняў перадаецца абавязак абараняць радзіму... Усе ведаюць знакамітую карціну Валянціна Волкава пра вызваленне Мінска... Але ёсць і менш вядомая карціна на такую ж тэму і ў Фёдара Бараноўскага, якую разглядаць не менш цікава. Трывожная, нават таямнічая карціна Івана Стасевіча пра Янку Купалу, які піша прысвячэнне беларускім партызанам... А вось зусім мала каму вядомая невялікая карціна Мікалая Цудзіка «У атаку», гледзячы на якую нібыта адчуваеш рух людзей і нагрэтае выбухамі паветра...

Недарэмна на адкрыццё выставы былі запрошаныя навучэнцы Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава, пачынаючыя жывапісцы. Уладзімір Уродніч, старшыня творчага аб’яднання «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў, распавёў юным мастакам, як вайна стала магістральнай тэмай яго творчасці. Бацька Уладзіміра Васільевіча, партызан, загінуў у дзевятнаццаць гадоў.

—З гадамі я пачаў адчуваць патрэбу пагаварыць з людзьмі, якіх забрала вайна, якія павінны былі б быць побач са мной. Я памятаю, як мяне запрасілі на мерапрыемства, як сына загінулага партызана, я стаю ля абеліску, на якім напісана: «На гэтым месцы ў 1943-м годзе загінуў партызан Васілій Уродніч, у гонар якога названая вуліца ў нашым гарадку». І калі мне далі слова, я адчуў, што мне трэба і самому сабе даць нейкую клятву, і нешта важнае сказаць людзям, перад якімі малады мастак, сын партызана. Тады я вырашыў, што павінен і далей развіваць тэму вайны ў творчасці, павінен жыццё пражыць за сябе і «за таго хлопца».

Уладзімір Васільевіч паразважаў пра тое, як маладым творцам шукаць сябе, у чым сэнс мастацтва, як мастак трансфармуе праз сябе тое, што бачыць і адчувае — тэма, вельмі важная для будучых мастакоў. Наколькі гэта «зачапіла» юных слухачоў, сведчыць, што і пасля імпрэзы яны абкружылі мастака з пытаннямі і размова працягнулася.

Георгій Лойка, сябар Студыі ваенных мастакоў, звярнуў увагу на тое, што ў экспазіцыі можна ўбачыць традыцыйны беларускі жывапіс, працы вельмі цікавыя, у іх ёсць школа, высокі прафесіяналізм, і пры гэтым яны вельмі розныя. Мікалай Апіёк, кіраўнік студыі ваенных мастакоў пры Цэнтральным доме афіцэраў, распавёў, што тэму вайны спазнаў асабіста: памятае прыход нямецкіх акупантаў, памятае вызваленне... Заклікаў маладых мастакоў шукаць сваю тэму, якая павінна адклікацца ў душы, і нагадаў, што для беларускіх мастакоў якраз ваенная тэма заўсёды была блізкай і нараджала шэдэўры.

Тэма вайны можа раскрывацца не толькі праз адлюстраванне подзвіга, але і праз раскрыццё лёсаў бязвінных ахвяраў вайны — пра гэта казаў мастак Юрый Крупянкоў, які займаецца ў сваёй творчасці тэмай Халакоста. 

Намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч звярнула ўвагу, што на выставе прадстаўлены спіс мастакоў, сяброў саюза, якія пайшлі на фронт — там 143 прозвішчы. Гэта было дзве трэці творчай арганізацыі, што ўзнікла ў 1938-м годзе. 

Выставу «Колеры Вялікай Перамогі» можна наведаць бясплатна, гэта падарунак для жыхароў і гасцей горада, магчымасць пабачыць прафесійнае, яркае мастацтва і пранікнуцца трагічнымі і гераічнымі старонкамі гісторыі беларускага народа. Экспазіцыя будзе абнаўляцца кожны месяц, праца яе запланаваная да канца года.

Людміла ІВАНОВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.